ПАЛАЖЭННЕ

№ 33 (851) 16.08.2008 - 22.08.2008 г

аб рэспубліканскім конкурсе на стварэнне твораў выяўленчага мастацтва, прысвечаным 65-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў

1. Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь сумесна з грамадскім аб’яднаннем “Беларускі саюз мастакоў” у 2008 годзе праводзіць рэспубліканскі конкурс на стварэнне твораў выяўленчага мастацтва, прысвечаны 65-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
2. У якасці галоўнага накірунку дзяржаўнага заказу з’яўляецца адлюстраванне подзвігу беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, пабудовы суверэннай дзяржавы, дасягненняў у эканоміцы і маральна-этычным фарміраванні грамадства.
3. Удзельнікі конкурсу прадстаўляюць сучасныя творы жывапісу, графікі, скульптуры, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў Рэспубліканскую мастацкую галерэю “Палац мастацтва” Беларускага саюза мастакоў (Мінск, вул. Казлова, 3).
4. Конкурс праводзіцца ў два этапы. Першы этап праводзіцца ў тэрмін з 15 красавіка па 15 верасня 2008 года.
На першым этапе праводзіцца падрыхтоўка эскізных прапаноў, якія адпавядаюць тэматыцы конкурсу.
Экспертная камісія 16 верасня 2008 года праводзіць разгляд эскізаў і па выніках прапануе 20 — 25 аўтараў для ажыццяўлення дзяржзаказу на стварэнне твораў да выстаўкі.
Другі этап конкурсу праводзіцца з 20 верасня 2008 года па 25 чэрвеня 2009 года. На другім этапе ажыццяўляецца стварэнне аўтарамі твораў па зацверджаных Экспертнай камісіяй эскізах.
5. Завершаныя творы ўдзельнікаў конкурсу 26 чэрвеня 2009 года разглядаюцца Экспертнай камісіяй па выяўленчым і дэкаратыўна-прыкладным мастацтве пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь.
Лепшыя работы ўдзельнікаў конкурсу ўключаюцца ў экспазіцыю рэспубліканскай выстаўкі, прысвечанай святкаванню 65-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Дню Незалежнасці Беларусі.
Экспертнай камісіяй вызначаюцца пераможцы конкурсу, якім прадугледжваюцца прэміі:
першая прэмія — 2,5 млн. руб.;
другая прэмія — 1,5 млн. руб.;
трэцяя прэмія — 1,0 млн. руб.
Творы пераможцаў конкурсу набываюцца ў фонды музеяў сталіцы пасля экспанавання на выстаўцы.
6. Выплата прэмій пераможцам конкурсу адбываецца за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, прадугледжаных Міністэрству культуры Рэспублікі Беларусь на цэнтралізаваныя мерапрыемствы.
7. Творы ўдзельнікаў конкурсу, выкананыя па дзяржзаказе, а таксама лепшыя творы ўдзельнікаў рэспубліканскай выстаўкі згодна з ацэнкамі Экспертнай камісіі па выяўленчым і дэкаратыўна-прыкладным мастацтве набываюцца ў музейныя фонды і для дзяржаўных устаноў рэспублікі.