Нецэнзурнае бяспамяцтва?

№ 19 (1406) 11.05.2019 - 19.05.2019 г

Памылкі і недакладнасці ў надпісах на воінскіх пахаваннях — з’ява, на жаль, нярэдкая. Але часам такі ненаўмысны агрэх можа выглядаць не проста непрыгожа — нават непрыстойна.

/i/content/pi/cult/744/16152/WP_20190325_038_opt.jpegНядаўна давялося мне завітаць у Мінску на Чарнігаўскія могілкі. Так яны называюцца афіцыйна, бо знаходзяцца пры вуліцы Чарнігаўскай — гэта непадалёк ад старога мінскага аэрапорта, на месцы якога цяпер ужо з’яўляюцца пакрысе новыя кварталы. А некалі гэта былі могілкі вёскі Лошыца — яна знаходзілася там, дзе цяпер 1-шы Трубны завулак, які вядзе ад вуліцы Кіжаватава да саміх могілак.

Гэтую Лошыцу ў савецкія часы называлі 2-й — каб адрозніваць яе ад той Лошыцы, якая ля сутоку аднайменнай рэчкі і Свіслачы, дзе знаходзіцца вядомы парк і сядзіба. А тут, непадалёк ад Чарнігаўскіх могілак, за рэчкай Лошыцай, ёсць вуліца, якая так і называецца — 2-я Лошыца. Яшчэ нядаўна ў яе канцы стаялі падмуркі сядзібнага дома шляхецкага роду Немаршанскіх — таму і Лошыцу гэтую часам называлі Немаршанскай.

Дык вось, сённяшнія Чарнігаўскія могілкі ўзніклі некалі пры вёсцы Лошыцы Немаршанскай, таму яны ўжо даволі старыя, хоць і зусім невялікія. Ёсць тут пахаванні і надмагіллі яшчэ з ХІХ стагоддзя, ёсць і навейшыя. Але найперш кідаецца ў вочы масіўны надгробак пры ўваходзе на могілкі, усталяваны ў 1975 годзе. На белай пліце сілуэт савецкага салдата ў касцы і надпіс “Слава павшим за родину!” Таксама ёсць сціплая металічная шыльдачка, дзе напісана, што тут пахаваныя чырвонаармейцы, якія загінулі ў ліпені 1944 года. На шыльдзе пазначаныя тры дзявочыя прозвішчы і адно мужчынскае, а імёны яшчэ адзінаццаці пахаваных невядомыя. Якіх гадоў пяць таму шыльда была іншая, але на ёй былі два імені, а невядомымі заставаліся 13. Цяпер, на першы погляд, сітуацыя палепшылася. Але гэта не зусім так.

Мне давялося так падрабязна пераказаць змест шыльды, бо працытаваць яе тэкст на старонках газеты я не магу. Усё таму, што там прысутнічае асацыяцыя з непрыстойным словам. Яго не надрапаў хуліган — яно выгравіравана пры вырабе шыльды. Я нават вачам сваім не паверыў, калі пабачыў яго. Але гэтая прыкрая памылка ў напісанні экзатычнага для нас жаночага імені, на жаль, сапраўды была дапушчаная.

Мне не давялося сядзець па архівах, каб высветліць, як магла ўзнікнуць гэтая памылка і як яе можна выправіць. Я проста пашукаў у інтэрнэце прозвішчы людзей, якія пазначаныя на помніку, і даведаўся абставіны іх гібелі. Увечары 5 ліпеня 1944 года нямецкія бамбардзіроўшчыкі атакавалі мінскі гарадскі аэрадром. Там, у вызваленым два дні таму горадзе, ужо размяшчаліся савецкія самалёты і лётчыкі. Чацвёра з іх і загінулі падчас налёту. Адна бомба патрапіла ў будынак вузла сувязі, забраўшы жыцці трох радыстак. Вось іх імёны: Праскоўя Паўлава, Маіда Хамідуліна і Таццяна Цярэшына. Таксама загінуў гвардыі сяржант Мікалай Зарэчнеў. Усім ім было трохі болей за 20.

Гэтыя імёны ёсць на той злашчаснай шыльдзе. Але ў адно з іх закралася недарэчная памылка. І нават не адна: не толькі ў імя, а яшчэ і ў імя па бацьку.

Хто вінаваты? Той, хто складаў тэкст? Хто вырабляў шыльду? Мо і не так важна высвятляць, хто менавіта — але выправіць варта абавязкова. І чым хутчэй, тым лепш.

Факт, што шыльда ўсталяваная, да яе прыходзяць, прыносяць кветкі, учытваюцца ў надпіс...

А яшчэ ёсць звесткі, што могуць быць вядомыя імёны як мінімум чатырох з тых адзінаццаці ахвяраў авіяналёту, якія пакуль застаюцца на помніку неназванымі. Тыя імёны варта было б спраўдзіць і таксама дадаць на новую, выпраўленую шыльду.

І самы час заняцца гэтым напярэдадні ўгодкаў Вызвалення Беларусі.