Як распавёў “К” намеснік дырэктара па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці Нацыянальнай бібліятэкі Алесь Суша, у ходзе канферэнцыі былі абмеркаваны праблемы, з якімі сутыкаюцца архівы, бібліятэкі і музеі ў сувязі са змяненнем парадыгмаў інстытутаў сацыяльнай памяці.
— У сучасным свеце архівы, бібліятэкі і музеі перажываюць трансфармацыі, звязаныя з актыўным развіццём інфармацыйных тэхналогій і інтэрнэту, з захаваннем і вяртаннем тых ці іншых дакументальных помнікаў і гэтак далей, — кажа Алесь Суша. — Натуральна, што новыя тэндэнцыі закранаюць не толькі формы ўзаемадзеяння з карыстальнікамі, але і метады працы з тэкстамі дакументаў. Усе гэтыя і іншыя пытанні мы паспрабавалі абмеркаваць са спецыялістамі, і, як я лічу, канферэнцыя атрымалася для нас вельмі прадуктыўнай.
Удзел у ёй узялі навукоўцы з Беларусі, Расіі, Польшчы, Францыі і нават Мальты — агулам каля 60 чалавек.
Цягам двух дзён у рамках форуму працягвалася работа чатырох секцый: “Дакументальная спадчына як інфармацыйны рэсурс грамадства”, “Захавальнікі і карыстальнікі інфармацыі: праблемы ўзаемаадносін і ўзаемадзеяння”, “Лічбавая трансфармацыя і інстытуты памяці”, “Архівы, музеі, бібліятэкі: агульнае і адрознае ў іх працы”.