У мігценні “Паўночнага ззяння”

№ 21 (1408) 25.05.2019 - 31.05.2019 г

Фестываль кіно Паўночных і Балтыйскіх краін “Паўночнае ззянне”, што прайшоў у Мінску з 10 па 17 мая, прыўнёс у сталіцу крыху нардычнай экзотыкі і скандынаўскай крытычнасці. Менавіта такой атрымалася праграма пятага юбілейнага форуму. Ад маладога кіно Грэнландыі — да шведскіх эксперыментаў у духу “Догмы — 95”. Ад праграмы анімацыйных фільмаў — да дакументалістыкі пра жанчын-імамаў. Ад паўнакупальных карцін, што аднаўляюць паўночнае ззянне ў сваёй красе — да ігравой стужкі пра аб’юзіўныя стасункі. Пятая рэдакцыя “Паўночнага ззяння” паказала скандынаўскае кіно ва ўсёй шматграннасці.

/i/content/pi/cult/746/16188/15.jpgПатэнцыял індустрыі

Скажам, фільм “Аноры”, які прыехала прэзентаваць актрыса, кампазітар і спявачка Нукака Костар-Вальдау. Маляўнічныя снежныя пейзажы, незвычайныя абліччы акцёраў, любоўны трохкутнік, што разыгрываецца на фоне грэнландскай паўсядзённасці і агнёў Нью-Ёрку… Даволі просты меладраматычны сюжэт аздабляецца адсылкамі да мясцовых міфаў, што прыдаюць даволі маладому, будзем шчырымі, кіно каларыт.

Нукака адзначае пасля паказу, што кіно на ледзяной выспе з насельніцтвам каля 50 тысяч чалавек толькі пачынае фарміравацца. І на сёння кааперацыя і пошук партнёраў для маладой індустрыі — тое, што доктар прапісаў. “Мы — максімальна адкрытыя”, — кажа яна, запрашаючы да супрацоўніцтва і беларускіх кінематаграфістаў.

І літаральна на наступны дзень ісландска-ўкраінская карціна “Жанчына абвяшчае вайну” Бенедыкта Эрлінгсана паказвае якім можа быць патэнцыйны саюз. Стужка, што распавядае пра барацьбу 50-гадовай Хатлы з мясцовым алюмініевым заводам, б’е ў Мінску рэкорды па наведвальнасці. Неверагодныя ісландскія краявіды, актыўнасць яскравай, моцнай жанчыны, што ўмее “вырубаць” лініі электраперадач, гумар, жывы музычны саўндтрэк, што абыгрываецца ў карціне — і абаяльнасці гэтага кіно складана супрацьстаяць.

Можна абмяркоўваць долю нашых суседзяў у творы — дзеянне тут на 90 працэнтаў адбываецца ў Ісландыі. Па сюжэце галоўная гераіня хоча ўдачарыць украінскую дзяўчынку, але яе мара амаль што разбураецца… Аднак Хатла даязджае-такі да далёкіх зямель, куды яе ўвесь час вабяць украінскія песні. Словам, прыклад “Жанчыны” толькі пацвердзіў, што кінакааперацыя паміж краінамі сёння набывае самыя розныя формы — і ў кожным выпадку можна знайсці аптымальны варыянт.

Кіно як даследаванне

Яшчэ адзін прыклад цікавай стратэгіі, а дакладней — прынцыпы працы шведскай платформы-кампаніі Plattform Production, былі агучаны рэжысёркай Сесіліяй Б’ёрк і прадзюсарам Максіміліянам фон Эртрукам, што прыехалі на фэст з дакументальнай стужкай “Добры тыдзень для дэмакратыі”. Гаворка тут больш пра тое, якія тэмы
падымае сучасная шведская дакументалістыка, ігравое кіно. Скажам, на адмысловым майстар-класе Максіміліян і Сесілія паказалі кароткі метр вядомага шведскага рэжысёра, уладальніка “Залатой пальмавай галіны” Рубэна Эстлунда, які з’яўляецца сузаснавальнікам іх кампаніі. “Здарэнне ў банку” (што, дарэчы, атрымаў “Залатога мядзведзя” ў 2010-м) распавядае пра незвычайны выпадак на вуліцы, калі мінакі становяцца сведкамі рабавання банку. Столькі разоў людзі бачылі падобныя сцэны ў кіно — але як мы адрэагуем, калі заўважым, што хтосьці апранае на галаву чорную маску?

Максіміліян каментуе стужку: “Мы назіраем, што людзі клапоцяцца больш не пра тое, каб выклікаць паліцыю, застацца ў бяспецы, а як лепей зафіксаваць рабаванне на свой мабільны тэлефон”. Уздзеянне кіна- і медыя выяваў на нашу свядомасць — вось тое, што з’яўляецца прадметам цікавасці Plattform Production.

Грунтоўную “спажыву” для роздуму дае і дакументальнае кіно Сесіліі Б’ёрк “Добры тыдзень для дэмакрытыі”. На фестывалі Альмідален у невялічкім гарадку Вісбю сустракаюцца розныя партыі, журналісты, лабісты, уключаючыся ў адпаведную гульню. Арганізацыя, што падтрымлівае зняволенных пасля вызвалення, партыя моладзі, рух Швексіт, мэта якога — выхад Швецыі з Еўрасаюза, актывіст, які патрабуе знізіць падаткі на садавіну, вясёлыя пенсіянеркі, рух экалагічных актывістаў за перапрацоўку мабільных тэлефонаў — рэжысёрка паказвае цэлы спектр ідэй і людзей, якія іх прасоўваюць.

І ў гэтым спаборніцтве за ўвагу прэсы перамогу нечакана атрымлівае арганізацыя з цалкам адмоўным іміджам. Журналісты, “вядучыся” на гарачыю навіну, падсвядома робяць апошнім вялікую рэкламу. Якім чынам адлюстроўваць падзеі? Што ўваходзіць у працу журналістаў? Дзе сканчаецца журналістыка і пачынаецца піяр? Трошкі змяняючы вугал зроку, Сесілія падымае пытанні наконт таго, як дзейнічае медыясфера. Тут цалкам дарэчы згадаць фільм Рубэна Эстлунда “Квадрат” (пераможцу Канскага кінафестывалю ў 2017-м), які дазволіў з іншага боку паглядзець на інстытуцыі сучаснага мастацтва, сувязь персанальнага і публічнага, мастацтва і жыцця.

“Каб быць крытычнымі, мы павінны шукаць новыя фарматы”, — падсумоўвае ўбачанае Максіміліян фон Эртрук, у пэўным сэнсе, падказваючы і беларускім фільммейкерам магчымасці будучых твораў.

/i/content/pi/cult/746/16188/16.JPGКіно як паэзія

Ад вострых сучасных тэм перасоўваемся на тэрыторыю кіно метафізічнага, назіральнага. “Куды вяртаецца чалавек” Эгіла Хошульда Ларсэна з Нарвегіі — гэта гісторыя 75-гадовага Стэйнара, які жыве адзін на самай поўначы Еўропы. Яго быццё ў суворых прыродных умовах за Палярным кругам падзяляе толькі сабака Тусі. Стэйнар палюе на цюленяў, рыбачыць, каб пракарміць сябе і свайго сябра. Назірае за птушкамі, клапоціцца пра тое, каб крумкачы не з’елі малых кулікоў... Яго побыт на фоне ашаламляльных краявідаў, у якіх чалавек губляецца як кропка на карце — зусім не “лёгкі шпацыр”: ён патрабуе вытрымкі, сілы, несупыннай працы. Можна толькі ўяўвіць, што здарыцца, калі, скажам, Стэйнар захварэе. Але мужчына свядома абірае такое жыццё: ён адчувае сябе “на сваім месцы” сярод фьёрдаў, вятроў і водаў. Зводка надвор’я па радыё, тэлефанаванні родных на старэнькі мабільны, (які часам можа і выключыцца), — вось і ўся ягоная сувязь са светам.

Ды і навіна пра тое, што мужчына стаў дзедам, не змяняе анічога. Дом героя тут, у Арктыцы, дзе ён адчувае спакой і свабоду. Чорна-белая стылістыка карціны толькі падкрэслівае галоўны пасыл аўтара: куды вяртаецца чалавек? Туды, дзе ён, мабыць, і быў на самым пачатку жыцця — у адзіноту. Халодная бязлітаснасць поўначы, якая заварожвае мігценнем паўночнага ззяння, — магчыма, гэта і ёсць тая прастора, куды мы сыходзім пасля смерці?

Кіно як перасцярога

Ад ізаляванага ледзянога сусвету пераносімся на турэцкую Рыўеру. “Вакацыі” Ізабэлы Эклёф з Даніі — ігравое кіно, якое ў глянцавай абгортцы прыгожага жыцця падымае тэму гвалтоўных стасункаў. Тэма актуальная для грамадства самых розных краін, і невыпадкова пасля прагляду стужкі на фестывалі адбылася адпаведная дыскусія. У ёй акрамя аўтара карціны прынялі ўдзел і беларускія эксперты: псіхолагі, актывісты. Некалькі слоў пра сам фільм. Рэжысёрка Ізабэла Эклёф заняла пазіцыю адстароненага назіральніка, імкнучыся паказаць механізм уздзеяння гвалту (у самых розных праявах) на чалавека.

Маладая Саша сустракаецца з наркабаронам. Яна асабліва не задумваецца, што стаіць за дарагімі падарункамі, аддаючы перавагу таму, каб “слізгаць” па жыцці — тым больш, што прыгожым дзяўчатам звычайна многае дазваляецца. Але паступова яе бойфрэнд, такі шчодры і клапатлівы на пачатку, ператвараецца ў чалавека, які выклікае жах ужо толькі сваёй прысутнасцю. Напачатку ён вызначае, што для гераіні добра, а што дрэнна, потым пачынаецца кантроль, а далей — непрыхаваны гвалт, адчуванне ўлады.

У стужцы нечаканы фінал — Сашы так і не выпадае, не хапае сіл вырвацца з “пекла”, у якое яна трапіла, бо дзяўчына сама ўжо паспела стаць часткай гвалтоўнага свету. Пры гэтым, падчас дыскусіі Ізабэла падкрэсліла, што імкнецца развянчаць адзін з галоўных міфаў, што існуюць у дачыненні сузалежных стасункаў: маўляў, вінаватая сама — ці сам.

— Але ў аб’юзіўныя зносіны могуць быць уцягнуты і цалкам здаровыя людзі, — кажа рэжысёрка. — Я супраць таго, каб ахвяры прыпісваліся пэўныя схільнасці.

Аднак аблічча гераіні фільма, на маю думку, не пераконвае ў гэтым публіку. Адчуваючы пустэчу ў душы, Саша працягвае карыстацца тымі выгодамі, якія дае ёй сувязь з крымінальным бойфрэндам. Раскоша для яе пераадольвае гвалт, выкрываючы яшчэ адну загану грамадства — спажыванне.

— Сапраўды, фінал сумны, але ў жыцці часам так здараецца, — адказвае на мае пытанне рэжысёрка. — На жаль, людзі — не супергероі. Ды супергероі мне і не цікавыя.

І кіно як… тэрапія

Як можна заўважыць, вялікая колькасць стужак на “Паўночным ззянні” зроблена менавіта жанчынамі (калі канкрэтней, іх 10). Яны не баяцца падымаць вострыя пытанні і паказваць жыццё сучаснага чалавека з незвычайнага боку. Гэта можна сказаць і пра ігравую карціну Марыі Каўтарадзэ з Літвы “Перажыць лета”. У цэнтры ўвагі — праблема псіхічна нестабільных людзей, якая рэдка асэнсоўваецца ў кіно.

Як ні дзіўна, стужку нельга назваць “цяжкай” — гэта збольшага роўд-муві, зроблены з лёгкім гумарам і ўключэннем камедыйных сітуацый. Але, тым не менш, кіно мае нетрывіяльных герояў — пацыентаў псіхіятрычнай бальніцы Вільнюса: Паўлюса ў стане рэмісіі яго хваробы ды інтравертку Юстэ, якая перажыла спробу самагубства. З імі едзе ў Палангу па заданні доктара маладая лекарка-псіхіятр Індрэ. Розныя прыгоды, што здараюцца з троіцай у дарозе, дазваляюць маладым людзям праявіць свае чалавечыя якасці, раскрыцца.

Рэжысёрка, па-сутнасці, паказвае, што мяжа паміж здаровым і хворым чалавекам часам вельмі ўмоўная, і вызначыць той момант “Ч”, калі можа здарыцца непапраўнае, амаль немагчыма. Самы вясёлы і гаваркі з герояў аказваецца і самым неабароненым, а жыццё, увогуле, выяўляецца зусім не простым практыкаваннем. Але галоўны ўрок, які можна вынесці з “Перажыць лета” — тое, што самымі лепшымі лекамі ад дэпрэсіі з’яўляцца шчыры чалавечы ўдзел. На жаль, правільную дозу нам па-ранейшаму цяжка вызначыць.

Кіно як патэнцыял для індустрыі, як навука, паэзія, тэрапія, як адлюстраванне свету… “Паўночнае ззянне” з гучным сёлетнім слоганам “Усё магчыма!” паказвае нам грані скандынаўскага, балтыйскага ды нават ужо і беларускага кіно ў іх непрыхаванай вастрыні. І варта адзначыць, што пасыл праекта Вольгі Чайкоўскай знаходзіць сваю аўдыторыю. Маладыя, актыўныя, ахвочыя да беларускай мовы гледачы (нагадаю, што ўсе фільмы фестывалю дэманструюцца на мове арыгіналу з беларускімі і англійскімі субцітрамі), галасуючы наведваннем, паказваюць, што такое кіно ім цікавае. Напэўна таму, што мы бачым у гэтых фільмах і частку саміх сябе.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"