Шоу ў музейным дворыку

№ 20 (1407) 18.05.2019 - 25.05.2019 г

Як пройдзе “Ноч музеяў” у розных рэгіёнах Беларусі
Паводле інфармацыі Міністэрства культуры Беларусі, у акцыі сёлета возьмуць удзел больш за 100 дзяржаўных устаноў краіны. Некаторыя — ужо ў 14 раз. Сваю праграму да акцыі падрыхтавалі не толькі музеі. Дыяпазон удзельнікаў сёлета вельмі размаіты — Нацыянальная бібліятэка Беларусі, прыватныя галерэі, установы адукацыі і нават тэматычны рэстаран у савецкім рэтра-стылі! Так што, як бачым, імпрэза год ад года пашырае свае межы.

/i/content/pi/cult/745/16167/7.jpgПра некаторыя, найбольш адметныя імпрэзы як ад сталічных, так і ад раённых музеяў Беларусі, “К” вырашыла расказаць у нашым традыцыйным аглядзе. Натуральна, выбар і адбор быў цалкам суб’ектыўным, і заснаваны ён на асабістых уражаннях і ўяўленнях журналіста пра незвычайнае і новае. Таму калі ў кагосьці з нашых чытачоў ёсць жаданне расказаць пра сваю адметную музейную ноч, не згаданую ў нашым аглядзе, мы з нецярплівасцю чакаем вашых лістоў.

Мода пад музыку

Сёння ў сталічных музеях будзе, што называецца, не прайсці і не праехаць. Кажу гэта з упэўненасцю, бо сам бачыў на ранейшых акцыях “Ночы музеяў” не раўнуючы натоўпы людзей. І зразумела, чаму гэтак адбываецца: музейшчыкі імкнуцца ў гэты дзень здзівіць сваіх наведвальнікаў нечым незвычайным і арыгінальным.

Скажам, калі вы думаеце, што гурты “Палац” і “Стары Ольса” выступаюць толькі на канцэртах, дык вельмі здзівіцеся, пабачыўшы іх на ганку Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы. Сёлетняя “Ноч музеяў” пройдзе там з размахам: як-ніяк, 75-гадовы юбілей установы падобнай маштабнасці і ўзнёсласці патрабуе без варыянтаў.

Як абяцаюць арганізатары, кожны 75-ты наведвальнік атрымае падарунак ад “імянінніка” і знойдзе сваю — адну з 75 — прычыну любіць музей Янкі Купалы. Дадам, што толькі ў гэтую ноч фонды музея адкрыюць свае скарбы і прадставяць 75 унікальных прадметаў з цікавай гісторыяй! Так што ў купалаўцаў сёння сумаваць не давядзецца.

Выступяць артысты гэтым вечарам і ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа. Тут 18 мая можна будзе паглядзець канцэртную праграму з удзелам былога саліста дзяржаўнага ансамбля “Песняры” Валерыя Скаражонка, а таксама выступленні народных і інструментальных калектываў ды артыстаў Новага драматычнага тэатра. Так што спеўна-артыстычныя праграмы сёлета стануць сапраўднымі “фішкамі” шэрагу музеяў беларускай сталіцы.

/i/content/pi/cult/745/16167/8.JPGСвае цікавосткі чакаюцца і ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь, які вырашыў акунуцца ў модны маладзёжны трэнд і прадставіць праграму “МОД НАЙТ”. Прысвечана яна, натуральна, модзе і ўсім яе складнікам. Наведвальнікі змогуць пабачыць у музейным дворыку паказ калекцый адзення ад маладых беларускіх дызайнераў, а таксама паўдзельнічаць у гістарычных квэстах, прысвечаных модзе. Выступленне Сяргея Пукста і гуртоў Nite Nite Nite ды BarRokka, а таксама дзясятак розных імпрэз, падрыхтаваных музейшчыкамі, задаволяць густы любога, нават самага патрабавальнага, наведвальніка.

Дыназаўры, маманты і Бэнксі

“Запаляць” на Ноч музеяў і ў рэгіёнах. Скажам, у Шклоўскім раённым гісторыка-краязнаўчым музеі 20 мая плануюць зладзіць вандроўку ў краіну “Дыназаўрыю”. Кожны ахвотны зможа паўдзельнічаць у інтэлектуальнай гульні “Парк Юрскага перыяду”, а таксама прадставіць на суд гледачоў малюнак у “пячорным” стылі.

А вось Магілёўскі абласны краязнаўчы музей імя Еўдакіма Раманава Ноч музеяў зладзіў яшчэ ўчора, 17 мая. Наведвальнікі экспазіцыі “Археалогія і старажытная гісторыя Магілёўшчыны” кідалі абручы на біўні маманта, рыхтавалі і дэгуставалі старадаўні напой “Бадзёры вечар” (дакладная рэцэптура не раскрываецца), маглі адчуць сябе кшталту неандэртальцамі, вырабляючы крэмніевыя прылады працы і спрабавалі адшукаць артэфакты ў стылізаваным археалагічным раскопе-пясочніцы. Такім чынам музейшчыкі нагадалі жыхарам і гасцям абласнога цэнтра, што першыя раскопкі ў Магілёве былі праведзены ажно 200 гадоў таму. А яшчэ былі віктарыны, мультымедыйныя праекты, гульні і экскурсіі ды шмат іншых цікавостак.

17 мая прайшла Ноч музеяў і ў Віцебску. Так, абласны краязнаўчы ўпершыню прадставіў наведвальнікам выставу “100 рарытэтаў да 100-годдзя музея”. А раённы гісторыка-краязнаўчы ў гэты ж дзень завабліваў сваіх гасцей усімі гранямі індукцыі і дэдукцыі, адкрыўшы ва ўстанове Школу дэтэктываў, а таксама зладзіўшы квэст-экскурсію “Метады Шэрлака Холмса” ды арганізаваўшы фотазону “Бэйкер-стрыт 221Б”. Так што на радзіму славутага сышчыка можна сёлета беларусам не ездзіць.

Музей Беларускага Палесся ў Пінску хоць і не завёў старадаўні трактар, які стаіць каля ўстановы культуры, але ўпершыню на Ноч музеяў зладзіў сапраўдную дыскатэку каля сцен калегіума езуітаў. А Брэсцкі мастацкі музей (філіял абласнога краязнаўчага) заінтрыгаваў наведвальнікаў абмежаваннем узросту — 16+. Увечары 17 мая там можна было ўбачыць выставу работ сучасных мастакоў — удзельнікаў нашумелага праекта па матывах “Бэнксі. Англійскі стрыт-арт”. Як і абяцалі арганізатары, тут жа можна было прадставіць сябе ў ролі мастака-аэрографа і адчуць усе цікавосткі боды-арту. Здаецца, такога ў Брэсце яшчэ не было.

Напярэдадні 100-гадовага юбілею музей Гомельскага палацава-паркавага ансамбля падрыхтаваў гранд-сюрпрыз усім сваім наведвальнікам. Сёння, 18 мая, 100 музейных гісторый будуць чакаць гасцей у кожнай зале ўстановы, у кожным творы мастацтва. Таксама будзе бэзавы баль, сальса, стыльныя майстар-класы, выставачныя праекты, ток-шоу, тэатральныя паказы і нават паляванне на дыназаўраў (сапраўдных ці не — рэкламныя анонсы не памедамляюць). Дарэчы, толькі ў гэтую ноч для наведвальнікаў расчыніць дзверы вежа палаца.

У сувязі з тым, што сёлета адзначаецца 70-годдзе Кітайскай Народнай Рэспублікі, Музей гісторыі горада Гомеля вырашыў прысвяціць сваю акцыю, якая прайшла 17 мая, культуры і традыцыям Кітая і Беларусі. Гледачы пабачылі выставу фотаздымкаў Міхаіла Пяньеўскага “Падарожжы па Кітаі” і нават выступленне майстроў ушу, паўдзельнічалі ў майстар-класах па каліграфіі. А яшчэ былі модныя паказы адзення ў беларускіх нацыянальных традыцыях, канцэрт этнакалектываў ды многае іншае.

Мерапрыемствы ў Замкавым комплексе “Мір” пачнуцца 18 мая апоўдні з батлеечнага прадстаўлення “Ад Рыма да Міра” — гэтакай мастацкай фантазіі на тэму знаёмства князя Мікалая Радзівіла Сіроткі і італьянскага архітэктара Яна Марыя Бернардоні. А ў 16 гадзін ва ўнутраным дворыку замка студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў прадставяць тэатральную пастаноўку “Хрыстос прызямліўся ў Гародні” па знакамітым рамане Уладзіміра Караткевіча.

А Музей гісторыі рэлігіі Гродна галоўнай тэмай свята выбраў музыку. Вечарам у суботу тут пакажуць оперу “Чырвоны Каптурык” ад абласнога тэатра лялек. Затым — незвычайныя музычныя інструменты з калекцыі Ігара Адасіка: напрыклад, кахон, рык або бонга. Таксама “загучаць” і карціны: асобныя працы Аляксандра Рымарчыка прысвечаны музычным інструментам. Убачыць іх прапануюць у незвычайных абставінах: выхапленымі з цемры променем пражэктара.

Што ж, як бачна, “Ноч музеяў” выдатна дэманструе (ці не дэманструе) жыццяздольнасць таго ці іншага музея Беларусі. А таксама ўвачавідкі сведчыць, наколькі творчыя ў ім супрацоўнікі, наколькі яны зацікаўлены ў развіцці сваіх ідэй і крэатыўных задумак, наколькі яны адкрытыя да новага і якім уяўляюць музейнае будучае. І гэта, бадай, самае галоўнае.

/i/content/pi/cult/745/16167/9.JPGФотафакт
Зоі і горад

На сталічнай Плошчы Якуба Коласа 16 мая з’явіліся рэпрадукцыі твораў Зоі Літвінавай — з гэтай выставы пачаўся восьмы сезон вядомага праекта “Мастак і горад”. 10 ліпеня экспазіцыя зменіцца — там размесцяць работы Зоі Луцэвіч. Але ўжо сёння, 18 мая, з 14.00 да 20.00 яна праводзіць для ўсіх ахвотных майстар-класы па жывапісе. У 11.00 пачынаецца аўтарская экскурсія па выставе Зоі Літвінавай.

Фота Аксаны МАНЧУК

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"