Колер ці матэрыял?

№ 24 (1411) 15.06.2019 - 22.06.2019 г

Выставы замежных мастакоў па-ранейшаму выклікаюць у нашых аматараў мастацтва павышаную цікавасць, таму й нядзіўна, што адкрыццё выставы італьянскага мастака, фатографа і паэта Алідора Каточы “Колер і матэрыял” у сталічнай галерэі “Універсітэт культуры” надоечы сабрала вялікую колькасць заўзятараў вернісажаў. Прыйшлі яны сустрэцца з тым “іншым” і ў мастацкім, і ў ментальна-геаграфічным сэнсах, з чым не кожны дзень сутыкаешся ў нашай арт-прасторы.

/i/content/pi/cult/749/16238/17.JPGЗрэшты, выпадак з Алідора Каточы, мабыць, усё ж такі адмысловы нават у кантэксце знаёмства з творчасцю замежных мастакоў, бо ён ужо і не зусім італьянец. Супрацоўнік Пасольства Італьянскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь, спадар Каточы паўтара года жыве ў Мінску і, без сумневу, паспеў ужо ўлучыцца і ў наш побыт, і ў культурнае асяроддзе. Тры дзясяткі яго работ, прадстаўленыя ў экспазіцыі “Колер і матэрыял”, створаныя ім менавіта ў Беларусі, а гэта значыць, натхнёныя хоць у нейкай ступені нашымі рэаліямі, але ў вялікай — тугой па Радзіме, а менавіта па тасканскіх узыходах і заходах сонца на ўзбярэжжы Цірэнскага мора.

Напэўна, найгалоўнейшая цікавостка экспазіцыі — у яе эстэтычнай канцэпцыі, адлюстраванай у самой назве “Колер і матэрыял”, іх спалучэнні ў кожным асобна ўзятым творы. Але, здаецца, не ўсё так проста — адно звычайная эклектыка ў выпадку са спадаром Каточы, хоць сам ён ужывае менавіта гэты тэрмін у дачыненні да сваіх работ.

Захапіўшыся жывапісам (найперш абстрактным экспрэсіянізмам Джэксана Полака) недзе 15 гадоў таму, падчас выканання сваёй дыпламатычнай місіі ў Манрэалі, і тады ж пачаўшы выходзіць да шырокай аўдыторыі на калектыўных выставах сучаснага італьянскага мастацтва ў розных канадскіх галерэях, ён неўзабаве зразумеў, што “проста жывапісу” яму мала, што ў творах павінна прысутнічаць яшчэ нешта — гіперматэрыяльнае, тое, што будзе вылучацца на роўнай паверхні палатна, апеляваць найперш да фактуры і тэкстуры. Так паступова і з’явілася ў мастака ягоная творчая фішка-формула — “колер і матэрыял” (у іншым варыянце, паводле назвы персанальных выстаў у Кітаі і Ліване ў канцы 2000-х, — “Фарба і матэрыя”). На палотнах Каточы “манціруюцца” розныя матэрыялы і прадметы. Што тычыцца выставы ў Мінску, дык гэта, напрыклад, бляха і гадзіннік, чаканка і жаночы шалік, біжутэрыя, металічныя лэйблы ад адзення і аксесуараў, верхнія часткі піўных бляшанак, шкляныя колбы лямпачак, кружэлкі, медальёны, галовы лялек, вінтажныя жаночыя капялюшыкі і іншае.

Пра што можна запытаць у мастака за нейкія пяць-дзесяць хвілін на фоне вернісажнага тлуму і што пачуць? Тым не менш гэты бліц, здаецца, усё-такі прадстаўляе і мастака, і ягоны творчы метад. “Што ўсё-такі для вас важней — колер ці матэрыял? — Колер не меў бы ўвогуле ніякага значэння без матэрыялу. — Якія вашыя ўлюбёныя колеры і матэрыялы? — Блакітны і чырвоны, якія сімвалізуюць Італію, Таскану, з яе блакітнымі морам і небам і чырвонымі вогненнымі заходамі. А ўлюбёнага матэрыялу няма, бо мне заўсёды падабаецца эксперыментаваць і апрабоўваць усё новае: і полістэрол, і каменьчыкі, і пясок, і воск, і соль… — А які быў самы нечаканы матэрыял і колер, з якімі даводзілася працаваць? — Што тычыцца колеру, то гэта жоўты колер той фарбы, якой робяць дарожную разметку. Што да матэрыялу, то, мабыць, засушаныя чырвоныя перчыкі. Добра, што вы не пытаецеся, які быў мой самы нечаканы мастацкі інструмент, а то я вам адказаў бы: гэта курыная лапка, якую я выкарыстоўваў у якасці пэндзля! Аднойчы адзін журналіст мяне няправільна зразумеў і напісаў у сваім артыкуле, што я прыклейваю курыныя лапкі да палатна…” (Смяецца.)

Шкада, што на выставе “Колер і матэрыял” у пашпартах твораў не пазначаны матэрыял — іншым разам яго вельмі цяжка ідэнтыфікаваць візуальна. Застаецца верыць прамоўленаму.

Мікола ЧЭМЕР