“Гульні” мастацкага ўяўлення

№ 20 (1407) 18.05.2019 - 25.05.2019 г

Сёння, у Міжнародны дзень музеяў, які традыцыйна пераходзіць у музейную ж Ноч, іх афішы мы праглядаем як ніколі часта ды прыдзірліва, шукаючы там нешта інтрыгоўнае. А для саміх музейшчыкаў гэта не толькі свята, але і час X, калі ажыццяўляюцца самыя смелыя праекты. У плане крэатыву і вынаходлівасці штогод ладзіцца сапраўднае спартыўнае спаборніцтва. Адзін з такіх праектаў, які будзе прэзентаваны сёння, прысвечаны акурат гэтай тэме — “Гульні. Игры. Games” у Нацыянальным мастацкім. “К” пабывала на “самай спартыўнай выставе года” яшчэ да яе адкрыцця.

/i/content/pi/cult/745/16159/1.jpgАгульная тэма “начной” праграмы ў мастацкім — пачуцці і адчуванні. Тэрыторыя “Гульняў” (першы паверх галоўнага корпуса) мае выклікаць настальгію: па тых часах, калі марозіва каштавала 20 капеек, а лад жыцця большасці людзей быў падпарадкаваны формулам кшталту “Хутчэй, вышэй, мацней!”, “Калі хочаш быць здаровым — закаляйся” і гэтак далей. Але сама выстава — не столькі пра лікі рэкордаў ці хроніку перамог, колькі пра гульню ўяўлення. Пра тое, як з цягам часу ў мастацкім асяроддзі змяняюцца вобразы і асацыяцыі, датычныя спартыўнай тэмы.

— Папулярнасць спартыўнага руху ў нашы дні расце — як прафесійнага, так і аматарскага. Бясконца адкрываюцца новыя фітнес-цэнтры, здаровы лад жыцця становіцца сінонімам псіхалагічнай разрадкі, — кажа куратар выставы Кацярына Ізафатава. — Мне падаецца, адбываецца адраджэнне тых спартыўных традыцый, якія ўзніклі ў савецкім грамадстве яшчэ ў 1930-я гады. А ў той час, калі спорт у розных сваіх праявах стаў важнай і неад’емнай часткай жыцця, гэтую тэму сталі адлюстроўваць і мастакі. У 1970 — 1980-я гады такіх твораў становіцца меней — што сведчыць пра зніжэнне папулярнасці самой з’явы. І вось, цяпер мы зноў адзначаем рост іх колькасці, і многія мастакі па-свойму інтэрпрэтуюць спартыўную тэму. Іх працы — ужо не пра хуткасць ці дынаміку, гэта канцэптуальныя вобразы. Як, напрыклад, на карціне Руслана Вашкевіча “Гульня на выбыванне”, дзе персанаж, што ўвасабляе сабой смерць, займаецца настольным тэнісам.

Заяўленая ў назве праекта тэма гульняў адлюстравана не толькі ў саміх работах, але і ў іх размяшчэнні.

— Першапачаткова мы хацелі пачаць ад антычнасці, затым зрабіць залу савецкага мастацтва і рушыць у сучаснасць. Але потым зразумелі, што так экспазіцыя не складзецца: большасць твораў нашай калекцыі з 1960 — 1970-х гадоў, — кажа Кацярына. — Гульні? Дык давайце пагуляем. Тут няма традыцыйнай развескі — мы аб’ядналі па некалькі графічных работ розных часоў і стварылі з іх тэматычныя пазлы, смела спалучылі класіку і contemporary — што можна ўбачыць, напрыклад, у своеасаблівым дыптыху: зверху плывец Кірыла Хлопава 2015 года (Continuation), а ўнізе “Магілёўская шаша” Анатоля Толкача 1960 года (на здымку). Наогул, сучаснасць прадстаўлена работамі Таццяны Радзівілка, Канстанціна Селіханава, Таццяны Кандраценка і іншых вельмі нестандартных мастакоў.

— І такі мікс у кожнай зале, — дадае яшчэ адзін куратар выставы Дзмітрый Салодкі. — Па вялікім рахунку, тут важная не храналогія, а дызайн: праз падачу любы твор можна як забіць, так і ўзвысіць. Намагаемся яе ўзмацніць тымі сродкамі, якія мы маем. Так атрымалася, што ў трэцяй зале збольшага лакалізаваны работы савецкага перыяду. Яны нібы знарок пампезныя — бегуны, алімпійская Масква 1980-га… І знаходзяцца ў светлай частцы залы. А ў цёмнай — крэслы-мяхі і экран, дзе паказваецца альманах “Савецкі спорт” — з характэрным для таго часу пафасам гаворыцца, як мы апярэдзілі ўвесь свет, чарговы раз перамаглі і гэтак далей. Правіла гульні тут — паглыбіцца ў спартыўную тэму як ідэалагічны кірунак. То бок, выстава — зусім не аповед, як развіваўся спорт, і яе назва невыпадковая — гэта і гульні на паветры ці ў вадзе, і гульні сэнсаў, і гульні як упрыгожанне жыцця.

/i/content/pi/cult/745/16159/2.JPGВыстава працягне сваю працу да 30 чэрвеня і стане адной з найбуйнейшых падзей у культурнай праграме II Еўрапейскіх гульняў, якія неўзабаве распачнуцца ў Мінску.

Аўтар: Вераніка МОЛАКАВА
аглядальнік рэдакцыі рэдакцыі газеты "Культура"