Ці зайграе Башмет на дудзе?

№ 33 (851) 16.08.2008 - 22.08.2008 г

Да ІІІ Міжнароднага фестывалю Юрыя Башмета застаецца... 7 тыдняў. Сёлета ён пройдзе крыху пазней, чым летась: не ў верасні, а 7 — 12 кастрычніка. Але гэта — толькі яго беларуская частка. Далей ён, паводле традыцыі, рушыць у Маскву, Бон, Берлін.

Галоўнай ідэяй фестывалю застаецца сумеснае музіцыраванне сусветна вядомых музыкантаў і таленавітай творчай моладзі. Наша нацыянальная выканальніцкая школа будзе прадстаўлена скрыпачом Арцёмам Шышковым, Дзяржаўным акадэмічным сімфанічным аркестрам Беларусі, Прэзідэнцкім аркестрам краіны. Сярод жа гасцей такія знакамітасці, як народныя артысты СССР скрыпач Віктар Траццякоў, віяланчэлістка Наталля Гутман, ансамбль “Салісты Масквы”, лаўрэат міжнародных конкурсаў габаіст Аляксей Агрынчук і многія іншыя. Заснавальнік квартэта імя А.Барадзіна Валянцін Бярвінскі правядзе майстар-класы. Юрый Башмет, які сёлета да безлічы сваіх узнагарод далучыў прэстыжную прэмію “Грэмі”, выступіць, як звычайна, не толькі “анёлам-ахоўнікам” фестывалю, але і адным з яго самых актыўных удзельнікаў, раз-пораз мяняючы альтовы смык на дырыжорскую палачку.
Не засумуюць на фестывалі ні аматары бельканта, ні прыхільнікі эстраднага авангарду 80-ых, ні знаўцы фольку. Сярод фестывальных “разыначак”, да прыкладу, праект “Тэнары ХХІ стагоддзя”, які будзе завяршаць свята. Адметным павінен атрымацца і канцэрт “Брава, класіка!” у Палацы Рэспублікі, дзе, акрамя славутых акадэмічных музыкантаў, выступіць група “Брава” з Жанай Агузаравай. Адкрыецца ж фестываль не толькі філарманічным канцэртам, але і... незвычайным шэсцем беларускіх дудароў, якія таксама выступяць на адкрытым паветры ў парку імя Горкага. Гэта, безумоўна, надасць фестывалю нацыянальны каларыт і прыцягне ўвагу да яго яшчэ больш шырокіх колаў грамадскасці.
Ужо сёння можна гарантаваць, што чарговы фестываль Юрыя Башмета, як і ранейшыя, увойдзе ў гісторыю сучаснай культуры. Ну, а для нашчадкаў яго падзеі зафіксуе дакументальная стужка пад рабочай назвай “Дарогі вялікіх музыкантаў”. 

Надзея БУНЦЭВІЧ