Люстэрка, у якое варта зазірнуць

№ 21 (1408) 25.05.2019 - 31.05.2019 г

Кожны мастак унікальны, але ўсе мастацкія выставы чамусьці падобныя адна на адну. У больш ці менш зручным памяшканні па сценах развешана тое, што можа вісець — палотны, аркушы, габелены. Аб’ёмныя прадметы размешчаны на подыумах, дробная пластыка — у вітрынах. Ходзіць глядач сярод гэтага бы грыбнік па лесе, вышукваючы тое, на чым варта засяродзіцца. Бывае, што пойдзе з выставы з пустым кошыкам эмоцый, а бывае, што абцяжараны думкамі і пачуццямі. Але са свайго досведу скажу: кожная мастацкая экспазіцыя чымсьці гледача ўзбагачае. Заўжды карысна зазірнуць у невядомае ці ўбачыць у нечаканым асвятленні звыклае. А мастацтва стварае такія магчымасці. У чым я ў чарговы раз пераканаўся, наведаўшы выставу, прысвечаную 70-годдзю Брэсцкай абласной арганізацыі Беларускага саюза мастакоў.

/i/content/pi/cult/746/16191/19.JPGСвая школа

Берасцейшчына, як і ўся Беларусь, плаціць Мінску своеасаблівую “даніну” талентамі. Гэта справа натуральная. Заўжды ёсць людзі, якім цесна ў роднай хаце, каму перспектывы праспекта Незалежнасці ў сукупнасці з перспектывамі кар’ернага і творчага росту даражэйшая за від з акна роднага дома і звыклыя рэаліі малой радзімы. Ці не самы паспяховы прадстаўнік нашага поставангарду Мікалай Селяшчук і выбітны кніжны графік Павел Татарнікаў — толькі два прыклады такой даніны.

Разам з тым, сучасная панарама выяўленчага мастацтва на Берасцейшчыне сведчыць пра тое, што культурныя працэсы ў рэгіёнах неабавязкова ідуць паводле сталічнага сцэнарыя: мастакі, якім выпала атабарыцца за мінскай кальцавой, маюць уласны гонар і не збіраюцца капіраваць у сваёй творчасці стылістыку і вобразны лад сталічных мэтраў.

На маю думку, на фарміраванне мясцовай мастацкай школы ды ўвогуле берасцейскай ментальнасці паўплывалі дзве акалічнасці. Найперш, жаданне пазбавіцца навязаных звонку стэрэатыпаў, паводле якіх усё ў Брэсце пачынаецца і заканчваецца крэпасцю. Гэты сімвал глыбока ўкаранёны ў свядомасць нашай грамады, і вандроўнік, які сёння трапляе ў горад над Бугам, бывае здзіўлены, пабачыўшы хай сабе і рэдкія, але адзнакі тысячагадовай гісторыі і рэаліі паўнавартаснага сучаснага жыцця.

Хаця ў чымсьці Брэст можа і сталіцы фору даць. Колькі гадоў ідзе гаворка, што Мінск павінен мець мемарыял, які ўвасабляў бы тысячагадовую гісторыю беларускай дзяржаўнасці. І калі-небудзь ён абавязкова з’явіцца. А вось у Брэсце падобны помнік ёсць ужо сёння — манумент у гонар 1000-годдзя горада. Яго аўтар Аляксей Паўлючук нарадзіўся ў Віцебску, вучыўся ў Мінску, а творча раскрыўся ў Брэсце. Ён вядомы не толькі як манументаліст, але і сваімі станковымі творамі з выразна пачуццёвым ладам і эратычным зместам. Адна з такіх скульптур прадстаўлена на выставе.

Годна прадстаўляе берасцейскую школу і другі скульптар — Павел Герасіменка. Падобна на тое, што ў сваёй творчасці ён пачаў з той кропкі, у якой спыніўся ягоны бацька — выбітны графік Юрый Герасіменка, які прайшоў шлях ад нацыянальнага рамантызму да разумення быцця як касмічнай з’явы. Спадар Павел — прыхільнік абстрактнай формы, якая ў залежнасці ад аўтарскай задумы можа ўвасабляць канкрэтныя рэчы і з’явы, а можа ўтвараць адно асацыятыўны шэраг.

Эфектна глядзяцца на выставе работы майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Мікалая і Пятра Кузьмічоў — бацькі і сына. Першы прыдбаў славу, аднавіўшы Крыж Святой Еўфрасінні. Ён стаў камертонам усёй ягонай творчасці, прасякнутай духоўнасцю і прыгажосцю. Мастак мае здольнасць спалучаць традыцыйныя каштоўнасці і сучасную эстэтыку. Сын скарыстоўвае бацькоўскі досвед, але імкнецца ісці сваім шляхам. Калі-нікалі гэта ў яго атрымліваецца.

Сярод графікаў адметным почыркам вылучаюцца Леў Алімаў і Генадзь Вяль. Стылістычна і паводле вобразнага ладу гэта вельмі розныя творцы. Алімаў у сваіх афортах імкнецца пазбягаць канкрэтыкі, якая б абмяжоўвала фантазію гледача. Вяль жа наадворот накіроўвае яго ў рэчышча акрэсленых асацыяцый. Але абодвум уласцівыя памкненне і здольнасць ператвараць прастору аркуша ў тэрыторыю разумовых практыкаванняў ды інтэлектуальных гульняў. Пры тым, што за гэтай гульнёю праглядвае трывалая канструкцыя ўласнай мадэлі быцця.

Добрае валоданне тэхнікай дэманструюць графікі Генадзь Улыбін і Аляксандр Грыгор’еў. Рамантычны погляд на сучаснага чалавека, які, здавалася б, мусіць быць люстэркавым адбіткам прагматычнага свету, паглыбленасць у духоўную сутнасць асобы адчуваецца ў партрэтах работы Валянціны Татарнікавай-Панок.

На самай мяжы

/i/content/pi/cult/746/16191/20.JPGДругі чыннік, які, на мой погляд, моцна ўплывае на стан і вектар развіцця берасцейскай мастацкай школы — гэта блізкая мяжа. На памежжы людзі вымушана суадносяць сваё жыццё з тым, што робіцца на тым баку. Некаторыя навацыі і модныя павевы да іх даходзяць нават хутчэй, чым да сталіцы. Мастакі Брэста і вобласці часта бяруць удзел у замежных пленэрах, а іх калегі з-за мяжы ўтульна адчуваюць сябе на Берасцейшчыне. Пры малой забяспечанасці дзяржаўнымі заказамі, мастакі самі шукаюць сабе працу і заробак, і досвед пленэраў дае ім магчымасць зразумець, што і па чым на мастацкім рынку, што насамрэч цікава паспалітаму гледачу і прыватнаму замоўцу.

Жывапіс, прадстаўлены на выставе, за рэдкім выключэннем падаецца мне якраз тым “канвертуемым” мастацтвам, якое будзе прывабным не толькі беларускаму “спажыўцу”, які згодны і здольны раскрыць гаманец дзеля аздобы свайго побыту і псіхалагічнага камфорту. Цудоўныя краявіды Ігара Раманчука ўпрыгожаць і жытло, і офіс, і грамадскую прастору. Эфектная шматколернасць Аксаны Гайдуковіч здольна ўзняць настрой, калі за акном шэры дождж. Знойдзецца пакупнік і на абстрагаваныя формы жывапісу Леаніда Валасюка.

Пэўную занепакоенасць выклікае тая акалічнасць, што на выставе вельмі сціпла прадстаўленая сюжэтная карціна. Хіба што Іван Рамановіч ды Валерый Кавальчук. Я разумею, што пейзаж ці партрэт патрабуюць меншых намаганняў, але ж атрымліваецца, што сам гэты жанр сёння пад пагрозаю знікнення.

Асобна згадаю жывапіс Уладзіслава Куфко. Даць яму нейкае вызначэнне даволі складана. Пэўнымі рысамі ён нагадвае сацарт 1980 — 1990-х, калі-нікалі гэта водгулле ўжо звыклага нам сюррэалізму, а часам — аўтарская рэфлексія на нешта аднаму яму вядомае. У любым выпадку, каля яго работ гледачы спыняюцца.

Праблема пераемнасці — і не толькі

Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва прадстаўлена на выставе сціпла. Мне запомнілася ткацтва Галіны Рабавай, якое пасуе сучасным тэндэцыям гэтага віда мастацтва. Цікавасць уяўляе і кераміка Паўла Рабава як спроба выйсці за межы ўтылітарнасці, выявіць нязвыклыя якасці матэрыялу.

Я згадаў не ўсіх ўдзельнікаў выставы. Артыкул — не каталог. Ды і выстава была цікавая мне не сама па сабе, а як адлюстраванне культурнай сітуацыі ў Брэсце.

У абласной арганізацыі Беларускага саюза мастакоў па-ранейшаму ёсць праблема пераемнасці пакаленняў. Далёка не ўсе яе сябры актыўна працуюць. Нават удзел у выставе, якой было прадвызначана стаць важнай падзеяй у жыцці горада і рэгіёна, зацікавіў не кожнага. Праўда, падобнае стаўленне назіраем не толькі на Берасцейшчыне.

Яшчэ адной адметнасцю мастацкага жыцця рэгіёна з’яўляецца тое, што ў пэўнай сваёй частцы яно мае маральную і матэрыяльную падтрымку з боку замежных інстытуцый, зацікаўленых у сваёй прысутнасці ў беларускай культурнай прасторы. Я ўжо казаў пра міжнародныя пленэры. Мяркую, многія берасцейскія мастакі ў Польшчы бываюць часцей, чым у Мінску. Не бачу ў гэтым нічога дрэннага, але…

Калі на вернісажы выставы я запытаўся некаторых яе ўдзельнікаў, ці не хацелі б яны адзначыць мастацкім праектам 80-годдзе Уз’яднання Беларусі, у адказ пачуў: маўляў, палітыка нас не цікавіць.

Да юбілею Брэсцкай абласной арганізацыі Беларускага саюза мастакоў з дапамогаю дзяржаўных структур быў зроблены каталог “Мастакі Брэстчыны”. Ва ўступным слове да яго старшыня абласнога выканаўчага камітэту Анатоль Ліс звязаў той юбілей з другім — утварэння самой вобласці, якая з’явілася на мапе ў 1939 годзе.

Гэта цалкам лагічна. 80 гадоў таму ў Заходняй Беларусі ўтварылася тая рэчаіснасць, на грунце якой мы стаім і сёння. А мастацтва было і застаецца люстэркам рэчаіснасці. І ўжо ад канкрэтных творцаў залежыць, наколькі цікава будзе грамадзе глядзецца ў тое люстэрка… Але карысна — у любым выпадку.