Вёска будучыні і яе будні

№ 20 (1407) 18.05.2019 - 25.05.2019 г

Гэты аграгарадок стаў у Брэсцкай вобласці флагманам праекта развіцця сельскай мясцовасці “Вёска будучыні”, які прадугледжвае спалучэнне ўсіх выгод гарадской інфраструктуры з захаваннем традыцыйнага ладу жыцця. У Астрамечава ён пачаў фарміравацца больш за 500 гадоў таму, як мінімум з 1516-га, калі гэты населены пункт быў упершыню згаданы ў пісьмовых крыніцах. І ўжо ў хуткім часе ў вёсцы з’явіліся і першыя яе агмені культуры. Як мяркуюць навукоўцы, менавіта адтуль насамрэч паходзіць знакаміты “Полацкі сшытак”! А ўжо ў 1905 годзе там адкрылася адна з першых у нашым краі сельскіх публічных бібліятэк. Карацей, традыцыі багатыя. Але наша гутарка, як і заведзена — пра цяпершчыну.

/i/content/pi/cult/745/16173/17.JPGБез пераемнасці ніяк

Мабыць, невыпадкова на будынку, у якім размяшчаецца сельскі Дом культуры, не змянілі старую пачэсную шыльду — Палац культуры. Самавітыя яго памеры цалкам адпавядаюць той працы, якая ідзе ў гэтай установе, чый фасад патанае ў зеляніне — што адразу адлюстроўваецца на настроі.

— У нас наогул усё вялікае, — усміхаецца дырэктар СДК Людміла Мельнік. — Дом культуры наш — самы вялікі з сельскіх устаноў такога тыпу ў Брэсцкім раёне. Глядзельная зала разлічана на пяцьсот з гакам месцаў, у канферэнц-зале іх сто. У будынку працуе Дзіцячая школа мастацтваў, сельская бібліятэка, раённы Дом рамёстваў, Цэнтр падтрымкі ініцыятыў жанчын “Спадарыня Прыбужжа”, чыя дзейнасць накіравана на захаванне і папулярызацыю традыцыйных рамёстваў. І практычна ўсе мерапрыемствы, якія закранаюць сферу культуры, мы праводзім разам. Дапамагае ў іх арганізацыі і агульнаадукацыйная школа, і, вядома, наш партнёр — адна з вядучых сельскагаспадарчых арганізацый Брэсцкай вобласці ААТ “Астрамечава”.

За размовай Людміла Мікалаеўна праводзіць для мяне экскурсію па імправізаванай карціннай галерэі, якая таксама размешчана ў СДК, і тлумачыць, што гэта спадчына аднаго з пленэраў вядучых жывапісцаў Берасцейшчыны, які некалі праходзіў у аграгарадку. Ад прыгожага мы з маёй спадарожніцай пераходзім да актуальнага.

— Тое, наколькі паспяховым будзе праца і СДК, і іншых устаноў культуры нашага аграгарадка, шмат у чым залежыць ад моладзі, — кажа яна. — Ад тых маладых людзей, якія арганізуюць саму працу, ходзяць у гурткі, па кнігі, наведваюць імпрэзы. Не пойдзе моладзь у культуру як яе стваральнік і спажывец — не стане і самой культуры. Захаваць пераемнасць пакаленняў — адна з галоўных задач у нашай дзейнасці. Прагнем прыцягнуць новыя кадры — маладых, амбіцыйных, таленавітых людзей. А пойдуць яны да нас толькі тады, калі будуць ведаць, што тут праца наладжана “ад і да”. Тое ж самае і з гледачом, і з гурткамі: калі людзі сярэдняга і старэйшага ўзросту знойдуць у нашых сценах нешта для сябе, калі маладыя ўбачаць, што з сучаснасцю мы сябруем, то і зала будзе поўная, і дзейнасць творчых калектываў прадуктыўная.

Пры гэтым Людміла Мельнік не хавае, што ёй хацелася б большай наведвальнасці СДК, напаўняльнасці яго гурткоў ды іх разнастайнасці. Сёння ў СДК 17 фарміраванняў. Да базавых дырэктар адносіць народны ансамбль музыкі і песні “Астрамечаўскія Лявоны”, мастацкім кіраўніком якога з’яўляецца заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Фёдар Мазоль. Вылучае мая суразмоўніца таксама аматарскае аб’яднанне кветкаводаў і дзіцячую вакальную групу “Смайл”, якой акурат і кіруе малады спецыяліст — Вераніка Мікіціч.

Па словах дырэктара, дзяцей і моладзь да 20 гадоў “прывабіць” у СДК лягчэй, чым людзей сярэдняга ўзросту, якія наведваюць, у асноўным, аматарскія фарміраванні і асобныя канцэрты. Найбольшай папулярнасцю сярод апошніх карыстаюцца традыцыйныя студзеньскія імпрэзы, калі на сцэне Дома культуры збіраюцца розныя творчыя калектывы з усёй Берасцейшчыны, каб
прадэманстраваць сваё мастацтва ў рамках нейкіх тэматычных пастановак. Заўсёды ахвотна жыхары аграгарадка адгукаюцца і на абрадавыя імпрэзы, якім спадарыня Мельнік з калегамі надае асаблівую ўвагу. Таксама ў Астрамечава “круцяць” фільмы — з дапамогай самага сучаснага стацыянарнага абсталявання. І глядач, нягледзячы на серыялы і інтэрнэт, збіраецца — тым больш, што навінкамі сусветнага кінематографа ўстанова не пакрыўджаная.

/i/content/pi/cult/745/16173/18.JPG— Калі ў мяне і баліць за нешта галава, то па-добраму, — зноў усміхаецца дырэктар. — Напрыклад, калі мы рыхтуем буйное, адказнае мерапрыемства — не спіш начамі, усё думаеш, як зрабіць яго лепш. Ну а тое, што ўсяму будынку Дома культуры патрабуецца рамонт, дык у планах ён ёсць. І ўжо ідзе — нешта фарбуецца, мяняецца. Проста хочацца, каб ён адбыўся хутчэй. З апаратурай у нас усё нармальна. Але таксама хочацца, каб яна была яшчэ лепш і часцей бы абнаўлялася. А турбуе мяне тое, што да традыцыйных рамёстваў, да народнай музыкі цікавасць у маладых людзей падае. І вось з гэтай нагоды галава сапраўды баліць. Мы ў сябе ў Доме культуры ўвесь час думаем, як бы павярнуць моладзь у гэты бок.

Кніга пад каву

Бібліятэка ў Астрамечава, як я ўжо казаў, лічыцца адной з найстарэйшых у Беларусі. Яна двойчы заваёўвала першае месца ў Рэспубліканскім конкурсе “Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры”. Узначальвае ўстанову Тамара Лашчэўская, якая ў гэтай прафесіі без малога 30 гадоў.

Пры СБ працуюць некалькі аб’яднанняў. “Залаты ўзрост” мая суразмоўніца вылучыла сярод іх асобна. Пенсіянеры двойчы на месяц ладзяць бібліяпасядзелкі, сустрэчы з пісьменнікамі, літаратурныя гасцёўні... Абменьваюцца рэцэптамі страў і тут жа ладзяць іх дэгустацыю. І, вядома, абмяркоўваюць прачытаныя кнігі. А для ўнукаў і ўнучак “залатых узростам” летась дэбютавала бібліякавярня, прычым яе наведвальнікі чыталі ўслых менавіта класіку.

Магістральны напрамак у працы бібліятэкі — краязнаўства.

— Абвяшчэнне Года малой радзімы надало дадатковы імпульс у краязнаўчай дзейнасці ўстановы, — распавядае Тамара Ануфрыеўна. — Столькі мерапрыемстваў праходзіць у нас, прысвечаных родным мясцінам, што мы ўжо з ліку збіліся! Вядома, працягвае папаўняцца летапіс Астрамечава — кожны год адкрываюцца дагэтуль невядомыя старонкі ў нашай 500-гадовай гісторыі, знаходзяцца новыя матэрыялы, датычныя яе падзей і асобаў, якія жылі на гэтых землях.

Самая актыўная аўдыторыя бібліятэкі — дзеці. Дашкольнікаў прыводзяць у яе мамы з татамі і бабулі з дзядулямі. Акрамя ўсяго іншага, для малечы тут ёсць добрая падборка перыядычных выданняў. У трэцякласнікаў найперш у пашане “казкі і аповеды”.

— Школьнікі старэйшых класаў бяруць праграмную літаратуру — тое, што яны праходзяць на ўроках, — гаворыць Тамара Лашчэўская. — На жаль, нешта іншае яны чытаюць мала. Не так шмат чытачоў і сярод 20 — 30-гадовых, а вось сярод тых, каму за сорак, кніга і перыёдыка зноў пачынаюць карыстацца попытам.

Улетку для бібліятэкі ў прыярытэце праца з дзецьмі прыезджымі, прычым большая частка мерапрыемстваў праходзіць пад адкрытым небам — як, да прыкладу, “Літаратурная паляна”, калі сярод бярозак выстаўляюцца сталы з кнігамі і часопісамі, каб ахвотныя маглі падабраць нешта сабе даспадобы. А сам працэс выбару суправаджаецца тэатралізаваным прадстаўленнем з удзелам артыстаў СДК.

— Хацелася б, каб нас больш забяспечвалі актуальнай папулярнай літаратурай, так званым “чытвом”, — кажа загадчыца. — А вось з навінкамі дзіцячай літаратуры, прычым шыкоўна аздобленай, у апошнія гады ўсё наладзілася — бо раней у нас ужо такія старыя выданні былі. Хочацца, каб да нас часцей прыязджалі пісьменнікі — ведаю дакладна, што ў людзей ёсць патрэба ў сустрэчах з тымі, чые творы яны чытаюць. І чытаюць з задавальненнем: вунь, за кнігамі Батраковай нават чарга выстраілася!

На “сваім” месцы

А ў Брэсцкім раённым доме рамёстваў, што базуецца ў Астрамечава, я пазнаёміўся з маладым метадыстам Фёдарам Мартыновічам. Ён правёў мяне па кампактнай выставачнай зале ўстановы, падзеленай на зоны. У адной з іх праходзіла чарговая здымная выстава — ручнікоў. Мяняюцца экспазіцыі па некалькі разоў за квартал. У іншай частцы залы размясціліся вырабы з саломкі, ганчарства, разьба па дрэве. Адзін з кутоў аддалі пад начынне сялянскай хаты, а на стэндзе ля ўваходу ў БРДР можна ўбачыць нумары краязнаўчага гісторыка-культурнага альманаха “Астрамечаўскі рукапіс”.

— Фёдар Аляксандравіч, — запытаў я, вытрымаўшы паўзу. — Скончыце вы адпрацоўваць размеркаванне — ці затрымаецеся тут?

— Калі прапануюць застацца, падоўжыць кантракт, застануся, — амаль не задумваючыся адказаў візаві. — Мне па душы гэтая праца. Падабаецца арганізоўваць мерапрыемствы, падабаецца працаваць з майстрамі. Ды і з пункту гледжання гісторыка гэтая тэрыторыя — месца, дзе можна пакапацца ў пошуках чаго-небудзь цікавага.

Бесстароннім рэцэнзентам культурнага жыцця Астрамечава стаў менавіта метадыст Дома рамёстваў.

Каментарый Фёдара МАРТЫНОВІЧА:

— Паколькі я жыву ў Брэсце, то на тутэйшых культурных імпрэзах бываю не так і часта. Аднак да арганізацыі некаторых усё ж такі маю сякое-такое дачыненне. У цэлым, з культурным жыццём аграгарадка ўсё ідзе на добрым узроўні, але магло б быць лепш, цікавей. Тут ёсць таленавітыя людзі, патэнцыял якіх у сферы арганізацыі вольнага часу раскрыты не да канца, а ўмовы для рэалізацыі іх ідэй ёсць — у тым жа Доме культуры.

У Астрамечава жыве каля дзвюх тысяч чалавек. Хтосьці з’язджае, бо ААТ не ўсіх можа забяспечыць працай, але адначасова з’яўляюцца і новыя дамы, прычым шмат. Разам з сучасным жытлом, растуць, вядома, і духоўныя патрэбы жыхароў аграгарадка. Ці забяспечваюць іх тутэйшыя ўстановы культуры? Паводле маіх уражанняў, адказ тут станоўчы. Жыццё ў іх б’ецца ў нармальным рытме. Ну а тое, што падтрымліваць яго — задача і маладога пакалення, дык гэта натуральна. Тым больш, рэсурсы для прымянення яго ідэй у Астрамечава ёсць у дастатку. Дык няхай адно з іншым і зрастаецца!

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"