У гонар “вечна жывых”

№ 19 (1406) 11.05.2019 - 19.05.2019 г

Напярэдадні Дня Перамогі ў Магілёве адбылася творчая вечарына беларускага кампазітара Уладзіміра Браілоўскага “Вечна жывыя”, прысвечаная гэтаму святу і будучаму юбілею вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

— Для мяне гэта не старонняя тэма, — адзначыў кампазітар. — Мае бацькі пазнаёміліся на вайне, у шпіталі, куды патрапіў мой цяжка паранены бацька і дзе працавала мая маці, якая ў часы вайны скончыла вучыцца ў Маскве на фармацэўта. Бацька, дарэчы, быў піяністам, перажыў блакаду Ленінграда, стаў артылерыстам. Я яго амаль не памятаю, бо нарадзіўся ў 1947-м, а ён у хуткім часе памёр: бязлітасная вайна нікога не шкадавала, забівала і пасля свайго заканчэння, многія ветэраны, як і мой бацька, паміралі ад раненняў.

Вайна не абмінула і ўсю ягоную сям’ю. Двое бацькавых братоў — знаныя расійскія кампазітары Майсей і Міхал — загінулі ў першы яе месяц. Той жа лёс напаткаў многіх дзеячаў культуры. Яшчэ калі я вучыўся ў Маскоўскай кансерваторыі, зацікавіўся зборнікам паэтаў-франтавікоў. Некаторыя мелодыі тады нават накідаў у парыве натхнення, але так і не давёў работу да канца. Цяпер я вярнуўся да гэтых вершаў, аркестраваў свае песні, каб яны маглі патрапіць на сцэну, і яны склалі другую частку канцэрта.

Першая ж частка была прысвечана буйным вакальна-сімфанічным творам на ваенную тэму. Ведаеце, я раптам заўважыў дзіўную рэч: што б я ні пісаў, міжволі атрымліваецца ваенна-патрыятычная тэма. Нават калі наўмысна не стаўлю перад сабой такую мэту. Пэўна, гэта ўжо дзесьці на генным узроўні. Вось неяк натрапіў на светлыя, пранікнёныя вершы, яны мяне зацікавілі — і ўзнікла пяць песень пра вясну і каханне, здавалася б, ніяк не звязаных з вайной. А стаў шукаць біяграфіі тых паэтаў — аказалася, таксама франтавікі.

Я вельмі ўдзячны выканаўцам, якія падхапілі мой праект. Найперш гэта сімфанічны аркестр і хор Магілёўскай гарадской капэлы на чале з мастацкім кіраўніком і дырыжорам Сяргеем Лішчэнкам. Саліравалі не толькі знаныя магілёўскія спевакі, але і вядучыя оперныя спевакі нашай краіны: народныя артысты Беларусі Ніна Шарубіна, Уладзімір Пятроў, заслужаны артыст Уладзімір Громаў. А галоўнае, ідэю адразу патрымалі адпаведныя структуры Магілёўскага гарвыканкама, і канцэрт быў уключаны ў план афіцыйных мерапрыемстваў да святочных урачыстасцяў.

— Гэта была знакавая падзея, сапраўднае музычнае прынашэнне, — падзялілася ўражаннямі старшыня Беларускага саюза кампазітараў Алена Атрашкевіч. — Творчая вечарына заўсёды прадугледжвае вялізную працу, праведзеную намаганнямі самога віноўніка ўрачыстасці. Але Уладзімір Веніямінавіч змог так пабудаваць канцэрт, складзены са сваіх твораў розных гадоў і шматлікіх прэм’ер, што яго асоба быццам адышла на другі план. На першым жа апынуліся Памяць і Вялікая Перамога. Музыка суправаджалася багатым відэакантэнтам, былі закрануты лёсы паэтаў-франтавікоў, тэмы подзвігу, дзяцінства на вайне. У выніку праграма набыла яшчэ і
адукацыйную функцыю, бо ў зале Магілёўскага абласнога Палаца культуры прысутнічалі людзі розных пакаленняў, было многа моладзі, а сярод удзельнікаў — цудоўны дзіцячы хор. Гэта запомніцца на доўгі час, стаўшы часткай патрыятычнага выхавання.

— Гэты праект, — дадалі член праўлення Беларускага саюза кампазітараў Аліна Безенсон і адна з вядучых музыказнаўцаў Вольга Брылон, — годны таго, каб яго паказалі па ўсёй краіне. Бо атрымалася, па сутнасці, музычна-адукацыйная праграма з ненавязлівым ідэалагічным падтэкстам. Яе паказы могуць і павінны ахапіць не толькі гарады Магілёўшчыны, але і сталіцу.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"