Лета ля ратушы: у віхуры несупыннага фэсту

№ 21 (1408) 25.05.2019 - 31.05.2019 г

Эка-дворык, квэст, конкурсы, швітнес-фітнэс, аўтамабільная зона, пляцоўка віртуальнай рэальнасці, Міжнародныя спаборніцтвы Клуба аператараў дарожна-будаўнічай тэхнікі, б’юці зона, гастранамічны тэатр… І вялікі канцэрт, на якім выступіць зорка шведскай эстрады, пераможца “Еўрабачання — 2012” Ларын (Loreen). 1 чэрвеня ў любімым мінчанамі і гасцямі сталіцы Верхнім горадзе адбудзецца Дзень Швецыі, які ў поўную моц распачне летні музычна-турыстычны сезон.

/i/content/pi/cult/746/16179/3.JPGУжо сёння з яго раскладам можна пазнаёміцца на сайце Мінгарвыканкама. Так, у чэрвені нас чакаюць свята рускай, польскай і брытанскай культуры, старт праекта “Джазавыя вечары з банкам БелВЭБ” і вялікая канцэртная праграма ў рамках ІІ Еўрапейскіх гульняў.

— У ёй будуць задзейнічаны брэндавыя калектывы, лепшыя музычныя сілы краіны, — дадае мастацкі кіраўнік канцэртнай залы “Верхні горад” Алена Радзіёнава. — Нароўні з мэтрамі прыцягваем і таленавітую моладзь. Дакладная праграма пакуль яшчэ ўдакладняецца.

У чэрвені ўсе ахвотныя таксама змогуць паглядзець кіно open air. “Паказы, якія сталі традыцыйным праектам мінскага “Кінавідэапраката”, ужо распачаліся ў дворыку гатэля “Манастырскі” па вуліцы Кірылы і Мяфодзія”, — удакладняе мастацкі кіраўнік канцэртнай залы.

Не сумна будзе і на вуліцах Рэвалюцыйнай і Камсамольскай — з 1 чэрвеня ў дзённы час там распачынаюцца Аркестравыя сіесты, а ўвечары будзе ладзіцца праект “No stage / Без сцены”, у рамках якога чакаюцца выступленні розных тэатральных калектываў.

Ліпень зменіць джазавыя рытмы на плошчы Свабоды на “Класіку ў ратушы з velcom|A1”. Працягнуць радаваць еўрапейскай культурай італьянскія дні. Апошні летні месяц літаральна “абрынецца” вялікім парадам. Свята карэйскай, эстонскай, украінскай, армянскай культуры, грузінскі фестываль “Тбілісоба” — кожны ўікэнд мінчан чакае штосьці цікавае.

“Не збавіць абаротаў” і верасень: свае музычныя і кулінарныя традыцыі прэзентуюць на адмысловых мерапрыемствах азербайджане, малдаване, яўрэі, грэкі, кітайцы… Ды яшчэ не забудзьцеся на Свята горада Мінска, якое абяцае вялікую праграму 14 верасня.

Не ведаем, як яно складзецца з надвор’ем, але, як бачым, музычна-турыстычны сезон у кожным разе абяцае быць гарачым!

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"