Родзіч Джэка Вераб’я наступае

№ 21 (1408) 25.05.2019 - 31.05.2019 г

У Беларусі не ўмеюць ставіць камедыі. Складваецца адчуванне, што само гэтае слова ў азначэнні жанру спектакля ўключае нейкі тумблер унутры акцёраў — і яны пачынаюць бязлітасна хахміць і дзіка пераігрываць. Таму прэм’ера ў Маладзёжным тэатры мяне прыемна здзівіла. “Трыкстар клуб” рэжысёра Андрэя Гузія атрымаўся нечакана лёгкім, натуральным і сапраўды смешным.

/i/content/pi/cult/746/16187/13.jpgА яшчэ ў нас не ўмеюць пісаць камедыі. Пацвярджэнне таму —леташні конкурс камедыйных п’ес, які ладзіў Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі. Журы вырашыла не прысуджаць Гран-пры і першую прэмію — бо не было каму. Многім тэкстам бракавала самаіроніі і пачуцця гумару. Тады былі вызначаны другое, трэцяе месца і заахвочвальная прэмія, аднак за паўгады, што мінулі з часу абвяшчэння вынікаў, не чуваць, каб які-небудзь тэатр разглядаў іх да ўключэння ў рэпертуарны план. Вастрыня праблемы асабліва відавочна ў параўнанні: падобны конкурс, але ўжо п’ес на гістарычную тэматыку, спарадзіў адразу тры спектаклі ў сталіцы і абласных цэнтрах.

Цяперашняя прэм’ера Маладзёжнага ізноў стала выключэннем з правілаў: п’есай Улады Альхоўскай тэатр прадэманстраваў, што і ў нашых абшарах ёсць аўтары, якія могуць стварыць добра збіты сучасны сюжэт. Дзякуючы спадарыні Уладзе, на беларускіх падмостках з’явіўся яскравы Трыкстар — дух хітрунства і падману, які парушае ўсе ўсталяваныя соцыумам нормы і прыцягвае да сябе сваімі агіднымі паводзінамі. Такі амаль што Джэк Верабей усяляецца ў няўклюду-псіхолага і пачынае замест міралюбівага доктара на свой густ лячыць яго пацыентаў. Пасля сутыкнення даўно ўсталяваных правілаў гульні і містычных трукаў харызматычнага Трыкстара кожны з герояў п’есы змяняе свае звыклае
надакучлівае жыццё. І цяльпук-псіхолаг тут не выключэнне.

/i/content/pi/cult/746/16187/14.jpgСпадарыня Альхоўская добра ведае, як зрабіць тэкст, здатны задаволіць публіку. Лінгвіст-перакладчык па адукацыі, яна ўжо восем гадоў стала публікуе кнігі ў адным вядомым расійскім выдавецтве. Іранічныя дэтэктывы — як характарызуюць іх на сайтах кнігарань — відавочна карыстаюцца попытам у масавага чытача: колькасць назваў перавальнае за тры дзясяткі, а сумарны наклад ужо перавысіў 100 тысяч асобнікаў. Мяркуючы па асабістым сайце маладой пісьменніцы, яна нічога не робіць напалову: дэбют на сцэне падмацаваны васьмю п’есамі ў творчым багажы аўтара. Дарэчы, той самы “Трыкстар клуб” паспеў перамагчы ў міжнародным конкурсе драматургіі “Час драмы. Лета — 2018”.

На падмостках п’еса змагла скласціся дзякуючы добрай агранцы рэжысёра. Андрэй Гузій з трох заяўленых дзеяў зрабіў дзве, прыбраў слоўнае шалупінне, яскрава расставіў акцэнты, ад чаго больш дакладна загучалі іранічныя фразы. Шкада толькі, што спадар Гузій змяніў фінал, скончыўшы дзеянне ўсеагульнай феерыяй. У першакрыніцы хэпі-энд мае роспачны прысмак: высвятляецца, чаму лекар чужых жыццяў сам начуе ў сваім жа кабінеце, баючыся патэлефанаваць жонцы. Тады становяцца зразумелымі шматлікія раскіданыя па спектаклі намёкі, якія так і не знайшлі ў рэжысёрскай трактоўцы лагічнага завяршэння.

Безумоўная ўдача спектакля — падбор дуэту галоўных антаганістаў. У Трыкстары Андрэя Гладкага сышлася самавітасць з д’ябальскай прыцягальнасцю Джэка Нікалсана ў ролі Дэрыла ван Хорна з “Іствікскіх вядзьмарак” і развязнасць з бесшабашнасцю Джоні Дэпа з “Піратаў Карыбскага мора”. Спадар Гладкі стварыў харызматычны вобраз антыгероя, неверагодна арганічнага ў сваіх дзівацкіх выхадках. А Юрыю Шэланкову ўдалося трапна вывесці нават на ўзроўні жэстаў, поз, пластыкі сумнеўнага, бяскрыўднага і ад таго яшчэ больш недарэчнага Псіхолага, які праз шокавую “тэрапію” ад містычнага круцяля вучыцца, як перамяніць самога сябе. Улічваючы тую хуткасць, з якой акцёр уваходзіў у спектакль (яшчэ 3 мая ў афіцыйных прэс-рэлізах фігураваў іншы выканаўца), рэжысёру можна смела ўспамінаць прымаўку “Не было бы шчасця, ды няшчасце дапамагло”.

Здаецца, прэм’ера ў Маладзёжным зможа змяніць у канатацыі выслоўя “камерцыйны праект” “мінус” на “плюс”. Тут ад пачатку шчыра акрэслены мэты: спектакль для шырокай аўдыторыі з магчымасцю ад душы пасмяяцца, без закідаў у шматслойныя разважанні. Здаецца, менавіта гэта меў на ўвазе Аляксандр Гарцуеў, падсумоўваючы ў інтэрв’ю “К” (№ 48 за 2018 год) узгаданы вышэй конкурс камедый: “Калі няма прэтэнзіі на штосьці надзвычайнае, тады і смешна. А вось калі пачынаюць мудраваць… Чым прасцей, тым лепш”.

Пры гэтым, “Трыкстар клуб” не скатваецца ў безгустоўнасць, як адна з нядаўніх пявучых прэм’ер на гэтай жа сцэне. Не спекулюе на тэмах сэксу і цялеснасці, як адзін з пяспяховых у гледача, аднак пусты па сутнасці спектакль прыватнікаў. Не разгортвае акцёрскае саперніцтва па экзальтаванасці, што скрозь сустракаецца на айчынных падмостках пасля слоў: “Мы ставім камедыю”.

Гэты спектакль можна параўнаць з нядрэннай кінакамедыяй, якую ўключаеш, каб расслабіцца ў добрай кампаніі, бо ўвесь час глядзець нешта накшталт “Апакаліпсіс сёння” таксама немагчыма. (Дарэчы, кінагенічнасці пастаноўкі спрыяе сцэнаграфія Андрэя Меранкова: галоўная канструкцыя аздобленая дзясяткамі лямпачак, якія часта можна пабачыць на здымках грымёрных уздоўж рам люстраў).

Важна толькі памятаць пра дазіроўку “лёгкасці”. Як публіцы, так і тэатрам.

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"