Вобраз трагедыі праз прызму камеры

№ 19 (1406) 11.05.2019 - 19.05.2019 г

Для беларускага кінематографа тэма вайны заўжды была стрыжнявой. І апрача твораў, што ўзніклі праз “павеў часу”, яна спарадзіла і сапраўдныя шэдэўры — стужкі, якія і сёння можна па праву лічыць гонарам айчыннага кінематографа. Шчырыя пошукі праўды рэжысёраў-шасцідзясятнікаў, трагічная гісторыя, моцная ваенная проза, якая стала асновай многіх экранізацый — усё гэта выбухнула шэрагам выбітных фільмаў, многія вобразы з якіх сёння з’яўляюцца іканаграфічнымі.

/i/content/pi/cult/744/16157/23.JPGНемагчыма выкрасліць з памяці хлопчыка Флёру, які пасівеў ад перажытага жаху ў “Ідзі і глядзі”. Як і гераіню “Альпійскай балады” — юную італьянку Джулію ва ўвасабленні Любові Румянцавай, што ў жахлівай робе вязня канцлагера хаваецца падчас уцёкаў. Савецкае беларускае кіно, прысвечанае падзеям Вялікай Айчыннай, мае нямала моцных і яскравых сцэн, якія ўражваюць сваім візуальным рашэннем ды пластычнай вобразнасцю. Да таго ж, ваенныя сюжэты давалі пісьменнікам і рэжысёрам рэдкую ў часы панавання цэнзуры магчымасць выказаць асабістыя погляды на ідэнтычнасць і свет, чалавека і чалавечнасць.

У невялічкім (і вельмі суб’ектыўным) аглядзе мы сабралі шэсць ваенных фільмаў, сцэны з якіх не толькі ўражваюць да глыбіні душы, але і выразна адлюстроўваюць тыя ці іншыя тэндэнцыі нашага кінематографа. Акрамя стужак савецкага перыяду, мы ўключылі ў агляд і карціны часоў суверэннай Беларусі.

“Ідзі і глядзі” Элема Клімава (1985)

Фільм, які ўваходзіць у “топ” ці не ўсіх рэйтынгаў лепшых карцін свету, створаны паводле твораў Алеся Адамовіча. Элем Клімаў не дае гледачу літасці, пакідаючы ў яго памяці шэраг папраўдзе жудасных вобразаў вайны. Палаючы свіран з людзьмі, згвалтаваная і звар’яцелая дзяўчына са свістком у роце, бабуля ў ложку на фоне ахопленай полымем вёскі, “фотаздымак на памяць”, дзе фашысцкія захопнікі пазіруюць, прыстаўляючы зброю да галавы хлопчыка… Гэта цяжка глядзець, але і цяжка забыць.

Аднак важна адзначыць і тое, што кожная сцэна ў карціне набывае дадатковую сілу праз прадуманы гук. Невыпадкова жах будучай катастрофы набліжаецца да нас праз кантузію галоўнага героя, якую ён атрымлівае падчас бамбёжкі ў пакінутым партызанскім лагеры. Флёра, які імкнецца заглушыць пошум смерці ў самых розных яе праявах, закрываючы вушы рукамі — магчыма, менавіта гэты вобраз і з’яўляецца ключавым у карціне Элема Клімава.

“Цераз могілкі” Віктара Турава (1964)

/i/content/pi/cult/744/16157/24.JPGАдна з ліку самых вядомых стужак “Беларусьфільма”. У 1995 годзе па рашэнні UNESCO яна ўвайшла у спіс ста лепшых карцін пра вайну. У яе аснове — аднайменная аповесць Паўла Ніліна. Аднак фільм выбітны ў першую чаргу праз рэжысёрскае рашэнне Віктара Турава і бліскучую аператарскую працу Анатоля Забалоцкага. Тураў спалучае роўд-муві і ваенную драму, каб паказаць спустошаную зямлю (літаральна — могілкі), а таксама свядомасць людзей, якія жывуць ва ўмовах акупацыі і татальнай інфармацыйнай ізаляцыі.

Героі фільма — стараста Сазон Іванавіч і Ева, якая працуе на службе ў акупіраваным горадзе — гэта асобы, вымушаныя прымаць “правілы гульні” ў скаладанай сітуацыі. Ніяк не змяншаючы ні мужнасці, ні самаадданасці гэтых людзей, аўтар намагаецца данесці іх пазіцыю. Проста гэта не фронт, а вайна ў іншых умовах. Малады партызан Міхась напачатку ставіцца да вышэйзгаданых персанажаў з насцярогай, але потым прызнае і іх праўду.

У “Цераз могілкі” ўражваюць неверагодныя сцэны спаленых вёсак, міма якіх праязджаюць на падводзе Сазон Іванавіч і Міхась. Страшныя коміны, што засталіся да хат, гароды чорнай ад агню капусты, разламаныя ствалы дрэваў… Сюррэальная паўсядзённасць — сцэна нарыхтоўкі снарадаў у капліцы. Міхась, трымаючы ў руках выбухоўку, распавядае старэйшаму таварышу Васілю Рыгоравічу пра тое, як ён падрывае эшалоны з ворагам. І неўзабаве ўзнікае Фелікс — сын старога Васіля. Хлопец з пакалечанай рукой, які не можа ваяваць і ўсіх шкадуе — у тым ліку і немцаў. Нечакана Фелікс у размове з Міхасём становіцца побач з выявай святога на сцяне ў разбуранай царкве — і робіцца падобным да яго праз свой выраз вачэй і твару. На жаль, бажавольны Фелікс загіне падчас набегу немцаў і ўзрыву капліцы.

“Усходні калідор” Валянціна Вінаградава (1968)

Гэтая карціна пра мінскае падполле, зробленая на кінастудыі “Беларусьфільм”, у свой час была раскрытыкаваная за “фармалізм у кіно”. Але сёння беларускі кінематограф мае ў сваім арсенале папраўдзе моцную сцэну Халакосту, знятую яшчэ ў 1966 годзе. “Дзеці, старыя кабеты — у патоках вады. Стрэлы, пражэктары і эсэсаўцы, малітвы і крыкі, камера носіцца над водамі як Гасподзь”, — апісвае яе кіназнаўца Андрэй Расінскі. Экспрэсія і сімвалізм у кінамове Вінаградава “ўзрываюць” традыцыйныя каноны ў выяўленні ваенных герояў і тэмы.

“Усходні калідор” — гэта фільм, які паказвае нам іншае аблічча вайны: калі ў атмасферы страху і ізаляцыі не ведаеш, хто перад табой — саюзнік ці вораг. Калі ўсё, што застаецца — трываць, пакуль хопіць сіл і духу. Герой Рэгімантаса Адамайціса выглядае нечакана стыльна для падпольшчыка. Валянціна Цітова, што грае жонку мастака, якая таемна ад мужа супрацоўнічае з падполлем, таксама ўражвае выкшталцонай постаццю і пэўным халаднаватым шыкам.

Але іх выгляд не змяняе нічога: абодва загінуць. Адна — ад катаванняў токам, другі — падчас фінальнай сцэны ўцёкаў з турэмных сутарэнняў. Яго падзенне на падлогу ад варожай кулі на імгненне “затрымае” погляд яўрэйкі Фрэды, што дапамагала падпольшчыку, але вырвацца з калідораў няволі і смерці герою Адамайціса так і не ўдасца.

“Вянок санетаў” Валерыя Рубінчыка (1976)

Гэты фільм прынёс славу не толькі рэжысёру, але і аператару карціны — Таццяне Логінавай. Адаптаваны сцэнарый Віктара Муратава ў руках Валерыя Рубінчыка пераўтварыўся ў фільм-паэму пра падлеткаў на вайне, які дазволіў аператару праявіць свой почырк. Буйныя планы — нібыта хтосьці падглядвае — сталі ўдалым ходам у адлюстраванні свету героя.

Юны Арцём Перагудаў разам са сваім сябрам уцякае на фронт, каб змагацца з ворагам. Падчас падарожжа ён трапляе ў розныя сітуацыі, знаёміцца з цікавымі персанажамі і сустракае Перамогу ў невялікім нямецкім горадзе.

“Вянок санетаў” атрымаўся творам нечакана прыгожым для ваеннага кіно (рэжысёр не адхіляў уплыву Феліні і не лічыў яго заганай). Але пры гэтым фільм не страціў пранікнёнай шчырай інтанацыі. Запамінальных сцэн у стужцы шмат: прагулка на роварах Арцёма і нямецкай дзяўчынкі па пляжы, канцэрт для ваенных, калі музыканты граюць, седзячы ў грузавіку, танцы на маленькай пляцоўцы, ледзь не ўсутыч да якой стаіць ваенная тэхніка, карова, што цягне за сабой збіты нямецкі самалёт у якасці плуга...

Але вайна, на якую так хацеў патрапіць Арцём Перагудаў і якой ён так шчасліва пазбягаў, урэшце насцігае хлопчыка. Чарга з аўтамата ад выпадкова ацалелага эсэсаўца ўжо пасля абвяшчэння Перамогі — і мы бачым успаміны падлетка: школьныя настаўнікі, помнік Пушкіну, танцпляцоўка, сям’я сябра... Прыгожы крыштальны свет дзяцінства застаецца без свайго героя.

“Акупацыя. Містэрыі” Андрэя Кудзіненкі (2004)

Адлік беларускага кіно пачаўся з савецкай “Лясной былі” Юрыя Тарыча (1926) — гераізаванай эпапеі пра партызан, якія змагаліся супраць польскіх акупантаў. І гэта непазбежна стала лёсавызначальным момантам для цэлай кінаіндустрыі. Вось ужо амаль 95 гадоў наша кіно ўспрымаецца ў масавым разуменні як “партызанфільм” — што стала адмысловым брэндам, які часам пераўтвараецца ў вырак.

Для Андрэя Кудзіненкі, вучня майстэрні Віктара Турава, гэта стала творчым выклікам. Магчымасцю пераасэнсаваць культурнае мінулае і даць адказ, кім беларусы з’яўляюцца цяпер. Менавіта пра гэта і распавядае “Акупацыя. Містэрыі” — па-таранцінаўску закручаны ваенны трыпціх, сатканы з гісторый, дзе кожны апынаецца не тым, кім падаецца. Польская прыгажуня — не ахвярай, а паразітам. Беларуская сялянка, што страціла сваё дзіця, ратуе параненага юнага немца, кормячы яго грудным малаком. Галоўны герой Штыркін (Аляксандр Колбышаў) вядзе сваю гульню, але яго субрат па зброі Яша (Анатоль Кот) —
партызан у чацвёртым калене, чый прадзед браў удзел яшчэ ў паўстанні Каліноўскага.

Постмадэрнісцкая драматургія сцэнарыста Аляксандра Качана — відавочнага аднадумца рэжысёра — толькі спачатку падаецца незразумелай і фрагментарнай. Урэшце рэшт, яна складаецца ў цэласную мазаіку сэнсаў. Для Кудзіненкі Беларусь — гэта памежная тэрыторыя, дзе вайна не можа скончыцца. Дзе праўда ў кожнага ўласная.

Такая аўтарская матрыца ўспрыняцця беларускай рэчаіснаці вельмі падобная да заходніх вестэрнаў, героі якіх заўжды балансуюць на мяжы дабра і зла, не маючы адназначных адказаў на свае пытанні. Менавіта этычная амбівалентнасць, аздобленая сімвалічнасцю і біблейскімі матывамі, робіць “Акупацыю” адной з найцікавейшых стужак, створаных за мінулыя дзесяцігоддзі не толькі ў Беларусі, але і на ўсёй постсавецкай прасторы.

Моцных сцэн у ёй шмат: забойства “бандыта” з “двума” сэрцамі, пошукі таты малога Юзіка… Але на першае месца можна паставіць самаспаленне маці, якая страчвае, у тым ліку, і чужога блізкага.

“У тумане” Сяргея Лазніцы (2012)

Постаць ураджэнца Баранавічаў Сяргея Лазніцы ўжо два дзесяцігоддзі з’яўляецца “яблыкам раздору” для постсавецкай кінасупольнасці. Хто ён: украінец, рускі ці беларус? І якая краіна мае права лічыць яго творчасць сваёй?

Відавочна адно — Лазніца здымае кіно пра нас, нашчадкаў былой савецкай імперыі. А яго экзістэнцыйная ваенная драма “У тумане” мае несумненнае дачыненне да Беларусі ўжо хаця б дзякуючы свайму літаратурнаму падмурку — псіхалагічнай прозе Васіля Быкава. Цэнтральнай фігурай стужкі (як і аповесці) з’яўляецца пуцявы абходчык Сушчэня, сябры якога аднойчы пускаюць цягнік пад адхон. Іх вешаюць, а абходчыка выпускаюць на волю, што нават горш за саму смерць: Сушчэню цяпер не вераць ні аднавяскоўцы, ні
партызаны, ні нават жонка.

Фільм прасякнуты рэальным адчуваннем вайны, дзе няма паняццяў маралі і этыкі. Ёсць толькі жывыя і мертвыя. Быкаў добра гэта разумеў, адмаўляючы свайму чытачу ў спрошчаным чорна-белым светапоглядзе на тыя падзеі. Бо асуджаць прасцей за ўсе, а заставацца праведнікам у амаральных абставінах для многіх немагчыма. Гэткай жа цяжкай філасофіі прытрымліваецца і рэжысёр, пакідаючы Сушчэню аднаго ў лесе. Подлыя акупанты ззаду, партызаны наперадзе. Выхаду няма. Застаецца толькі ўзвесці наган і дачакацца, калі цябе з галавой схавае шэры туман.

Падрыхтавалі
Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ,
Тарас ТАРНАЛІЦКІ