Азірнуцца назад, каб убачыць заўтра

№ 22 (1409) 01.06.2019 - 07.06.2019 г

У культавага паэта 60-х гадоў Яўгенія Еўтушэнкі ёсць верш пра людзей, апантаных творчасцю: “...Нам бы только хлеба чёрного, бумаги, глины и холста!” Як на сённяшні лад дык гучыць занадта катэгарычна. Але тое, што лепей у майстэрні чорным хлебам сілкавацца, чым марнаваць час на фуршэты-тусоўкі — думка слушная. Згадаў пра гэта, бо менавіта такія прыярытэты па жыцці мае Валерый Калтыгін, які не так даўно зладзіў у сталіцы чарговую персанальную выставу.

/i/content/pi/cult/747/16206/17.JPGЖыве ён па-спартанску (сведчу, бо даводзілася ў яго бываць), але будуе майстэрню. Не любіць з’яўляцца на людзі і прамаўляць з авансцэны — прытым, што як старшыня Бабруйскай гарадской арганізацыі Беларускага саюза мастакоў калі-нікалі мусіць гэта рабіць. Спадар Валерый лічыць, што за мастака павінны гаварыць ягоныя творы. І тут я з ім цалкам згодны.

Згаданай выставай у Палацы мастацтва Калтыгін адзначыў сваё 70-годдзе. Праўда, юбілей быў летась, тады ж і выстава планавалася. Але праз арганізацыйныя неспадзяванкі давялося перанесці яе на год. Назву мастак прыдумаў сціплую і адначасова прэтэнцыёзную: “Я не геній, я — Калтыгін…”

Твораў на персаналцы было адносна мала. Але аўтар і не збіраўся ладзіць грунтоўную справаздачу або панарамны агляд зробленага за жыццё. Хутчэй мэтай было ў сціслай форме распавесці пра свае творчыя прыярытэты і прадставіць найбольш удалыя ўзоры непаўторнага почырку.

А яшчэ — давесці тым, хто, магчыма, ставіцца да керамікі як да чагосьці другаснага адносна класічнай трыяды “жывапіс-графіка-скульптура”, неабмежаваныя магчымасці гліны як мастацкага матэрыялу. Зрэшты, паводле біблейскага міфу, першага чалавека Бог зрабіў менавіта з гліны, а потым запхнуў яго ў ганчарную печку быцця, каб мець пасля вобжыгу твор, варты боскай задумы.

Мне даводзілася бачыць работы Калтыгіна рознай тэматыкі, рознай стылістыкі, рознага маштабу — ад настольнага да інтэр’ернага. Праз гэта ў мяне склалася ўражанне, што мастак імкнецца выціснуць з матэрыялу ўсё, што закладзена ў гліну прыродай, ды яшчэ ўзмацніць мастацкі эфект з дапамогаю сучасных тэхналогій. Адштурхоўваючыся ад канкрэтнага вобразу, спадар Валерый стварае шматзначную абстракцыю, альбо наадварот — надае абстракцыі пэўны асацыятыўны вектар.

У юнацтве Калтыгін хацеў стаць скульптарам. Сёння ён называе тую мару наіўнай. Бо калі надышоў час акрэсліцца, зразумеў, што мастацтва, пабудаванае на канонах і шчыльна звязанае з ідэалогіяй (а менавіта такой была наша скульптура ў тыя часы) — справа не ягоная. Эмацыйная, авантурная натура прагнула іншага. Вось і абраў ён кераміку як неабсяжнае поле пошуку і эксперыменту. Кераміка — такая справа, дзе ўсё прадугледзець немагчыма, дзе заўжды чакаеш нейкай неспадзяванкі. Нават пры дакладным захаванні тэхналогіі да апошняга моманту, пакуль не дастанеш рэч з печы, не ведаеш, што атрымаецца. Спадару Валерыю такая праца пасуе.

Робіць Калтыгін аўтапартрэт з фрагментамі жыцця, партрэт дзяўчыны з птушкамі, нацюрморт з бутэлькай ці кампазіцыю з яблыкамі — ён робіць найперш прыгожую рэч. А калі на творы спадара Валерыя патрапіць эстэтычна выхаваны глядач, дык перад ім у звыклых праявах жыцця можа раскрыцца шматаблічча рэчаіснасці і гармонія, выўяленая праз узважаны дысананс.

Гаворачы пра творчасць Калтыгіна, нельга не згадаць міжнародны пленэр па кераміцы “Арт-Жыжаль”, які той прыдумаў і здзейсніў. Сёлета ён будзе ладзіцца ў 16 раз! А плён папярэдніх быў прадстаўлены ў Палацы мастацтва адначасова з персаналіяй Калтыгіна. Вылучыць найбольш выразнае з таго, што зроблена за пазначаны перыяд і сёння захоўваецца ў Бабруйскім мастацкім музеі, спадару Валерыю было нялёгка. Усё ж-такі, праз полымя “Арт-Жыжаля” прайшлі мастакі з больш як 20 краін. Кожны — асоба, кожны носьбіт традыцый і ментальнасці свайго рэгіёна. Зноў жа, Палац мастацтва не гумовы…

Але з таго, што ўрэшце было прадстаўлена ў экспазіцыі, глядач мог атрымаць праўдзівае ўяўленне пра сённяшні стан керамікі як мастацтва і тэхналогіі, і нават ўявіць, чаго чакаць ад пластыкі агню ў бліжэйшым часе. Бо пленэр, утвораны Валерыем Калтыгіным — гэта найперш поле для творчага эксперыменту, спроба зазірнуць у заўтра.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"