Ядвіга ПАПЛАЎСКАЯ: “Дзяцінства — дом маёй душы”

№ 18 (1405) 04.05.2019 - 10.05.2019 г

У народнай артысткі Беларусі Ядвігі Паплаўскай — юбілей. Але гэта нагода не толькі павіншаваць знакамітую эстрадную салістку, кампазітара і аранжыроўшчыка, але і павучыцца ў яе простай жаночай мудрасці — у творчасці і сям’і. Той прыроднай жыццёвай мудрасці, што дапамагае захоўваць сілу духа, не губляць веры ў людзей і працаваць незалежна ад прылётаў-адлётаў натхнення.

/i/content/pi/cult/743/16131/85543767-8091-46E0-AB7D-F427C7963366-S.jpg— Сёння, з вяршыні пражытых гадоў, я разумею: калі і быў у мяне рай на зямлі, дык гэта — дзяцінства. Гэта быў дом маёй душы. Калі мне цяжка, складана, дрэнна, калі хачу знайсці на штосьці адказ, я акунаюся туды. І вылечваюся тымі ўражаннямі, што тады ў сябе ўвабрала. Бо ўсё сыходзіць ад бацькоў, ад сямейнага атачэння, ад той атмасферы, што цябе ахінала. Салодкі палон успамінаў!

— Прызнацца, крыху дзіўна чуць гэта ад чалавека, чыё дзяцінства прайшло пад знакам сур’ёзных музычных заняткаў, бо тыя патрабуюць значных высілкаў. На штосьці яшчэ час заставаўся? Ці, можа, дзяцінствам вы называеце хіба першыя гады жыцця, пакуль вашы бацькі не перабраліся з вёскі ў горад?

— У Мінск нас тата перавёз, калі мне было тры гады. Бацькава родная вёска — Сівіца: тады гэта быў Івянецкі раён, цяпер — Валожынскі. А ў пяці кіламетрах адтуль — матчыны Далідавічы, дзе мы жылі, дзе я нарадзілася.

— Нарадзіліся 1 мая? Я нічога не пераблытала?

— Так пазначана ва ўсіх афіцыйных крыніцах. Але насамрэч, як расказала мне мама дзесьці ў класе чацвёртым, правільная дата — 25 красавіка. Такая вось таямніца.

— Ведаю, што ў пасляваенныя гады хлопчыкаў, народжаных у канцы снежня, часцяком рэгістравалі пачаткам студзеня наступнага года. Каб у армію забралі пазней. А вас навошта — каб заўжды заставаліся маладой? Дык спраўдзілася.

— Ды проста ў ЗАГСе вырашылі зрабіць маёй сям’і такі падарунак — падвойнае свята на Дзень працы.

— Каб дзень народзінаў заўжды быў выхадным? Атрымалася ж наадварот. Пэўна, менавіта Дзень працы і паўплываў! Вы ўвогуле калі-небудзь адпачывалі? Так, каб нічым не займацца.

— Такога не было. Падарожжамі станавіліся гастролі. Але хоць паездзілі па свеце! Не, усё ж крыху адпачывалі — калі была круізная работа. Праўда, гэта ўсё роўна даволі нервова, таму што заўжды нас чакаў вялікі аб’ём канцэртных выступленняў. І ўвесь час адчуваеш адказнасць, імкнешся стварыць людзям добры настрой, зрабіць усё, каб яны атрымалі асалоду.

— Нядзіва: ваш творча-сямейны дуэт з Аляксандрам Ціхановічам усе любілі і любяць.

— Так, любоў гледачоў мы атрымалі спаўна. Вялікая падзяка ім за гэта! І нізкі паклон. І ўдзячнасць маім бацькам, бо ад іх я навучылася не меней, чым уласна ад настаўнікаў.

— Кансерваторыю вы заканчвалі як піяністка. Пазней, ужо добра вядомай эстраднай салісткай, скончылі яе другі раз — як кампазітар, стварыўшы шмат акадэмічных опусаў. А вакалу, пэўна, вучыліся ад бацькі? Бо Канстанцін Паплаўскі быў знаным хормайстрам, збіральнікам і знаўцам песеннага фальклору, паплечнікам Генадзя Цітовіча.

— Я часта сядзела на бацькавых рэпетыцыях, сачыла, як ён дабіваецца ад спевакоў чысціні інтанацыі (калі гучыць хаця б крыху фальшыва, слухачы пачуваюць сябе некамфортна — нават калі самі сабе растлумачыць не могуць, чаму так адбываецца). Памятаю, як ён вучыў іх даносіць эмоцыі, сэнс твораў. Такое не праходзіць бясследна. Дый у маці быў добры голас — чысцюткі-чысцюткі. Яна ў касцёле спявала. І мая бабуля таксама. Калі я нарадзілася, бацька быў студэнтам нашай кансерваторыі, прыязджаў дадому кожныя выхадныя, клапаціўся пра нас. Ён яшчэ калі быў маленькім, дык ужо граў ледзь не на ўсіх інструментах: на скрыпцы, акардэоне, гармоніку, цымбалах, балалайцы, на разнастайных народных духавых — дудачках, жалейках, якія вырабляў яго дзед. Той майстраваў самыя розныя музычныя інструменты, але найперш тыя ж скрыпкі. На скрыпцы, зробленай дзедам, граў і мой тата, і ўжо гадоў з васьмі яго на ўсе вяселлі запрашалі як спрактыкаванага музыканта. А ягоны бацька граў на кларнеце. У нас дома, колькі памятаю сябе з дзяцінства, таксама было багата інструментаў: і фісгармонія, і механічнае піяніна. А адзін з нашых сваякоў па бацькаўскай лініі ў 1906 годзе вылепіў з гліны арган і быў адзначаны за гэта граматай на выставе ў Мінску. Сярод нашых продкаў былі, па розных сведчаннях, ці то французы, ці то сербы, што пасля напалеонаўскай кампаніі аселі на беларускіх землях. У Івянцы ёсць музей традыцыйнай культуры, там на другім паверсе — суцэльная экспазіцыя, прысвечаная нашаму роду. Краязнаўцы самі ўсё гэта “раскапалі” і на 95-годдзе з дня народзінаў бацькі запрасілі нас на ўрачыстасці. Прыемна, што яны так беражліва захоўваюць памяць пра сваіх таленавітых землякоў — не толькі, дарэчы, пра наш род, бо ў іх назапашана і шмат іншых матэрыялаў. Мы вельмі ім удзячны!

— Нядзіўна, што з такой музычнай радаслоўнай вы працягнулі сямейныя традыцыі, перадаўшы эстафету і сваёй дачцэ Насці.

— Тата, як выявіў у нас абсалютны слых, усіх аддаў музыцы вучыцца. Крысціна, старэйшая за мяне на 15 месяцаў, была вундэркіндам. Пра яе і стужкі дакументальныя здымалі: яны захоўваюцца ў кінаархіве ў Дзяржынску. Тата марыў стварыць гэткае сямейнае трыа: каб я іграла на скрыпцы, малодшы Чэсік — на віяланчэлі, ну і Крысціна — на фартэпіяна. Таму мяне спачатку і сапраўды аддалі на скрыпку. Але фартэпіяна мне падабалася болей, бо на ім сястра займалася, мы з ёй нават у чатыры рукі спрабавалі. І бацькі пагадзіліся. А калі кожнае лета мы збіраліся ў вёску, тата падганяў грузавік, і першым туды зацягвалі піяніна, каб усе тры месяцы канікулаў мы маглі яшчэ і займацца. Але галоўныя дзіцячыя ўспаміны — іншыя: сонца, вясёлка, лес, рэчка, увесь свет у яркіх фарбах. Залатое жніво, сіні лён, ружовая грачыха. Рамашкавы луг — у палову майго росту. І цяпло, што ад зямлі сыходзіць. Для мяне і дагэтуль прырода і музыка — штосьці непадзельнае: прыроду я ўспрымаю праз музыку, а ў музыцы чую гукі прыроды. А якія бывалі вясковыя вечарынкі! Цымбалы, бубен, барабан, баян — і песні. На Івянеччыне і цяпер шмат аматарскіх музычных калектываў, там жывуць даўнія традыцыі. Я шчасліва быць часцінкай гэтага краю! І Саша сказаў бы тое ж самае. Ён нарадзіўся ў Мінску, а бацькі яго былі з Віцебшчыны, і ён часта наведваўся туды.

Душа любых мясцін — людзі. А ў вёсцы яны іншыя. І вельмі розныя! Мне часта ўспамінаецца адзін наш сусед, яго звалі пан Альшэўскі. Ён быў высокадухоўным, вельмі начытаным чалавекам, любіў разважаць пра высокія матэрыі. Можа, і сапраўды шляхецкага роду, з раскулачаных? У пасляваенныя часы па вёсках часта жабракі хадзілі — і ўсе ім спачувалі, дапамагалі. Памятаю, аднойчы разыгралася жудасная навальніца, і дзесьці на змярканні прыйшоў незнаёмец — страшны такі, я ажно спужалася: увесь у брудзе, твар барадой зарос. Бабуля нічога ў яго не пыталася: пусціла, дала памыцца, накарміла, спаць паклала. Зранку зноў накарміла, ежы з сабой дала. Суседка ёй потым выгаворвала: “Ты ж яго не ведаеш! Што, калі б абрабаваў?” А яна: “А што, як ты была б на ягоным месцы?” Гэтыя словы я запомніла на ўсё жыццё. Можа, менавіта таму не магу
прайсці міма чужой бяды, што заўжды стаўлю сябе на месца таго чалавека, які перада мной. І Саша такім жа быў! Усім дапамагаў. Так, свет зараз іншы, многа хлусні і падману. Але ж як іначай людзьмі заставацца?

— Інтэлігентнасць і эстрада сёння ўсё часцей становяцца супрацьлегласцямі.

— А раней яны былі сумяшчальнымі. Зноў-такі, усё закладаецца ў дзяцінстве. Для мяне, да прыкладу, адным з самых радасных захапленняў былі кнігі. Адна з улюбёных — “Аповесць пра Хаджу Насрэддзіна” Леаніда Салаўёва.

 — Герой гэтых прыгод, дарэчы, часта выратоўваўся падманам. Мабыць, хацелі ў яго гэтаму навучыцца?

— Не хацела. Я і дагэтуль хлусіць не ўмею.

— Чым жа ён так вас зачапіў? Ну не ўсходнім жа каларытам!

— Ён дапамагаў тым, хто апынуўся ў бядзе.

— Вось і вы — літаральна “заточаны” на дапамогу ўсім, хто ні папросіць. А хто і што дапамагае вам? Асабліва цяпер, калі Сашы няма.

— Ён усё роўна побач. Я зараз жыву за сябе і за Сашу, і ён мне дапамагае. Дапамагаюць бацькі — таксама “адтуль”. А ў жыцці дапамагае дачка. Нават калі проста чую, як аб’яўляюць яе песню — Настасся Ціхановіч, мне робіцца неяк святлей: у дачцэ — наш з Сашам працяг. Дапамагае родная зямля. Дапамагаюць нашы беларусы — суцэльная армія падтрымкі! І гэта не толькі нашае пакаленне, не толькі тыя, хто ўзрастаў на нашых песнях, але і іх дзеці, унукі — цяперашняя моладзь. На дзень народзінаў прыхільнікі зрабілі мне шыкоўны падарунак: “перакапалі” ўвесь інтэрнет, сабралі ўсё, што пра нас з Сашам было — атрымаўся сапраўдны відэаархіў. А якія яркія, запамінальныя віншаванні даслалі! Гэта дорага каштуе.

— Баюць, калісьці яшчэ ў 1990-я вас у Маскву настойліва цягнулі, але вы так і не сабраліся. Не шкадуеце?

— Ды мы не маглі гэтага зрабіць, не маглі ўсё кінуць! Бо тут нашы карані, наша зямля, наша радзіма — і малая, і вялікая. А калі пра штосьці і шкадую, дык пра тое, што мы з Сашам столькага не запісалі! То адну, то другую чужую песню дараблялі, штосьці сваё — зразумела, “на потым”. Ды тое “потым” — самі ведаеце, што гэта такое. На жаль, нашу студыю часта залівала, таму многае загінула — шкада. Неяк шукала партытуру сваёй сімфанічнай паэмы — нідзе няма. Вырашыла, што страціла, а тая раптам знайшлася. Якое шчасце! І быццам напамін: нарэшце, надышоў час упарадкоўваць архівы.

— Успаміны пісаць не збіраецеся?

— Нам з Сашам гэта яшчэ з 1990-х прапаноўвалі, але я пакуль не гатова. Дый многа хлусні вакол кожнай з медыяперсон развялося. Пачнеш абвяргаць — быццам апраўдваешся, а гэта непрыемна. Бо кніга павінна быць лёгкай для чытання і праўдзівай.

— Дык можа, часцей дзяліцца ўспамінамі ў інтэрв’ю? А потым з іх кнігу скласці.

— Журналісты мяне і сапраўды даймаюць, асабліва як мне далі ганаровае званне “Жанчына года”. Але ва ўсіх — адно на вуснах: як вам без Сашы? Дрэнна. Няўжо не зразумела? Ён для мяне і дагэтуль жывы, а вы быццам зноўку пахаванне ладзіце. Пагадзілася на прапанову аднаго саліднага маскоўскага выдання. Сціснула сябе ў кулак, вырашыла: буду гаварыць дакладна, спакойна, прыгожа, немнагаслоўна, каб той дзяўчыне было лягчэй тэкст апрацоўваць. А потым чытаю — аднаскладаныя, “рубленыя” фразы, слоўнікавы запас, бы ў Элачкі-людаедкі з “Дванаццаці крэслаў”, думкі губляюцца, бязглуздзіца нейкая. І ўсё тое патаемнае, што я прасіла ў мас-медыя не даваць, вывалена на старонкі. Каб хоць неяк скарэктаваць, давялося перапісваць усё самой. І я зразумела: трэба часам даваць сабе зарок маўчання. Асабліва калі і сапраўды не хочацца ні з кім гаварыць. Маўчанне таксама выратоўвае. Яно як музыка, прырода, родная зямля — мы ж
разумеем іх без слоў.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"