Ярэміцкія маскі і бібліятэкары з чарапахай

№ 21 (1408) 25.05.2019 - 31.05.2019 г

Назапасілася лістоў, назапасілася. А што паробіш — лета: новы віток раённай творчай актыўнасці. Сяджу-думаю: з чаго б пачаць. А тут дзяўчаты-метадысты з Дзятлава тэлефануюць. Цікавяцца, ці атрымаў я звесткі пра знакаміты “Зецельскі фэст” — трэці штогадовы фестываль сямейнага адпачынку. З гэтай навіны і пачну.

/i/content/pi/cult/746/16189/17.JPGУ назве фэсту — старадаўняя назва Дзятлава. Імпрэза вельмі шчырая і добрая, словам — сямейная. Па традыцыі, віншаваліся сем’і-юбіляры. Гэтым разам ушаноўваліся пары, якія сёлета святкуюць 25-годдзе сумеснага жыцця. А гэта Баклушыны, Каско, Генюкі, Зелянкевічы, Іоды, Апанасікі. “К” таксама віншуе іх са срэбным вяселлем! Апладысментамі віталі і сям’ю Васіля і Алесі Скіба, якая гадуе ажно дзевяць дзяцей.

Рэдактар аддзела рэкламы Цэнтра культуры “Віцебск” Яна Багатырова піша: “Наш новы праект “Віцебскі квАРТал” прысвечаны вулічнаму мастацтву. Мяркуецца, што будзе ён народным. Вулічны сезон адкрыўся 18 мая. У дзею ўключыліся школа карнавальнай самбы, гурт бразільскіх барабанаў, тэатральная студыя “Дом ветру”, шоу агню… А завяршыўся праект у “Ноч музеяў”. Ля канцэртнай залы стартаваў арт-квэст, прысвечаны знанаму мастаку Восіпу Цадкіну”.

Сёння ў аграгарадку Ярэмічы (Карэліцкі раён), які вядомы сваім бадай унікальным для Беларусі калектывам “Закрытыя твары”, стартуе фэст “Ярэміцкія маскі запрашаюць”. У госці да мясцовых тэатралаў арыгінальнага жанру прыехалі аматары з іншых мясцін. Мерапрыемства ставіць перад сабой за мэту выяўленне таленавітых выканаўцаў і паяднанне творчых сіл у асяродку непрафесійных артыстаў. У праграме — карнавальнае шэсце, конкурсныя выступленні аніматараў, тэатраў роставых лялек, блазнаванне…

Пра свята клёцак паведамляе метадыст Пастаўскага цэнтра культуры і народнай творчасці Людміла Чатовіч. Яно адбылося ў рамках агляду-конкурсу аматарскіх аб’яднанняў і клубаў па інтарэсах. Ідэя фэсту, сцвярджае аўтар, з’явілася з той нагоды, што пазалетась клёцкі “з душамі” ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь.

Выстава “Бераставіцкія арнаменты” сяброў Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Марыі Кажанеўскай і Алены Барцэвіч з вёскі Плябанаўцы Бераставіцкага раёна працуе ў Гродзенскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці. Тут экспануецца больш за 60 работ: ткацтва, вышыўка, карункапляценне. Майстрыхі — гонар Бераставіцкага раёна: адны з першых на Гродзеншчыне яны былі прынятыя ў прафесійны саюз. А яшчэ яны — носьбіты песеннага фальклору свайго краю.

Прайшло чарговае свята “Аўгустоўскі канал запрашае сяброў”. Карына Ошва нагадвае, што сёлета каналу спаўняецца 180 гадоў. Фэст, як заўсёды, ставіць перад сабой мэту папулярызацыі народнай творчасці. Бібліятэкар з Копцеўскай сельскай бібліятэкі частавала гасцей гарбатай з зёлак, а яе калегі з Жытамлі арганізавалі выязную хату-чытальню.

У Полацку прайшла раённая спартакіяда “Культурныя старты”, прымеркаваная да 115-годдзя прафсаюзнага руху. Пра гэта напісала рэдактар раённага цэнтра культуры Кацярына Паўловіч.

Паведамляе вядучы метадыст па асноўных жанрах адзела народнай творчасці Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу Святлана Лугіна. У аграгарадку Жамыслаўль трэці год запар ладзіцца шляхецкі фэст “Жамчужная зорка — палац Умястоўскіх”. Падчас тэатралізацыі гучала песня “Жамыслаўскі вальс”, аўтарам слоў якой стаў ураджэнец тутэйшых земляў, гісторык і краязнаўца Алег Ігліцкі. Падчас акцыі “Алея жыцця” былі пасаджаны кусты руж. Ахвотным былі прапанаваны майстар-класы па старадаўнім танцы, дэфіле касцюмаў дзіцячага аматарскага аб’яднання мадэлявання адзення “Чараўніцы” адзела культурна-масавай і асветніцкай работы аграгарадка Ліпнішкі.

Супрацоўнікі гарадской бібліятэкі Ашмян наведалі дзіцячы садок № 1 і ўзялі з сабой чарапаху Аішу. Менавіта яна і стварыла атмасферу цуда. Знаёмства са светам казак адбылося для дзятвы нязмушана, весела і карысна. Пра гэта паведаміла загадчык гарадской бібліятэкі горада Ашмяны Людміла Зарэцкая.

Метадыст аддзела па развіцці народнай творчасці Зэльвенскага цэнтра культуры і народнай творчасці Святлана Якута піша пра абласны фестываль аўтарскай песні “Новае пакаленне”. Як і заўжды, на яго сабраліся кампазітары, паэты-песеннікі Прынямоння. За пальму першынства змагаліся 17 выканаўцаў. Сярод кампазітараў лепшымі сталі Вікторыя Даўгашэя, Настасся Капейка, Канстанцін Верабей, сярод паэтаў — Ілона Юргель, Вікторыя Ляцкая і Аляксей Юхневіч.

А бібліятэкары Міжэрыцкай і Каралінскай сельскіх бібліятэк таго самага раёна запрасілі да сябе земляка — паэта Аляксея Галаскока. Першы верш ён напісаў у 14 гадоў. Чвэрць стагоддзя праслужыў у ракетных войсках. На сустрэчы з юнымі чытачамі ішла гаворка пра паэзію як стан чалавечай душы і дар, дадзены Богам. Затым паэт чытаў свае вершы пра бацькоў, родныя мясціны. Пра гэта напісала супрацоўніца Зэльвенскай раённай бібліятэкі Вольга Камякевіч.

У аграгарадку Сіманічы Лельчыцкага раёна святкавалі Сусветны дзень пчалы. На “Мядовы фальварак” з’ехаліся пчаляры з усяго раёна. “К” пісала ў свой час, што да пчол у гэтым краі ставяцца з піетэтам. Мясцовыя бортнікі не толькі збераглі старадаўні лясны промысел, але перадаюць яго навыкі нашчадкам. Бортніцтву Лельчыцкага раёна прысвоены статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь.

Нізку навін падрыхтавала дырэктар Смаргонскага цэнтра культуры Галіна Крацянок. У Крэўскім доме культуры шматдзетным сем’ям прапанавалі канцэртную праграму. А ў Жодзішкаўскім ДК павіншавалі шматдзетную Вольгу Фралову з уручэннем ёй Ордэна Маці. На пяты адкрыты рэгіянальны фестываль “Чароўны свет батлейкі” сабраліся батлейшчыкі з Докшыц, Ліды, Магілёва, Мінска, Наваполацка, Стоўбцаў, Смаргоні, Залесся. Лепшымі аказаліся юныя артысты з Магілёва і Ліды.

Пра сустрэчу з цікавым чалавекам піша і бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі Мастоўскай раённай бібліятэкі Ірына Кавалеўская. Чалавек гэты — заслужаны трэнер СССР па грэблі на байдарках і каноэ, чэмпіён і прызёр алімпіяд Леанід Равуцёнак. Але расказваў ён збольшага пра спартыўныя дасягненні сваіх вучняў.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"