Дамінанта Валерыя Рачкоўскага

№ 21 (1408) 25.05.2019 - 31.05.2019 г

Да канца сезона ў фае Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек працуе выстава, прысвечаная памяці Валерыя Рачкоўскага — эскізы, лялькі, жывапісныя работы. Выбітны сцэнограф пайшоў з жыцця пяць гадоў таму пасля цяжкай хваробы, хаця гэтай вясной яму споўнілася б усяго толькі 65. На старонках “К” знанага мастака, бацьку і калегу згадваюць Дзмітрый РАЧКОЎСКІ і Уладзімір ГРАМОВІЧ.

/i/content/pi/cult/746/16193/23.JPGДзмітрый Рачкоўскі: Мае першыя ўспаміны, натуральна, звязаны з домам. Мы жылі ў Мінску, а тата яшчэ працаваў у Маладзечне (у Мінскім абласным тэатры “Батлейка” — “К”) — уставаў раненька і ехаў туды на электрычцы. Вяртаўся позна, як і мама (актрыса Наталля Рачкоўская — “К”). А ў выхадныя ў нас па вечарах часцяком збіралася шмат гасцей — спявалі пад гітару, размаўлялі да ночы. Вось такія “куханнікі” — адзін з першых яскравых успамінаў дзяцінства. На спектаклі ён мяне вадзіў нячаста. Але я ведаў, што калі тата едзе працаваць кудысьці далёка, хоць пад Уладзівасток, то потым абавязкова прывязе шакаладку — і вось гэта была падзея!

Уладзімір Грамовіч, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь: Мы з Валерам добра пазнаёміліся ўжо пасля таго, як ён паставіў тут першы спектакль — “Казка пра цара Салтана” (1984 год — “К”). Потым быў “Граф Глінскі-Пяпялінскі” (1986), “Казка пра Мальчыша-Кібальчыша” (1987) — гэтыя спектаклі засталіся ў маёй памяці. Што самае дзіўнае, Валера даволі доўгі час працаваў адразу ажно на тры тэатры — маладзечанскі, гродненскі і наш. Супрацоўнічаў з рознымі рэжысёрамі, за мяжой у яго былі пастаноўкі. Пэўны творчы выбух адбыўся ў яго ў 1990-я, а з 1998 года ён стаў у нас галоўным мастаком. З Аляксеем Ляляўскім у іх добрае супрацоўніцтва атрымалася.

У 2000-х у тэатр прыйшла маладая генерацыя — разам з Аляксандрам Янушкевічам паставілі “Гісторыю аднаго горада” (2006). З Алегам Жугждам яны рабілі “Вішнёвы сад” (мыцішчанскі тэатр лялек “Огниво”, 2009 год — “К”), які намініраваўся на “Залатую Маску”. Як і іх спектакль “… і пакаранне” ў разанскім тэатры лялек (2014 год — “К”). Кожная пастаноўка Рачкоўскага — пэўная вяха, усіх не пералічыш.

Дз.Р.: У яго вельмі шмат пастановак у год было. І ён заўжды іх праз сябе прапускаў, не рабіў гэта проста як працу — вельмі трапятліва ставіўся да яе. І не таму, што такі абавязак — ён гэтым жыў, за кожную дробязь перажываў, усё даводзіў да канца. Не любіў, калі штосьці кінута ці недароблена, вельмі засмучаўся, калі хтосьці нядбайна ставіўся да працы. Мною, канечне, яго спектаклі ўспрымаюцца інакш — яны бліжэй, цяплей: гэта зрабіў родны чалавек. Я сам стаў больш глядзець у юнацкім, дарослым узросце.

Парадаксальна, але ў татавых работах я не знаходзіў нейкіх мінусаў. Разумеў, што вось яно такое, а іншага і не магло быць на гэтым месцы. Натуральна, мы часам размаўлялі пра тое, чаму менавіта так. Ён тлумачыў. Але гаварыць асабліва і няма пра што — усё проста і геніяльна. “Скотны двор”, “Пакінуты ўсімі”, “Гісторыя аднаго горада”, “Вішнёвы сад” — у мяне ў галаве засталіся нібы стоп-кадры з гэтых спектакляў. А калі я быў малым, тата асабліва і не вадзіў мяне ў тэатр, мы часцей бывалі ў яго ў майстэрні.

У.Г.: І ў яго былі вельмі цікавыя малюнкі. Ён мог стаць яшчэ і цудоўным жывапісцам!

Дз.Р.: Ён так любіў акварэль. Вось, напрыклад, прыязджалі мае сябры з Германіі. Тата падарыў ім некалькі сваіх акварэлек. Сталі прапаноўваць яму грошы: “Гэта ж вельмі дорага! — Да вы што, я яшчэ намалюю”. Спачатку ў яго была майстэрня насупраць дома-музея з’езда РСДРП. А гадоў дзесяць таму яму далі майстэрню ў мансардзе на вуліцы Чычэрына. Ён дзяліў яе з Дзмітрыем Згорскім. Тата больш любіў працаваць там, бо ў тэатры шмат людзей, а яму патрэбна было засяродзіцца, каб маляваць акуратна.

У.Г.: Мне падаецца, уся гэта сям’я была вырачана на творчыя пошукі і поспех у мастацтве. Генетыка ўсё ж мае нейкі ўплыў — вось і сын Дзіма пайшоў у наш жанр і вельмі добра сябе тут праяўляе.

Дз.Р.: Тата не хацеў, каб я займаўся тэатрам. Я і сам не хацеў, зусім іншае планаваў — а ў выніку
пайшоў на рэжысуру. Доўгі час працаваў у Рускім драмтэатры, сышоў адтуль, потым увогуле збіраў з дзядзем шафы. Вырашыў вяртацца ў прафесію — уладкаваўся сюды. Тата нічога не ведаў, прыйшоў дадому: “Мне сказалі, што ты ў тэатр уладкаваўся. Праўда? — Ну так. — Зусім звар’яцеў”.

Яго меркаванне было для мяне важнейшым за ўсіх. Часам ён сам штосьці казаў — каротка, але дакладна. Часам проста па ўсмешцы ці поглядзе я разумеў, што ён адобрыў ролю. Разам з татам мы папрацавалі толькі ў двух спектаклях — у “Марынцы-крапіўніцы” і “Ладдзі роспачы”.

У.Г.: “Ладдзя роспачы” — гэта ўзровень! Вельмі значная яго работа. За яе ён атрымаў Нацыянальную тэатральную прэмію (2014 год — “К”) .

Дз.Р.: У нас увогуле ўнікальная сям’я: у таты Нацпрэмія, у мяне таксама — за найлепшую мужчынскую ролю (Гервасій у “Ладдзі роспачы” — “К”) і ў маёй жонкі — за найлепшую жаночую ролю (Аксана Чывялёва ў спектаклі “Фро”, 2016 год — “К”). Іншай такой сям’і ў Беларусі няма. У людзей мастацтва ўвогуле не зусім звычайныя сем’і. Гэта ў апошні час мы шмат што сталі рабіць разам, а раней не — бацькі ўвесь час працавалі, бо мусілі зарабляць грошы. Я быў аддадзены самому сабе, але, можа, менавіта дзякуючы гэтаму і вырас вальнадумным. Тата ніколі не лез у маё выхаванне. Ён вучыў уласным прыкладам — як паводзіць сябе з іншымі людзьмі, як ставіцца да працы, да бацькоў…

У.Г.: Валера быў вельмі сціплы, не браў на сябе ўвагу. Нават цяпер, калі сталі збіраць матэрыялы да выставы, мы знайшлі не так шмат яго фотаздымкаў ці відэа, бо ён не любіў глядзець у камеру.

Дз.Р.: Тата — самы добры чалавек у свеце. А дабрыня — гэта разуменне іншых людзей. Вельмі мудры, ён ніколі шмат не казаў, разумеў усё з паўслова. Ён заўжды памятаў, што перад ім стаіць таксама чалавек, з таго ж самага цеста. Думаю, тата вельмі моцна перажываў бы, калі б кагосьці пакрыўдзіў. Адстойваў сваё меркаванне акуратна — але яго меў.

Ён быў прафесіяналам! Казаў: “Мастак мусіць разбірацца амаль ва ўсім. Разумець, які матэрыял ты хочаш выкарыстаць, бо ад гэтага шмат што залежыць — характар лялек, успрыняцце і гэтак далей. Ведаць, як той ці іншы колер уплывае на чалавека.” Здаецца, гэта дробязі, але ён іх даследаваў. Цяпер амаль ніхто з мастакоў не рыхтуе такія макеты, як ён — тата рабіў усю дэкарацыю ў мініяцюры. Літаваў крэселкі з дроту — і кожнае з іх станавілася творам мастацтва. Ці то барабаны, ці то фіранкі — усё дэталізавана. Нават у свае 58 гадоў сядзеў і літаваў. Я прапаноўваў яму зрабіць макет на камп’ютары. Ён адмаўляўся: “Не, мне трэба ўсё адчуваць самому. Каб я дакранаўся пальцамі, разумеў, што і куды магу перасунуць — тады і сам рэжысёр потым зможа штосьці перасунуць”.

У.Г.: Хачу зазначыць, што ў 1990-я ў тэатры пайшла зусім іншая плынь — ён стаў больш канцэптуальным. Раней, як лічылася, павінен быў дамініраваць мастак, тут ужо ідэя — за рэжысёрам. Калі адбываўся гэты пераход, не ўсе мастакі яго прымалі. Валера, які, падавалася б, прыйшоў з іншай сферы (скончыў у 1982 годзе аддзяленне візуальных камунікацый, выстаў і рэкламы Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута — “К”), не тое што прыняў — яшчэ і сам паказваў высокі ўзровень.

Дз.Р.: 1990-я — увогуле цяжкі час, калі мастацтва было бедным і ніхто не хацеў ім займацца. Шмат хто пайшоў у бізнес, многія ўвогуле з’ехалі. Тата застаўся. І быў у тэатры адзіным мастаком. Тады ён на сабе ўсё цягнуў, акрамя працы ў Маладзечне і на выездах. Працаваў у розных жанрах і адаптаваўся да часу. Вывучыў таго ж Янушкевіча, Таццяну Нерсісян, якая цяпер вельмі круты мастак. У інстытуце ёй выкладала Алена Фаміна, але практыка — тут, у Рачкоўскага. Дрэва, якое ён пасадзіў, вырасла і дало плады. Яны і ўва мне — тата навучыў мяне якасна рабіць сваю справу, менш гаварыць, не даваць сабе слабіны, да ўсяго ставіцца адказна.

У.Г.: Ён меў грунтоўныя мэты ў мастацтве, развіваў тэатр лялек і мог бы яшчэ шмат зрабіць. Але так нечакана пайшоў з жыцця… Гэта вялікая страта для беларускай нацыянальнай культуры і для нашага тэатра.

Аўтар: Вераніка МОЛАКАВА
аглядальнік рэдакцыі рэдакцыі газеты "Культура"