Што ні рэгіён — чуцен свой жытнёвы звон

№ 33 (851) 16.08.2008 - 22.08.2008 г

Карэспандэнт “К” стэлефанаваўся з абласнымі ўпраўленнямі культуры, каб даведацца, якімі падзеямі поўніцца жыццё рэгіёнаў.

Міншчына.
Як паведаміла намеснік начальніка Упраўлення культуры Мінаблвыканкама Святлана Баранок, вобласць рыхтуецца да Дня беларускага пісьменства, які пройдзе 7 верасня ў старажытным Барысаве. Пад час жніва ў вобласці створаны шэраг канцэртных брыгад, якія ў абедзенныя перапынкі выступаюць для хлебаробаў. Цэнтральнай культурнай і грамадскай падзеяй Міншчыны ў жніўні стане ўрачыстае святкаванне 50-годдзя Салігорска, што адбудзецца напрыканцы месяца. Рыхтуецца грандыёзнае тэатралізаванае шэсце з удзелам работнікаў культуры. Акрамя таго, запланавана багатая канцэртная праграма, што разгорнецца на сямі пляцоўках горада. Не абміне свята Нацыянальны канцэртны аркестр Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга разам з зоркамі айчыннай эстрады.
На Магілёўшчыне цягам месяца вызначыцца лепшая каманда на абласным конкурсе мабільных сетак устаноў культуры ў межах праекта мясцовых улад па прыцягненні насельніцтва аддаленых вёсак рэгіёна да сучаснага культурнага працэсу шляхам выкарыстання бібліобусаў, сродкаў папулярызацыі відэа- і аўдыёмастацтва. Поўным ходам, па словах начальніка ўпраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама Анатоля Сінкаўца, сёння ідзе падрыхтоўка да святкавання 500-годдзя Касцюковічаў, пад час якога мяркуецца закладка Алеі герояў.
Гэтымі днямі на Брэстчыне рыхтуюцца да 13 міжнароднага тэатральнага фестывалю “Белая вежа”, што пройдзе ў пачатку верасня. Але асноўны клопат мясцовых улад — правядзенне святаў вёсак, а таксама абласных “Дажынак”, якія сёлета намечаны на 6 верасня ў Століне. А літаральна гэтымі днямі, зазначае начальнік упраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама Рыгор Бысюк, 30 майстроў народнай творчасці вобласці, у тым ліку разьбяры па дрэве, адмыслоўцы ў мастацкай вышыўцы, саломкапляценні і ткацтве ўдзельнічаюць у Ягелонскім кірмашы, што адбываецца ў Любліне. У межах святкавання дня Незалежнасці Украіны ў рэгіёне адбудзецца выстаўка работ мастакоў Чарнігаўшчыны.
Гомельшчына. У выставачнай зале Гомельскага абласнога цэнтра народнай творчасці ідзе выстаўка дэкаратыўна-прыкладной творчасці майстроў Курганскага сельскага дома народнай творчасці, Астроўскага сельскага дома рамёстваў і раённага цэнтра рамёстваў Странькоў Рагачоўскага раёна. На выстаўцы наведвальнікам прапанавана каля 70 вырабаў народнага мастацтва.
Але самым значным мерапрыемствам Гомельшчыны ў бліжэйшы час стане пяты Міжнародны фестываль харэаграфічнага мастацтва “Сожскі карагод”, да якога ідзе інтэнсіўная падрыхтоўка. 11-14 верасня ў яго межах адбудуцца конкурсныя выступленні калектываў народна-сцэнічнага і сучаснага танца, брэйк-данса, конкурс балетмайстарскіх работ. Традыцыйна, вялікую цікавасць гасцей горада выклікае і Міжнародны турнір па бальна-спартыўных танцах на Кубак Гомеля “Залатая рысь”, канцэрты прафесійных і самадзейных калектываў. Аргкамітэтам фестывалю плануецца таксама правесці “круглы стол” па пытаннях развіцця харэаграфічнага мастацтва.
Цікавыя мерапрыемствы адбываюцца і на Гродзеншчыне. У межах выстаўкі-кірмашу “Тыдзень праваслаўя на Навагрудчыне” для дзяцей праводзіліся майстар-класы па званарным майстэрстве, вышыўцы, роспісе па кераміцы. Таксама падлеткі ўдзельнічаюць у конкурсе малюнкаў “Горад майстроў”.
А Віцебшчына, натуральна, жыве чаканнем Рэспубліканскага фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі “Дажынкі”. Неўзабаве чарговай, дванаццатай сталіцай хлебаробскага свята стане Орша. Як паведамляе “К” начальнік аддзела культуры Аршанскага гарвыканкама Ірына Мігаль, 25 жніўня завяршаецца рэканструкцыя будынка колішняга калегіума езуітаў, дзе адкрыецца Культурна-адміністрацыйны цэнтр. Напрыканцы жніўня здаецца і адрамантаваны будынак бурсы, дзе размесціцца Дом рамёстваў. 

Звесткі збіраў Канстанцін АНТАНОВІЧ