Вакол аргана — і музей, і фестываль

№ 23 (1410) 08.06.2019 - 14.06.2019 г

У Пінску, абвешчаным культурнай сталіцай Беларусі на 2019 год, працягваецца І Міжнародны фестываль арганнай і старадаўняй музыкі “Маці міласэрнасці”. Канцэрты праходзяць у Пінскім кафедральным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.

/i/content/pi/cult/748/16216/pages-2-3.jpgПачаўшыся ў канцы мая, фестываль завершыцца толькі ў канцы ліпеня. Аднымі з першых яго ўдзельнікаў, поруч з маладымі і больш сталымі знакамітымі музыкантамі, сталі юныя арганісты — навучэнцы сталічнай Дзіцячай музычнай школы мастацтваў № 1 імя Ларысы Александроўскай, якія займаюцца ў Святланы Разько.

— Удзел у такім адказным мерапрыемстве, — распавяла Святлана Разько, — стаў для нас вялікім гонарам. Ехалі ў прадчуванні вялікіх і маленькіх адкрыццяў — і не памыліліся. Уразіла ўсё: сам фестываль (мы паспелі наведаць адзін з яго канцэртаў — Калінікі Мядзведзевай), афішы, буклеты, арганізацыя, гасціннасць гаспадароў, старадаўні арган — нарэшце, горад, дзе многія мае вучні пабывалі ўпершыню. Нашае выступленне было прызначана на дзённы час 2 чэрвеня, але мы прыехалі напярэдадні. Нас сустрэлі, правялі экскурсію, размясцілі на ноч у доме ксяндза, што пакінула незабыўныя ўражанні і адразу настроіла на адпаведную атмасферу. Да ўсяго, мы змаглі парэпетыраваць позна ўвечары, а некаторыя — яшчэ і з самага ранку. Гэта было вельмі важна, бо тамтэйшы арган — пнеўматычны, з затрымкай гуку: ты ўжо пачаў іграць, а гук з’яўляецца толькі праз нейкі час. Да гэтага таксама трэба было прызвычаіцца. Але дзеці справіліся выдатна! У канцы вучэбнага года ў іх быў вялікі канцэрт у самой школе, іншыя выступленні (адзін з маіх выхаванцаў іграў нават у Палацы Рэспублікі, куды дзеля яго спецыяльна везлі электронны інструмент). Вельмі парадавала і тое, што вялася відэатрансляцыя. Звычайна арганіста нябачна, ён схаваны за магутным інструментам. А тут была
прадугледжана відэакамера, якая выводзіла выяву на вялізны экран. Такія магчымасці ёсць далёка не паўсюль. Ды ўсё ж галоўным уражаннем стала тое, як цяпер гучыць старадаўні арган, адноўлены Аляксандрам Бурдзялёвым.

З гэтым матэматыкам па прафесіі, захопленым арганнай культурай, чытачы “К” ужо знаёмыя (гл. № 39 за 2018 год): аб’ездзіўшы ўздоўж і ўпоперак усю краіну, ён падрыхтаваў энцыклапедычны даведнік — альбом “Арганы Беларусі”, дзе змясціў звесткі пра ўсе 123 інструменты, што ёсць на нашай тэрыторыі (і гэты спіс, вядома, папаўняецца).

— Пінскі арган, — далучаецца да размовы Аляксандр Бурдзялёў, — выраблены ў 1836 годзе. Гэта другі па велічыні арган на Беларусі, прычым адзін з тых рэдкіх у нас інструментаў, у якім захавалася частка барочнай канструкцыі. У часы Першай сусветнай немцы адправілі яго трубы на пераплаўку, але ў 1936-м ён быў капітальна адрэстаўраваны. Праўда, за гэты час шмат чаго ў ім сапсавалася. Так, ён выкарыстоўваўся ў час службы, але каб праводзіць фестываль такіх маштабаў, яго трэба было давесці да ладу. Як толькі гэта было зроблена, з’явілася не проста фестывальная — суцэльная гістарычная прастора. Бо ў час рамонту рэшткі старой кафедры было вырашана накрыць шклом, ператварыўшы ў музейную экспазіцыю. Арган з’яднаў вякол сябе не толькі фестываль, але і супрацоўніцтва такіх розных структур, як каталіцкі касцёл, дзяржаўнае кіраванне ў асобе гарвыканкама — і мецэнацтва. Юрый Зісер, летась адзначаны як мецэнат культуры Беларусі, не толькі падтрымаў фестываль, але і аплаціў набыццё для нашай краіны пяці арганаў. Два з іх усталююць у Пінску — у музычнай школе і каледжы мастацтваў, каб дзеці маглі займацца. Гэтую акцыю таксама фестываль справакаваў! Увогуле, вакол фестывалю яднаюцца людзі розных узростаў і сацыяльных слаёў. Усе канцэрты — бясплатныя. І гучыць не адно арган, але і іншыя інструменты. Выступалі, да прыкладу, вучні Пінскай школы мастацтваў, і плануецца, што надалей яны будуць здаваць іспыты ў выглядзе публічных фестывальных канцэртаў. 8 чэрвеня на фестывалі прагучаць творы маладых беларускіх кампазітараў для аргана, скрыпкі і тэрменвокса — незвычайнага інструмента з папраўдзе боскім голасам. Сольныя канцэрты правядуць маладыя беларускія арганісты. Прыедуць і расійскія мэтры, зацікаўленыя ў тым, каб паіграць на старадаўнім інструменце.

Слухаючы суразмоўцу, я раптам падумала: гэта ж якая нагода для культурнага турызму! Можа, меламаны яшчэ не ўцямілі свайго шчасця? Але праз нейкі час, я ўпэўнена, на канцэрты фестывалю будзе не патрапіць з-за неверагоднага наплыву ўсіх ахвотных. Карыстайцеся момантам!

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"