“Паветра” ў руху

№ 24 (1411) 15.06.2019 - 22.06.2019 г

Паветра — складнік паўсядзённасці, пра які і не думаеш, штодня імкнучыся да сваіх мэтаў. Ты рассякаеш гэтую неадчувальную субстанцыю ў пошуках сябе, скардзішся на лішак нябачнага, калі ўнутры нарастае бязважкая пустэча, спяшаешся пазбавіцца ад такіх залішніх сантыметраў спружыністай прасторы, калі побач той, ад каго ўзгараюцца пачуцці. І толькі калі раптам для ўздыху перастае хапаць кіслародазамяшчальнай дробязі, прыходзіць усведамленне, што гэтае няўлоўнае — фундаментальная, а ў нечым нават сэнсаўтваральная частка цябе. Такую сімволіку цяжару легкаважнасці нараджае харэаграфічны спектакль “Паветра” Вольгі Лабоўкінай.

/i/content/pi/cult/749/16237/15.jpgУ “Паветра” вельмі паказальная творчая гісторыя. Два гады таму танцоўшчыца, харэограф і перформер Вольга Лабоўкіна прадставіла аднайменную мініяцюру ў Маскве на конкурсе маладых харэографаў у рамках фестывалю “CONTEXT. Дыяна Вішнёва”. Канцэптуальнасць задумы, удумлівасць і небанальнасць пластыкі былі ацэненыя: беларуская пастаноўка стала пераможцам.

Пасля мініяцюра заснавальніцы KARAKULI Dance Theatre абкатвалася на розных міжнародных пляцоўках. Айчынныя аматары contemporary dance маглі ўбачыць работу Лабоўкінай на IFMC у Віцебску. І нарэшце жаданне аднаго з вядучых сучасных беларускіх харэографаў разгарнуць пошукі сімволікі няўлоўнасці ў поўнаметражную форму знайшло водгук — летась у рамках творчай рэзідэнцыі SUMMERSPACE харэаграфічным “Паветрам” быў запоўнены адзін з былых завадскіх цэхаў на вуліцы Кастрычніцкай, што апынуліся ў распараджэнні культурнага хаба ОК16. А пасля фрылансер-пастаноўшчык занялася іншымі праектамі, адклаўшы рэфлексію над “Паветрам” больш чым на паўгода. Толькі зараз усім, хто не паспеў пабачыць спектакль (а пра яго яшчэ з першага паказу ідуць захопленыя водгукі), нарэшце прадставілася такая магчымасць.

“Паветра” сапраўды стала гучным адкрыццём сезона. Данс-спектакль па глыбіні раскрыцця тэмы, па колькасці адсылак да розных відаў мастацтва, па шматслойнасці асацыяцый выйшаў на вышэйшую за многія айчынныя спектаклі не толькі ў харэаграфіі, але і ў драме прыступку. Лабоўкіна не паддобрываецца пад публіку — яна цягне аўдыторыю за сабой, прапануе папрацаваць, абдумаць кожную мізансцэну і цытату. Пры гэтым любому гледачу цікава: можна спыніць пагоню за думкай харэографа і проста атрымліваць асалоду ад вытанчанасці рухаў.

/i/content/pi/cult/749/16237/16.JPGГэтую пастаноўку KARAKULI Dance Theatre нельга разглядаць па-за адмысловай прасторай. Харэограф абжывае прадастаўлены ёй цэх так, што на задуму грае кожная дэталь. Вазьміце хоць шкляную арку ў столі памяшкання: той выцягнуты над усёй залай “ліхтар” аддае сцэнічнай пляцоўцы апошнія водбліскі сонечнага святла, а пасля заходу сціскае над танцоўшчыкамі прастору, пакідаючы іх сам-насам з сабой. Дзеянне перацякае з адной кропкі пляцоўкі на другую, зацягваючы гледача ў колазварот згадак і рэфлексій. Тут няма надзейна замацаванага за кожным крэсла — трэба ісці за харэографам у прамым сэнсе.

Што цікава, гукавую партытуру да “Паветра” адмыслова запісвалі ў гэтым жа цэху. Музыкант Дзмітрый Ладзес не выкарыстоўваў гатовай музыкі — хіба толькі рэпліку з “Aria da Capo” Іагана Баха, якую можна пачуць у спектаклі. У гукавую тканіну ён уплятаў нават рэтрансляцыю дыхання танцораў — Аляксандра Філіпава, Івана Сачкова і Вольгі Лабоўкінай.

Утрох артысты даследуюць дадзеную ім эфемерную прастору. Пачынаюць з жорстка расчэрчанага пакоя, дзе паветра падціскаюць піяніна, канапа і столік з кубачкам. Але тыя манументальныя рэчы зроблены мастаком-дэкаратарам Максімам Крукам з белага дроту. Таму іх візуальная самавітасць можа быць парушаная адным дотыкам, таму тое, што, здавалася б, павінна быць непахісным, раптам пачынае лётаць над падлогай. Танцоўшчыкі імкнуцца спазнаць свет рэчаў і хутка высвятляюць, што без напаўнення чалавекам прадметы не могуць набыць зададзеных форм і функцый.

Тры асобы імкліва пражываюць розныя этапы існавання цывілізацыі. У позах жывых постацей глядач пазнае шэдэўры сусветнага мастацтва: вось Адам цягне руку да Бога, а тут танцоўшчыкі становяцца падобнымі да скульптурнай групы Лаакаона з сынамі. Пасля бачацца “Сляпыя” Брэйгеля-старэйшага, што паступова ператвараюцца ў жахі з палотнаў Босха.

Нюансаў у спектаклі багата — усе не перакажаш. Напрыканцы чалавек становіцца вышэйшым за матэрыяльнае. Чым вымераць чалавеку ўнутраную гармонію: пачуццямі, магчымасцю падзяліць жыццё на дваіх, засяроджанасцю сабой? Лабоўкіна прадказальна не дае на гэта адказаў. Шукайце самі. Гэты твор патрабуе неаднаразовага прагляду, што сапраўды рэдкасць у айчынным тэатральным мастацтве. Кожны наступны глыток “Паветра” высветліць новыя дэталі, рухі, што дапамогуць расшыфраваць неабсяжную скарбніцу падтэкстаў шчодрага да сваіх гледачоў, мудрага сучаснага харэографа.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"