Шпацыры з тыграм і дэфіле ад бабулі

№ 23 (1410) 08.06.2019 - 14.06.2019 г

Сацыяльныя сеткі — раскоша для журналіста, і, натуральна, для чытача, які можа звязацца з табой адразу і без перашкод. Вось і мне нядаўна напісаў наш сталы чытач і сябар — дырэктар Вяззеўскага сельскага Дома культуры Мікалай Забаўскі. Аказалася, што ягоны народны ансамбль народнай песні “Вязанка” днямі прымаў удзел у міжнародным фальклорным фестывалі ў сталіцы Літвы.

/i/content/pi/cult/748/16225/pages-10-copy-2.jpg

Гуслі ці канкляй?

Фестываль з паэтычнай назвай Skamba skamba kankliai “Звіняць, звіняць канкляй” (канкляй — гэта, як аказалася, літоўскія гуслі) праходзіць у колішняй Вільні ў апошні травеньскі тыдзень ажно з 1973 года — ужо больш за 45 гадоў! Гэты, адзін з найстарэйшых фолк-форумаў Еўропы, збірае да сябе ў госці лепшых самадзейных і прафесійных выканаўцаў з розных краін. А пляцоўкай для выступаў народных музыкаў, спевакоў і танцораў служыць увесь стары горад.

Сёлета Вільня прыняла ў сябе найлепшыя фальклорныя гурты з Літвы, Украіны, Грузіі, Італіі, Грэцыі, Аўстраліі, Расіі і Польшчы. І, натуральна, з Беларусі: калектыў з Вяззеўскага сельскага Дома культуры з Асіповіцкага раёна — “Вязанка” — выступіў на адкрыцці і закрыцці фальклорнага форуму, а таксама прадставіў вялікую канцэртную праграму ў мясцовым Музеі энергетыкі і тэхнікі. А ў гатычнай зале Вільнюскай акадэміі музыкі ансамбль — фрагмент вясельнага абраду.

З Літвы перанясёмся на Беларусь, праўда, не так ужо і далёка ад Вільнюса — на Віцебшчыну. І, як і абяцалі ў мінулым нумары, раскажам пра вынікі конкурсу на найлепшую праграму — выступленне аўтаклубаў Віцебскай вобласці “Вясёлы аўтобус” у рамках абласнога свята гумару “Смяяцца не грэх”, што адбылося ў гарадскім пасёлку Шуміліна і пра які ўжо падрабязна пісала “К”.

Такім чынам, згодна з інфармацыяй, атрыманай намі з Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці, лаўрэатам І ступені кампетэнтнае журы прызнала аўтаклуб Глыбоцкай цэнтралізаванай клубнай сістэмы. Лаўрэатамі ІІ і ІІІ ступені былі вызначаны аўтаклуб Цэнтра традыцыйнай культуры і народнай творчасці Гарадоцкага раёна ды аўтаклуб філіяла № 24 Цэнтра традыцыйнай культуры і народнай творчасці Докшыцкага раёна адпаведна.

А ў самім Віцебскім АМЦНТ для наведвальнікаў адкрылася абласная выстава традыцыйных галаўных убораў Віцебшчыны. На экспазіцыі, па словах вядучага метадыста ўстановы Алы Лялькінай, можна пабачыць дзявочыя і вясельныя вянкі з фатой, павязкі (скіндачкі), жаночыя наметкі, павойнікі, шалі і абхінанкі, а таксама мужчынскія магеркі, аблавухі, брылі і шмат чаго яшчэ.

Наша сталая аўтарка Наталля Латышава, настаўнік дзіцячай школы мастацтваў № 3 горада Барань Аршанскага раёна, напісала пра Мінскі гарадскі адкрыты конкурс выканаўцаў на беларускіх цымбалах памяці Таццяны Сяргеенка, у якім прымалі ўдзел прадстаўнікі школ мастацтваў і музычных каледжаў з усіх абласцей Беларусі. Сярод пераможцаў — Аня Мамонава, найлепшая цымбалістка дзіцячай школы мастацтваў № 3 горада Барані. Рашэннем журы таленавітая дзяўчына была ўзнагароджана Дыпломам лаўрэата III ступені. Яе настаўніца Жанна Жыхарава і канцэртмайстар Наталля Латышава заслужана атрымалі граматы “За прафесійнае майстэрства”.

Маскі для швачкі

З Віцебшчыны накіруемся на Гродзеншчыну. Там днямі, як піша нам Галіна Петушок, вядучы метадыст аддзела арганізацыйна-метадычнай работы Шчучынскага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці, у аграгарадку Дзітва Лідскага раёна прайшоў абласны фестываль-свята побытавых танцаў “Танцуем па-даўнейшаму”.

— Шчучынскі раён прадстаўляў узорны фальклорны калектыў “Скарбоначка” Дэмбраўскага сельскага Дома фальклору пад кіраўніцтвам Алены Аліхвер, — піша нам аўтарка ліста. — Журы заслужана ацаніла нашыя танцавальныя пары, якія з нейкай надзвычайнай лёгкасцю танцавалі “Нарэчаньку”, “Кракавяк”, “Лявоніху”, і ўзнагародзіла іх Дыпломамі І і ІІ ступені.

Пра сам абласны фестываль “Танцуем па-даўнейшаму” больш падрабязна нам расказала загадчыца аддзела традыцыйнай культуры Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Вольга Шлавянец. Так, паводле яе інфармацыі, у свяце прымалі ўдзел творчыя дэлегацыі ад кожнага раёна вобласці.

Калектывы пазнаёмілі гасцей з побытавымі танцамі, якія характэрны для той або іншай мясцовасці Гродзенскай вобласці, а таксама прадэманстравалі рэгіянальныя ўнікальныя кадрылі ў канцэрце фальклорных калектываў. Для ўдзельнікаў і звычайных гледачоў быў праведзены майстар-клас і флэшмоб “Танцуем разам”. Упершыню на свяце былі прадстаўлены ўзоры рэгіянальных традыцыйных строяў з усёй Гродзеншчыны, якія можна было ўбачыць падчас дэфіле “Мода ад бабулі”.

Самай вялікай інтрыгай свята стаўся конкурс беларускіх народных побытавых парных танцаў. Удзельнікі з усёй вобласці прадстаўлялі свае танцы ў чатырох узроставых катэгорыях: А (7 — 10 гадоў), Б (11 — 17 гадоў), В (18 — 50 гадоў), Г (ад 51 года). Самаму маленькаму ўдзельніку, дарэчы, было сем гадоў, а самаму старэйшаму — ажно 76! Дыпломы І ступені ў першай узроставай катэгорыі атрымалі Яўген Малей і Кацярына Бадак (Шчучынскі раён), у другой узроставай катэгорыі — Павел Смурага і Мар’яша Кузьма (Ваўкавыскі раён), у трэцяй — Мікалай Сакалоўскі і Таццяна Язерская (Лідскі раён), а ў чацвёртай — Васіль Чартко і Валянціна Фурс (Карэліцкі раён).

Да слова, шмат цікавостак змогуць пабачыць наведвальнікі і ў самім Гродзенскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці. Так, па словах рэдактара ўстановы Алы Бялькевіч, маленькіх гасцей цэнтра заўсёды чакае пазнавальная экскурсія па будынку, які з’яўляецца помнікам архітэктуры XVIII стагоддзя. Школьнікі таксама могуць завітаць на выставу “Бераставіцкія ўзоры”, на якой дэманструецца творчасць таленавітых майстрых па ткацтве з Бераставіччыны. Самым зацікаўленым прадставіцца магчымасць самастойна папрацаваць за сапраўдным ткацкім станком у майстэрні. Сакрэтамі старажытнага рамяства з дзецьмі падзеліцца Алена Феліксаўна Шунейка, майстар па вырабе габеленаў у традыцыях “падвойнага і пераборнага аднабаковага” ткацтва — элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны Гродзенскай вобласці, які ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь.

Вядомы ў вобласці мастак, уладальнік статусу народнага майстра Аляксандр Фёдаравіч Аўчыннікаў, які таксама працуе ў Гродзенскім АМЦНТ, з задавальненнем навучыць дзяўчынак і хлопчыкаў са звычайнай белай паперы ствараць ажурныя ўзоры. І ў рэшце рэшт сапраўдная скарбніца эскізаў, замалёвак, фатаграфій касцюмаў раскрыецца перад юнымі наведвальнікамі на выставе работ мастака і этнографа Лявона Баразны.

Яшчэ адна інфармацыя прыйшла таксама са Шчучынскага РЦКіНТ ад вядучага метадыста аддзела арганізацыйна-метадычнай работы Наталлі Гардзейчык, якая расказвае пра фестываль дзіцячай творчасці “ДЕтство. ТВОрчество. РАдость”. Як зазначыла Наталля Гардзейчык, у імпрэзе прынялі ўдзел члены гурткоў з клубных устаноў раёна, якія дэманстравалі гледачам свае ўменні ў вакальных спевах, харэаграфіі, чытанні вершаў і дэкаратыўна-прыкладным мастацтве.

А Настасся Тарас, вядучы метадыст аддзела арганізацыйна-метадычнай работы таго ж Шчучынскага РЦКіНТ напісала нам пра тое, што ў аграгарадку Ракавічы адбылася імпрэза ў рамках раённага праекта “Карані і кроны малой радзімы”. У гэтым паселішчы цягам 63 гадоў дзейнічае народная фальклорная група “Вяргіня”, шэсць удзельніц якой спяваюць самабытныя рэгіянальныя песні падчас самых розных святочных мерапрыемстваў.

І яшчэ адна навіна са Шчучына, пра якую хацелася б згадаць. Як піша метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу Шчучынскай раённай бібліятэкі імя Цёткі Кацярына Кіселар, у бібліятэках раёна адбыліся шматлікія мерапрыемствы да Міжнароднага дня абароны дзяцей. Напрыклад, 1 чэрвеня дзіцячай бібліятэкай Шчучына было арганізавана свята “Краіна дзяцінства на планеце Зямля”. У Астрынскай гарпасялковай бібліятэцы прайшоў гульнявы кніжны марафон “Пад вокладкай кнігі жыве чароўны свет”, а Каменская сельская бібліятэка з 1 чэрвеня і да канца канікул запрашае сваіх чытачоў у Школу летняга чытання, адкрыццё якой пачалося з літаратурна-забаўляльнай праграмы “Хай дзяцінства звонкае смяецца”. Таксама цікавае свята дзяцінства адбылося ў Васілішкаўскай сельскай бібліятэцы, а ў Навадворскай сельскай бібліятэцы прайшоў дзень гульні “Я вазьму ў далонькі лета”.

Ці п’е тыгр малако?

Суботнім вечарам 25 мая па аграгарадку Ярэмічы, як піша яшчэ адна наша сталая аўтарка Іна Лейка з Карэліцкага раёна, шпацыравалі тыгр і алень, воўк і жырафа, а таксама паважна выступаў зубр. Мясцовыя жыхары і госці аграгарадка з захапленнем сустракалі гэты заалагічны дэсант і здымалі яго на свае смартфоны. Такім чынам, другі год запар у Ярэмічах зладзілі фестываль масак “Ярэміцкія маскі запрашаюць”.

Па традыцыі ў фэсце бралі ўдзел і мясцовыя артысты з народнага аматарскага аб’яднання “Закрытыя твары” пад кіраўніцтвам Марыі Крэнь.

— 77-гадовая Марыя Крэнь хоць па прафесіі і швачка, але ўсё сваё жыццё звязала са сферай культуры раёна, — піша Іна Лейка. — Менавіта яна на працягу некалькіх дзясяткаў гадоў прыдумляе і стварае маскі і касцюмы самых розных жывёл: ад хатняй курыцы да афрыканскай жырафы. Пад маскамі — жыхары Ярэміч, неабыякавыя людзі, якія ў звычайным жыцці працуюць у мясцовай гаспадарцы, а ў святы дораць радасць гасцям.

Але гэта яшчэ не ўсе навіны з Карэліцкага раёна. Днямі летні сезон тут урачыста адкрыла свята мастацтваў “Мірскі замак — гонар UNESCO” з удзелам Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам народнага артыста краіны, прафесара Міхаіла Фінберга. Як піша Марына Казловіч, праграма фэсту была вельмі насычаная. Так, на ім адбыліся выступленні ансамбля трубачоў пад кіраўніцтвам Дзмітрыя Ціхановіча ды вакальнага ансамбля заслужанай артысткі Беларусі Наталлі Міхайлавай з праграмай “Беларуская музыка ў замкавай прасторы”. А кульмінацыяй музычнага свята ў Міры можна смела назваць канцэрт у Мікалаеўскім касцёле, дзе да ўжо згаданага калектыву Наталлі Міхайлавай далучыўся струнны аркестр. Асобна варта адзначыць праграму “Вяртанне Станіслава Манюшкі ў айчынную музычную прастору”, прымеркаваную да 200-годдзя знакамітага беларускага кампазітара.

Невялікая навіна прыйшла з Ашмянскага раёна — з сельскай бібліятэкі аграгарадка Крэйванцы, дзе 5 чэрвеня адбыўся ўрок патрыятызму “У баях за родны край”. Мерапрыемства, як піша бібліятэкар Валянціна Дзядзічкіна, праходзіла ў рамках раённага бібліятэчнага марафону-конкурсу “Дарогамі славы”, прымеркаванага да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, і ўключала ў сябе інсцэніроўку “Дзеці вайны”, чытанне вершаў, расповед пра землякоў, якія змагаліся з фашызмам, і кніжную выставу.

Сваю адметную раённую імпрэзу зладзілі днямі на Ашмяншчыне таксама і ў аграгарадку пад цікавай назвай Граўжышкі. Як паведамілі “К” супрацоўнікі аддзела метадычнай работы Ашмянскага РЦК, у паселішча з’ехаліся каля 20 прадстаўнікоў клубных устаноў раёна, каб прадэманстраваць свае ўменні на конкурсе дзіцячай эстраднай творчасці “Вясковы жаваранак”. У выніку першыя месцы заваявалі Ксенія Сальмановіч з аграгарадка Граўжышкі (узроставая катэгорыя шэсць — дзевяць гадоў) і Анастасія Адашкевіч з аграгарадка Гальшаны (узроставая катэгорыя 13 — 15 гадоў). А ў намінацыі “Дуэт” першае месца заваявалі Ілья Арцем і Ксенія Сальмановіч з тых жа, ужо згаданых мною, Граўжышкаў. Дыплом “Творчая надзея” журы конкурсу ўрачыста ўручыла самай маленькай удзельніцы конкурсу — чатырохгадовай Мар’яне Дашкевіч з аграгарадка Кальчуны.

І ўжо літаральна перад самым выхадам газеты ў друк метадысты аддзела метадычнай работы Ашмянскага РЦК даслалі нам яшчэ адну інфармацыю. У аграгарадку пад назвай Станцыя Ашмяны 1 чэрвеня да Міжнароднага дня абароны дзяцей мясцовыя клубнікі зладзілі цікавую квэст-гульню з удзелам знакамітага Бураціна. Даверлівы даўганосы драўляны хлопчык аддаў свае грошы хітрай Лісе Алісе і сквапнаму Кату Базіліа, але, дзякуючы дапамозе дзяцей, якія разгадалі ўсе рэбусы і заданні, усё ж такі змог вярнуць свае залатыя манеты назад.

Як бачна, адметных імпрэзаў на Гродзеншчыне адбываецца многа — як кажуць, на любы густ. Вось і яшчэ адно з іх, дзе без дэгустацыі проста немагчыма было абысціся, прайшло ў Зэльвенскім раёне: 26 мая ў аграгарадку Крывічы ў чарговы раз прайшло свята малака “Малочная краіна” — фэст, што прапагандуе сямейныя каштоўнасці, здаровы і актыўны лад жыцця.

Арганізатары падрыхтавалі насычаную культурна-забаўляльную праграму, у якой мог паўдзельнічаць кожны. Гэта і тэатралізаванае шэсце па цэнтральнай вуліцы аграгарадка, і майстар-класы народных умельцаў “Фарбы творчасці”, і гульнявы дворык, і літаратурны вернісаж ды шмат чаго яшчэ. А святочны настрой гасцям стваралі конкурсы “Найлепшы даяр — 2019”, жартоўныя спаборніцтвы “Малочны батл” і “Аб малацэ я ведаю ўсё”, а таксама калектывы аматарскай творчасці Бераставіцкага і Зэльвенскага раёнаў. Асаблівай папулярнасцю ў наведвальнікаў, як піша нам метадыст аддзела па развіцці народнай творчасці Зэльвенскага РЦКіНТ Святлана Якута, карысталася выстава-дэгустацыя малочных прадуктаў “Малочныя смачнасці”: хатнія малако, вяршкі, сыры, ёгурты ды разнастайнае печыва.

/i/content/pi/cult/748/16225/pages-10-copy.jpg

Бібліятэка ідзе ў народ

Яшчэ адна навіна — з Астравецкага раёна. Тут 23 мая супрацоўнікі Астравецкай раённай бібліятэкі арганізавалі адразу дзве акцыі — “Чытальны горад” і “Бібліятэка без межаў”. Першая акцыя доўжыцца ўжо тры гады: аўтабібліятэка наведвае арганізацыі горада з кніжнымі выставамі і друкаванымі навінкамі. На гэты раз супрацоўнікаў раённай “кніжніцы” прымалі ў аддзеле па надзвычайных сітуацыях горада і ў адміністрацыі Астравецкага лясгаса.

А вось акцыя “Бібліятэка без межаў”, як піша метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу Астравецкай раённай бібліятэкі Галіна Францкевіч, стартавала ў раённым цэнтры толькі 23 мая і прайшла ў гарадскім скверы. Супрацоўнікі раённай бібліятэкі далі магчымасць адпачыць з кнігай на свежым паветры і дарослым, і дзецям. Дзятва і падлеткі займаліся размалёўкамі, пакуль іх мамы і бабулі запісваліся ў бібліятэку ды выбіралі сабе літаратуру. Акцыя, па словах аўтаркі ліста, будзе трываць усё лета штотыдзень па аўторках і чацвяргах.

А не так даўно ў Дзятлаве прайшла імпрэза, прысвечаная 100-годдзю з дня нараджэння Валянціна Біцько — ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, камандзіра Ленінскага партызанскага атрада. Ушанаваць памяць ветэрана, які вызваляў раён, а пасля вайны жыў у вёсцы Гірычы, прыехалі яго сын, унукі, праўнукі, а таксама хор ветэранаў вайны і працы Гродзенскага гарадскога цэнтра культуры.

Святочны канцэрт прайшоў у Дзятлаўскім цэнтры культуры і народнай творчасці. Да мерапрыемства ў фондах Дзятлаўскага музея яго работнікі знайшлі невялікі фільм пра адну з сустрэч ветэранаў — удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны і партызанскага руху на Дзятлаўшчыне, які змаглі ўбачыць усе прысутныя. А ў фае Цэнтра культуры была зладжана выстава, прысвечаная знакамітаму земляку.

З Гродзеншчыны выпраўляемся на Міншчыну. Як распавядае аўтарка чарговага допісу Ала Клемянок, у Маладзечанскай цэнтральнай бібліятэцы адбылася 13-я па ліку навукова-краязнаўчая канферэнцыя. На гэты раз яна была прысвечаная навуковай дзейнасці доктара філалагічных навук, фалькларыста, пісьменніка Арсена Ліса, якому сёлета магло б споўніцца 85 гадоў. Навукоўцы не толькі ўспаміналі добрым словам знакамітага даследчыка беларускага фальклору, але і творча асэнсоўвалі ягоную спадчыну, якая сёння робіцца прадметам даследавання для новых навукоўцаў.

Акрамя таго, як паведамляе тая ж Ала Клемянок, 25 мая ў Ленкаўшчыне Маладзечанскага раёна, на малой радзіме беларускага паэта, настаўніка, мастака Юльяна Сергіевіча прайшло свята паэзіі. Распачалося яно чытаннем вершаў паэта, а пазней сваімі думкамі пра жыццё і творчасць мясцовага творцы, а таксама вершамі, сугучнымі настрою, падзяліліся перад прысутнымі Віктар Шніп, Тамара Бярэзіна, Тамара Аўсяннікавы і іншыя госці свята.

І апошняя інфармацыя — з Брэстчыны. 25 мая Ганцавіцкі раённы дом рамёстваў разам з народным клубам майстроў народнай творчасці “Багач” прынялі ўдзел у ХІ Рэспубліканскім фестывалі-кірмашы народных мастацкіх рамёстваў “Вясновы букет”, які прайшоў у Верхнім горадзе ў Мінску і адкрыў сезон правядзення святаў нацыянальных культур. Па выніках фестывалю, піша малодшы навуковы супрацоўнік Ганцавіцкага РДР Наталля Білімава, яе ўстанова была ўзнагароджана дыпломам за 1-е месца і грашовай прэміяй. Таксама дыплом за 1 месца і грашовую ўзнагароду атрымаў народны клуб майстроў народнай творчасці “Багач” (кіраўнік Галіна Савеня).

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"