Храм мастацтва або ТАА?

№ 22 (1409) 01.06.2019 - 07.06.2019 г

Дыялог рэжысёра з дырэктарам пра вечныя праблемы тэатра
Гісторыя Магілёўскага абласнога тэатра драмы і камедыі, які базуецца ў Бабруйску, багатая на рознага кшталту трансфармацыі. Мяняліся назвы, склад творчага калектыву, рэжысёрскія і адміністрацыйна-кіраўнічыя кадры. Мой дыялог з цяперашнім дырэктарам Веранікай ВІНЕЛЬ, які адбыўся ў яе ўтульным кабінеце, часам станавіўся вострым. Пазіцыі разыходзіліся і сыходзіліся, мы звярталіся да аналогій і занурваліся ва ўспаміны. І ўсё вакол тэатра — яго маральнай сілы і духоўнага ўзвялічвання чалавека ў ім.

/i/content/pi/cult/747/16203/13.jpgРыгор БАРАВІК: У кожнага з нас бывалі моманты, калі мы казалі сабе — усё, пачынаю новае жыццё. Ваша новае жыццё ў якасці дырэктара тэатра з чаго пачыналася?

Вераніка ВІНЕЛЬ: Відавочна, так супалі зоркі. І падумаць не магла, што калі-небудзь тэатр стане для мяне ўсім — і домам, і духоўнай калыскай. Мае бацькі — простыя працоўныя людзі. Я па адукацыі эканаміст. У тэатр мяне запрасілі ў якасці галоўнага бухгалтара. З часам мне давялося выконваць абавязкі дырэктара тэатра, а затым стаць і паўнавартасным кіраўніком гэтага цудоўнага і складанага арганізма.

Р.Б.: Цікавае словазлучэнне — “цудоўны і складаны”.

В.В.: Не, я не памылілася, калі апісала ім наш калектыў. Як вядома, трупа любога тэатра складаецца з розных творчых індывідуальнасцяў. З рознымі чалавечымі якасцямі і асаблівасцямі. Сцэнічнае жыццё акцёра накладае моцны адбітак на яго паўсядзённыя паводзіны. Псіхалагічна ён успрымае рэальнасць з улікам свайго досведу на сцэне. Вось, напрыклад, учора ён быў у вобразе Гамлета, а сёння — Федзі Пратасава. І перамясціўшыся са сцэны ў паўсядзённае асяроддзе, акцёр нібы не заўважае, што вакол яго знаходзяцца не персанажы, а звычайныя людзі. Са сваімі справамі і клопатамі, марамі і прыхільнасцямі. Ім няма справы да яго гамлетаўскага пытання і пратасаўскіх перажыванняў. Яны існуюць у іншых прапанаваных абставінах жыцця і ў кожнага з іх свае ролі.

Для мяне як для дырэктара тэатра важна ўлічваць гэтую асобасную падвоенасць паводзін творчых людзей. Знаходзіць часам неардынарныя падыходы пры вырашэнні тых ці іншых жыццёвых праблем. Бо вытворчы працэс у тэатры — гэта ланцужок бясконцых пытанняў і адказаў. Вядома, тут можна дзейнічаць па шаблоне, але кожны дзень тэатральнага існавання ставіць перад адміністрацыйна-вытворчай часткай новыя задачы.

Акрамя гэтага, дырэктар не павінен забываць, што жыццядзейнасць тэатра непарыўна звязаная з глядацкім асяроддзем. Мне даводзіцца функцыянаваць як бы паміж двума вымярэннямі — паміж творчым калектывам і патэнцыйнай аўдыторыяй. Я мушу разумець, якім чынам гэтыя два асаблівыя сусветы павінны суіснаваць у адзінай касмічнай прасторы пад назваю “тэатр”. Адхіленне аднаго з іх катастрафічнае. Бо глядацкі асяродак — гэта канцэнтрацыя духоўных багаццяў, сярод якіх тэатральнае мастацтва займае адно з ганаровых месцаў. Яно не толькі прыцягальнае праз сваю непаўторнасць, але і мае грамадска-дзяржаўную карыснасць. Тэатральнаму калектыву тут адведзена важная місія — правадыра.

/i/content/pi/cult/747/16203/12.jpgР.Б.: Як запрошаны рэжысёр я ставіў спектаклі ў вашым тэатры ў розныя перыяды яго існавання. І не па чутках ведаю бабруйскага гледача. Сустракаўся з ім і падчас правядзення гастроляў Маладзёжнага тэатра. І вось што магу сказаць: на жаль, глядач у вас вельмі цяжкі на пад’ём. Ці можаце вы назваць канкрэтныя прычыны браку цікавасці бабруйчанаў да тэатральнага мастацтва? З чым гэта звязана? З нядбайнай адміністрацыяй, нецікавай трупай, дрэннай рэжысурай, хібнай рэпертуарнай палітыкай тэатра ў цэлым? Або прычына крыецца ў асаблівасцях вашага рэгіянальна-ментальнага асяроддзя?

В.В.: Як адказаць на пытанне, чаму ты не касманаўт, а звычайны кіроўца трамвая? Глядач — гэта назоўнік у адзінкавым ліку, ён заўсёды індывідуальны. Ён не чыйсьці двайнік. Ён своеасаблівы і непадобны да іншых. Таму бабруйскі глядач такі, які ён ёсць — у яго свае інтарэсы і прыхільнасці.

Вядома, чыста арыфметычна можна вызначыць тыя ці іншыя ягоныя прэферэнцыі — і тэатр на працягу дзесяцігоддзяў спрабаваў гэта рабіць. Ставіў музычныя спектаклі, браў п’есы, актуальныя для ментальнасці насельніцтва горада, запрашаў да супрацоўніцтва вядомых рэжысёраў і акцёраў. Усяляк прыцягваў у тэатр новую публіку — ад школьнікаў і навучэнцаў да рабочых і вайскоўцаў.

Ды, па шчырасці, гэтыя захады не вельмі паўплывалі на цікавасць да тэатра мясцовага насельніцтва. Разумець прычыны мы пачалі шмат у чым дзякуючы сацыялагічным даследаванням. Яны сведчылі, што тэатрам цікавіцца ад чатырох да шасці працэнтаў жыхароў горада — такая рэальнасць! З гэтага моманту і пачалася барацьба за прыцягненне і ўтрыманне гледача. Мы вывучалі інтарэсы глядацкіх катэгорый, іх сацыяльны статус, культурны ўзровень і духоўныя запыты. Да кожнай катэгорыі шукалі індывідуальны падыход. Улічвалі іх ментальныя і тэатральныя прыхільнасці. Асаблівую ўвагу пачалі надаваць выхаванню свайго гледача, пачынаючы са школы.

А яшчэ сталі ладзіць абменныя гастролі — як з беларускімі тэатрамі, так і з замежнымі. У публікі з’явілася магчымасць пазнаёміцца з тэатральным мастацтвам іншых краін. Супастаўляць, параўноўваць, аддаваць перавагі.

На павелічэнне цікавасці да рэпертуару тэатра паўплывала і пераабсталяванне сцэнічнай і глядацкай прасторы. З’явіўся новы планшэт сцэны, сучаснае светлавое абсталяванне, скарацілася колькасць месцаў у зале. Пачала функцыянаваць малая сцэна тэатра. Ды і вонкавы выгляд яго будынка набыў прыемныя абрысы.

Калі я прыступіла да выканання абавязкаў дырэктара, наведвальнасць складала ўсяго 10 — 15 працэнтаў. Цяпер у нас сярэдні паказчык запаўняльнасці — 45 — 47. Аднак мы не супакойваемся на дасягнутых выніках. Выкарыстоўваем рознага роду прыёмы: рэклама на радыё і тэлебачанні, публікацыі ў прэсе, сустрэчы… Пастаянна абнаўляем рэпертуарную афішу. Карацей, імкнёмся ісці ў нагу з часам.

Р.Б.:  — Калі я ўпершыню прыняў Тэатр юнага гледача, то сутыкнуўся з тым, што сярэдні ўзрост трупы быў пад 50. І мне давялося яе перафармаваць. Упершыню ў рэспубліцы быў праведзены конкурс на замяшчэнне акцёрскіх пасад. Вядома, гэта ўсё праходзіла нялёгка — крыўды, лісты ў вышэйстаячыя інстанцыі і гэтак далей. Карацей, праблем я займеў цэлую купу. Але пайшоў на гэты крок усвядомлена.

Ды і пры фарміраванні трупы Маладзёжнага тэатра мне давялося ўжыць не надта папулярны, але арыгінальны спосаб. Для таго, каб разбавіць густую кроў нашых тэатраў, трупы якіх фармаваліся з выпускнікоў тагачаснага тэатральнага інстытута, я звярнуў увагу на выхаванцаў маскоўскіх і іншых тэатральных ВНУ СССР.

А як вы? Вось вы 13 гадоў таму сталі дырэктарам тэатра, паланёныя яго магіяй і яго творчым калектывам. Гэта быў час, калі інавацыйныя тэатральныя патокі ўзбаламуцілі розумы творчых людзей. Ды і не толькі — само жыццё прымушала рухацца наперад, падмінаючы пад сябе ўсё тое, што было напрацавана ў мінулым. Ішоў адток творчых кадраў. Многія ўбачылі сябе бізнесменамі і проста гандлярамі. У тэатрах заставаліся пераважна тыя, каму няма куды было падзецца — ну і, натуральна, патрыёты.

Як вы змянялі ўзроставы склад акцёраў тэатра? Або ў вашым калектыве такія пытанні не былі актуальнымі?

В.В.: — Я разумею, пра што вы кажаце. Час быў круты — ды не круцейшы, чым цяпер. Праблемы былі і ёсць. Але не такія, як у вашым выпадку. Вам неабходна было збалансаваць узроставыя суадносіны ў трупе з улікам тэатра для дзяцей і папоўніць Маладзёжны вучнямі выдатных педагогаў прэстыжных адукацыйных устаноў СССР. У нашым тэатры, і ў такіх тэатрах, як наш, “калекцыянаванне” творчых асоб амаль немагчымае. Звычайна акцёры да нас ідуць па размеркаванні — па месцы прапіскі ці за рэжысёрам.

Я ведаю, што калі вы фарміравалі трупу Маладзёжнага тэатра, за вамі пайшлі лепшыя акцёры
ТЮГа, якія сталі ў далейшым заслужанымі і народнымі. У нас такога не было — і, на жаль, не прадбачыцца. Вы праводзілі сваю аперацыю ў часы моцных сацыяльных гарантый. Мой жа час супаў з іншымі павевамі ў грамадскім жыцці і мастацтве. Для мяне важна падтрымаць тых, хто ў нас працуе — не толькі маральна, але і фінансава.

У нас быў вялікі дысбаланс узроставых суадносін у трупе. Цалкам адсутнічалі акцёры сярэдняга пакалення. Не замацоўвалася ў тэатры моладзь. Выпускнікі, якія прыходзілі да нас па размеркаванні, надоўга не затрымліваліся. Адны выходзілі замуж ці жаніліся з іншагароднімі і з’язджалі. Іншых не задавальняла месца прапіскі тэатра — правінцыя. Трэціх — тыя ролі, якія ім прапаноўваліся, або катэгорыі, ад якіх залежаў іх заробак, і гэтак далей. Прычын мноства, далёка не заўсёды яны прадказальныя. Але галоўная з іх — гэта месца размяшчэння тэатра: горад не такі і вялікі. Усе цягнуліся ў сталіцу або абласныя цэнтры. Акрамя таго, вялікае значэнне адыгрываў і той факт, што ў параўнанні з прэстыжнымі трупамі, рэжысура ў нас саступала.

Таму мы ў асноўным арыентаваліся на выпускнікоў акцёрскага аддзялення Магілёўскага каледжа мастацтваў і Бабруйскага харэаграфічнага каледжа. Вырашалі іх жыллёвую праблему і праблему рацыянальнага папаўнення трупы тэатра. У маладых акцёраў, у сваю чаргу, з’яўляўся дадатковы стымул для атрымання прафесійнай
адукацыі ў тэатральных ВНУ нашай краіны і Расійскай Федэрацыі.

Мы з задавальненнем запрашаем на працу і выпускнікоў Акадэміі мастацтваў. Нядрэнныя ўзаемаадносіны склаліся ў нас з кафедрай рэжысуры. На працягу многіх гадоў творчы калектыў тэатра ўзначальваў ваш выпускнік Максім Сохар. Дый многія нашы рэжысёры — таксама вашы выхаванцы. Пастаноўкі Паўла Хаджаева заваёўвалі першыя месцы на міжнародных тэатральных фестывалях у Расіі. Зусім нядаўна для пастаноўкі дыпломнага спектакля мы запрасілі Аляксея Кузьміцкага. Яго “Москаў Дрымін” паводле п’есы Віталія Каралева быў адзначаны журы фестывалю “Молдфэстфэст” у Кішынёве.

А пастаноўка кіраўніка Цэнтра эксперыментальнай рэжысуры пры Акадэміі мастацтваў і выкладчыка кафедры рэжысуры Таццяны Траяновіч “Кропкі на часовай восі” (паводле п’есы Дзмітрыя Багаслаўскага) стала лаўрэатам Рэспубліканскага фестывалю беларускай драматургіі адразу ў пяці намінацыях! Ды і ў Нацыянальнай тэатральнай прэміі яна перамагла ў намінацыях “Лепшы спектакль” і “Лепшая сцэнаграфія”.

Зусім нядаўна выдатны акцёр нашага тэатра Аляксандр Аляксандравіч Парфяновіч атрымаў званне заслужанага артыста Беларусі. Сёлета ён быў узнагароджаны “Крыштальнай Паўлінкай”. Так што сякія-такія зрухі ў нас усё-такі навідавоку — як у плане фарміравання творчага калектыву, так і ў стварэнні іміджу тэатра ў бабруйскага гледача.

Р.Б.: — Дарэчы пра імідж. Прэса вам дапамагае ці перашкаджае? Якія ў тэатра адносіны з ёю? Вы яе баіцёся — або гэта яна да вас набліжаецца з асцярогай?

В.В.: — Пэўна, любы тэатр імкнецца наладзіць добрыя сувязі з прадстаўнікамі СМІ. Асабліва з тымі, хто прафесійна займаецца даследаваннем тэатральнай дзейнасці. Ад іх увагі шмат у чым залежыць паспяховае функцыянаванне тэатра ў цэлым. Скажу шчыра — на сучасным этапе цікавасць крытыкі і журналістаў да нашай дзейнасці цалкам задавальняе. І такі стан рэчаў склаўся не па ўказцы зверху або праз карпаратыўныя сувязі, а дзякуючы нашай карпатлівай працы. Спадзяемся, што ў далейшым мы забяспечым нагоды для большай увагі.

Папярэджваючы ваша наступнае пытанне аб падтрымцы тэатра мясцовым і абласным кіраўніцтвам, магу канстатаваць: яно дапамагае нам не толькі парадамі. Натуральна, фінансавая дапамога ажыццяўляецца ў межах магчымага. У свой час увесь наш артыстычны склад быў забяспечаны жытлом, фінансаваліся пастаноўкі і гастрольныя паездкі, вылучаліся заахвочвальныя прэміі і ўзнагароды па завяршэнні вытворча-фінансавага года. Карацей, ажыццяўлялася стопрацэнтнае фінансаванне тэатра.

Цяпер жа часы іншыя і жыццё мяняецца на вачах. Мы жывём і працуем у свеце рынкавай эканомікі. Дзяржава падтрымлівае нашу дзейнасць на 70 працэнтаў. Астатнія 30 працэнтаў тэатр павінен зарабляць самастойна. Акрамя гэтага, уведзеныя “стымулюючыя” механізмы фінансавання. Яны даюць нам магчымасць выкарыстоўваць дзяржаўную падтрымку — і разам з тым развіваць уласныя механізмы рынкавай дзейнасці.

Я лічу, што ў наш час заўсёды ёсць магчымасць зарабляць. Трэба толькі добра працаваць. Праяўляць ініцыятыву і быць гнуткімі ў паўсядзённым клопаце пра дабрабыт калектыву, якім ты кіруеш.

Р.Б.: — Калісьці мне пашчасціла пазнаёміцца з культурай і мастацтвам амерыканскіх гарадоў. Я наведаў тамтэйшыя тэатры, навучальныя ўстановы, рознага кшталту культурныя цэнтры... Ладзіліся і сустрэчы з дзеячамі культуры. У аднаго з іх я пацікавіўся, чаму ў такой багатай краіне адсутнічае сістэма дзяржаўных тэатраў. На што атрымаў цалкам разумны адказ: мастацтва не можа прыносіць прыбытак. Маўляў, калісьці мы паспрабавалі ўвесці сістэму дзяржаўных тэатраў паводле падабенства з савецкай сістэмай, але былі вымушаныя адмовіцца з-за нерэнтабельнасці. Таму ў нас іншая сістэма — грантавая.

Як вы лічыце, ці мае рацыю мой амерыканскі суразмоўца? Можа, і нам варта адмовіцца ад дзяржаўнай сістэмы тэатраў як нерэнтабельнага рудыменту савецкага мінулага?

В.В: — Гэта з якога боку паглядзець. Амерыка — краіна, якая складаецца з мноства этнасаў. Уяўляеце, колькі трэба было б стварыць прафесійных тэатраў, філармоній, спецыялізаваных навучальных устаноў і шмат чаго іншага, каб амерыканскі прынцып свабоды, роўнасці і дэмакратыі быў выкананы? І якія праблемы маглі б паўстаць на гэтай глебе ў шматнацыянальным амерыканскім грамадстве. Амерыка знайшла свой баланс у міжэтнічных адносінах — у іх да гэтага часу нават заканадаўча адсутнічае дзяржаўная мова. Але для нас ён не эталон. Дый не заўсёды ўсё вымяраецца мэтазгоднасцю.

Наша дзяржава мае зразумелыя для грамадзян духоўныя арыенціры. Мы імкнёмся захаваць і прымножыць тое, што было назапашана папярэднімі пакаленнямі. І развіваць тыя праявы творчай дзейнасці, якія дапамагаюць нам удасканальвацца, наладжваць камунікацыю з іншымі этнасамі.

Вось мы часта чуем, што сучасны тэатр не з’яўляецца той кафедрай, з якой, згодна з вядомым выказваннем Мікалая Васільевіча Гогаля, “можно много сказать миру добра” — растлумачыць чалавеку многае незразумелае ў самім сабе і дапамагчы яму паверыць у сілу ўласных магчымасцяў. А ўзамен нам прапануецца своеасаблівая трэпанацыя чалавечых інстынктаў, спрошчана-аматарскае стаўленне да шэдэўраў сусветнай драматургіі і дасягненняў айчыннай тэатральнай школы. Але асабіста для мяне сучасны тэатр — гэта інстытут маральнасці і дабра. Ён павінен адлюстроўваць сучаснае жыццё людзей — з іх паўсядзённымі клопатамі, нявырашанымі праблемамі, радаснымі падзеямі, чалавечымі адкрыццямі.

Айчынны сучасны тэатр — гэта храм мастацтва. Ён дае людзям радасць, памнажае іх сілы, прасвятляе розумы. Вядома, гледачы не прыходзяць да нас на пропаведзь або па матэрыяльныя даброты і маральнае заспакаенне. Тэатр — перш за ўсё, відовішчная ўстанова. Але гэтая відовішчнасць адмысловая, яна адлюстроўвае рэчаіснасць. І разлічаная на тых, хто прагне жыць па законах маралі.

Р.Б.: Зразумела. А як жа быць з сістэмай нерэнтабельных дзяржаўных тэатраў? Можа, іх варта перавесці цалкам на самазабеспячэнне? Стварыць на іх аснове ТАА? Вось, напрыклад, у нас у Мінску ёсць прыватны тэатр пад кіраўніцтвам Уладзіміра Ушакова. У яго заўсёды добрая запаўняльнасць залы, якую абумоўлівае рэпертуар, адпаведны глядацкім густам. А ў спектаклях на дагаворнай аснове граюць вядомыя акцёры дзяржаўных тэатраў.

В.В.: — У свой час вялікі стырнавы кітайскага народа Мао Цзэдун сказаў: “Няхай квітнеюць сто кветак, няхай спаборнічаюць сто школ!” Наша сістэма дзяржаўных праграм заўсёды сацыяльна-арыентаваная. Такім чынам, беларускія тэатры павінны быць пад апекай дзяржавы. Незалежна ад таго, пад якой юрысдыкцыяй яны знаходзяцца.

Р.Б.: — Добра, апошняе пытанне — чыста настраёвае. Ці бывалі перыяды, калі вам хацелася кінуць усё і з’ехаць куды падалей?

В.В.: — Вядома, бывалі і бываюць. Асабліва тады, калі ты адчуваеш несправядлівасць з боку тых, для каго робіш усё, каб ім было добра. Або з боку паплечнікаў — людзей, якія цябе добра ведаюць, але не жадаюць зразумець тыя ці іншыя абставіны, ад якіх залежыць дабрабыт усяго калектыву. Ды і жыццёвыя варункі спараджаюць у нас часам самыя нечаканыя думкі. Адным словам, падставаў і спакусаў дастаткова. Але я заўсёды прытрымліваюся вядомай прымаўкі: “Дзе нарадзіўся, там і згадзіўся”.

Рыгор БАРАВІК, кандыдыт мастацтвазнаўства, прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў