Вайна і мір

№ 19 (1406) 11.05.2019 - 19.05.2019 г

Так ужо прынята, што галоўная работа на вайне — забіваць ворага. Таму самае дарагое на фронце не тушонка, а патроны. Бывала, распавядаў дзед Сцяпан, за поўныя нявыкарыстаныя абоймы пасля бою салдат расстрэльвалі. Я, маладзён, усё не мог рады даць: “Чаму?” “Страляюць па тых, хто страляе, — цярпліва даводзіў салдацкія ісціны дзед. — Не страляў, значыць, за сваё жыццё дрыжэў…” Не памятаю, у якім нямецкім мястэчку заспела дзеда вестка пра тое, што вайна скончылася. Але свята аказалася двайным: 9 мая ў яго — дзень нараджэння. Як тут без салюту абысціся? Расстраляў ён з “тэтэшкі” тое, што ў пісталеце было, потым — дзве запасныя абоймы, затым — недатыкальны запас з асабістай валізкі (знаходзілася там месца і для бляшанак з тушонкай). Калі скончылася і там, пайшоў пазычыць. У выніку перагрэты пісталет заклініла… У гэтыя дні я не магу без згадак пра вайну. Я яе не бачыў, але мне баліць. Вам, мяркуючы па пошце, таксама.

/i/content/pi/cult/744/16155/20.JPGМетадыст сектара па рабоце сярод дзяцей Палаца мастацтваў Бабруйска Вольга Паўколас пераканана, што Дзень Перамогі — адно з самых светлых святаў. І паведамляе, што 2 мая яе сектар правёў сустрэчу з ветэранам Вялікай Айчыннай вайны Надзеяй Хрушчынскай і навучэнцамі сярэдніх школ № 8 і № 20. Надзея Якаўлеўна — партызанка 537-га Кіраўскага атрада, які ўваходзіў у склад партызанскай брыгады імя Свірыда. Калі пачалася вайна, Надзеі было няпоўных 14 гадоў. Яна распавяла школьнікам пра той цяжкі час: як была арыштавана з сям’ёй, як уцякла і ратавалася ў партызанскім атрадзе, як займела ўрадавыя ўзнагароды.

Маёй маці падчас акупацыі таксама было 14. І сям’ю яе таксама маглі арыштаваць. Гарнізона ў вёсцы не было, і фашысты былі тут наездамі. І ў першы начны візіт, калі пад фарамі грузавіка хата высветлілася, як днём, у пакой зайшоў немалады салдат з вінтоўкай. Зірнуў на насельнікаў, нібыта падлічваў трох малых, а потым падышоў да сценкі, дзе пад агульным шклом былі сабраны дзясяткі фотаздымкаў. Угледзеўся і знайшоў выяву дзядзькі ў будзёнаўцы. Аглянуўся на бабулю, паказаў пальцам на здымак, потым на вінтоўку, паківаў галавой. Маўляў, прыбярыце савецкага афіцэра, інакш усю сям’ ю расстраляюць. Так баба Васа і зрабіла. Інакш і мяне не было б.

Цягам гэтага месяца гарадская бібліятэка Ашмян ладзіць акцыю “Ветэран жыве побач”. Загадчык установы Людміла Зарэцкая піша: “Бібліятэкары разам з выхаванцамі школы-інтэрната наведалі ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Браніслава Шагідзевіча. Дзеці зрабілі паштоўкі, падпісалі іх віншаваннямі і падаравалі Браніславу Іванавічу. А потым засыпалі кветкамі і пытаннямі”.

Гэта добра, калі ёсць каго засыпаць кветкамі і пытаннямі. Але ўдзельнікаў мінулай вайны ўсё меней літаральна з кожным днём. Варта спяшацца задаваць пытанні, пакуль ёсць каму. Я ў свой час дзядзьку Піліпа памучыў. Дзед Сцяпан адмоўчваўся, якую драбязу мог згадаць хіба што ў свой дзень нараджэння 9 мая. А вось дзядзька Піліп раскручваўся з паўабароту. І тады трэба было сядзець побач і не перабіваць. А дзядзька бесперапынна паліў “Астру” і згадваў… Я цяпер ведаю, у чым перавагі трохграннага рускага штыка, што адчувае баец у акопе пад бамбёжкай, у чым недахопы кулямёта Дзегцярова і што можна ўбачыць у вачах ворага, якога ты “прымаеш” на той самы трохгранны штык. Потым атакі і бамбёжкі сніліся мне начамі. Быў час калі апрача вайны я нічога не маляваў.

Сёння ў выставачнай зале Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці працуе выстава выяўленчага мастацтва “Свет вачыма дзяцей”. Тут прадстаўлены тры ўзорныя студыі: “Жывапіс” цэнтра культуры Наваполацка, “Каларыт” Расонскай дзіцячай школы мастацтваў, студыі выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Лепельскага раённага дома культуры. “Жывапісам” кіруе Вольга Лук’ яненка. Яна — прафесійны мастак. Заўважна гэта, як піша вядучы метадыст Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Ала Лялькіна, і ў творах вучняў. У каларыстыцы і кампазіцыі — акадэмічная адукацыйная база. Дзіцячая студыя лепельскага РДК пад кіраўніцтвам Ірыны Мацеша вырасла з гуртка. Ірына Анатольеўна, пераканана аўтарка ліста, вучыць дзяцей не толькі маляваць, але і бачыць, цаніць гармонію прыроды і жыцця. Юныя мастакі з Расонаў карыстаюцца многімі тэхнікамі, але самыя папулярныя — графіка, акварэль, гуаш. Малады кіраўнік Алена Калаўр сама скончыла ў свой час Расонскую школу мастацтваў. Словам, выстава — светлая ды пазітыўная.

А я не мог не згадаць Расоны 2007 года. Мы шукалі тады паплечнікаў знакамітага нашага Пятра Машэрава, які кіраваў партызанскай брыгадай імя Ракасоўскага. Знайшлі. І толькі таму, напэўна, што, калі Канстанцін Палявечка пайшоў да Машэрава ў атрад, было яму 17 гадоў. Мы разам паехалі на месца лясной партызанскай стаянкі. Ад вёскі Роўнае Поле гэта недзе кіламетраў шэсць. Тут, над маляўнічым возерам Дзяражнае ўзноўлены зямлянкі, паветкі, кухня. Гэта амаль дакладная рэканструкцыя былой базы. Кіраўнік Расонскага цэнтра культуры і народнай творчасці Ларыса Уласава распавяла, што ў музеі партызанскага побыту па замове робяцца маштабныя тэатралізацыі, можна пачаставацца партызанскай юшкай. Вараць тут і кашу па партызанскім рэцэпце. Вось пад такую кашу Канстанцін Мікалаевіч не адпускаў мяне з базы літаральна да вечара. А мне і ехаць нікуды не хацелася. Расповеды пра быт і змаганне партызанаў былі яркімі, цікавымі, насычанымі гумарам. Толькі вельмі моцны духам і целам чалавек можа згадваць ваеннае ліхалецце з гумарам. Я даведаўся гэтымі днямі, ці жывы Канстанцін Мікалаевіч. Жывы апошні “ракасовец”! Гэткі ж энергічны і рашучы ва ўчынках. Дай вам Бог яшчэ здароўя, дарагі Канстанцін Мікалаевіч.

Цікава, а як успрымаюць Вялікую Аўчынную вайну расонскія выхаванцы Алены Калаўр? Я папрасіў яе даслаць па электронцы некалькі дзіцячых работ пра Вялікую Айчынную. Яны — апублікаваныя: глядзіце, думайце. Тут няма бамбёжкі, атак і страляніны. Баец з дзяўчынкай, магіла вызваліцеля… Але малюнкі — пра вайну, пра яе жахлівыя ўрокі, на якія не забыцца.

Гаворка цяпер — пра яшчэ адну партызанскую базу: на Мастоўшчыне. Месцілася яна калісьці ў раёне ля вёсак Галубы, Шасцілы, Руда-Ліпічанская. Цяпер гэта частка рэспубліканскага ландшафтнага заказніка “Ліпічанская пушча”. Менавіта па гэтых святых землях прайшоў экспрэс-маршрут. Першы выезд аўтабібліятэкі адбыўся 24 красавіка. Акцыя, прымеркаваная да юбілею Гродзенскай вобласці, называецца “Нам 75!” Для жыхароў названых вёсак была падрыхтавана літаратурна-музычная кампазіцыя “Мой родны край, цябе мы славім!” Згадваліся, натуральна, і партызанскі пераможны рух, і тое, як ураджэнец вёскі Руда-Ліпчанская Міхаіл Белуш паўтарыў подзвіг Аляксандра Матросава. Прагучалі імёны землякоў, якім сёлета спаўняецца 75 гадоў. Музычныя нумары падарылі вяскоўцам “Незабудкі” — фальклорны гурт сельскага клуба “Галубы”. Дэманстравалася таксама кніжная выстава “Гродзеншчына — край мой над Нёманам”. Пра аўтабібліятэчны маршрут па партызанскім маршруце распавяла метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу Мастоўскай раённай бібліятэкі Вольга Коршун.

Сябра бацькі дзядзька Раман вызваляў родную Ветку. Нічога незвычайнага ў сказе няма. Так, многія пры наступленні міналі родныя мястэчкі і вёскі. Але дзядзька Раман удзельнічаў у баях за свой горад і атакаваў ворага праз уласны двор і гарод. Уяўляеце, якое ў яго было пасля стаўленне да малой радзімы? Дзіцём я любіў сядзець у дзядзькі Рамана на каленях і разглядаць баявыя ўзнагароды. Вось медалі “За баявыя заслугі” і “За адвагу”, а вось ордэн Чырвонай Зоркі. А на пытанне “За што іх атрымаў?”, дзядзька заўжды адказваў: “За тое, што выжыў!”

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"