Яна МАРМЫШ: “Я люблю песні з глыбокім зместам”

№ 24 (1411) 15.06.2019 - 22.06.2019 г

У мінулыя выхадныя завяршыўся XIX Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі “Маладзечна — 2019”, галоўнай падзеяй якога традыцыйна становіцца конкурс маладых выканаўцаў. Сёлета ў ім перамагла Яна Мармыш — 18-гадовая навучэнка Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў, якая стала найлепшай сярод канкурсантаў, што прадстаўлялі ўсе вобласці Беларусі, і акрамя дыплома і грашовага прыза яна атрымала Гран-пры імя Уладзіміра Мулявіна — “Крыштальную гітару”.

/i/content/pi/cult/749/16239/18.JPG— Шчырыя віншаванні з перамогай! Думаю, цяпер Маладзечна стане для вас асаблівым горадам…

— Несумненна. Мне ўвогуле Маладзечна падабаецца сваёй атмасферай, утульнасцю. Тут жывуць добразычлівыя людзі. Для мяне гэта горад фестываляў, бо раней я прымала ўдзел у дзіцячым конкурсе “Маладзічок”, дзе стала лаўрэатам другой ступені. Летась удзельнічала ў адборы на дарослы конкурс, але не трапіла нават у тройку лепшых ад Мінскай вобласці. А сёлета ў мяне — Гран-пры!

— Які момант на фестывалі падаўся асаблівым?

— Мне ўсё здавалася асаблівым. Радасць ад сустрэчы з новым, адчування ўдзелу ў свяце. І ад таго, што я спяваю з такім вялікім аркестрам, — а калі за тваёй спінай такая моц, калі аркестранты і дырыжор дапамагаюць табе энергетычна, перадаюць свае эмоцыі, гэта абсалютна іншыя ўражанні, іншае напаўненне песні і спеваў. А скончыўся гэты дзень для мяне ўвогуле фантастычна, бо, калі ўсе канкурсанты выйшлі на сцэну на гала-канцэрце ў амфітэатры, ніхто з нас не ведаў вынікаў — усё было сюрпрызам. Я старалася трымацца годна, калі абвясцілі, што Гран-пры мой, але ўнутры быў проста ўраган эмоцый.

— Ці была ў конкурсе жорсткая канкурэнтная барацьба?

— У канкурсантаў паміж сабой склаліся вельмі добрыя стасункі, і я шчыра думаю, што кожны быў варты перамогі. З многімі мы былі знаёмыя раней, разам выступалі на іншых конкурсах і фестывалях. Напрыклад, з Дар’яй Часлаўскай, што заняла першае месца, а таксама з лаўрэатам трэцяй ступені Уладам Сазонавым — ён неверагодна таленавіты чалавек, мы з ім вучымся разам у каледжы. Канкурэнцыя, канешне, была, але ўсё па-сяброўску.

— Звязаць сваё жыццё з эстрадай вырашылі ўжо канчаткова?

— Прафесійна займацца вакалам я пачала толькі ў 14 гадоў ва ўзорнай эстраднай студыі Viva ў Гродне. А сама я з аграгарадка Вензавец, у Дзятлаве скончыла музычную школу па класе фартэпіяна. У нейкі момант адчула, што фартэпіяна — гэта не маё, што хачу спяваць для публікі на вялікай сцэне. Яшчэ ў дзіцячым узросце прымала ўдзел у розных конкурсах і фестывалях у Дзятлаве. Спачатку былі думкі атрымліваць нейкую “сур’ёзную” прафесію кшталту юрыста ці псіхолага, але ж паступіла я ў каледж мастацтваў у Мінску і ўжо канчаткова выбрала музыку і сцэну. Таму што зразумела, што атрымліваю задавальненне менавіта ад гэтага. Мне вельмі падабаецца, калі мае спевы радуюць людзей.

— У конкурсе вы выконвалі дзве песні кампазітара Алены Атрашкевіч. Чаму такі выбар?

— Песні мне вельмі падабаюцца. Калі пачула іх спачатку ў выкананні іншых артыстаў, вельмі захацелася прымерыць гэтыя вобразы на сябе. Мне пашчасціла, што Алена Віктараўна Атрашкевіч — мой педагог па вакале ў каледжы мастацтваў. І я захапляюся ёй не толькі як таленавітым кампазітарам, але і як чалавекам, які ва ўсім мяне падтрымлівае, умее ўсё растлумачыць, натхняе на плённую працу. Кажу так абсалютна шчыра, і мае словы пра Алену Віктараўну пацвердзіць любы, хто яе ведае.

— Песні прыкладна падобныя па стылістыцы, хаця на конкурсах звычайна абіраюць розныя па тэмпе і характары творы.

— Так, абедзве кампазіцыі лірычныя: “Балада пра маці” на словы Васіля Жуковіча — пра любоў да Радзімы, а “Кропелька на далоні” на словы Людмілы Войнавай — пра каханне. Проста я вельмі люблю менавіта лірычныя песні, з глыбокім зместам. Мне хочацца спяваць такія творы, у якіх ёсць над чым задумацца, якія не праспяваеш на раз-два, да якіх трэба прабівацца, дарастаць, напаўняць іх эмоцыяй і толькі потым расказваць гэтую гісторыю ўжо слухачам і гледачам. Мне падаецца, што недастаткова проста добра спяваць — трэба нешта большае.

— Але ж зараз, асабліва калі казаць пра маладога слухача, папулярная зусім іншая музыка, зусім іншыя рытмы.

— Мяне гэта не бянтэжыць. Я прыхільніца добрай, якаснай, прафесійнай песні — такой, у якой ёсць змест. Сама я слухаю розную музыку, хіба што акрамя цяжкай — яе не разумею і не люблю. У сучасных модных хітах часта няма ніякага сэнсу, адно-два словы на ўсю песню, і мне як выканаўцы такое не цікава. Я люблю, каб было пра што падумаць, чаму суперажываць. І мне хочацца мець сваю індывідуальнасць на сцэне — магчыма, яна будзе менавіта ў гэтым. Зараз я рыхтую сваю песню, якая пішацца менавіта для мяне. Гэта будзе лірычная кампазіцыя з вельмі глыбокім зместам. Дарэчы, перамога на фестывалі “Маладзечна — 2019” дала мне магчымасць яшчэ раз пераканацца ў тым, што я здольная выконваць такія кампазіцыі і што
падобныя песні цэняцца слухачамі.

— Якія вяршыні будзеце скараць далей?

— Галоўны план — працаваць над сабой. Гран-пры не дае права спыняцца. Думаю, што будуць яшчэ конкурсы. Напрыклад, “Белазаўскі акорд”. На наступны год зноў паўдзельнічаю ў адборы на “Славянскі базар у Віцебску” — сёлета я не трапіла ў лік фіналістаў. І хацелася б паўдзельнічаць яшчэ ў замежных фестывалях — у Расіі, Балгарыі, прыгледзецца да розных тэлешоу.

— А на “Еўрабачанне” трапіць не жадаеце?

— Я так адчуваю, што “Еўрабачанне” не мой шлях — мяне вабіць іншая музыка. Я хачу мець папулярныя песні, але ж таксама хачу быць індывідуальнай, паказваць і на конкурсах, і на тэлешоу менавіта беларускую культуру, нашу песенную традыцыю, музыку.

Слова ад журы

Міхаіл ФІНБЕРГ, дырэктар — мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі, народны артыст Беларусі, прафесар, старшыня журы:

— Фестываль “Маладзечна-2019” прайшоў на належным узроўні, склад канкурсантаў быў надзвычай моцны — усе маладыя артысты добра працавалі і вельмі стараліся. Сітуацыя з напісаннем нотнага матэрыялу для конкурсу сёлета склалася камфортная, але і надалей трэба памятаць, што яго падрыхтоўкай трэба займацца задоўга да фіналу ў Маладзечне. Добра напісаны акампанемент аркестра вельмі дапамог канкурсантам у іх выступленнях, і таму атрымаліся годныя вынікі. Многія маладыя спевакі ўжо маюць неблагі конкурсны вопыт, упэўнена трымаюцца на сцэне і ведаюць, што ім трэба рабіць. І, канешне, яны не павінны забывацца, што працуюць не толькі для сябе, але і для развіцця беларускай музычнай культуры ўвогуле. Усім лаўрэатам хачу пажадаць новых поспехаў, бо толькі жыццё і іх далейшая праца пакажуць, што перамогі былі невыпадковыя.

Вікторыя АЛЕШКА, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь,уладальніца  Гран-пры фестывалю “Маладзечна — 1998”:

— Вельмі прыемна, калі маладыя артысты выконваюць песні нашых сучасных аўтараў, на беларускай мове. Яшчэ радуе, што моладзь дзякуючы фестывалю “Маладзечна” атрымлівае такі неацэнны вопыт, як выступленне з аркестрам, тым больш з такім славутым. У любым конкурсе здараецца, што нехта перахваляваўся і не змог паказаць усё, на што здатны, але былі і моцныя нумары. Наконт пераможцы Яны Мармыш журы практычна не спрачалася, таму што артыстка выйшла вельмі ўпэўнена, спявала стабільна — на конкурсах гэта мае вялікае значэнне. Для свайго ўзросту яна трымалася годна і выглядала пераканаўча.

Згадваючы часы, калі сама атрымала Гран-пры на конкурсе “Маладзечна-98”, заўважаю, што многае змянілася. Я пасля перамогі літаральна прачнулася знакамітай, стала зоркай у Беларусі — у мяне ўзялі інтэрв’ю ўсе газеты, тэле- і радыёканалы, маё імя гучала паўсюдна, бо фестываль беларускай песні і паэзіі тады проста грымеў. Зараз увагі да пераможцаў і лаўрэатаў фестывалю значна менш, і пра гэта можна толькі пашкадаваць.

Раман КОЗЫРАЎ, мастацкі кіраўнік Беларускага дзяржаўнага ансамбля “Песняры”:

— Я вельмі рады, што фестываль падтрымлівае свае цудоўныя традыцыі і што ўзровень канкурсантаў даволі высокі. Але ж я бачу і моманты, якія можна выправіць. Напрыклад, варта ўвесці правіла, што канкурсанты не могуць выконваць аднолькавыя песні, бо сёлета некаторыя кампазіцыі гучалі і двойчы, і нават тройчы. Але казаць пра тое, што не хапае рэпертуару, не даводзіцца — у нас шмат выдатных песень. Да таго ж мне падалося, што часам артысты рабілі няўдалы выбар і бралі кампазіцыі, якія не падыходзілі ім як вакалістам.

Я падумаў бы і пра гледачоў, якія прысутнічалі на конкурсных канцэртах. Другая праграма ў суправаджэнні аркестра не выклікае ніякіх пытанняў — гэта моцна, артыстычна, эмацыйна. Але першая пад фанаграму “мінус 1” моцна саступае ў мастацкім плане: канкурсант на сцэне адзін — ні пастаноўкі, ні бэк-вакалу, ні дэкарацый. Трэба імкнуцца да відовішчнасці, рабіць шоу. Увогуле мне б хацелася, каб да конкурсу было больш увагі. Можа, варта вярнуць канцэрты на плошчы, памяняць Палац культуры на амфітэатр, прыдумаць нейкія цікавыя фарматы канферансу. Абсалютна засмучае пазіцыя сродкаў масавай інфармацыі, калі на наступны дзень нідзе нават імёны лаўрэатаў немагчыма даведацца.

Як член журы я сёлета быў за тое, каб Гран-пры ўручылі абавязкова. Яна Мармыш якраз тая канкурсантка, ад спеваў якой у мяне як гледача проста мурашкі пабеглі. Яна скарыла сваім артыстызмам, упэўненасцю, добрым вакалам. Нягледзячы на юны ўзрост, гэта ўжо падрыхтаваная, сфарміраваная артыстка. Думаю, яе чакае бліскучая будучыня на сцэне.