Новае святло “Светача”

№ 20 (1407) 18.05.2019 - 25.05.2019 г

17 мая пасля рамонту і грунтоўнай рэканструкцыі зноў адкрыў свае дзверы для кнігалюбаў Дом кнігі “Светач” у Мінску. Ва ўрачыстай імпрэзе з гэтай нагоды ўзялі ўдзел першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Максім Рыжанкоў, міністр інфармацыі краіны Аляксандр Карлюкевіч, старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец, іншыя афіцыйныя асобы, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і сродкаў масавай інфармацыі.

/i/content/pi/cult/745/16161/viber_image_2019-05-17_opt.jpegУ прывітальным слове Максім Рыжанкоў ахарактарызаваў падзею як сведчанне клопату дзяржавы пра стан нацыянальнай культуры і спрыянне ўмацаванню прэстыжу роднага слова. Аляксандр Карлюкевіч адзначыў тую акалічнасць, што адноўлены “Светач” мае цудоўную лагістыку, якая, безумоўна, будзе даспадобы і работнікам кнігарні, і аматарам друкаванага слова. Цяпер у “Светачы” ёсць і прэзентацыйная зала, якая, спадзяецца міністр, ніколі не будзе пуставаць, бо тут увесь час будуць ладзіцца прэм’еры кніжных навінак і сустрэчы з пісьменнікамі. Зала, як і кнігарня ўвогуле, стане цэнтрам для прапаганды мастацкага слова, а найперш — беларускага. На думку міністра, адкрыццё “Светачу” пасля рэканструкцыі — гэта цудоўны падарунак гораду напярэдадні Еўрапейскіх гульняў, тым больш што тут у асобным аддзеле прадстаўлена літаратура на спартыўную тэматыку.

Мікалай Чаргінец нагадаў, што нягледзячы на імклівае развіццё электронных камунікацыйных сродкаў, кніга была і застаецца неадменным чыннікам культурнай прасторы і неабходным атрыбутам паўнавартаснага грамадскага і прыватнага жыцця. Пісьменнік лічыць, што не будзе перабольшаннем назваць адноўлены “Светач” храмам Кнігі. І сапраўды, сёння гэта не толькі чыста функцыянальная прастора, як было раней, але і тэрыторыя творчага, эмацыйнага сумоўя, дзе па-сапраўднаму ўтульна ўсім, хто мае дачыненне да кнігі і культуры ўвогуле.

Пасля афіцыйнай часткі адбылася экскурсія па “Светачы”. Увага ўдзельнікаў імпрэзы была звернута на тое, што беларускай кнізе тут вызначана самае пачэснае месца. А новае інфармацыйнае абсталяванне дазволіць наведвальнікам Дома кнігі не толькі самастойна арыентавацца ў ягонай прасторы, знаходзячы кнігі канкрэтнай тэматыкі і аўтараў, але і быць у курсе культурных падзей, што адбываюцца ў нашай сталіцы.

Імпрэзу аздобіла выступленне артыстаў Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага. Яны прадставілі фрагмент спектакля па п’есе Васіля Дранько-Майсюка “Пясняр”, прысвечанай Уладзіміру Мулявіну. У прэзентацыйнай зале, што на другім паверсе, адбылася і першая імпрэза. Пісьменніца Наталля Батракова прадставіла грамадзе свой новы твор “Бясконцаcць кахання, бясконцасць смутку…”

Побач з залай — утульная кавярня, дзе можна адпачыць з кнігай у руках. Руку да стварэння новага аблічча “Светачу” — кнігарні хай-тэк прыклалі беларускія дызайнеры і вытворцы. І хоць скарыстаны пэўныя напрацоўкі ўніверсальнага міжнароднага стылю, новы “Светач” — цалкам нацыянальны культурны прадукт, які мае ўсе шанцы стаць брэндавым.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"