Не бойся марыць

№ 20 (1407) 18.05.2019 - 25.05.2019 г

Фінал “Еўрабачання” ў Тэль-Авіве пройдзе з удзелам беларускага канкурсанта, хаця па прагнозах букмекераў напярэдадні першага паўфіналу спявачка Зена не мела шансаў трапіць у заключную частку песеннага фестывалю. Але ж дэвіз сёлетняга конкурсу Dare to dream! І мара юнай беларускі збылася — дзякуючы ці то цуду, ці то таленту.

/i/content/pi/cult/745/16163/zena_opt.jpegТолькі шосты раз прадстаўнік Беларусі здолеў паспяхова прайсці праз паўфінальнае сіта. Летась папулярны ўкраінскі спявак Alekseev выступіў настолькі няўдала, што паставіў антырэкорд для нашай краіны на гэтым конкурсе — заняў 37-е месца і такім чынам забраў званне антырэкардсмена ў Паліны Смолавай з яе 36-м вынікам.

Дарэчы, Паліну неаднойчы згадвалі пры абмеркаванні сцэнічнага касцюма Зены — параўновалі так званыя шорты 2006 і 2019 гадоў і прадказвалі аднолькавыя вынікі. Сапраўды, можна знайсці нешта агульнае ў канцэпцыях конкурсных нумароў абедзвюх спявачак: рытмічная поп-песня, адносна модныя танцы, шорты-батфорты — і мінімум індывідуальнасці ды памкненне выглядаць як усе тыя, хто задае гэтую моду. Для “Еўрабачання” падобная схема не дзіва і карыстаюцца ёй нярэдка, але з розным поспехам.

У нас часта забываюцца, што букмекеры — не нейкія ўплывовыя і загадкавыя дзядзькі, а ўсяго толькі статыстыкі, якія фіксуюць меркаванні звычайных людзей. Аднак конкурс багаты на сюрпрызы, і звычайная ўдача на ім таксама мае значэнне. Удачай для Зены стала выступленне менавіта ў першым паўфінале, у якім амаль адсутнічалі фаварыты і моцныя канкурсанты — за выключэннем хіба што прадстаўнікоў Аўстраліі і Ісландыі.

Але чаму ж з такімі козырамі, якія ёсць у Зены, яна папярэдне трапіла ў спіс аўтсайдараў? Пагатоў, сентыментальная en masse публіка “Еўрабачання” часам за абаяльнасць юнацтва даруе многія хібы, а Зена — самая маладая ўдзельніца сёлетняга конкурсу. Да таго ж, у яе моцны і ўпэўнены вакал з прыгожым тэмбрам. І на гэта трэба было рабіць стаўку, трэба было гэта выкарыстоўваць. Ды, на жаль, у выніку конкурсная песня Like it не дала магчымасці паказаць вакальны талент, а сцэнічны вобраз моцна “дадаў” узросту. Думаю, гэта варта аднесці да асноўных пралікаў і ўпушчаных магчымасцяў.

І галоўныя прэтэнзіі, канешне, да песні. Створаная яна па лякалах поп-хітоў, якія пануюць у эфірах музычных тэлеканалаў. Імкненне да папулярнага стандарту можна толькі вітаць: у Беларусі амаль няма падобнай музыкі на якасным узроўні. Аднак умення рабіць такія хіты бракуе на ўсёй постсавецкай прасторы, і кампазіцыя Like it нагадвае сабраны з канструктара твор для аднаразовага прымянення. Ад яе патыхае ўчарашнім днём, другаснасцю і таннасцю.

Але ж калі для ўдзелу ў нацыянальным адборы не было часу падрыхтаваць якасную песню, то для самога “Еўрабачання” прадзюсару Віктару Дробышу варта было б паклапаціцца пра стварэнне годнай, “дарагой” і актуальнай кампазіцыі і гэткага ж сцэнічнага нумару. Аднак выглядае так, што праект “Зена на “Еўрабачанні” ўвасабляўся малымі сіламі і сродкамі, і, па вялікім рахунку, быў важны толькі самой канкурсантцы ды яе родным. А прадзюсар прыняў гэты факт як магчымасць трапіць у цэнтр увагі прэсы і раздаваць інтэрв’ю, нават не задумваючыся пра тое, каб неасцярожнымі выказваннямі не знізіць шанцы нашай артысткі на атрыманне добрых балаў.

А ці чулі мы пра праматуры Зены? Або пра нейкія гучныя піар акцыі для Еўропы?

Што тычыцца нумару і сцэнічнага іміджу, то яны не дапамаглі змяніць уражанне ад не самай цікавай песні. Зена выглядала на сцэне значна больш дарослай, чым яна ёсць. А вобраз “а-ля Брытні Спірс” са стандартнымі рухамі r’n’b кліпаў не адпавядае самой арганіцы спявачкі, хаваючы яе тэмперамент, куды больш вольны і раскаваны. Таму і выглядала гэта па-вучнёўску старанна — як быццам сэнс нумару толькі ў тым, каб на сцэне нешта рухалася.

Дык што ж здарылася ў паўфінале? А вось што. Насуперак усяму, Зена сваім талентам і юнай абаяльнасцю, якую да канца так і не ўдалося знівеляваць, сваім моцным і цікавым голасам, якому песня бадай у адным толькі месцы дазволіла вырвацца на волю, сваімі прафесійнымі ўпэўненымі паводзінамі сапраўднай артысткі пераламіла не самыя спрыяльныя для сябе настроі еўрапублікі і абышла як мінімум семярых сваіх канкурэнтаў. (Як галасавалі нацыянальныя журы і гледачы, мы зможам даведацца толькі пасля заканчэння “Еўрабачання”).

У фінале ж у нашай юнай Зены стаіць задача выступіць у сваё задавальненне і паказацца з найлепшага боку, каб пакінуць пра сябе як пра артыстку — якой бы ні была песня, пастаноўка або не зусім карэктныя выказванні — толькі цудоўныя ўспаміны.

Па ўсім відаць, што Зена прыйшла на сцэну, як кажуць, усур’ёз і надоўга, яна мае ўсе шансы стаць еўрапейскай і сусветнай зоркай. Дый нават конкурс “Еўрабачанне” ў яе жыцці можа быць яшчэ неаднойчы. Сёлета для Зены ён у любым выпадку склаўся ўдала. Але ж і памарыць пра высокае месца ў фінале таксама можна. Хаця сёлета “Еўрабачанне” вельмі моцнае па складзе, і на перамогу маецца шмат вельмі годных прэтэндэнтаў.

Зрэшты, сёння ўбачым, як яно будзе. А пакуль жа — шчыра пажадаем удачы сваёй канкурсантцы. Зена выступіць пад нумарам 19.