“А памяць, як калодзеж, глыбокая...”

№ 18 (1405) 04.05.2019 - 10.05.2019 г

У якасці загалоўка майго эсэ я ўзяў радок з верша Уладзіміра Высоцкага 1971 года. Помніце? “Зарыты в нашу память навека // И даты, и события, и лица, // А память, как колодец, глубока — // Попробуй заглянуть: наверняка // Лицо и то неясно отразится…” Але глядзець у “калодзеж” Памяці нам вельмі неабходна, каб бачыць сваімі вачыма “і даты, і падзеі, і твары” мінулай вайны, якая для беларусаў стала незагойнай ранай.

/i/content/pi/cult/743/16142/page-14-15-copy-SSS.jpgЗасталіся толькі трое

Адразу пасля вайны словы “Дзень Перамогі” пісаліся з вялікай літары. 9 Мая тады пазначалася ў календары чырвоным і было сапраўдным святам, якое яднала ўсіх. Але ўжо ў пачатку 1950-х дзеячаў мастацтва, захопленых задумамі ўвекавечыць у сваіх творах памяць пра нядаўнія падзеі, папярэджвалі: вайна, ведаеце, страціла сваю тэматычную актуальнасць, апяваць трэба гераічную сучаснасць! А пасля гэтага ўжо не лічылася грубай памылкай, калі словы “Дзень Перамогі”, якія сустракаліся ў школьным дыктанце (я сам асабіста гэта помню), пісаліся намі, вучнямі, з малой літары.

Дзякуй Богу, сёння мы з такой памылкай справіліся. Хаця, па вялікім рахунку, з чалавечай, народнай Памяццю пра тую вайну далёка не ўсё ў парадку, асабліва на постсавецкай прасторы... Я маю на ўвазе такія, магчыма жорсткія паняцці як Забыццё, Раўнадушша, Абыякавасць... Радуе, што мы, беларусы, пакуль, здаецца, у большасці сваёй не сталі іванамі, якія без роду і племені...

Так, усё далей і далей ад нас вайна. Але вось з часам яна як бы зноў пачынае набліжацца, успамінаецца ўсё часцей і пранізлівей — менавіта ў першыя майскія дні кожнага года. Можа таму, што яе ўдзельнікаў становіцца ўсё менш? Вось і ў нас, у Беларускім саюзе мастакоў, іх сёння засталося ўсяго трое. Гэта народныя мастакі Віктар Грамыка і Леанід Шчамялёў, а таксама заслужаны дзеяч мастацтваў Аляксандр Салаўёў — выдатны сцэнограф і жывапісец.

Упэўнены: мастацтва ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай — гэта пра тое, пра што пісаў Аляксандр Твардоўскі: “Я вам жить завещаю, — что я больше могу?” Іх жыццё і творчасць у лепшых сваіх праявах заўсёды былі скіраваныя да чалавека, у свет яго думак, перажыванняў, душэўных імкненняў. Нястрымная вера ў тое, што нічога на свеце няма вышэйшага за праўду, любоў і дабрыню, чырвонай ніткай праходзіць у іх творах пра вайну і мір.

/i/content/pi/cult/743/16142/page-14-15-S.jpgЗнесеныя вайной

А ваявала на франтах, у
партызанскіх атрадах і падполлі больш за 150 беларускіх мастакоў — як ужо на той час прафесійных, так і тых, хто абраў сабе гэтую прафесію пасля Перамогі. Для некаторых ветэранаў вайна стала галоўнай Памяццю іх жыцця, якая потым увасаблялася пэндзлем, разцом і алоўкам.

Двум дзясяткам таленавітых мастакоў, народжаных на зямлі Беларусі, так і не давялося сустрэць Дзень Перамогі: яны загінулі ў баях за Радзіму або ў фашысцкіх канцлагерах. Хто іх сёння ведае? Ды практычна ніхто! Некаторыя імёны, праўда, высечаны на мемарыяльнай мармуровай дошцы нашага Саюза мастакоў. Але ж далёка не ўсе таленавітыя мастакі перад вайной знаходзіліся ў творчым саюзе.

Што вядома пра іхні лёс, пра іх жыццё і творчасць? Як жылі ў мастацтве гэтыя людзі, знесеныя вайной, спадчына якіх амаль не ацалела, а то і зусім не захавалася? Не было дзе і не было каму яе захоўваць. Засталіся толькі імёны і сціплыя дадзеныя анкет у архівах... Не заўсёды ёсць нават фотаздымкі.

Кожны новы факт пра такіх людзей становіцца бясцэнным вынікам доўгага карпатлівага пошуку. Але даўно ўжо няма ў жывых большасці сяброў, равеснікаў, блізкіх сваякоў тых, хто загінуў у баях або сканаў у канцлагерах. Цяпер кожнае запісанае слова, кожны радок успамінаў — часта адзіная магчымасць узнавіць вобраз тых цудоўных людзей, якія назаўсёды засталіся маладымі...

У гэтыя майскія дні Вялікай Перамогі хачу нагадаць імёны, якія я здолеў, пачынаючы з 1970-х гадоў, знайсці ў беларускіх і маскоўскіх архівах. Штосьці паспеў пачарпнуць з жывых, хаця і даўніх успамінаў — Андрэя Бембеля, Заіра Азгура, Аляксея Глебава, Яўгенія Красоўскага, Сяргея Селіханава, Аляксандра Мазалёва, Міхаіла Зялёнкіна ды іншых прадстаўнікоў старэйшага пакалення мастакоў, якія асабіста ў даваенны час ведалі сваіх загінулых сяброў і равеснікаў.

Вось гэтыя імёны: А.Арлоў, А.Астаповіч, І.Фенюк, А.Жораў, Л.Зевін, М.Малевіч, А.Пашута, У.Бярвенскі, Ш.Пікус, А.Бразер, І.Эйдэльман, Г.Ізмайлаў, І.Мільчын, З.Мірынгоф, Я.Саматыя, Х.Гутэрман, М.Калішэвіч, Б.Каплан, С.Аншалевіч, С.Даўжанскі, Л.Сонкін, Р.Баброўскі, Л.Юдзін… Не зусім упеўнены, што спіс поўны.

Самымі малодшымі былі Віталь Букаты і Васіль Капыценка — сёння мала хто ведае пра гэтых беларускіх хлопцаў. Таленавіты рысавальшчык-самавук, 17-гадовы Букаты спачатку працаваў у тыле — у плакат-газеце “Раздавім фашысцкую гадзіну!” Захавалася ягоная кампазіцыя-заклік “Партызаны! У бой за родную Беларусь!”, дзе з дакладным мастакоўскім чуццём знойдзены і вобраз партызана, які ў свяшчэнным гневе паўстаў ва ўвесь рост, і брыдкая фігура фашыста-злачынца, які паквапіўся на нашу зямлю. Фон — танкі з чорнымі крыжамі, што паўзуць далёка ззаду, дым пажарышчаў, абпаленыя палі і лясы...

Працуючы ў рэдакцыі плаката, Віталь Букаты увесь час ірваўся на фронт. Атрымаўшы спецыяльнасць мінёра, трапіў у партызанскі атрад на Віцебшчыне. У адным з баёў з карнікамі па-геройску загінуў...

Зусім юны Васіль Капыценка — учарашні студэнт Віцебскага мастацкага вучылішча — з першых дзён вайны разам са сваім любімым настаўнікам Аляксандрам Мазалёвым стаў падпольшчыкам у гарадку Рудня. Фашысты яго высачылі і пасля доўгіх катаванняў расстралялі... У Смаленскім гістарычным музеі захоўваюцца некалькі работ мастака: “Аўтапартрэт”, створаны незадоўга да яго арышту, і накід пажылой жанчыны, пад якім аўтарскі подпіс: “42. Рудня. Турма”...

“Пачуццё” вайны

Ды, на шчасце, нямала мастакоў выжылі, каб у пасляваенны час пакінуць свае каштоўныя ўспаміны ў творах выяўленчага мастацтва, у якіх яны імкнуліся адлюстроўваць праўду — тую, якую ведалі, якую перажылі, здабылі цягам многіх гадоў роздумаў і душэўных пакут...

Вось некаторыя імёны тых, хто застаўся ў жывых пасля Вялікай Перамогі, хто за подзвігі ў гады вайны быў узнагароджаны высокімі баявымі ордэнамі і медалямі: маёр Віктар Вярсоцкі, капітаны — артылерысты Сяргей Селіханаў, Аляксандр Казлоўскі і мінамётчык Ігар Глебаў, ваенны інжынер 3-га ранга капітан Яўген Зайцаў, старшы лейтэнант Ісак Давідовіч, лейтэнанты Тарас Паражняк, Сцяпан Андруховіч, Уладзімір Мінейка, малодшы лейтэнант Уладзімір Сакалоў, гвардыі старшыя сяржанты Леанід Шчамялёў, Іосіф Белановіч і Іван Ціханаў, старшына Павел Масленікаў, радавыя Міхаіл Савіцкі, Аляксей Глебаў, Сяргей Каткоў, Міхаіл Чэпік, Іван Стасевіч, Яўген Ражкоў, Фёдар Бараноўскі, Абрам Кроль, “байцы нябачнага фронту”, партызаны Віктар Грамыка, Мікалай Гуціеў, Уладзімір Сухаверхаў, Соф’я Лі, Антон Бархаткоў, Сяргей Раманаў, Генрых Бржазоўскі, Леанід Дробаў, Мікалай Гурло, Анатоль Агафоненка… І шмат іншых “кавалёў” Перамогі.

Я добра ведаў многіх ветэранаў, сябраваў з імі. Так, яны казалі, што сёе-тое забываецца: імёны, твары, галасы, адчуванні, перажытыя там, на палях баёў. Але знамянальна, што дні лёсаносныя яны памятаюць да найдрабнейшых дэталей: і 22 чэрвеня 1941-га, і 9 мая 1945-га, і эпапею вызвалення Беларусі — асабліва тыя, хто браў у ёй непасрэдны ўдзел. Існуе, відаць, нейкая ўласцівасць памяці чалавека…

Але, калі казаць у цэлым, ніколі не забываецца адно невымоўнае, невыказнае пачуццё — “пачуццё” вайны. І я іх разумею. Тым, хто не зведаў, што гэта такое — вайна, хто яе ўяўляе толькі па кніжках, фільмах, палотнах і скульптурах, мабыць, цяжка разумець тую вельмі складаную “ўнутраную памяць”, якая прысутнічала ў душах былых франтавікоў і партызанаў і якую нельга адлюстраваць ні фарбамі, ні гукам, ні словам, ні гульнёй акцёраў.

І тым не менш, яны — былыя воіны, пераможцы — сваім мастакоўскім талентам усё зрабілі для таго, каб іхнія дзеці і ўнукі хаця б трошкі “ўвайшлі” ў тую гераічную і трагічную прастору, у якой апынуліся іх бацькі і дзяды — тады зусім юныя, маладыя, бязвусыя. І мне здаецца, што гэтае маё маленькае эсэ для сённяшняй моладзі стане тым самым компасам, з дапамогай якога трэба выбіраць правільны маральны шлях.

Барыс КРЭПАК