Лабараторыя Сонца ў Відамлі

№ 18 (1405) 04.05.2019 - 10.05.2019 г

У маім “камандзіровачным рэйтынгу” гэты аграгарадок займае адно з першых месцаў сярод аналагічных населеных пунктаў краіны. Вядома, для атрымання больш дакладнай карціны таго, як функцыянуюць установы культуры ў Відамлi, трэба было б пражыць там хоць бы тыдзень (і пажадана — інкогніта). Але, спадзяюся, тыя першыя ўражанні, якія я атрымаў у ходзе майго экспрэс-візіту, не былі памылковымі.

/i/content/pi/cult/743/16137/pages-10-11-copy-SS.jpg“Наш чытач маладзее”

Адкуль яшчэ ідуць у беларускую культуру, як вы думаеце? Правільна — наўпрост з кампаніі “Савушкаў
прадукт”! Але былы сырароб яе камянецкага філіяла Марына Шылавец у бібліятэчнай справе чалавек невыпадковы (яе мама — з бібліятэкараў). І пяць гадоў таму — пэўна, па загадзе душы — Марына Адамаўна заняла вакантную пасаду ў Відамлi ды атрымала адпаведную новай прафесіі адукацыю.

— Каб захапіць чытача, недастаткова выдаць яму нешта па яго запыце — у надзеі, што ён прыйдзе да нас і ў наступны раз, — дзеліцца яна нюансамі сваёй працы. — Здавалася б, са школьнікамі ў гэтым пытанні ўсё ідзе прасцей — ім па вучэбнай праграме трэба шмат чытаць. Але адна справа —
“абавязковае” чытанне, а зусім іншае — прышчапіць дзецям любоў да літаратуры наогул.

І прылучае іх спадарыня Шылавец рознымі вынаходлівымі спосабамі — напрыклад, праводзячы майстар-класы па газетнай саломцы або абмяркоўваючы розныя рэцэпты ў часопісах. А на такіх “вячорках” пачынаюцца размовы пра літаратурных герояў і гістарычныя рэаліі іх часоў — тую ж кулінарыю. І некаторыя наведвальнікі паступова прасякаюцца глыбокай увагай да ўсяго, што звязана з кнігай.

— Не так важна, на сяле расце дзіця, альбо ў горадзе. Спакусаў у яго сёння і там, і там мноства, — кажа Марына Адамаўна. — А ў Відамлi бацькі мне давяраюць, і калі іх дзеці пайшлі ў бібліятэку — значыць, яны дакладна ў мяне, а не дзе-небудзь на вуліцы. Мы тут чытаем вершы, абмяркоўваем кнігі, нешта пляцём. Іншы раз можам выехаць у Брэст — паглядзець якую-небудзь тэатральную пастаноўку.

А дарослых аграгарадка “завабліваюць у кнігу” як спосабамі звычайнымі — дапусцім, “сарафанным радыё” (маўляў, паступілі новыя бэстсэлеры...), або “арт-вокнамі” (правераная часам рэкламная акцыя, калі ў вокнах размяшчаецца наглядная агітацыя, якая інфармуе пра тую ці іншаю літаратурную падзею) — так і з выкарыстаннем мясцовага эксклюзіву. Я маю на ўвазе ініцыятыву “Лабараторыя Сонца”, скіраваную, у тым ліку, на прасоўванне айчыннага і замежнага вопыту ў галіне энергазберажэння і альтэрнатыўнай энергетыкі. Непадалёк ад сельскай бібліятэкі і СДК (абедзве ўстановы размяшчаюцца ў адным будынку) знаходзіцца рэкрэацыйна-навучальная пляцоўка, на якой усталяваныя сонечныя батарэі, лаўкі, ліхтары, дзіцячыя атракцыёны. Менавіта тут у цёплы час года любяць шпацыраваць маладыя бацькі са сваімі дзецьмі, да паслуг якіх і часовыя стэнды з кнігамі — як бы між іншым такім чынам рэкламуе сваю дзейнасць Марына Адамаўна. І знаходзіць новых чытачоў!

З мерапрыемстваў, якія праводзяцца СБ у індывідуальным парадку і ў садружнасці з іншымі арганізацыямі, спадарыня Шылавец адзначае імпрэзу, прысвечаную жанчынам-міраносіцам — і, адпаведна, царкоўнай літаратуры, а таксама “агеньчыкі” для людзей пенсійнага ўзросту і выставы кніг пісьменнікаў-юбіляраў.

— Нам бы яшчэ ўласную мультымедыйную тэхніку, каб яна ўвесь час была пад рукой, — пераходзіць да сваіх мараў візаві, — і тады нашы iмпрэзы сталі б, вядома ж, больш прывабнымі.

Штогод бібліятэку наведвае крыху больш за 540 чалавек. У тым ліку і з навакольных вёсак. Праўда, лік чытачоў у іх невялікі — гэта людзі пераважна пажылыя. Да ўсяго, сельскае насельніцтва раёна (там, дзе гэта патрабуецца) абслугоўваюць бібліёбусы з Камянца.

— А наогул наш чытач маладзее, — паведамляе мая суразмоўца. — Яго сярэдні ўзрост — ад 20 да 40 гадоў. З іншага боку, пажылых да нас прыходзіць больш, чым 14 — 15-гадовых.

Клуб у клубе

Затое ўвагай падлеткаў можа пахваліцца народны клуб творчай моладзі “Свой круг”, які з’яўляецца адным з фарміраванняў сельскага Дома культуры. Тут паўстае пытанне: а навошта патрэбны такі “клуб у клубе”, які дублюе харэаграфічнае, вакальнае, акцёрскае і некаторыя іншыя кірункі СДК?

А справа ў тым, што зусім і не дублюе. Дом культуры ў сваёй працы робіць акцэнт на фольк (і не толькі беларускi), а “Свой круг” — на мастацтва сучаснае. Праўда, яно таксама можа мець уплыў фольку. 11 гадоў кіруе аб’яднаннем Ірына Вярэніч, асноўным месцам працы якой з’яўляецца Камянецкая дзіцячая школа мастацтваў.

— “Свой круг” — унікальны для Брэсцкай вобласці, — сцвярджае Ірына Мікалаеўна, — паколькі настолькі шматжанравых калектываў у ёй няма. У нас займаецца каля 50 чалавек, але за колькасцю мы не гонімся. Для мяне галоўнае — якасць, вынік. Тады будуць і канцэрты, і ўдзел у фестывалях і конкурсах, як унутры краіны, так і ў блізкім замежжы. Напрыклад, з Нацыянальнага парку “Белавежская пушча” мы наогул не вылазім: запрашэнні выступіць на яго мерапрыемствах ідуць адно за адным.

Пры ўсёй разнастайнасці імпрэзаў, якімі слаўны “Круг”, спадарыня Вярэніч асабліва адзначае калядныя мюзіклы, што праходзяць у СДК ужо дзесяць гадоў. Апошні быў пастаўлены па матывах “Вечароў на хутары ля Дзіканькі”.

Пытанне пра цяжкасці, якія ўсё ж могуць спадарожнічаць працы “яе” калектыву, спачатку паставіла Ірыну Мікалаеўну ў тупік. Маўляў, і ахвотных трапіць у клуб столькі, што некаторым нават даводзіцца адмаўляць, і найноўшай светлавой і гукавой апаратурай ён забяспечаны, і “ўласны” касцюмер у Камянцы ёсць, і грошы зарабляе, і траціць іх на сваю дзейнасць. Ды, тым не менш:

— Ёсць адна праблема: недахоп добрай якасці “мінусовак” песень беларускіх выканаўцаў. Па аўтарскіх правах мы б з імі, спадзяюся, знайшлі б якое-небудзь рашэнне — як, дапусцім, аднойчы дамовіліся з гуртом By Cry, за што яму вялікі дзякуй. Але гэта быў ледзь не адзінкавы выпадак, а ў вольным доступе ў інтэрнэце фанаграмы нашых артыстаў мы знайсці не можам.

Трохразовы чэмпіён

Пакуль я стаяў на ганку сельскага Дома культуры, чакаючы аўдыенцыі ў дырэктара Соф’і Добыш, у яго дзверы зайшло чалавек пяць — шэсць мясцовых жыхароў, і кожны з іх са мной павітаўся. Што, як мне думаецца, таксама кажа пра культуру аграгарадка. А Соф’я Васільеўна пачала гутарку з дэманстрацыі ганаровай граматы, якой быў узнагароджаны СДК як пераможца штогадовага раённага спаборніцтва за мінулы год. Падобным чынам Відамлянскі СДК адзначаны ўжо ў трэці раз.

Дырыжор-харавік Соф’я Добыш размеркавалася ў яго яшчэ будучы маладым спецыялістам — у 1982-м. Праз 15 гадоў яна ўзначаліла гэтую ўстанову.

— А праз тры гады пасля майго прызначэння яна зачынілася на рамонт, — успамінае дырэктар. — Будынак зусім знасіўся, столь пацякла. З 2000-га па 2008-мы мы размяшчаліся ў вылучаным нашым сельсаветам памяшканні. А выступалі ў гаспадарцы, школе, раз’язджалі з канцэртамі па раёне.

Больш за дзесяць гадоў прайшло з моманту завяршэння рамонту. Не скажу, што ўвесь СДК выглядае як абсалютна новы: скажам, прыступкі я б ужо падлатаў, але ўражанне дагледжанасці ён стварае. Ды і навакольная тэрыторыя нагадвае нейкі
аазіс — “культурны”.

А на тэрыторыі ўстановы дзейнічае дзесяць клубных аб’яднанняў. Соф’я Васільеўна кіруе адным з іх — аматарскім, песні і гумару “Вечарынка”. Запэўніваючы ў высокім узроўні ўсіх без выключэння фармаванняў СДК, спадарыня Добыш асобна вылучае фальклорны калектыў “Радасць”.

— Сёння нашы артысты выступаюць не проста шмат, а вельмі шмат, — з гонарам прамаўляе яна. — Як толькі ў раён прыязджае нейкая дэлегацыя (а прыязджаюць яны часта), нам тэлефануюць з райвыканкама: “Дзяўчаты, збірайцеся”. Там і пра ўзроўні нашых калектываў ведаюць, і пра тое, наколькі яны разнастайныя.

Уразіла мяне Соф’я Добыш і тым, што, аказваецца, у СДК усё яшчэ дэманструюць кінафільмы. Я ўжо і забыўся, калі апошні раз з такім сутыкаўся на вёсцы. Тут ужо нават у асобных гарадах кінатэатраў не засталося, а ў Відамлi — проста свята для кінаманаў! Хай і пэўнай катэгорыі...

— Так, прыязджае кінаперасоўка, — пускаецца ў падрабязнасці дырэктар. — Але прывозіць фільмы толькі для дзяцей — па дамоўленасці са школай. За дзень могуць паказаць тры карціны. Спрабавалі нешта і для дарослых прывозіць, але тыя на сеансы не ходзяць: глядзяць серыялы па тэлевізары.

Зразумеўшы, што ўсё ў гэтым Доме культуры выдатна — і ў творчым плане, і ў фінансавым, і ў матэрыяльна-тэхнічным — я папрасіў спадарыню Добыш расказаць пра тое, на што ёй у прыватных гутарках наракаюць калегі.

— Скардзяцца, у асноўным, на ацяпленне — у халодную пару года, — распавяла яна па сакрэце. — На старую апаратуру, на павелічэнне плана платных паслуг. І ёсць дамы культуры, якія туляцца ў будынках, першапачаткова не прызначаных для такога роду дзейнасці.

Экспертамі ж па культуры Відамлi сталі вышывальшчыцы Ганна Росляк і Валянціна Новік. Апошняя адразу мяне агаломшыла (у добрым сэнсе гэтага слова) сваёй заявай: “Вышыўка для мяне — нібы духоўны наркотык. Забываеш пра ўсё, калі ёй займаешся. Праблемы на задні план сыходзяць”. А да таго, як сысці на пенсію і “падсесці” на вышыўку, яна працавала механізатарам — 23 гады кіравала трактарам!

Ганна Пятроўна да свайго заслужанага адпачынку 38 гадоў адрабіла эканамістам. Сёння яны выстаўляюцца не толькі ў Відамлі, але і ў Камянцы ды бліжэйшых населеных пунктах — звычайна ў рамках святаў вёсак.

Каментарый Ганны РОСЛЯК і Валянціны НОВІК:

— Раней, як падаецца, у Відамлi было весялей, усё, што звязана з культурай, адыгрывала больш важную ролю. Але, можа, проста мы пастарэлі, а моладзі і сёння цікава выяўляць сябе ў нейкіх гуртках, у сваіх захапленнях — таксама, як і нам калісьці. Аднак і мы не здаёмся — не мыслім сябе без “Радасці”! Што тычыцца нашага “клуба” наогул — ва ўсім раёне не знайсці такі, дзе праходзіла б болей мерапрыемстваў!

Культура Відамлi, на мой погляд, — гэта і ёсць тое самае, пра што я, у прыватнасці, пісаў, падводзячы “свае” вынікі 2018 года: сплаў з усяго таго “добрага мінулага”, што эфектыўна працуе і дагэтуль, ды апрабавання новых ідэй. Так, апошнія — у параўнанні з якімі-небудзь дзёрзкімі праектамі ў буйных гарадах — можа, камусьці здаюцца не такімі ўжо і смелымі. Але галоўнае, што “дзвіжуха” ёсць: не імітацыя яе або таптанне на месцы, а ўпэўненыя крокі наперад. Таму і жыхарам аграгарадка жывецца не сумна — і, натуральна, тым, хто з’яўляецца стваральнікамі і праваднікамі мясцовай культуры. Далібог, я закахаўся ў гэтых людзей!

Мінск — аграгарадок Відамля Камянецкага раёна — Мінск

Фота аўтара

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"