“Вясёлы сыравар” і карагоды на скрыжаванні

№ 24 (1411) 15.06.2019 - 22.06.2019 г

У рэдакцыйных калідорах — гарачыня і нават спёка, якая, што ні кажы, а не надта добра ўплывае на прадуктыўнасць журналісцкай работы. А вось ва ўстановах культуры спякотны летні час — самы прадуктыўны, насычаны і “ўраджайны” на розныя мерапрыемствы, фестывалі, святы вясковых паселішчаў і іншы крэатыў. Нездарма ж казалі і кажуць на вёсцы, што летні дзень год корміць. Для сельскіх культработнікаў гэтая прыказка цяпер актуальная як ніколі.

/i/content/pi/cult/749/16234/11.jpgК/i/content/pi/cult/749/16234/12.jpg

Карлсан прыйшоў з Ірыскай

Пачнём наш традыцыйны агляд лістоў з адметнай культурнай акцыі, што арганізавалі днямі ў Чачэрскім раёне Гомельскай вобласці ў аграгарадку Валасовічы. Як піша нам Людміла Мельнікава, у паселішчы праводзілі традыцыйны
мясцовы абрад “Ваджэнне і пахаванне стралы”.

— Свята штогод праходзіць на саракавы дзень пасля праваслаўнага Вялікадня, на Ушэсце Хрыстовае, у чацвер, калі адбываецца сама кульмінацыя абраду “пахавання стралы”, — адзначае аўтарка допісу. — Сёлета фальклорна-абрадавая дзея адбылася 6 чэрвеня і сабрала шмат мясцовага люду і гасцей з розных куткоў Беларусі і бліжняга замежжа.

Удзельніцы абраду на першым скрыжаванні дарог становяцца ў карагод і водзяць там яго з песнямі. На наступным скрыжаванні да іх далучаюцца аднавяскоўцы, у тым ліку дзеці і моладзь, прычым некаторыя з дзяцей знаходзяцца ў сярэдзіне карагоду. Аднаго з малых жанчыны-карагодніцы тройчы падкідваюць уверх, каб жыта да неба цягнулася, было высокім і багатым на ўраджай.

Потым шэраг абрадавых дзеяў адбываецца на полі за вёскай: тут моляцца, “хаваюць стралу” (закопваюць у зямлю розныя рэчы), катаюцца па полі (каб спіны не балелі), раскладаюць вогнішча, а пазней, ідучы назад, спяваюць песні. Старадаўні абрад заканчваецца ўсеагульнай святочнай вячэрай.

Праўда, калі на Гомельшчыне хаваюць стралу, дык на захадзе Беларусі — у вёсцы Гродзі Ашмянскага раёна — ладзяць абрад “Ваджэнне куста”. Яго праводзілі, як напісала нам Ганна Давідовіч, падчас святкавання Сёмухі (ці, як кажуць мясцовыя жыхары, “зялёных святак”, “зелянца”).

І яшчэ адна навіна з Ашмянскага раёна. Тут, у аграгарадку Кракоўка, работнікі аддзела культуры і вольнага часу 5 чэрвеня запрасілі хлопцаў-аднавяскоўцаў і выхаванцаў дзіцячых аздараўленчых лагераў на свята “Жыве на ўсёй планеце народ вясёлы — дзеці”. На пляцоўцы каля клуба гучалі песні і вершы, танцавалі ўдзельнікі творчага аб’яднання “Азарт”, працавалі надзіманыя атракцыёны, а ўсе ахвотныя маглі набыць улюбёныя прысмакі — салодкую вату і папкорн.

Як пішуць супрацоўнікі аддзела метадычнай работы Ашмянскага РЦК, дзіцячы казачны герой, Карлсан, парадаваў дзяцей не толькі ўласнай прысутнасцю, але запрасіў на свята яшчэ і сваіх сяброў: ласуноў Ірыску і Карамельку, якія прапанавалі дзятве пагуляць у даўно забытыя гульні: “Даганялкі”, “Выбівала”, “Класікі”, “Рыбак і рыбакі”, “Казакі-разбойнікі”. Як аказалася, у летні час можна выдатна абысціся без сацыяльных сетак, інтэрнэту і гаджатаў.

Пленэр і зорная цымбалістка

Сваю адметную культурную акцыю зладзілі з 4 па 6 чэрвеня і ў Наваполацку. Тут на базе дзіцячай мастацкай школы імя Івана Хруцкага прайшоў XI Міжнародны пленэр-конкурс юных мастакоў “Палітра Прыдзвіння”. У пленэры, прысвечаным славутаму мастаку і ўраджэнцу Віцебшчыны Івану Хруцкаму, прынялі ўдзел 15 дэлегацый з 14 гарадоў Беларусі і блізкага ды далёкага замежжа — Казахстана, Латвіі, Расіі. Упершыню ў пленэры-конкурсе ўдзельнічалі юныя мастакі з Караганды і Даўгаўпілса. Госці не толькі малявалі гарадскія ландшафты Наваполацка ды краявіды Дзісны — самага маленькага горада Беларусі, — але таксама наведалі шэраг адметных культавых пабудоў, сярод якіх найбольшае ўражанне ва ўсіх, натуральна, пакінуў старадаўні Полацкі Сафійскі сабор.

І яшчэ. У мінулым нумары мы ўжо згадвалі юную цымбалістку Ганну Мамантаву з горада Барань Аршанскага раёна, якая вучыцца ў Аршанскай дзіцячай школе мастацтваў №3. Не так даўно таленавітая дзяўчынка на Мінскім гарадскім адкрытым конкурсе выканаўцаў на беларускіх цымбалах памяці Таццяны Сяргеенка атрымала Дыплом лаўрэата III ступені. Яе канцэртмайстар Наталля Латышава прыслала ў “К” невялікі дадатак да гэтага матэрыялу. Аказваецца, 10-гадовая Ганна Мамантава ў гэтым вучэбным годзе заняла яшчэ і шэраг прызавых месцаў на многіх міжнародных фестывалях: XXIII Міжнародным конкурсе дзіцячай і юнацкай (аматарскай і прафесійнай) творчасці “Ружа вятроў” (Масква, Расія) — Дыплом лаўрэата II ступені; II Міжнародным конкурсе “Зоркi Прыдняпроўя” (Магілёў) — Дыплом лаўрэата III ступені; V Рэспубліканскім фестывалі-конкурсе дзіцячага мастацтва “ЛьВянок” (Лідскі вянок), (Ліда) — Дыплом II ступені з прысваеннем звання “Лаўрэат”.

Гэтыя і многія іншыя творчыя поспехі далі магчымасць Ганне Мамантавай атрымаць узнагароду Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў — Дыплом “За паспяховы ўдзел у заключных этапах міжнародных, рэспубліканскіх, абласных творчых конкурсаў і алімпіяд” ды грашовую прэмію. Віншуем з гэтай заслужанай узнагародай не толькі саму Ганну Мамантаву, але і яе настаўніцу Жанну Жыхараву і канцэртмайстра Наталлю Латышаву.

“Рамяство як лад жыцця”

Менавіта так называецца традыцыйнае свята рамёстваў, якое нядаўна адбылося ў аграгарадку Дзярэчын Зэльвенскага раёна. Напярэдадні народны ансамбль народнай песні “Званочкі” на брычцы аб’ехаў увесь аграгарадок і вясёлымі песнямі і прымаўкамі склікаў гасцей. На самім свяце Ганна і Алеся, гаспадыні вясковай дзеі, распавядалі гасцям пра гісторыю рэгіянальнага касцюма, а мясцовыя прыгажуні тыя касцюмы дэманстравалі падчас дэфіле. Таксама ў гэты дзень прайшлі майстар-класы па саломапляценні (майстар Лілія Амельянчык), вышыўцы (Ганна Пазняк), разьбе па дрэве (Валерый Фецінскі і Міхаіл Грынцэвіч), лозапляценні (Іван Шульгач) і іншыя.

Як напісалі ў “К” супрацоўнікі Зэльвенскага РМЦНТ, навінкай гэтага свята стаў праект “Адкрыцца людзям”. Ён праводзіўся ўпершыню, а мэта яго даволі простая: пазнаёміцца з тымі, хто займаецца не толькі дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам, але і творчасцю ўвогуле — у любых яго праявах. Першым удзельнікам названага праекта стаў Генадзь Коўш, які прадэкламаваў прысутным вершы ўласнага сачынення. Завяршылася свята майстар-класам па побытавых танцах, у якім прынялі ўдзел практычна ўсе госці.

І апошняя, самая смачная падзея тыдня, пра якую нельга не расказаць. Дык вось. Калі вы любіце сыр, вам абавязкова трэба было патрапіць на мінулых выходных у гарадскі пасёлак Любча, што на Наваградчыне. Тут адбылося самае смачнае сырнае свята “Вясёлы сыравар”, якое, на думку дырэктара Навагрудскага РЦКіНТ Наталлі Кавальскай, даўно сталася брэндавым і знакавым мерапрыемствам раёна.

Сырны аўкцыён, сырныя сэлфі, масавыя танцы “Сырны пазітыў” — чаго тут толькі не было! Самыя азартныя гледачы змаглі паспрабаваць сябе ў сырных шашках, у вясёлых гульнях, аўкцыёнах, конкурсах “Кінь ласо”, “Надаі малачка”, “Дэгустатар ёгуртаў”. У рамках мерапрыемства таксама прайшло кулінарнае шоу “Усе смакоцці свету — у кавалачку сыру” і конкурс “Сырнае дасягненне”.

Карацей кажучы, свята падарыла мноства яркіх імгненняў і дарослым, і дзецям. А цэнтральнай падзеяй смачнай дзеі сталася, натуральна, выстава-дэгустацыя хатняй малочнай прадукцыі. Сыры цвёрдыя і мяккія, з “вялікімі дзіркамі” і з напаўняльнікамі з кропу, папрыкі, грэцкага арэху. Тут жа прапаноўвалі пакаштаваць смачных сырнікаў і іншай выпечкі на аснове хатняга тварагу і смятаны.

Так, менавіта сыр і людзі, якія яго вырабляюць, сталі галоўнымі героямі свята ў Любчы. Так што калі зоркі не сышліся і вы яшчэ ні разу не былі на гэтай адметнай летняй культурнай акцыі, дык абавязкова там пабывайце. Чаго-чаго, а сыру там удосталь, прычым нават для самага пераборлівага гурмана… Я дык, відаць, абавязкова з’езджу. Кажуць, халоднае малако і сыр вельмі добра дапамагаюць змагацца з летняй спёкай.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"