“А памяць, як калодзеж, глыбокая...”

№ 19 (1406) 11.05.2019 - 19.05.2019 г

Памяць пра вайну… Яна не сціраецца, не становіцца больш цьмянай з цягам гадоў. Мабыць, таму, што гэта не толькі памяць асобных людзей ці аднаго пакалення. Гэта Памяць народа, навечна ўплеценая ў яго гісторыю, у яго сучаснасць і будучыню, у яго нацыянальную самасвядомасць. Прайшло шмат гадоў, як скончылася Вялікая Айчынная, але рэха яе і да гэтых дзён не сціхае ў чалавечых душах.

/i/content/pi/cult/744/16143/2.JPGМастакі-ветэраны, якія са зброяй у руках прайшлі франтавымі дарогамі і партызанскімі сцежкамі, свой вайсковы абавязак перад Радзімай, без сумневу, выканалі. А ў мірны час яны зрабілі ўсё магчымае, каб у створаных імі карцінах, скульптурах, партрэтах, натурных эцюдах з месцаў баявых дзеянняў шчыра данесці да нашчадкаў, да сённяшніх маладых людзей праўдзівую сутнасць таго, што адбылося ў “сороковых, роковых, свинцовых и пороховых” гадах, і як ва ўсёй красе сваёй нятленнай адраджалася зраненая, крывёю ўмытая зямля беларуская.

/i/content/pi/cult/744/16143/1.JPG“У паветры Зялёнкін”

Пра некаторых мастакоў, якія найбольш вызначыліся ў баях за Радзіму, і якіх я добра асабіста ведаў, распавяду трошкі падрабязней. Канешне, тут у першым шэрагу — Герой Савецкага Саюза Міхаіл Зялёнкін. Калісьці ён мне падарыў копію ўзнагароднага ліста на прысваенне яму гэтага звання і некалькі фатаграфій ваенных гадоў. Чытаем: “Гвардыі старшы лейтэнант М.М. Зялёнкін у паветраных баях дэманструе невычэрпную энергію і трываласць, бяспрыкладную адвагу, мужнасць і гераізм. Адчуваючы бязлітасную нянавісць да ворага, нястрымна рвецца ў бой дзеля знішчэння фашысцкіх піратаў... аддае перавагу наступальнай тактыцы дзеяння, заўсёды нападае першым, не ўлічваючы колькасныя суадносіны сіл. Ён не пытаецца: “Колькі самалётаў праціўніка?”, а кажа: “Дзе праціўнік?” і, віртуозна валодаючы машынай, імкнецца абрынуцца на яго, змінае і знішчае, заўсёды выходзячы пераможцам...” Узнагародны ліст падпісалі камандуючы 2-м Беларускім фронтам генерал арміі Георгій Захараў і член Ваеннага Савета фронту генерал-лейтэнант Мікіта Субоцін.

Зялёнкін — наш зямляк, родам са станцыі Рудзенск (цяпер гэта пасёлак Пухавіцкага района). Вучыўся ў Віцебскім мастацкім вучылішчы разам з будучымі франтавікамі Васілём Быкавым і Сяргеем Селіханавым. А ў жніўні 1939-га, не скончыўшы вучэльні, стаў курсантам Батайскай школы ваенных лётчыкаў, што пад Растовам. З першых да апошніх дзён вайны — на фронце. Першы нямецкі бамбардзіроўшчык Ю-87 збіў 7 снежня 1941 года ў небе над Масквой. Апошні — у час аперацыі “Баграціён”.

Толькі ў небе Беларусі ён збіў 7 самалётаў праціўніка! А усяго на яго рахунку 28 асабістых перамог і 4 — у групе. Агулам ажыццявіў 724 баявыя вылеты. А ўжо пасля вайны стаў членам Саюза мастакоў па секцыі мастацкага афармлення.

/i/content/pi/cult/744/16143/3.JPGНезадоўга да смерці героя (а памёр ён 14 чэрвеня 1991 года) мне пашчасціла пагутарыць з ім за куфлем піва. Ён шмат чаго распавёў пра тую, ягоную вайну. “Ахтунг! Ахтунг! У паветры — Зялёнкін!” — часта гучала ў эфіры на нямецкай мове. Так, лётчыка ведалі і на тым баку. Яшчэ б! На Ла-5 ён нават збіў нямецкага аса Крафта, які пастаянна паляваў на нашы адзінкавыя самалёты і меў на сваім рахунку некалькі дзясяткаў асабістых перамог. Зялёнкіна пазнавалі па асаблівым “почырку”, па імклівых атаках, па здольнасці тактычна правільна арганізаваць і правесці паветраны бой.

Ён быў не толькі асам, але і чалавекам шырокай натуры: адважным, удалым, ганарыстым, незалежным. І гэтая адвага часам выходзіла за межы жорсткай вайсковай дісцыпліны — што аднойчы нават сыграла ў яго жыцці негатыўную ролю. Другой Залатой Зоркі ён так і не атрымаў — хаця ўжо быў да яе прадстаўлены. Але, у рэшце рэшт, узнагародамі Міхаіл Міхайлавіч не быў пакрыўжданы — акрамя Зоркі і ордэна Леніна, меў тры ордэны Чырвонага Сцяга, ордэн Суворава 3-й ступені, два ордэны Айчыннай вайны, ордэн Чырвонай Зоркі і так далей.

Запісы ў трафейным штодзённіку

Адным з тых, хто пакінуў па сабе добрую памяць як салдат, мастак-лірык, чалавек, грамадзянін, з’яўляецца мой блізкі старэйшы сябра, заслужаны работнік культуры Рэспублікі Беларусь Іван Васільевіч Пушкоў. Кавалер аж чатырох ордэнаў Айчыннай вайны 1-й і 2-й ступеней, ён у 1944-м быў прадстаўлены да звання Героя Савецкага Саюза, але ў апошні момант замест Зоркі атрымаў ордэн Баявога Чырвонага Сцяга. Артылерыст і разведчык, ён з 22 чэрвеня 1941-га да пераможнай вясны 1945-га знаходзіўся ў дзейнай арміі, на перадавой. Спачатку было адступленне ад пагранічнай рэчкі Прут, цяжкія баі за Крым. Затым удзельнічаў у легендарнай Керчанска-Эльцігонскай дэсантнай аперацыі і баях на Малой Зямлі. У складзе 18-й арміі змагаўся за Наварасійск, Керч, Туапсэ. Наступныя старонкі ягонай франтавой біяграфіі — вызваленне Беларусі, баі ў Прыбалтыцы, Усходняй Прусіі, Польшчы, штурм Берліна. А потым ён усё жыццё звязаў з горадам Гродна, дзе чвэрць стагоддзя кіраваў абласной арганізацыяй Саюза мастакоў БССР.

/i/content/pi/cult/744/16143/4.JPGУсю вайну ў кароткіх перапынках паміж баямі вёў запісы асадкай ці алоўкам, нейкі час выкарыстоўваючы для іх трафейны нямецкі штодзённік. Там пра тое, што адбывалася побач, пра баявых сяброў, пра абпаленую вайной прыроду і ўвогуле пра жыццё, якое будзе пасля Перамогі. Незадоўга да сваёй смерці ў 1986 годзе ён падарыў мне гэты дзённік, які сёння захоўваецца ў маім архіве. Прывяду толькі некалькі фрагментаў з гэтага ўнікальнага дакумента эпохі, якія сведчаць, што Іван Васільевіч валодаў таленавітым літаратурным пяром. Зрэшты, мяркуйце самі.

12 сакавіка 1942 года: “Два апошнія дні быў на НП. Назіраў за немцамі. Безупынны рух машын. Ніяк не ўцямлю, ці гэта адсюль яны што вывозяць, альбо сюды штосьці прывозяць, але адно зразумела: гансы рыхтуюцца да “вясенняй кампаніі”. Ноччу засёк некалькі батарэй праціўніка. Так, ледзь не забыў: учора назіраў зацьменне Месяца. Бедны месяц, як ён мучыўся — бы дзяўчына пры родах: то акругліцца, то пачырванее, то збялее, то ледзь-ледзь вызірне з-за аблокаў, то зусім знікне, пакінуўшы толькі адзін арэол. Урэшце, пасля дзвюхгадзінных пакут, ён разарваў калматыя кучы аблокаў і зноў заззяў…”

27 сакавіка 1942 года: “На фронце ні адзінага стрэлу. Усё навокал маўчыць. Толькі пасля ўчарашняга цяжкага бою ў вушах застаяўся нейкі незразумелы звон, падобны на свіст цвыркуна. Неяк незразумела праходзіць вайна. Калі раней вёскі і гарады здаваліся амаль што без бою, дык цяпер на кожную вёску, на кожны бліндаж, акоп кладуцца дзясяткі, сотні снарадаў. З кожным днём усё мацнейшы кулямётны дождж. Некалі ўрадлівыя палі пераўтвараюцца ў могільнікі для фашысцкага звяр’я. Зямля на працягу 2500 кіламетраў — ад Чорнага да Паўночнага мора — перакапаная гіганцкімі ровамі, мільёнамі акопаў і варонкамі. Кожны метр зямлі на сваёй паверхні ўтрымлівае да кілаграма сталі. Гэта гаворыць пра тое, што з кожным днём усё мацней і зладжаней становіцца наша армія, і ўсё глыбей і глыбей запаўзаюць у свае бярлогі фашысцкія звяры. Учарашні дзень — 26 сакавіка — быў адным з самых запамінальных дзён за час вайны. Цягам 46 гадзін перыядычна ішла артпадрыхтоўка з таго і другога бакоў. Няспынна страчылі кулямёты. Снарады прашывалі ўсё навокал. Гэта было сапраўднае пекла. Дзіўна, але наша хата ў вёсцы Палітаддзельнае засталася непашкоджанай. Увечары ўсё сціхла. Ноч прайшла спакойна…”

/i/content/pi/cult/744/16143/5.JPGА вось запіс, зроблены амаль праз тры гады. 8 лютага 1945 года: “Фальварак Хіршвальдашэн. Зранку быў добры настрой: ніхто не трывожыў па тэлефоне і радыё. У 4.00 адправіў аператыўныя і разведвальныя дакументы ў штаб палка і пачаў пісаць аўтапартрэт (упершыню за шэсць гадоў!) алейнымі фарбамі. Спачатку ўсё ішло добра. Я ўжо зрабіў малюнак і пачаў пісаць фарбамі (дрэздэнскага вырабу, падарунак сябра). Хлопцы заводзілі патэфон, танцавалі адзін з адным. І раптам у памяшканне ўварвалася штабная камісія “анучнікаў” (мы іх так называлі). Пасыпаліся ўсялякія пытанні і павучанні: маўляў, ідзе вайна, а вы знайшлі час займацца глупствам, і г.д. І тут пачала пішчаць тэлефонная рацыя. Загад: трэба перамяшчацца на новае месца. Зноў — 1000 пытанняў, якія выраслі, нібы з зямлі, і адно важнейшае за другое. Я ўскіпеў, скамячыў і кінуў у кут пачаты партрэт. А 17-й я быў у штабе артдывізіі. А ў 19.00 я ўжо размясціўся са сваім штабам на новым месцы ў старажытным графскім маёнтку. Гэта трохпавярховы дом, які з трох бакоў акружаў сквер стогадовых дубоў, ліп і соснаў, падзелены на прамавугольнікі і квадраты, з усходняга боку ўся прастора была зрашэчаная артылерыяй, а ўнутры дома ўсё было перавернута…”

10 лютага 1945 года: Лашэн. Раніца: “Як і раней, працягваем стаяць у графскім фальварку. Праціўнік аказвае ўпартае супраціўленне. Зразумела, што не сёння-заўтра ён павінен адысці, бо ўначы ў напрамку горада было чуваць моцныя выбухі снарадаў: гэта пэўная прыкмета яго адыходу. У 9.00 — сняданне. Да мяне падышоў камандзір 1-га агнявога ўзвода ў маім дывізіёне Б.С. і сказаў: “Іван Васільевіч, я хачу, каб вы прадоўжылі работу над сваім партрэтам. Гэта вельмі важна і для вас, і для ўсіх нас…”

/i/content/pi/cult/744/16143/6.jpg

14 лютага 1945 года: Лес Штаацфарст. Месца Прэйсіш-Эйлау: “Гучна шумяць устрывожаныя лютаўскім ветрам і непагаддзю, злосна насупленыя цёмна-зялёныя хваіны гіганцкага лесу. Пранізлівы вецер расхрыстана гуляе між стромкімі стваламі дрэў і, быццам звар’яцелы, ірвецца і калоціцца змоклымі палотнамі намёту, дзе стаіўся мой штаб. У цэнтры яго — трафейная нямецкая печка, і кожны імкнецца падсесці бліжэй і працягнуць туды рукі. А вакол несупынна працуе цяжкая артылерыя з таго і другога боку. Зямля, быццам у ліхаманцы, дрыжыць цэлымі суткамі. Па лесе носяцца з боку ў бок зляканыя лосі, козы, алені. Праходзяць цэлыя калоны вызваленых з нямецкага палону нашых грамадзян: беларусаў, рускіх, палякаў. І поўная наша Перамога ўжо не за гарамі — толькі дажыць бы да гэтага светлага дня”.

/i/content/pi/cult/744/16143/7.JPGІ апошнія запісы... 3 мая 1945 года: “З Берлінам скончана. Сёння мы вялі бой за Берлін на паўночна-заходняй ускраіне, вызвалялі адзін буйны заводскі раён. А 17-й гадзіне з чырвонымі сцягамі праехалі па берлінскіх вуліцах. Паўсюдна вывешаны чырвоныя і белыя сцягі. На вуліцах, бліжэй да цэнтра, ужо ідзе ўборка. Адчыняюцца крамы. Людзі стаяць у чэргах. Дзіўна, на адным прыпынку пажылы немец зладзіў нам цэлы канцэрт. Мы пачаставалі яго віном. Ён у знак падзякі са словамі: “Рот-фронт!” і “Гітлер капут!” пусціўся ў скокі!..”

5 мая 1945 года: “Імчым па аўтастрадзе Берлін — Брэслау — Дрэздэн. Дарога забіта бясконцай плыннню машын, тэхнікай і людзьмі. Савецкімі людзьмі, якія ўсталявалі сцяг Перамогі над Берлінам. Я еду ў трафейнай машыне былога турэцкага пасла. Некаторыя сумуюць, што так мала давялося пабыць у Берліне...”

Далей дзённік абрываецца. Наступныя запісы зроблены ўжо ў снежні 1945 года ў мірным Гродна.

Прымусіць Гітлера плакаць

Скажу некалькі слоў і пра былога партызана Мікалая Гуціева — заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі, вядомага графіка, педагога і грамадскага дзеяча. Апошняя выстаўка яго твораў пад назвай “Памяць сэрца” прайшла ў 2008-м, калі мастака ўжо год як не было ў жывых…

З першых дзён Вялікай Айчыннай ён на фронце. Пад Полацкам трапіў у палон. Знаходзіўся ў нямецкім канцлагеры “Барвуха-1”. Адтуль яму ўдалося ўцячы летам 1942-га разам з аднагодкам Мікалаем Абрыньбам, нядаўнім студэнтам Маскоўскага мастацкага інстытута імя Васіля Сурыкава. На шчасце, хлопцы знайшлі партызан і абодва храбра ваявалі ў Лепельскай брыгадзе Дубава на Віцебшчыне.

Мікалай Цімафеевіч быў кулямётчыкам, разведчыкам, удзельнічаў ва ўсіх баявых аперацыях. Па гарачых слядах рабіў замалёўкі алоўкам, тушшу і акварэллю, нават маляваў цэлыя карціны на баявыя сюжэты. Стварыў вялікую серыю партрэтаў сяброў-партызан і сотні плакатаў-лістовак, якія з дапамогай паветранага змея дастаўляліся жыхарам навакольных вёсак і ў варожыя гарнізоны, расклейваліся на сценах дамоў, клубаў, кінатэатраў… Пагаворвалі, напрыклад, што ў 1944-м Панцеляймон Панамарэнка ў Маскве паказаў Сталіну плакат Гуціева “Гітлер, які плача”: фюрэр на фоне ахопленага агнём Берліна. Сталін быццам бы доўга смяяўся і прасіў перадаць аўтару персанальнае прывітанне.

Партызан Гуціеў ніколі не расставаўся з альбомам і алоўкам. Амаль ва ўсіх начных баявых аперацыях, у якіх ён удзельнічаў, яму ўдавалася рабіць замалёўкі ды накіды партрэтаў байцоў і камандзіраў, што вылучыліся ў баі. А ўжо потым, у прамежку паміж аперацыямі, у вялікай зямлянцы з электрычным асвятленнем, зробленыя ў паходзе накіды дапрацоўваліся, абрасталі дэталямі. Вось так з’яўляліся кампазіцыйныя рашэнні, якія потым ператварыліся ў завершаныя творы.

Пазней, з канца 1942 года, Гуціеў засяродзіў сваю ўвагу на сатырычных плакатах-лістоўках, якія спачатку маляваў ад рукі, а потым размнажаў з дапамогай спецыяльнай пераводнай пасты — часам да 25 экзэмпляраў. Абрысы былі бляклыя, і кожны экзэмпляр даводзілася дапрацоўваць тушшу і фарбай.

Аднойчы пасля ўдалай аперацыі ўдалося здабыць кавалкі лінолеума — партызаны здзёрлі яго з падлогі разгромленага фашысцкага штаба. Гуціеў цалкам перайшоў на гравіроўку друкарскіх форм на гэтым падатлівым матэрыяле. Лінагравюры сатырычных антыфашысцкіх плакатаў разам з наборам вершаваных подпісаў размнажаліся на ручным станку партызанскай друкарні. Распаўсюджваліся яны галоўным чынам сувязнымі-падпольшчыкамі рознымі спосабамі. Напрыклад, ідзе ў лепельскім кінатэатры які-небудзь нямецкі фільм, заканчваецца сеанс — і гледачы бачаць на сценах антыфашысцкія плакаты: як абвяржэнне таго, што яны некалькі хвілін таму бачылі на экране. Ідэалагічнае ўздзеянне такія творы мелі немалое — асабліва калі ўлічыць, што да Перамогі тады было яшчэ далёка. Але ніхто з партызанаў не сумняваўся у тым, што яна прыйдзе... І рабілі ўсё-ўсё для таго, каб наблізіць гэты светлы дзень.

І ён прыйшоў. І паўстала Перамога вясновай свежасцю міру, пяшчотнай квеценню, што абсыпалася на браню танкаў і ствалы гармат. Гэта была дзіўная вясна сорак пятага, і яблыні з вішнямі квітнелі на дарогах вайны.

Азіраецца ў далечыню дзесяццігодзяў пакаленне апошніх салдат-ветеранаў; азіраецца таксама пакаленне “дзяцей вайны”, якія ўжо сталі зусім сівымі. А што пакаленне іх унукаў і праўнукаў? На жаль, пра вайну сённяшнія маладыя людзі ведаюць вельмі павярхоўна. Зразумела, што іх часта папракаюць за адсутнасць патрыятызму. А адкуль узяцца патрыятызму, калі і дарослыя не заўсёды могуць разабрацца ў тых падзеях, асабліва ў час інфармацыйных войн? На якіх прыкладах павінна вучыцца патрыятызму моладзь, калі асобныя СМІ друкуюць неймаверныя факты, якія абражаюць памяць загінулых і яшчэ жывых ветэранаў; тэлебачанне спрэс прасякнута амерыканскімі і расійскімі баевікамі і крымінальнымі серыяламі, а ў некаторых краінах наогул перапісваецца гісторыя 1940-х? Ці не таму адбываецца разрыў з духоўнымі каштоўнасцямі папярэдніх пакаленняў, аслабленне пачуцця далучанасці моладзі да дзеянняў сваіх продкаў, якія абаранілі краіну ад карычневай чумы?

А між тым, на моладзь уся надзея: калі не яна, дык — хто? Памятаць тых, хто здзейсніў бессмяротны подзвіг у імя жыцця, у імя Бацькаўшчыны, памятаць урокі гісторыі, памятаць у імя сябе — вось галоўная мэта, якая сёння стаіць перад грамадствам маладой незалежнай Рэспублікі Беларусь. І ў гэтым сэнсе наша нацыянальная выяўленчая культура, гуманістычная па сваёй сутнасці, з’яўляецца моцным духоўным акумулятарам чалавечых арыенціраў на шляху ў светлы заўтрашні дзень: без войн, рэвалюцый, гвалту, сацыяльных і рэлігійных канфліктаў.

І хочацца спадзявацца, што беларускае мастацва хаця б у нейкай ступені прынясе маладому гледачу не толькі радасць адкрыцця чагосьці новага ў біяграфіях летапісцаў Перамогі, але і роздумы над сэнсам чалавечага быцця ў кантэксце памяці пра Вялікую Айчынную. Таму што за кожнай выпакутаванай карцінай, за кожнай выпакутаванай скульптурай ці франтавым малюнкам — жыццё людзей, іх адвага, стойкасць і любоў, маральнае нутро чалавека, веліч яго духа — усё, чым у поўнай ступені валодала пакаленне мастакоў-франтавікоў і што так неабходна сённяшняй нашай моладзі.

Я сёння думаю толькі пра адно-адзінае: як захаваць, не страціць Праўду? І вось тут на моладзь — тую самую пасіянарную моладзь, якую я ведаю, мы ведаем, — уся надзея: калі не яна, дык хто тады панясе далей незгасальны факел Памяці?

Барыс КРЭПАК