Успамін пра тое, што было. Ці не было?

№ 20 (1407) 18.05.2019 - 25.05.2019 г

У Беларускім тэатры “Лялька” адбылася прэм’ера спектакля “Мастак. Вяртанне ў Віцебск”. Новая пастаноўка Віктара Клімчука вызначаецца жанравай неадназначнасцю. Зрэшты, калі ўзяць пад увагу тое, што яна прысвечаная Марку Шагалу — мастаку, у працах якога побытавая рэальнасць увесь час перацякае ў фантастычна-казачную — такая неакрэсленасць падаецца цалкам натуральнай.

/i/content/pi/cult/745/16169/13.jpgСпектакль-біяграфія? Магчыма — бо дзеянне рухаецца паслядоўна, па вызначаных этапах: маленства, сям’я, самавызначэнне, вучоба ў Пэна, знаёмства з Бэлай, Пецярбург, Парыж, вяртанне ў Віцебск, жаніцьба, вайна, рэвалюцыя, канчатковы ад’езд за мяжу. Дзякуючы спектаклю нават самы неабазнаны глядач атрымае ўяўленне пра асноўныя вехі першай траціны жыцця Марка Шагала.

Імправізацыя на тэму творчасці? Не выключана, бо сюжэт выразна падзелены на асобныя эпізоды ды яшчэ аздоблены неаднаразовай зменай “жывых карцін”. Пастаноўка шчодра прыпраўленая і праекцыяй вобразаў, якія тэматычна перагукаюцца з шагалаўскімі, пры гэтым імі не з’яўляючыся — яны павольна праплываюць па-над галовамі, нібы творчыя задумы мастака, якія так і не ўвасобіліся на палатне. Увогуле, сцэнаграфія Соф’і Шахноўскай дзіўным чынам змяшчае ў сабе не толькі вобразную сістэму Шагала — тут згадваецца і рэалізм Пэна, і супрэматызм Малевіча, і адметная беларуская графічнасць. Строгі чорна-белы малюнак раптам у адно імгненне расквечваецца яркімі сполахамі святла, дазваляючы эмоцыям выплеснуцца праз рухі і галасы артыстаў наперад, да гледача — і зноў адступіцца, схавацца ў лёгкай смузе, якая пануе над сцэнай.

Фантасмагорыя? Цалкам верагодна, бо рухомае кола сцэнаграфічных пераўтварэнняў “рама — халсціна — люстэрка — сцяна — дзверы — рама” лёгка нараджае відавочныя і прыхаваныя парадоксы, паміж якімі акцёры і лялькі то ажываюць, то ператвараюцца ў рухомыя ці нерухомыя знакі-сімвалы.

Абранае Віктарам Клімчуком жанравае вызначэнне “рэмінісцэнцыі pro domo sua” (што можна інтэрпрэтаваць як “успаміны на карысць самога сябе” або “згадкі ў абарону свайго дома”) дазволіла рэжысёру змясціць прастору пастаноўкі ў міжчасавае вымярэнне, калі творца пазірае на падзеі мінулага і з вышыні чалавека паважанага ўзросту, і з пазіцыі ўражлівага хлапчука. Пры гэтым актыўнай дзейнай асобай спектакля з’яўляецца Віцебск — ці, верагодней, яго фантом, які выплывае з памяці Мастака. Выканаўца галоўнай ролі Юрый Франкоў, які цягам усяго спектакля вядзе трапяткі ўсхваляваны дыялог са шматаблічным гарадскім асяроддзем, паспявае і адстойваць сваё права на ўласны шлях, і выступаць у супярэчлівай іпастасі адваката роднага горада, спрэчку з якім сам жа і распачынае.

Фармальна сюжэт абмяжоўваецца “віцебскім” перыядам жыцця, але артыст знаходзіцца па-над сітуацыяй і адначасова бачыць і мінулае, і будучыню. Так згадка пра першую сустрэчу з каханай азмрочваецца веданнем пра дачаснае вечнае развітанне. А за расповедам пра Першую сусветную вайну відавочна праглядаецца полымя і Другой сусветнай — той, што амаль дашчэнту знішчыць родны горад Мастака.

Адным са стрыжнёвых вобразаў спектакля з’яўляецца Маці (Вольга Маханькова). Яна ўвесь час знаходзіцца ў стане трывожнай няўпэўненасці, вагаючыся паміж жаданнем адгаварыць сына ісці “не туды” і імкненнем падтрымаць яго на гэтым шляху. Праз такое падваенне актрыса нібы пазначае стаўленне сённяшняга Віцебска да Шагала — памятаем, ушаноўваем, ды пры гэтым увесь час сумняваемся: а ці так ён маляваў, як “трэба” было?

Бэла ў выкананні Марыны Марозавай выглядае і пяшчотна-далікатнай, і рашучай, валявой, надзеленай містычным адчуваннем будучыні. Яна прыносіць свайму каханаму крылы, яна ж у патрэбны момант і адрывае яго ад Віцебска — ратуючы ад бяды і ўтрымліваючы на абраным шляху.

Выразнай адметнасцю пастаноўкі можна лічыць асаблівую зладжанасць працы артыстаў, якія, злучыўшыся ў адзіную супольнасць, то перамяшчаюцца з рэальнасці ў іншасвет і адтуль зноў у рэальнасць, то рассыпаюцца на яркія індывідуальныя вобразы. Раптам з грамады, якая дыхае ва ўнісон, выходзіць праз рухомыя рамы-люстэркі клышаногі хітрун дзядзька Нэх (Алег Франкоў), вылятае ашаламляльна спрытны і імклівы дзядзька Зюся (Сяргей Талкач), выплываюць грацыёзная Гуця (Вольга Лазебная) і наіўная Шая (Наталля Гайдук). А потым яны зноў гуртуюцца ў грамаду — то насцярожаных віцяблянаў, то фасоністых пецярбуржцаў, то легкаважкіх парыжанаў.

Гараджане, вучні, мастакі, рэвалюцыйныя рабочыя — кожная трансфармацыя падмацоўваецца дакладнымі і выразнымі танцавальна-пластычнымі эцюдамі, створанымі пад кіраўніцтвам харэографа Дзіяны Юрчанка. Найбольш уражваюць сцэна нямога рэвалюцыйнага крыку і выяўленне сутнасці “новага мастацтва” праз тэатральную біямеханіку.

Эмацыйная атмасфернасць, уласцівая творам Віктара Клімчука, у спектаклі “Мастак. Вяртанне ў Віцебск” дасягаецца сугуччам музыкі, зменлівага візуальнага шэрагу і дакладнай акцёрскай працы. Дзеянне то запавольваецца ў рапідзе, то паспешліва імкне да развязкі, то спыняецца для ціхай малітвы. Жанравых замалёвак местачковага яўрэйства і побытавага гумару тут параўнальна няшмат. Агульны настрой хутчэй лірычна-ўзнёслы. Так што канфлікт паміж Мастаком і Горадам, месцамі абвостраны да трагедыйнага гучання, вырашаецца pro domo sua — у абарону і Шагала, і Віцебска адначасова.

Сабіна РАДЗЬКО

Фота Вячаслава ШАЙНУРАВА