Апгрэйд ва ўсіх сэнсах

№ 22 (1409) 01.06.2019 - 07.06.2019 г

“Беларусьфільм” стараецца здзіўляць
“Нават самы доўгі шлях пачынаецца з першага кроку, і гэты самы складаны крок мы зрабілі”, — заявіў на нядаўняй сустрэчы з журналістамі генеральны дырэктар Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” Уладзімір Карачэўскі. Чым цяпер жыве кінастудыя, чым будзе радаваць у бліжэйшы час, якія цікавыя і нават грандыёзныя праекты нас чакаюць?

/i/content/pi/cult/747/16202/11.jpgГод таму ў кінастудыі з’явіўся новы дырэктар, і гэтая сустрэча сталася яго своеасаблівай справаздачай. “Апошнім часам мы стараемся вас здзіўляць, — вітальныя словы Уладзіміра Карачэўскага тычыліся і новага фармату прэс-канферэнцыі, і шэрагу новых праектаў. — Мы перазапусціліся. У кінастудыі не тое што Рэнэсанс, але апгрэйд ва ўсіх сэнсах”.

Дэкарацыі кавярні “Ад вінта” засталіся ад здымак маладзёжнага сіткома “Ілюзіі”, і менавіта там журналістам былі ўпершыню паказаны кадры з тых фільмаў, чый шлях да экрана часткова ўжо пройдзены. У іх ліку, вядома, і сам 16-серыйны сітком рэжысёра Івана Паўлава. Дзеянне адбываецца ў Мінску, іграюць толькі беларускія маладыя акцёры, яшчэ невядомыя публіцы. Прэм’ера адбудзецца восенню на адным з нашых тэлеканалаў. Адпаведна, гэта доўгачаканая спроба стварыць прадукт у першую чаргу для свайго ўласнага, а не замежнага рынку. Больш за тое, сітком можа адкрыць новых зорак не толькі ў кіно, але і ў музыцы — у саўндтрэку каля 20 маладых груп, якія потым змогуць выкарыстаць кінакадры для сваіх відэакліпаў.

“Беларускія “Гардэмарыны”, — так дырэктар кінастудыі прадстаўляе кадры з найцікавейшага праекта, які цяпер знаходзіцца ў актыўным здымачным перыядзе. Гаворка пра гісторыка-прыгодніцкі фільм “Авантуры Пранціша Вырвіча” па кнізе Людмілы Рублеўскай, які ў пракат выйдзе ўжо зімой. І ў гэтым выпадку Уладзімір Карачэўскі палічыў патрэбным падкрэсліць, што ў фільме няма ніводнага запрошанага акцёра — толькі беларускія. Здымкі ішлі на рускай мове, але вырашана адшукаць дадатковыя сродкі, каб зрабіць яшчэ і беларускую агучку.

Былі прадстаўлены і рабочыя матэрыялы мастацкай стужкі “Лёс дыверсанта”. Рэжысёр Дзмітрый Астрахан. Карціна заснаваная на рэальнай гісторыі — знакамітай дыверсіі партызан на станцыі Асіповічы. У фільме іграюць беларускія і расійскія акцёры. Прэм’ера плануецца ў наступным годзе і будзе прымеркаваная да 75-годдзя Перамогі.

Лічба 25

Сёлета “Беларусьфільм” будзе адзначаць 95-годдзе, а свае асобныя даты ёсць і ў студыі дакументальнага кіно “Летапіс”, і ў студыі анімацыйных фільмаў, творамі якіх мы можам ганарыцца. “Летапісу” — 50 гадоў, за гэты час было знята больш за 2000 стужак. Вядучы рэдактар студыі Уладзімір Мароз расказаў, што і цяпер ідзе актыўная работа. Два сёлетнія фільмы ўжо былі прадстаўлены гледачам. “Інклюзія” паўдзельнічала ў міжнародным фестывалі, які прадугледжвае паказ у Індыі, Францыі, Іране, Амане і Аб’яднаных Арабскіх Эміратах. Аўтар “Вялікага падарожжа князя Мікалая Хрыстафора Радзівіла Сіроткі” Юрый Цімафееў ужо быў адзначаны на Кінаасамблеі на Дняпры прызам за лепшую рэжысуру. Таксама ўдала лёс складваецца і ў карціны “Лэхаім! За жыццё!”, прысвечанай яўрэйскаму гета ў Навагрудку і ўцёкам з яго.

У вытворчасці сёння знаходзіцца 13 фільмаў. Знакаміты рэжысёр Віктар Аслюк здымае адразу дзве стужкі, адна з іх “Савецкі чалавек” — як своеасаблівая алюзія на “чырвонага чалавека” Святланы Алексіевіч.

— Вельмі чакаем фільм Юрыя Цімафеева “Фальклор і жыццё”, — пажартаваў Уладзімір Мароз, — бо ён прысвечаны беларускаму эратычнаму фальклору.

Галіна Адамовіч працуе над карцінай “Харошых дзяўчынак не б’юць” на тэму хатняга гвалту. Вольга Дашук — над стужкай “Насця і ваўкі”. Мэтр нашай дакументалістыкі Анатоль Алай здымае фільм пра легендарнага хірурга “Доктар Шуба”.

Сёлета пакажуць свае работы і многія маладыя рэжысёры — Аляксандра Маркава, Дзмітрый Махамед, Дар’я Юркевіч, Ігар Чышчэня... І менавіта кінематаграфічны маладняк здымае чатыры навелы для кінаальманаха “Інтэрнэт і жыццё”.

— Летась мы выпусцілі дзесяць фільмаў, а сёлета будзе ўжо не менш за 16, — расказаў Уладзімір Мароз. — Але каб ішоў паўнавартасны працэс у дакументальным кіно, у год трэба здымаць недзе 25. Тады будуць і шэдэўры, і сацыяльныя стужкі, і нацыянальныя, і дэбютныя — у лічбе 25 змесціцца ўвесь спектр. Лічба дасягальная, і дзяржаўнага фінансавання, у прынцыпе, хапае — трэба толькі нам самім трохі разабрацца з арганізацыйным працэсам.

Рэжысёр Алена Турава свой аповед пра падзеі на студыі анімацыйных фільмаў таксама пачала з гістарычнага экскурса, згадаўшы, што 48 гадоў таму ўсё пачыналася з мультфільма рэжысёра Леаніда Голікава “Нязнайка-паэт”. Між іншым, гэта быў самы першы фільм пра Нязнайку ўвогуле!

— Цяпер наша студыя стараецца выконваць даручэнне Прэзідэнта выпускаць штогод каля 90 хвілін анімацыйнага кіно, — зазначыла Алена Турава. — І практычна кожны год у нас у запуску восем — дзесяць карцін. А сёлета мы запусцілі ўжо 12.

Ідзе праца над сумесным з партнёрамі студыі праектам “Дзіцячы альбом” — гэта своеасаблівы працяг “Казак старога піяніна”. Адным з герояў фільма стане музыка Яўгена Глебава. Заканчваецца праца над стужкай “Зоркі сёмага неба” — і гэта будзе практычна першая ў Беларусі спроба рэалізаваць паўнаметражны анімацыйны праект.

— Мы маем грандыёзныя спадзяванні на тое, што наша студыя нарэшце запусціца з поўным метрам, — расказала Алена Турава. — Магчыма, ужо сёлета пачне ўвасабляцца ў жыццё праект пераможцы конкурсу на стварэнне сцэнарыя паўнаметражнага анімацыйнага фільма Сяргея Рагаткі “Песня Сірын”. Акрамя таго, мы збіраемся супрацоўнічаць з кінематаграфістамі з Санкт-Пецярбурга, у нас запланавана вялікая карціна, прысвечаная 75-годдзю Перамогі.

У перспектыве — супрацоўніцтва з Балівудам

Як у любым бізнесе, у кінавытворчасці маркетынг — ледзь не палова поспеху. “Беларусьфільм” пакуль толькі засвойвае гэтае майстэрства на належным узроўні.

— На сёння ў нас распрацавана стратэгія прасоўвання беларускага кіно, — заявіў начальнік аддзела маркетынгу Юрый Ігруша. — І гаворка не толькі аб продажах фільмаў, але і аб папулярызацыі нашых фільмаў унутры Беларусі. Сярод новых форм — пачатак паказу беларускіх стужак у Манастырскім дворыку Верхняга горада ў Мінску.

Актыўна ідзе праца з інтэрнэт-пляцоўкамі. Напрыклад, канал “Беларусьфільма” на YouTube на гэты момант набраў ужо 40 мільёнаў праглядаў, цяпер заключаюцца дамовы і з RuTube, і з папулярнымі кінаплатформамі ivi і megоgо.

— Прагляды ў інтэрнэце, зразумела, манетызуюцца і прыносяць нам грошы, — адзначыў Юрый Ігруша. — Акрамя таго, для нашых партнёраў на тэлеканалах Расіі і Украіны мы імкнёмся выконваць тэхнічныя патрабаванні да кінакантэнта мінулых гадоў і цяпер алічбоўваем стужкі. Так, расійскі тэлеканал “Победа” ўжо набыў у нас 25 карцін.

Істотны момант для прасоўвання беларускага кіно — удзел у сумесных праектах, якія дапамагаюць значна пашыраць рынак. І тут можна згадаць сумесную вытворчасць трох краін — Германіі, Расіі і Беларусі — “Урокі персідскага” Вадзіма Перэльмана. Адзін з прадзюсараў праекта — Цімур Бекмамбетаў, і ўжо гэта сведчыць, што стужку, несумненна, чакае поспех на міжнародных экранах.

Цяпер “Беларусьфільм” стараецца ўвайсці на рынак азіяцкіх краін. Ёсць верагоднасць, што неўзабаве кампаніі з Казахстана, Таджыкістана, Кыргызстана пачнуць здымкі на базе нашай кінастудыі.

— Сёлета мы пачалі агрэсіўна “прабіваць” краіны Паўднёва-Усходняй Азіі і Ціхаакіянскага рэгіёна, — расказаў Уладзімір Карачэўскі. — Мы актыўна спрабуем увайсці на гэты рынак. Бо калі мы хоць пальчык туды засунем, то потым зможам раскалупаць ім дзірку.

Гаворка пра Кітай, Карэю, Японію і нават Аўстралію. Індыя ўжо ў самым бліжэйшым часе будзе здымаць сваё кіно ў Беларусі, у перспектыве — сумесны фільм. Для сумеснага беларуска-кітайскага фільма ўжо знойдзены інвестары, і ёсць спадзяванні, што праца стартуе яшчэ ў гэтым годзе.

Беларускія анімацыйныя фільмы пачынаюць дэманстраваць на тэлеканалах у Францыі і Германіі. І тут Уладзімір Карачэўскі заклікаў беларускія тэлеканалы больш актыўна паказваць нашы “мульцікі”. Маўляў, “Маша і мядзведзь”, які кожную раніцу ў эфіры — гэта добра, але ў нас жа і сваіх дзіцячых стужак хапае.

— Любіце сваё, паважайце сябе! Пакуль мы не навучымся самі сябе паважаць, ніхто нас любіць не будзе, — упэўнены гендырэктар.

Грым для Купалы

Журналісты падчас сустрэчы змаглі першымі пабачыць трэйлер фільма, які Уладзімір Карачэўскі назваў нацыянальным праектам — стужкі Уладзіміра Янкоўскага “Купала”. Хутка адбудуцца яго прэзентацыі на буйных сусветных фестывалях, і таму прэзентацыйны матэрыял гатовы ўжо ў трох версіях — на рускай, англійскай і кітайскай мовах. У распрацоўцы афішы задзейнічаны Уладзімір Цэслер, уся музыка да кіно будзе запісана жывым сімфанічным аркестрам. Карціна не пойдзе адразу ў пракат, бо ёсць надзеі на яе вялікі фестывальны поспех. А закрытую прэм’еру зладзяць у снежні на юбілей беларускага кіно.

— У нас атрымліваецца ўнікальная работа, мы змагаемся літаральна за кожны кадр, — дырэктар кінастудыі казаў пра “Купалу” вельмі эмацыйна. — Гэта сапраўды вялікае кіно, якім мы потым будзем ганарыцца.

У фільме “Купала” здымаюцца амаль выключна беларускія акцёры, але галоўную ролю выконвае Мікалай Шэстак з Рыгі. Зрэшты, яго бацька паходзіць з Беларусі. Прычым, Мікалай выконвае ролю і маладога паэта, і ўжо ва ўзросце. Для гэтага выкарыстоўваецца вельмі якасны складаны грым — гэткі ж, як у фільме пра Высоцкага “Дзякуй, што жывы”. Кіно амаль цалкам на беларускай мове — акрамя эпізодаў, у якіх дзеянне адбываецца ў Расіі.

Навіны “Беларусьфільма” тычыліся ў асноўным творчага боку, а неўзабаве можна будзе пагаварыць і пра фінансы. Пакуль жа Уладзімір Карачэўскі толькі адзначыў, што студыя скараціла колькасць запазычанасцяў — маўляў, “шкілеты” адзін за адным выцягваюцца з шафы. І ўжо ёсць гатовыя рашэнні для тых праблем, якія кінастудыя павінна вырашыць.

На заканчэнне сустрэчы дырэктар абвясціў пра пошукі сцэнарыя для мастацкага фільма пра сучасную Беларусь: “Мне хочацца атрымаць не пластмасавы фільм, не плакат. Але я хачу каб гэта быў пазітыўны сучасны фільм — пра нашы плюсы, нашы дасягненні і перамогі. Я лічу, што мы вартыя павагі”.