Незабыўныя імгненні перамогі

№ 20 (1407) 18.05.2019 - 25.05.2019 г

Аркестр беларускіх народных інструментаў Лідскага дзяржаўнага музычнага каледжа пад кіраўніцтвам Галіны Пушкінай атрымаў найвышэйшую ўзнагароду — Гран-пры на прэстыжным Міжнародным фестывалі-конкурсе ў Неерпельце (Бельгія).

/i/content/pi/cult/745/16164/3.JPGПаездка стала магчымай дзякуючы Гранту Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на развіццё конкурсна-фестывальнага руху, які сёлета быў атрыманы каледжам. Грант быў дадзены з улікам ранейшых заслуг: гісторыя перамог аркестра пачынаецца з далёкага 1993 года і цягнецца па сённяшні дзень.

Еўрапейскі музычны маладзёжны фестываль-конкурс аркестравых калектываў праходзіў у 67-мы раз і сабраў рэкордную колькасць удзельнікаў — амаль тры з паловай тысячы музыкантаў з 29 краін! Усяго спаборнічалі 93 калектывы — і найлепшым сярод амаль сотні быў прызнаны народны аркестр з невялічкага горада Ліда! Ужо адна толькі гэта падзея сведчыць, што званне культурнай сталіцы Беларусі 2020 года, якое яму было нядаўна нададзена, ён даўно заслужыў.

Усе выступленні ўдзельнікаў ацэньвала кампетэнтнае міжнароднае журы. На конкурсе аркестр Лідскага музычнага каледжа выканаў праграму з пяці твораў, сярод якіх былі апрацоўкі Галіны Пушкінай сусветнай класікі і партытуры беларускіх кампазітараў: “Еўфрасіння” Генадзя Ермачэнкава і “Жалейка” Вячаслава Кузняцова. Аркестр таксама ўдзельнічаў ва ўрачыстым адкрыцці і заключным гала-канцэрце. Яго выступленні віталіся стоячы, што не зусім уласціва стрыманым еўрапейцам.

— Цяжка выявіць словамі, — падзялілася ўражаннямі мастацкі кіраўнік і дырыжор Галіна Пушкіна, — незабыўныя імгненні перамогі. Зразумець нас могуць хіба спартсмены-чэмпіёны! Мы адчулі гонар за нашу краіну, за наш горад, за наш музычны каледж і ўвогуле за ўсю нашу беларускую культуру. І адразу атрымалі ад арганізатараў запрашэнне на наступны фестываль. Уразіла старанная арганізацыя форуму, далікатнае і добразычлівае стаўленне да кожнага ўдзельніка. Паездка дала ўдзельнікам аркестра магчымасць не толькі прэзентаваць на міжнародным узроўні наша самабытнае мастацтва, але і пашырыць веды нашых навучэнцаў аб этнічным і культурным шматабліччы свету. Адчуць сябе часткай гэтага музычнага цэлага — і спазнаць радасць сумеснага выступлення і творчасці. Невыпадкова сёлетнім дэвізам фестывалю-конкурсу быў слоган “Ствараем музыку разам!”

Алена БАТУРА,
выкладчык Лідскага
дзяржаўнага музычнага каледжа, музыказнаўца