Галасы муз у суправаджэнні аркестра

№ 22 (1409) 01.06.2019 - 07.06.2019 г

Свята мастацтваў “Музы Нясвіжа ўжо трывала ўпісанае ў гісторыю беларускай культуры. На мінулым тыдні яно адбылося ажно 24-ты раз. Лейтматывам сёлета стала 200-годдзе з дня нараджэння Станіслава Манюшкі.

/i/content/pi/cult/747/16207/18.JPGРухавіком гэтага свята з’яўляецца Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі пад кіраўніцтвам знакамітага Міхаіла Фінберга, а праходзіць яно пры падтрымцы Міністэрства культуры, Мінскага абласнога і Нясвіжскага раённага выканаўчых камітэтаў.

Варта згадаць, што менавіта з Нясвіжа пайшла хваля фестываляў камернай музыкі па невялікіх гарадах Беларусі, а таксама канцэртная асветніцкая работа са спадчынай беларускіх кампазітараў. Як паказаў час, па-за межамі сталіцы прымаюць і разумеюць не толькі эстрадную музыку. Менавіта гэты тэзіс не стамляецца з года ў год паўтараць маэстра Фінберг. І сапраўды, людзей, якія радыя бачыць на сваіх мясцовых сцэнах і аркестр, і камерныя ансамблі, зусім нямала. Як і штогод, гэта пацвердзіў фестываль “Музы Нясвіжа”.

Насычанай, разнастайнай, і не толькі музычнай, але нават і навуковай праграмай традыцыйна радуе гэты фэст. Заўсёды ў яе цэнтры — музыка беларускіх кампазітараў. Гэтым разам цудоўнае сонечнае надвор’е моцна спрыяла адчуванню свята — утульнага, амаль свойскага. Яно ўжо стала родным і гараджанам, і ўстановам культуры, у сценах якіх адбываліся фестывальныя падзеі.

Раённы цэнтр культуры — адна з такіх пляцовак. Па традыцыі, першай слова ўзяла Муза тэатра. Гледачы змаглі пабачыць камедыю “Ён мужык, а яна паненка” па п’есе Жан-Батыста Мальера “Жорж Дандэн, або Падмануты муж” у пастаноўцы тэатра імя Уршулі Радзівіл Нясвіжскага раённага цэнтра культуры.

Яшчэ адна традыцыйная лакацыя фэсту — цэнтральная раённая бібліятэка імя Паўлюка Пранузы (паэта, які многа дзесяцігоддзяў настаўнічаў у Нясвіжы). Яна запрасіла гараджан на творчую сустрэчу з народным артыстам Беларусі, прафесарам Міхаілам Фінбергам. Перад яе пачаткам адбыўся невялічкі канцэрт струннага квартэта і ансамбля кларнетыстаў з аркестра.

/i/content/pi/cult/747/16207/19.JPGУ запоўненай зале бібліятэкі Міхаіл Якаўлевіч падзяліўся ўспамінамі са свайго творчага жыцця і многа дзякаваў людзям, якія зрабілі вялікі ўнёсак у з’яўленне “Музаў Нясвіжа”. У прыватнасці, словы падзякі прагучалі на адрас Уладзіміра Дражына, які ў 1995-м узначальваў Нясвіжскі райвыканкам і падтрымаў ідэю фэсту. Маэстра Фінберг горача падзякаваў і знакамітай музыказнаўцы Вользе Дадзіёмавай — шматгадовай вядоўцы фестывальных канцэртаў і навуковых канферэнцый. З-за хваробы сёлета яна не змагла прысутнічаць.

Адказваючы на пытанні, Міхаіл Якаўлевіч заўважыў, што да творчасці Станіслава Манюшкі яго аркестр калісьці звярнуўся адным з першых у Беларусі, шмат гадоў таму з вялікім поспехам прадставіўшы ў Міры вялікі шматгадзінны канцэрт. І таму маэстра Фінберг рады працягваць гэтую традыцыю і тут у Нясвіжы. Ён паабяцаў, што праз некалькі гадоў аркестр прадставіць новую праграму з твораў Станіслава Манюшкі.

Нямала слоў было сказана і пра Алу Пугачову, з якой Міхаілу Фінбергу неаднойчы даводзілася разам працаваць і якой быў прысвечаны фестывальны гала-канцэрт “Новае ў Нясвіжы”. Няцяжка здагадацца, што ён прайшоў з аншлагам, бо гэта быў адзін з першых паказаў новай песеннай праграмы аркестра “Прымадонна” да 70-гадовага юбілею спявачкі.

Але дзеля праўды скажу, што праграму з твораў беларускіх кампазітараў — Станіслава Манюшкі, Напалеона Орды, Мацея Радзівіла, Яўгена Глебава і іншых — публіка вітала не менш гарачымі апладысментамі. Канцэрт “Нясвіж — крыніца натхнення Станіслава Манюшкі і яго аднадумцаў”, які адбыўся напярэдадні “пугачоўскага”, сабраў гледачоў не толькі з Нясвіжа, але і з навакольных паселішчаў і нават Мінска. Многія вельмі шкадавалі, што праграма атрымалася не такой доўгай, як ім бы хацелася.

Прыгожы, зялёны, малапавярховы Нясвіж на фоне палаца, касцёлаў і цэркваў пад майскім сонейкам быццам пераплыў у прасторнае фае цэнтра культуры, дзе адкрылася мастацкая выстава. На карцінах ізноў жа быў Нясвіж — рознакаляровы, стары і сучасны. Карціны юных мастакоў сапраўды здзіўлялі сваім майстэрствам і сюжэтамі, якія сведчылі пра тое, што ў гэтым горадзе заўсёды ёсць нешта таямнічае і неверагодна прыцягальнае. Як, напрыклад, у Парыжы.

Пра “Маленькі Парыж” вачыма дзяцей гаварылася падчас урачыстага адкрыцця выставы работ з фонду Міжнароднага конкурсу-пленэру юных мастакоў імя Міхаіла Сеўрука. Ён ладзіцца ўжо 11 гадоў, на які, каб убачыць і натхніцца прыгажосцю нясвіжскай зямлі, палацам, прыродай, прыязджаюць не толькі з розных куткоў Беларусі, але і з Украіны, Літвы, Расіі. Кожны раз абіраецца новая тэма, прысвечаная Нясвіжу. Сёлета гэта былі французскія паркі, якія калісьці існавалі ў старажытным горадзе. Можна было фантазіраваць, можна было ўяўляць... Але Гран-пры пленэра атрымала работа, зробленая з натуры — Фарны касцёл, напісаны Аляксандрам Галкіным са Слуцкай дзіцячай школы мастацтваў.

Загадчыца мастацкага аддзялення Нясвіжскай дзіцячай школы мастацтваў Марына Канавалава распавяла, што дзеці атрымліваюць вялікае задавальненне, калі працуюць за мальбертам сярод такіх маляўнічых краявідаў. І гэта адбіваецца на выніках пленэру. Сярод іншага, вучні сустракаюцца з прафесійнымі мастакамі, глядзяць карціны, наведваюць мясцовую кватэру-музей знакамітага мастака Міхаіла Сеўрука, які многа дзесяцігоддзяў пражыў у Нясвіжы.

Суботнім днём, калі свята завяршалася вялікім канцэртам аркестра пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга, фестывальнымі пляцоўкамі сталі і Нясвіжскі касцёл Божага Цела — там у выкананні творчых калектываў аркестра прагучала праграма “Рэлігійныя творы айчынных майстроў”, і тэатральная зала радзівілаўскай рэзідэнцыі, у якой прэзентавалася “Музыка беларускіх палацаў”.

Наступны фэст — юбілейны. І таму ўжо цяпер можна прадказаць, што яго праграма будзе яшчэ больш цікавай, насычанай, можа, нават сенсацыйнай. Мастацка-асветніцкі праект “Музы Нясвіжа” — гэта ўзнаўленне і захаванне лепшых старонак беларускай культурнай спадчыны і вяртанне айчынных музычных артэфактаў у тое роднаснае для іх асяроддзе, дзе яны калісьці былі створаны і існавалі. А нам ёсць яшчэ пра што даведацца і чаму здзівіцца.