Бліжэй да роднай зямлі

№ 20 (1407) 18.05.2019 - 25.05.2019 г

Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь падвяло вынікі конкурсу на эскіз помніка Якубу Коласу ў Стоўбцах. Як паведаміў нашаму карэспандэнту старшыня секцыі скульптуры Беларускага саюза мастакоў Аляксандр Шапо, у творчым спаборніцтве ўзялі ўдзел 18 праектаў. Большасцю галасоў журы аддало перавагу прапанове творчага калектыву пад кіраўніцтвам народнага мастака Беларусі Івана Міско. Таксама адзначаны два іншыя праекты — Генадзя Лойкі і Уладзіміра Слабодчыкава.

/i/content/pi/cult/745/16160/kolas_opt.jpegПаводле завядзёнкі, можна было б абвясціць наступны тур сярод трох згаданых праектаў, але было вырашана гэтага не рабіць. Калектыву спадара Міско, у які ўваходзяць скульптары Сяргей Логвін і Уладзімір Піпін, архітэктары Уладзімір Архангельскі і Аляксандр Кабрусёў, даручана далейшая праца над помнікам.

На думку Аляксандра Шапо, сёння ёсць тэндэнцыя паскоранай працы над манументамі, у адрозненне ад савецкіх часоў, калі конкурсныя эпапеі маглі доўжыцца дзесяцігоддзямі. І пры належным фінансаванні, помнік у Стоўбцах у скверы на вуліцы Цэнтральнай можа з’явіцца даволі хутка. Спадар Аляксандр лічыць, што спаборніцтва было сумленным, і журы зрабіла правільны выбар.

Кіраўнік калектыву пераможцаў не хавае сваёй радасці — бо, па ягоных словах, канкурыраваць давялося з моцнымі супернікамі, якія прадставілі на конкурс вельмі цікавыя прапановы. Спадар Міско спадзяецца, што некаторыя з іх з часам будуць рэалізаваныя таксама, бо тэма Коласавай спадчыны неабсяжная, і знакі ўшанавання памяці Песняра будуць усталёўвацца і надалей. І не толькі ў нашай краіне.

Іван Міско бачыць Коласа паэтам “ад роднае зямлі” (паводле яго радкоў), таму і робіць помнік не на высокім пастаменце, а блізкім да глебы. Якуб Колас гартае рукапіс, і аркушы разлятаюцца як птушкі…

На мінскім помніку Коласу работы Заіра Азгура з’акцэнтавана ўвага на рамантызме паэзіі і сацыяльнасці прозы Песняра. Помнік, які мае паўстаць у Стоўбцах, паводле аўтарскай задумы, прадставіць Коласа як асобу, чыя творчасць непарыўна знітавана з родным краем, і нават канкрэтным месцам на карце Беларусі. Ведаючы творчы патэнцыял самога Івана Акімавіча і яго суаўтараў, можна не сумнявацца, што Стоўбцы атрымаюць аб’ект, які стане адным з сімвалаў горада.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"