Крыніца, што ніколі не высахне

№ 23 (1410) 08.06.2019 - 14.06.2019 г

“Адзін з філосафаў сказаў, што талент — гэта крыніца, якая нясе ўсё новае і чыстае Богу. Але крыніца высахне, калі ёй няправільна карыстацца. Нашай незалежнай дзяржаве патрэбна таленавітая і адораная моладзь, і дзяржава робіць усё для таго, каб вы дастойна прадстаўлялі маладую, інтэлектуальную і творчую эліту нашай краіны”, — з такімі словамі звярнуўся да аўдыторыі намеснік прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Ігар Петрышэнка на ўрачыстай сустрэчы з навучэнцамі і студэнтамі, лаўрэатамі і стыпендыятамі спецыяльных фондаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якая адбылася 3 чэрвеня ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.

/i/content/pi/cult/748/16214/pages-2-3-copy-3.jpgПерад сустрэчай віцэ-прэм’ер разам з міністрам культуры краіны Юрыем Бондарам і міністрам адукацыі Ігарам Карпенкам пазнаёміліся з выставай інтэлектуальных і творчых дасягненняў таленавітых навучэнцаў і студэнтаў. Высокія госці затрымліваліся ці не ля кожнага стэнда, а кіраўнікі адпаведных навучальных устаноў каментавалі экспазіцыі. У прыватнасці, на стэндзе Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Ігара Петрышэнку зацікавіла сувернірная кніга “Веліч і слава Магілёўшчыны — Слава Беларусі і Расіі”, аўтарскае мастацкае афармленне якой (у тым ліку шматлікія афорты) выканаў учарашні выпускнік акадэміі, а сёння майстар друку ў сваёй жа альма-матэр Фёдар Шурмялёў. Унікальная, фактычна рукатворная кніга, выдадзеная адмыслова да Форуму рэгіёнаў у Магілёве, выйшла толькі ў пяці асобніках, два з якіх былі падораны прэзідэнтам — Аляксандру Лукашэнку і Уладзіміру Пуціну. На сёлетнім Нацыянальным конкурсе “Мастацтва кнігі” выданне перамагло ў намінацыі “АРТ-кніга”.

Гранд-прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі атрымалі навучэнкі Дзіцячай музычнай школы мастацтваў № 10 імя Яўгена Глебава, уладальніцы 1-га месца Французскага музычнага конкурсу (Францыя, 2018) Настасся і Дар’я Лукашэнка, навучэнка Беларускай дзяржаўнай харэаграфічнай гімназіі-каледжа, уладальніца 1-га месца на VIII Міжнародным конкурсе класічнай і сучаснай харэаграфіі MYSL-POTOK (Украіна, 2018) Ніка Скрабкова, навучэнец Цэнтральнай музычнай школы пры Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі імя Пятра Чайкоўскага, лаўрэат ІІ Міжнароднага конкурсу маладых піяністаў Grand piano competition (Расія, 2018) Уладзіслаў Хандогі, навучэнец сярэдняй школы № 1 Ашмян, саліст Нацыянальнага цэнтра музычнага мастацтва імя Уладзіміра Мулявіна Маладзёжнага тэатра эстрады, лаўрэат (дыплом ІІ ступені) ХVІ Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу “Віцебск — 2018” Арцём Скароль, магістрант Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, уладальнік ІІІ прэміі на ІІ Міжнародным конкурсе харавых дырыжораў імя Барыса Цеўліна (Расія, 2018) Ганна Арлукевіч, выкладчык кафедры мастацтва эстрады Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, лаўрэат (дыплом ІІІ ступені) ХХVІІ Міжнароднага конкурсу эстраднай песні “Віцебск — 2018” Яўген Курчыч.

Ганаровымі граматамі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь узнагароджаны загадчык кафедры харавога дырыжыравання Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, дацэнт Інеса Бадзяка, вядучы майстар сцэны Вялікага тэатра, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Марына Вежнавец, выкладчык кафедры мастацтва эстрады БДУКіМ Вольга Макушынская, прафесар кафедры спеваў Акадэміі музыкі, народны артыст Беларусі Пётр Рыдзігер, выкладчык Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Акадэміі музыкі Ірына Семяняка і мастацкі кіраўнік Нацыянальнага цэнтра музычнага мастацтва імя Уладзіміра Мулявіна Маладзёжнага тэатра эстрады, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Святлана Стацэнка.

/i/content/pi/cult/748/16214/pages-2-3-copy-2.jpg

Святочны канцэрт юных і маладых талентаў
падарыў нямала ўзрушлівых і пранікнёных хвілін далучанасці да высокага прафесійнага мастацтва. На сцэну Акадэміі музыкі выходзілі ўжо сапраўдныя зоркі нашага музычнага і харэаграфічнага мастацтва, імёны некаторых з якіх, дарэчы, гучалі і падчас цырымоніі ўзанагароджвання: піяніст-віртуоз Уладзіслаў Хандогі і трубач-віртуоз Іван Майсеня, спевакі, якія сёлета прадставяць Беларусь на музычных конкурсах у рамках “Славянскага базару”, Іван Зданюк і Ксенія Галецкая, юная балерына Ніка Скрабкова і іншыя. Сімвалічна падчас музычных нумароў глядзеўся на сцэне раяль найвышэйшай катэгорыі фірмы Steinway, на якім акампаніравалі салістам, — набыты ў 2017 годзе Акадэміяй музыкі за сродкі, вылучаныя ўсё тым жа спецыяльным фондам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.

Фота аўтара