Нагойскі пратакол і бабка- траўніца

№ 21 (1408) 25.05.2019 - 31.05.2019 г

22 мая адзначаўся Міжнародны Дзень біяразнастайнасці. Якое ён мае дачыненне да сферы культуры? Як культработніку карыстацца “няпрофільнымі”, на першы погляд міжнароднымі дакументамі: Канвенцыяй аб біялагічнай разнастайнасці ААН і дадатковым да яе Нагойскім пратаколам?

/i/content/pi/cult/746/16183/8.JPGПа-першае, Дзень біяразнастайнасці — гэта і беларускае свята, бо наша краіна ратыфікавала адпаведную Канвенцыю ў 1993-м, праз год пасля яе прыняцця ААН. Па-другое, Канвенцыя і Нагойскі пратакол утрымліваюць артыкулы аб традыцыйных ведах, звязаных з генетычнымі рэсурсамі. І вось тут пачынаецца самае цікавае. Носьбіты такіх ведаў — гэта звычайна людзі старэйшага веку — тыя самыя, з якімі мы працуем па больш звыклых тэмах: збіраем песні, вучымся танцам, слухаем аповеды пра даўнейшае жыццё…

/i/content/pi/cult/746/16183/9.JPGТрадыцыйныя веды, звязаныя з генетычнымі рэсурсамі, — гэта веды пра навакольны свет. Фармальна пра арганічную яго частку — расліны, жывёл, самога чалавека… Але хіба можна разглядаць іх у адрыве ад асяродку? Таму міжнародныя дакументы заклікаюць краін-удзельніц улічваць нормы звычаёвага права, традыцыйныя практыкі карэнных і мясцовых супольнасцей, спаконвечныя веды, звязаныя з генетычнымі рэсурсамі. Другі заклік — ствараць умовы для супольнага карыстання выгодамі ад такіх ведаў. І тут “біялагічныя” дакументы перагукаюцца з куды лепш вядомай у Беларусі Канвенцыяй аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны, што вылучае ў якасці аднаго з яе відаў акурат тыя веды і сацыяльныя практыкі, якія адносяцца да прыроды і сусвету.

Што гэта значыць для чалавека, які непасрэдна працуе з носьбітамі — для бібліятэкара, музейшчыка, ці іншага работніка культуры? Ім варта распытваць мясцовых старажылаў, скажам, пра выкарыстанне дзікіх і дамашніх раслін: у ежу, для лекавання, для фарбавання тканін… Гэта надзвычай цікавыя і каштоўныя звесткі, якія імкліва адыходзяць разам з іх носьбітамі.

Што ўжо робіцца ў Беларусі ў гэтай галіне? Наша краіна ратыфікавала Нагойскі пратакол у 2014-м, у год яго ўступлення ў сілу. За імплементацыю дакумета адказнае Міністэрства прыродных рэсурсаў. Непасрэдны выканаўца — Нацыянальны каардынацыйны цэнтр па пытаннях дасягу да генетычных рэсурсаў і супольнага выкарыстання выгод. Ён дзейнічае пры Інстытуце генетыкі і цыталогіі Акадэміі навук, а па пытаннях традыцыйных ведаў шчыльна супрацоўнічае з фалькларыстамі.
Прайшоў шэраг семінараў, на якіх спецыялісты і носьбіты абмяркоўвалі месца традыцыйных ведаў у сучасным свеце.

Экалагічны лад жыцця ўваходзіць у моду. Гарадская моладзь перасяляецца ў вёскі, каб працаваць дыстанцыйна. І старыя бабуліны веды і ўменні могуць раптам аказацца больш чым актуальнымі. Канечне, шмат чаго ўжо страчана. Але некаторыя практыкі, што ў Беларусі застаюцца актуальнымі, дзе-нідзе ўжо лічацца экзотыкай: касьба травы касой, даенне кароў і коз рукамі… Рыхтуецца да ўнясення ў ахоўныя спісы UNESCO палескае бортніцтва. Пчалярствам у вуллях міжнародную супольнасць, можа, і не здзівіш (хаця залежыць ад краіны). А вось лясны промысел, дзе тыя, хто даглядаюць борці, лічаць сябе не гаспадарамі пчол, а іх памагатымі, мае добрыя перспектывы.

Паступова з’яўляецца ўсё больш публікацый у такой цікавай галіне, як этнабатаніка. Даследчыкі сыходзяцца ў думцы, што практычныя веды маюць шчыльную сувязь з міфалагічнымі ўяўленнямі і “кніжнымі” звесткамі, атрыманымі пераважна з папулярных часопісаў і газет. Аднак, усё гэта складаецца ў цэласны комплекс, які надзвычай цікава вывучаць!

Алена ЛЯШКЕВІЧ,
супрацоўніца Цэнтра даследванняў беларускай
культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі

Фота аўтара