Справа радасная і нялёгкая

№ 22 (1409) 01.06.2019 - 07.06.2019 г

Прыемна, калі прыязджаеш у які-небудзь населены пункт, размешчаны далёка ад Мiнска, а кіраўнік мясцовай установы культуры кажа табе: “А мы вашу газету выпісваем, чытаем і радуемся таму, калі ў ёй апублікаваная хай нават невялікая нататка пра тое, як мы працуем! Вядома, сочым па матэрыялах вашага выдання і за тым, што робіцца ў суседзяў, у раёне і вобласці, наогул у краіне”. Беліца — якраз такі аграгарадок. Ну а калі цябе сустракаюць добрым словам, то і пісаць усё больш хочацца пра плюсы, чым пра мінусы…

/i/content/pi/cult/747/16209/22.JPGСмак сваёй кухні

Старанна агледзеўшы фрагменты сялянскага падворка і сялянскай хаты, размешчаныя ў двух сумежных пакоях першага паверха Беліцкага дома культуры, я прайшоў у кабінет загадчыцы БДК Тэрэзы Шаўлюк. Менавіта яна, трымаючы ў сваіх руках адзін з нумароў “К”, і распачала нашу гутарку той кампліментарнай фразай, якую я прывёў вышэй.

Аднак ветласць ветласцю, але час пераходзіць і да справы. Напачатку мая суразмоўніца пазнаёміла мяне з тымі фарміраваннямі, што дзейнічаюць пры ўстанове. Іх дзевяць: дарослыя — вакальны гурт “Надзея”, гурткі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Павуцінка” і тэатральны “Хачу на сцэну”, аматарскія аб’яднанні “Вяртанне да вытокаў” і “Чароўная нітачка”. І дзіцячыя — гурток сольнага спеву “Белiцкiя салоўкі”, аматарскія аб’яднанні “Вясёлая кампанія”, “Абцасікі” і “Лесавічок”. Усяго ў гэтых фарміраваннях — 63 удзельнікі, з іх 28 дзяцей. І трое кіраўнікоў, прычым усе яны з Беліцы.

— Пры Доме культуры працуе i “Літаратурны клуб”, — праінфармавала Тэрэза Фёдараўна. — Напэўна, назва занадта гучная, але… людзям падабаецца. Сэнс яго заключаецца ў тым, што мы прапануем усім ахвотным азнаёміцца з прэсай. Раскладаем розныя выданні, наведвальнікі прыходзяць і могуць іх у нас пачытаць. Узнікаюць спантанныя абмеркаванні матэрыялаў, людзі і самі прыносяць з сабой газеты і часопісы, абменьваюцца, дапусцім, рэцэптамі. Прапануем ім і настольныя гульні — шахматы, шашкі, лато. Увогуле, не пустуе ў нас “Літаратурны клуб”!

Праўда, асноўная частка такіх наведвальнікаў — гэта тыя, каго прынята адносіць да “залатога веку”. Але праблемы ў тым, што маладое пакаленне не рушыць спешнаю хадою ў Дом культуры — ні ў якасці гурткоўцаў, ні хаця б у ролі гледачоў — спадарыня Шаўлюк не бачыць. Адзначыўшы, што немалая частка працаздольнай моладзі шчыруе за межамі Беліцы, загадчыца запэўніла: на просьбу паўдзельнічаць у жыцці ўстановы адгукаюцца людзі розных узростаў.

— Моладзь асабліва любіць танцавальныя вечары і вечары адпачынку — з забаўляльнай і гульнявой праграмамі, тэатралізаванымі прадстаўленнямi, — адзначыла яна. — Разы два на месяц праходзяць дыскатэкі, у нас можна адсвяткаваць і дні нараджэння ці іншыя юбілеі.

Наведваюць гурткі і мерапрыемствы Дома культуры не толькі жыхары Беліцы, але і бліжэйшых — а часам нават і аддаленых — населеных пунктаў. Часам на гастролі выпраўляюцца самі артысты БДК. Да ўсяго, яны актыўна бяруць удзел і ў розных конкурсах — напрыклад, абласным “Танцуем па-даўнейшаму”, які прапагандуе традыцыйныя беларускія танцы, або раённым фестывалі дзіцячай творчасці “Сонечны зайчык”. І прызавыя месцы на такіх спаборніцтвах — не рэдкасць.

Што да ўласных брэндавых імпрэзаў… Па словах спадарыні Шаўлюк, яны таксама ёсць. Напрыклад, раённы конкурс традыцыйных страў “Спазнай смак сваёй кухні”, які ладзіцца ўжо чатыры гады. Прычым гэты фэст — не проста дэманстрацыя і дэгустацыя ўсялякіх нацыянальных страваў: звычайна яны суправаджаюцца рознымі абрадамі і выставамі.

— Толькі, буду шчыраю, моладзь Беліцы да такой спадчыны, як побытавыя танцы — а на іх у нас спецыялізуецца аб’яднанне “Абцасікі” — ставіцца з прахалодай, — прызналася Тэрэза Шаўлюк. — Праз нашы сялянскi падворак і сялянскую хату мы і спрабуем прышчапіць ёй сапраўдную любоў да мінулага краіны.

З фальклорам весялей

А сама Тэрэза Фёдараўна прышчапляе людзям любоў да культуры ужо больш за 20 гадоў. І вось якімі назіраннямі яна са мной падзялілася:

— Цяпер большы ўхіл у дзейнасці ўстаноў культуры робіцца на фальклор — бо раней больш было эстрады. І, ведаеце, весялей, цікавей сталі праходзіць мерапрыемствы! Я гэта і па нашай установе бачу. Адчуваю, што публіка вельмі эмацыйна рэагуе на іх — вядома, у станоўчым плане. Што для мяне фальклор — у адрозненне ад поп-культуры? Гэта натуральнасць, ненаігранасць, нешта сапраўднае, каранёвае. Карацей — жыццё. І, вядома, мінулае: тыя традыцыі, якія мы бы тую нітку працягваем у сённяшняе з далёкіх часоў. А таксама — сучаснасць: калі нараджаецца новы, цяперашні фальклор. Спадзяюся, мы да гэтага датычныя — і да захавання, і да адраджэння, і да развіцця. Справа тая — і радасная, і нялёгкая.

Адказваючы на маё пытанне аб тым, якія цяжкасці адчувае ў сваёй паўсядзённай працы Беліцкі дом культуры, яго загадчыца заўважыла, што яна не бачыць вялікай праблемы, да прыкладу, у састарэласці апаратуры. Маўляў, тая, што ёсць, яе збольшага задавальняе, а працэс замены абсталявання — перманентны. Прыйдзе час, і раённыя ўлады дапамогуць Дому культуры яго абнавіць.

А дапамагчы збіраць поўную залу Дому культуры могуць толькі яго супрацоўнікі. Пакуль гэта не заўсёды ўдаецца. Але абкатка новых ідэй і напрацовак ва ўстанове ідзе пастаянна.

Рамяство, якому жыць!

— Прыгожая наша вёска, — так па-старому назвала свой аграгарадок наш сённяшні каментатар Алена Зубко. І дадала: — І людзі тут жывуць прыгожыя!

Нарадзілася вядомая на ўсю Беліцу рамесніца ў вялікай сям’і. Цяжка было — мама неўзабаве памерла, пакінуўшы без сваёй апекі дзевяць дзяцей. Звалілася на іх усё — праца па хаце, праца ў калгасе... Але знаходзіўся ў той маленькай дзяўчынкі і вольны час. І навучыўшыся ў дарослых, яна таксама стала з захапленнем ткаць, вышываць, прасці. А потым выхвалялася тым, што ў яе атрымалася, перад сваімі сяброўкамі на вячорках.

Не пакінула Алена Іванаўна гэтыя рамёствы і сёння. І мастацтва яе ведаюць ды цэняць не адны аднавяскоўцы: вышывае яна і на заказ, маючы пастаянных кліентаў з усіх ваколіцаў.

— Шкада, вядома, але ў Беліцы вышыўкай
займаецца не так і шмат людзей, — канстатуе спадарыня Зубко. — Маладыя дзяўчынкі да мяне раіцца не прыходзяць — як было тое ў старыя часы.

Каментарый Алены ЗУБКО:

— Дзякуй Дому культуры, які рэгулярна арганізоўвае выставы маіх вырабаў. Прыязджаюць майстрыхі і з іншых клубаў раёна, мы параўноўваем свае работы, дзелімся сакрэтамі. Наогул, Дом культуры жыве весела, там часта праходзяць мерапрыемствы, супрацоўнікі ўстановы — людзі прыемныя. Я хаджу на ўсе канцэрты, якія там ладзяцца. Дрэнна, што моладзь іх наведвае не надта масава, але гэта і зразумела — яна ж па гарадах раз’язджаецца. Хаця Дом культуры неяк яе захапіць стараецца — і канцэрты ён робіць добрыя, і ў гурткі хлапчукі і дзяўчынкі ходзяць. Аднак, мне здаецца, у маіх аднагодкаў (а мне ўжо 75) куды болей імпэту да гэтай справы за моладзь — нягледзячы на тое, што мы людзі ўжо старыя. Яшчэ б толькі сталічныя артысты да нас прыязджалі…

Алена Зубко — далёка не першы рэцэнзент рэгіянальнага культурнага жыцця, які наракаў на тое, што беларускія поп-зоркі не зазіраюць у зусім малыя населеныя пункты. Хаця паслухаеш іншы раз якога-небудзь выканаўцу з яго апавяданнямі пра свае гастролі ў глыбінцы — і здаецца, нібы нашы спевакі са спявачкамі адтуль і не вылазяць. На справе ж выходзіць інакш.

Так, прычынай таму — жорсткая рэчаіснасць: з аднаго боку, якія грошы могуць атрымаць за канцэрт у зале на сто чалавек айчынныя эстрадныя артысты? А ім жа таксама карміцца трэба. З іншага — як ні круці, а іх творчасць таксама з’яўляецца інгрэдыентам духоўнай ежы нашага грамадства, і яе хочацца пакаштаваць “жыўцом”. І як тут быць?

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"