Пабачыць Парыж і доўга-доўга жыць

№ 18 (1405) 04.05.2019 - 10.05.2019 г

Давайце сёння так зробім. Я вам пра сваю (дакладней — маміну) вёску распавяду, а вы мне — пра сваю. Вось толькі параўноўваць не будзем, бо мая беззваротна сканала па прычыне вялікага чарнобыльскага перасялення народа. Роўна год таму мы са старэйшым сынам усё ж прабраліся ў гэтыя джунглевыя хмызы. Нават падмуркаў няма. Адна пясчаная дарога засталася. Калі б не засуха, дык нават і “форд” не дапамог бы. На вясковым кладаўі (вось яно працягвае сваё “жыццё”) наведалі могілкі цёткі, бабулі (яе Васа звалі) і бясконцых родзічаў-сваякоў, якія вярнуліся ў родную зямлю з усіх канцоў гэтага незразумелага і не вельмі ўтульнага свету. Але не будзем больш пра нежывое.

/i/content/pi/cult/743/16136/pages-10-11-copy-S.jpgНевялічкае велікоднае рэха. 28 красавіка ў сельскім клубе аграгарадка Станцыя Ашмяны (Ашмянскі раён) адбыўся канцэрт, прысвечаны светламу Хрыстову Уваскрэсенню. Ідэя мерапрыемства вельмі цікавая: кожны выканаўца, кожны калектыў пасля выступлення пакідалі ў імправізаваным велікодным кошыку на сцэне кветку. У фінале сабралі шыкоўны рознакаляровы букет. Мая Купрэеўка напярэдадні Вялікадня запомнілася яшчэ і такім пранізлівым водарам печанага хлеба, што нават буслы ад яго п’янелі. І ніхто не называў гэты залаты духмяны цуд “куличём”. Звалася гэтая булка “паскай” (не чарсцвела некалькі тыдняў). Сённяшняя крамная выпечка нават знешнім выглядам паску не нагадвае. А царквы ў вёсцы не было. Усе хадзілі за пяць кіламетраў у веткаўскую. І яшчэ адна “царкоўная” акалічнасць. Я рос у эпоху ваяўнічага атэізму. Ікон у дамах збольшага не было, усе яны захоўваліся ў падстрэшшы. Купрэеўка не была выключэннем. Хлопцы, ведаючы, што я маляваць люблю, не аднойчы прапаноўвалі іконы ў
падарунак. Асобныя былі нават у палову майго росту. Але мае бабулькі паспелі мяне навучыць, што ікона — не проста малюнак на дошках, а нешта большае з магутным зарадам энергіі. Ніколі не прымаў такіх падарункаў, за кожным з якіх — лёс цэлага чалавечага роду, не таго, што быў, а таго, што будзе.

Анонс. 18 мая ў аграгарадку Гальшаны пройдзе фестываль “Гальшанскі замак — 2019”. Гэта юбілейнае дзясятае мерапрыемства, якое праславіла не толькі Ашмянскі раён, але і краіну. Замак роду Сапегаў зноў стане ці не галоўным героем усёй дзеі. Апрача абноўленай Паўночнай вежы гасцей чакае, да прыкладу, віртуальная экскурсія і выстава стэрэакарцін “Наша гісторыя ў стэрэавыявах”. Натуральна, будуць рыцары, лучнікі, майстар-клас па хадзьбе на хадулях. Наконт дэфіле прывідаў нічога не скажу, пра гэта нават і чутак няма.

У маёй вёсцы самы галоўны прывід жыў ля невялічкай балацянкі побач са старым клубам. Па начах яго вочы свяціліся, а я вельмі палохаўся. Гэта потым вясковыя браты растлумачылі, што свецяцца звычайныя жукі-светлякі, што жывуць на гнілых пнях. А на сценцы клуба (зала была маленькая, усіх ахвотных не змяшчала) паказвалі “кіны”. Я запомніў “Чапаева”.

У пошце вельмі шмат навін, звязаных з самымі рознымі семінарамі і цікавымі праектамі. Мы вучымся і прыдумляем, прыдумляем і вучымся, і гэта не можа не радаваць. “Маці твая стала вучонай, — казала мне цётка Вара, — і ты павінен вучыцца”. Мама, сапраўды, другая па ліку ў вёсцы з тых, хто атрымаў вышэйшую адукацыю. Першым быў франтавік (прозвішча не памятаю дакладна, нібыта — Сіманоўскі), які стаў потым рэдактарам “Настаўніцкай газеты”. І я паслухаўся цётку Вару, якая пасля вайны кіравала мясцовым калгасам.

Дык вось семінары. У Парыжы ля мясцовай Эйфелевай вежы прайшоў раённы семінар “Роля ўстаноў культуры ў развіцці рэгіянальных брэндаў Пастаўскага раёна”. Падчас практычных заняткаў экскурсаводы — навучэнцы Навадруцкай базавай школы — распавялі пра гісторыю вёскі. Упершыню ў пастаўскім Парыжы я пабываў гадоў 20 таму. Доўга чытаў шыльду “Парыжская сярэдняя школа”. Прывыкаў. А мясцовы дзядок — аматар птушак, які ўзяў на сябе ролю экскурсавода, плюшчыў вочы: “Вось бы з сапраўднай Эйфелевай вежы галубоў паганяць!” Мара, трэба сказаць, не з самых горшых. А пастаўскі Парыж, да слова, раскручаны ў Беларусі, я перакананы, не надта добра. Выдумкі не стае?

У Лідзе прайшоў раённы семінар-практыкум побытавых танцаў. Лідскі цэнтр культуры сабраў носьбітаў традыцыйнай харэаграфічнай культуры: Станіславу Грабліс і Ядвігу Швакель з фальклорнага аб’яднання “Гукі Бацькаўшчыны” Дзітвянскага дома культуры, культурарганізатара Бердаўскага культурна-дасугавага цэнтра Мікалая Сакалоўскага і культуролага сектара нестацыянарнага абслугоўвання Таццяну Язерскую. Да іх падключыліся народны ансамбль бытавых інструментаў “Каханачка” Мажэйкаўскага ДК, аматарскае аб’яднанне “Суседзі” Пескаўскага дома культуры. Я, да прыкладу, ніколі не чуў пра побытавы танец “Дзеўка ў сенях”. А вось у Лідскім раёне — гэта топавая рэч.

Замест старога клуба ў Купрэеўцы ўзвялі новы — цагляны з цэнтральным ацяпленнем. Я да гэтага часу з падлеткаў у юнакі перабраўся. Так што танцы пад радыёлу з Абадзінскім да месца прыйшліся. “Дзеўка ў сенях” — гэта добра, а “медлякі” ў 16 гадоў яшчэ лепей. Не памятаю, каб там спявалі ці танчылі аўтэнтыку, бо на першым месцы ў Купрэеўцы стаяў спорт: футбол з валейболам. Кіравала клубам жонка майго стрыечнага дзядзькі Мішыка баба Маня. Установа культуры адчынялася зранку і зачынялася ці не на досвітку, калі кароў на пашу выганялі. Шашкі, даміно, бібліятэка, кіно, танцы… У такім рэжыме клуб і працаваў усё лета. І ўвогуле вёска падчас вакацый пераўтваралася ў міжнароднае лецішча. Разам збіраліся
праўнукі тых, хто калісьці шукаў лепшага жыцця ў Польшчы, Канадзе, Амерыцы… Пра цяперашняе аблічча беларускай вёскі і згадваць не хачу, каб настрой не губляць. Адно для мяне зразумела: сэрца вёскі — дзейсныя клуб з бібліятэкай. Няма іх — вёска чэзне.

А цяпер — доказы вышэйзгаданаму. Клубныя работнікі сектара культуры і вольнага часу “Крэўскі дом культуры” запрасілі аднавяскоўцаў на вечар адпачынку “Вясновы настрой”. Складнікамі гэтага настрою сталі гульні, конкурсы, тэатральныя мініяцюры. Пра гэта напісала дырэктар Смаргонскага раённага цэнтра культуры Галіна Крацянок. Яна назвала яшчэ тры ўстановы, якія прапаноўваюць спажыўцам заўжды нестандартны арт-прадукт. Гэта Вішнеўскі, Залескі, Сінькоўскі дамы культуры.

Зараз — пра вынік канферэнцый і семінараў. Для клубных устаноў Мінскай вобласці бягучы год абвешчаны Годам вясельнай абраднасці. Ініцыятар — Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці. Мэта: адраджэнне і папулярызацыя
мясцовых вясельных традыцый. Толькі адна цытата з ліста: “Вяселле магло доўжыцца ад двух да чатырох дзён у залежнасці ад заможнасці тых, хто яго спраўляў. У адной частцы Міншчыны маладых людзей, што бралі шлюб, называлі “малады” і “маладая”, у другой — “жаніх” і “нявеста”. А вось у Ямінску Любанскага раёна маладую звалі “княгіняй”. У мамінай вёсцы, як і ў не вельмі заможных навакольных, як мне распавядалі людзі, вяселле доўжылася два дні: першы — у маладой, другі — у маладого. Дык вось, калі так можна сказаць, існаваў тут і трэці дзень, як элемент своеасаблівага вясковага нахабства. Абрад называўся “За шапкай”. На трэці дзень зранку, калі сталы ды лавы прыбіраліся, у хату заходзіла купка сумных і спакутваных жыццём грамадзян з пытаннем да маладой гаспадыні: “Мы ў вас свае шапкі ўчора не забывалі?” І тут, хочаш ты ці не хочаш, маладым прыходзілася даставаць чаркі зноў.

Вядучы рэдактар аддзела інфармацыйна-аналітычнай і рэпертуарна-выдавецкай работы Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы Крысціна Башарымава паведаміла пра другі этап творчага марафону “Натхненне малой радзімы”. Ён ладзіцца цягам усяго 2019 года. А ўяўляе з сябе цыкл мерапрыемстваў, скіраваных на падтрымку і папулярызацыю аматарскай творчасці кожнага раёна Магілёўшчыны. Другі этап распачаўся 24 красавіка ў абласным метадцэнтры. Сваё майстэрства дэманстравалі рамеснікі і творчыя калектывы пяці раёнаў вобласці: Клічаўскага, Глускага, Кіраўскага, Быхаўскага, Бабруйскага.

Рэдактар Полацкага раённага цэнтра культуры Кацярына паведаміла пра фінальны тур раённага конкурсу “Прафесія! #культработнік”. Першае месца заняла Дар’я Парфененка з Азінскага СДК, другое — за Кацярынай Квашніной, якая з’яўляецца кіраўніком народнага клуба “Пралеска” Полацкага РЦК, трэцяе месца дасталася Галіне Чарняўскай — мастацкаму кіраўніку Гомельскага сельскага дома культуры. Ад сябе дадам, што Гомель — гэта яшчэ і вёска ля Полацка.

Бацька заўжды смяяўся, калі згадваў, як мяне, малога, выхавалі падчас маіх першых візітаў у Купрэеўку. Справа ў тым, што калі я вярнуўся ў Ветку, дык пачаў вітацца з кожным мінаком. У вёсцы мне ясна давялі, што вітацца трэба з кожным, ведаеш ты яго ці не. “А чым Ветка горшая?” — думаў я. Але ў райцэнтры мяне ад гэтага хутка адвучылі. Так жыву і па сёння, усведамляючы і разумеючы, што ў вёскі свае законы, а ў горада — зусім іншыя. Ці не таму мяне пастаянна цягне ў камандзіроўкі?

Развітваюся толькі на тыдзень.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"