Замак на...?

№ 33 (851) 16.08.2008 - 22.08.2008 г

“Культура” заўжды асвятляла тэму адраджэння гісторыка-культурнай спадчыны нашай краіны, імкнучыся падаць на сваіх старонках уласнае бачанне гэтага працэсу. У полі зроку газеты пастаянна знаходзіцца рэстаўрацыя і прыстасаванне Нясвіжскага палацава-паркавага ансамбля ажно з самага пачатку работ на гэтым дзяржаўна важным аб’екце. Аднак чарговае наведванне Нясвіжа карэспандэнтам “К” стала нагодай для рэплікі.

 /i/content/pi/cult/171/1623/Zamak1.jpg

У 1583 годзе князь Мікалай Хрыстафор Радзівіл Сіротка на месцы драўлянага замка, які праіснаваў 50 гадоў, пачаў будаваць палацава-паркавы ансамбль — прастакутнік памерам 170 на 120 метраў. За пяць стагоддзяў шматлікія архітэктары свету шматкроць удасканальвалі першапачатковы праект, а ў ХХІ стагоддзі беларускі архітэктар Сяргей Друшчыц з калектывам рэстаўратараў захоўвае ўсё каштоўнае ў пабудове, што дайшло да нашых дзён, і робіць палацава-паркавы комплекс даступным для ўсіх — ад школьніка да акадэміка.
У адпаведнасці з Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмай на 2008 год, на работы ў Нясвіжы выдзелена больш за 14 мільярдаў рублёў.
У паўднёвай галерэі ідзе ўзмацненне прасценкаў 2-га паверха, мантаж сістэмы ацяплення, электрамантажныя работы, унутраная і вонкавая аддзелка, усталёўваюцца парталы з пясчаніку, аконная сталярка і ўнутраныя інжынерныя сеткі камунікацый. Акрамя таго, узмацняюцца фундаменты і сцены, ідзе праца на даху, кладзецца цёплая падлога, рэстаўруецца кладка фасадаў, вядзецца муроўка сцен і калон.
Распачаты работы па ўзвядзенні вартавой вежы на заходнім бастыёне. Працягваюцца і археалагічныя раскопкі.
Вядома, цікавасць “Культуры” да рэстаўрацыі Нясвіжскага комплексу вялікая, і ў адзін з выхадных вырашыў я ў чарговы раз пабачыць усё ўвачавідкі. Пры ўваходзе ў парк мяне спыніў транспарант, на якім было напісана, што ўваход на тэрыторыю для іншагародніх (!) платны. Яшчэ быў там загадкавы радок: “Цена билетов на…” Тлумачэння, на якое “на”, не было, а далей ішлі цэны на ўваход для дарослых,
 /i/content/pi/cult/171/1623/Zamak3.jpg
школьнікаў, студэнтаў і для замежных грамадзян. Апошніх — у параўнанні са студэнтамі — ацанілі ў пяць разоў даражэй.
Няйнакш па нейкай звышпільнасці кантралёраў мяне залічылі менавіта ў іншаземцы. Радавацца ці крыўдзіцца — таксама не ведаю. Але за ўваход запатрабавалі акурат 5 тысяч.
Калі ж я прадставіўся, патлумачыўшы, што выконваю рэдакцыйнае заданне, то наслухаўся на свой адрас дастаткова непрыязных слоў.У тым, што пра газету “Культура” ў Палацава-паркавым комплексе, мяркую, не ведаюць, пераканаўся яшчэ раз пад час гэтай паездкі.
Справа ў тым, што мая калега Надзея Бунцэвіч у чэрвені, пасля фестывалю “Музы Нясвіжа”, напісала рэпліку практычна на тую ж тэму (зазірніце ў “К” №23 за гэты год). Адказу няма і дагэтуль.
Рэпартаж пра цуд ХVІ стагоддзя я ўсё ж зрабіў для гэтага нумара газеты, але лічу сваім абавязкам звярнуцца да дырэктара Нацыянальнага гісторыка-культурнага запаведніка “Нясвіж” Валерыя Сталярчука.Паважаны Валерый Антонавіч! Калі на тэрыторыю запаведніка чарговы раз ступіць нага карэспандэнта газеты “Культура”, дайце, калі ласка, указанне прапусціць. Мы ж аб агульнай справе рупімся. 

Юрый ІВАНОЎ,
наш спецыяльны
карэспандэнт
Фота аўтара