Архітэктурны дэсант з Масквы

№ 33 (851) 16.08.2008 - 22.08.2008 г

У выставачнай зале Беларускага саюза архітэктараў прайшла выстаўка праектаў маладых маскоўскіх архітэктараў. На яе адкрыццё ў Мінск завіталі восем прадстаўнікоў маладога пакалення дойлідаў расійскай сталіцы.

Выстаўку адкрыў Сяргей Раманоўскі — кіраўнік Клуба маладых архітэктараў БСА, які адзначыў, што сустрэча маладых дойлідаў Беларусі і Масквы праходзіць ужо другі раз.
Старшыня ж аналагічнага маскоўскага Клуба Андрэй Асадаў азнаёміў прысутных з выстаўкай, на якой, паводле яго слоў, сабраны ўсе самыя новыя ідэі.
Старшыня БСА Аляксандр Корбут у сваім выступленні зазначыў: “Сустрэчы маладых архітэктараў Мінска, Беларусі і Масквы — вельмі карысныя. Прыемна, што наша сёлетняя сустрэча адбылася ў рэчышчы важных падзей — Міжнароднага кангрэса дойлідаў, Генеральнай асамблеі, якая прайшла нядаўна ў Міжнародным саюзе архітэктараў у Турыне”. На гэтым кангрэсе асноўным пытаннем сталі ўзаемаадносіны вопытных архітэктараў з маладымі.
Неўзабаве адбудуцца і іншыя цікавыя падзеі. З 2 па 5 кастрычніка ў Мінску пройдзе традыцыйнае пасяджэнне савета Міжнароднай асацыяцыі саюза архітэктараў, у межах якога адбудзецца міжнародны архітэктурны конкурс краін СНД. У беларускую сталіцу запрошаны прадстаўнікі Міжнароднай акадэміі архітэктуры. У Мінску гэтым жа часам збярэцца і савет галоўных архітэктараў сталіц краін СНД.
У Мінск прыехаў і былы кіраўнік Клуба маладых архітэктараў БСА, адзін з арганізатараў першай і другой беларуска-маскоўскай сустрэчы, член Маскоўскага саюза архітэктараў Аляксей Паляшчук.
Выстаўка масквічоў складаецца з дзвюх частак. Першая ўключае работы маладых архітэктараў расійскай сталіцы, удзельнікаў выстаўкі “Перспектыва-2008” — міні-аналага “Леанарда” — беларускага конкурсу маладых мастакоў.
Яна праходзіла ў Маскве некалькі месяцаў таму, і зараз як перасоўная падарожнічае па розных гарадах, пачынаючы з Мінска. Другая частка складаецца з праектаў кіраўнікоў архітэктурных маскоўскіх майстэрняў і некаторых іншых аўтараў.
Аляксей Паляшчук адзначыў, што маладым маскоўскім дойлідам працуецца цікава, бо сталіца Расіі ўяўляе сабой зараз вялікую будаўнічуюпляцоўку, узводзіцца шмат аб’ектаў. Аднак ёсць і іншы бок медаля. У працэсе будаўнічага буму Масква, Санкт-Пецярбург, Кіеў, іншыя гарады былога Савецкага Саюза паступова страчваюць гістарычную забудову, а значыць — і свой адметны твар. Таму варта, на думку расіян, новыя, шкляныя хайтэкаўскія творы ўпісваць у свабодныя пляцоўкі па-за цэнтральнымі вуліцамі. 

Наталля КІРПІЧЭНКАВА