Новы закон — для развіцця інфармацыйнай прасторы

№ 33 (851) 16.08.2008 - 22.08.2008 г

8 лютага 2009 года ўступіць у сілу новы Закон Рэспублікі Беларусь “Аб сродках масавай інфармацыі”. З нагоды яго прыняцця 13 жніўня ў Нацыянальным прэс-цэнтры першы намеснік міністра інфармацыі краіны Лілія Ананіч распавяла пра яго асаблівасці.

У прынятым законе асноўныя змены закранулі пытанні рэгістрацыі СМІ, адказнасці сродкаў масавай інфармацыі за парушэнне заканадаўства, прававога статусу суб’ектаў праваадносін у сферы СМІ. Пытанне рэгулявання распаўсюджвання інфармацыі праз Інтэрнет у законе не разглядаецца. “У законе няма ні слова аб тым, што ў Беларусі будуць рэгістраваць Інтэрнет”, — падкрэсліла першы намеснік міністра інфармацыі. Пры гэтым Лілія Ананіч адзначыла, што закон распаўсюдзіць сваё дзеянне на інтэрнет-версіі зарэгістраваных СМІ: патрабаванні да іх будуць такімі ж, як да папяровых ці электронных аналагаў. “Вы можаце размясціць на інтэрнет-сайце свайго выдання больш артыкулаў, фотаздымкаў, відэаролікаў, — гэта не забараняецца, аднак размешчаныя на серверы звесткі павінны быць дакладнымі, — падкрэсліла першы намеснік міністра інфармацыі. — А калі ў газеце напісана, што вось гэта — белае, а ў інтэрнет-версіі — чырвонае, то прэтэнзіі будуць”.
Карэкціроўкі ў законе ўзніклі і датычна замежнага фінансавання беларускіх СМІ. Так, у артыкуле, дзе разглядаюцца прычыны для адмовы ў дзяржаўнай рэгістрацыі, з’явіўся пункт “ускладанне функцый рэдакцыі сродку масавай інфармацыі на юрыдычную асобу (камерцыйную арганізацыю), у статутным фондзе якой доля замежных інвестыцый складае 30 і больш працэнтаў”, што азначае абмежаваныя магчымасці для замежных інвестараў пры заснаванні беларускіх СМІ. Аднак, як запэўніла Лілія Ананіч, гэтая норма закона аб 30-працэнтным абмежаванні не будзе распаўсюджвацца на ўжо зарэгістраваныя выданні.
Першы намеснік міністра інфармацыі адзначыла, што за апошнія гады “кардынальным чынам павысіўся ўзровень прававой культуры СМІ”.
“Калі мы возьмем статыстыку, дык у 2004 годзе Міністэрствам інфармацыі было вынесена 120 папярэджанняў, у 2007 — 86, а за сем месяцаў гэтага года — усяго 34… І па спыненні дзейнасці СМІ: у 2004 колькасць сродкаў масавай інфармацыі, дзейнасць якіх была спынена, раўнялася 25, у 2006 — 6, у 2007 — 3, а ў 2008 — 1”. Прыняты закон, па словах Ліліі Ананіч, устанавіў цалкам вычарпальны пералік прычын, па якіх СМІ можа быць вынесена пісьмовае папярэджанне і выпуск можа быць спынены. Пісьмовае папярэджанне выносіцца дзяржаўнымі органамі, калі выкананыя дзеянні супярэчаць патрабаванням закона, распаўсюджваецца недакладная інфармацыя, апублікаваныя звесткі знеслаўляюць гонар і годнасць Кіраўніка дзяржавы, фізічных або юрыдычных асоб.
Пры гэтым, у законе прапісана павелічэнне колькасці пісьмовых папярэджанняў, неабходных для спынення дзейнасці СМІ.
Згодна прынятаму закону, у Міністэрства інфармацыі з’явіцца памочнік — грамадскі каардынацыйны савет, які будзе складацца з прадстаўнікоў дзяржаўных органаў, грамадскіх аб’яднанняў, СМІ, іншых арганізацый.Рашэнні савета будуць насіць рэкамендацыйны характар, аднак, па словах першага намесніка міністра інфармацыі, гэта будзе той інструмент, які мусіць дапамагчы пры ўзнікненні найбольш вострых пытанняў.
Своеасаблівай інавацыяй закона стаў артыкул, што датычыцца захавання інфармацыйных паведамленняў і матэрыялаў: “Юрыдычная асоба, на якую ўскладзены функцыі рэдакцыі СМІ, абавязана захоўваць арыгіналы распаўсюджаных ёй інфармацыйных паведамленняў і (або) матэрыялаў на працягу года пасля іх распаўсюджвання”.
У цэлым прыняты Закон, звярнула ўвагу прысутных Лілія Ананіч, пацягне за сабой перарэгістрацыю ўсіх СМІ, якая павінна прайсці цягам будучага года. Падчас гэтай працэдуры, якая пройдзе без аплаты, усе супрацоўнікі беларускіх СМІ, незалежна ад іх формы ўласнасці, мусяць атрымаць ад Міністэрства інфармацыі пасведчанне адзінага ўзору. Гэта робіцца для таго, каб журналісты адчувалі сябе ўпэўнена ў любых сітуацыях.
На думку Ліліі Ананіч, “прыняты Закон “Аб сродках масавай інфармацыі” — добры закон, які адпавядае міжнародным стандартам і аніяк не пагаршае становішча журналістаў, не памяншае свабоду слова. У першую чаргу ён накіраваны на развіццё нацыянальнай інфармацыйнай прасторы, на тое, каб прафесійная дзейнасць журналістаў была максімальна камфортнай, каб чытачы і слухачы атрымлівалі аб’ектыўную інфармацыю аб працэсах, якія адбываюцца ў нашай краіне і за яе межамі”. 

Занатавала Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ