Ці пойдзе на лад штатны расклад?

№ 18 (1405) 04.05.2019 - 10.05.2019 г

Пытанне ўвядзення новага штатнага раскладу для ўстаноў культуры Беларусі “К” падымала ўжо неаднойчы. Часам здаецца, што яно — наогул вечнае. Між тым, пэўныя змены ў гэтым кірунку назіраюцца — хоць, мажліва, адбываюцца яны не так хутка, як хацелася б работнікам сферы культуры і асабліва кіраўнікам шматлікіх музейных, бібліятэчных і клубных устаноў Беларусі.

“Барадатая” тэма

Пабываўшы не так даўно ў Гомельскай цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя Аляксандра Герцэна, разгаварыўся з яе дырэктарам і адначасова кіраўніком сеткі публічных бібліятэк Гомеля Таццянай Уласавай. Сярод іншага, яна скардзілася на пэўную неадпаведнасць штатнага раскладу патрэбам сённяшняга часу.

— Скажам, паводле Дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі” на 2016 — 2020 гады бібліятэкі павінны “прырастаць”, у тым ліку, і віртуальнымі наведвальнікамі, — прыводзіць яна прыклад. — Але для гэтага трэба завабліваць наведвальнікаў сучасным дызайнам сайта, зручнай навігацыяй, абнаўленнем многіх кампанентаў бібліятэчнага партала, штодзённымі навінамі і гэтак далей.

Натуральна, усяго гэтага амаль немагчыма дасягнуць, бо ў бібліятэцы цяжка ўтрымаць дасведчанага і кваліфікаванага знаўцу камп’ютарных тэхналогій. Прычым не толькі з прычыны малых заробкаў, але таксама і таму, што падобныя спецыялісты не прапісаны ў штатным раскладзе. Адпаведна, даплат і надбавак, прадугледжаных, напрыклад, бібліятэкарам,
падобныя супрацоўнікі атрымаць не могуць.

Тэма новага штатнага раскладу хвалюе не толькі работнікаў бібліятэчнай сферы. Вельмі заклапочаны ёй і многія начальнікі аддзелаў культуры райвыканкамаў, з якімі мне даводзілася гутарыць.

— Праблема, што называецца, ужо “з барадой” — цягнецца яшчэ з пачатку новага стагоддзя, — кажа начальнік аддзела культуры Кобрынскага райвыканкама Надзея Жук. — Але ж новых штатаў пакуль што няма, і ці з’явяцца яны ў нас увогуле — пытанне з няпэўным адказам. Між тым, яны нам вельмі патрэбныя.

Як і Таццяна Уласава, Надзея Жук заклапочана тым, што ў старым штатным раскладзе не прапісаны спецыяліст, які ўстанаўліваў бы неабходныя праграмы, “лячыў” ад вірусаў камп’ютары, выпраўляў непаладкі і гэтак далей. Ён там і не мог быць прапісаны, бо наяўны штатны расклад, выдадзены, нагадаю, яшчэ больш чым 20 гадоў таму, калі камп’ютары ва ўстановах культуры былі экзотыкай. Між тым, стварэнне сайтаў для бібліятэчных, музейных, клубных і іншых устаноў культуры — не прыхамаць, а надзённая патрэба часу. Актуалізаваная сёння, у тым ліку, і на дзяржаўным узроўні.

Як “прапісаць дызайнера”?

Камп’ютаршчыкі — камп’ютаршчыкамі, але ж і іншых пасад у штатным раскладзе не стае.

— Напрыклад, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў штогод выпускае дызайнераў, маркетолагаў, менеджараў, культуролагаў, — зазначае Надзея Жук. — А ў штатным раскладзе падобных спецыяльнасцяў няма. Прыходзіцца афармляць гэтых спецыялістаў, якія вельмі патрэбны ў раёнах, скажам, у якасці метадыстаў. Але чаму так адбываецца? Чаму выпускнік, які прыехаў па размеркаванні, не можа працаваць па спецыяльнасцях, прапісаных у дыпломе?

Пытанне, на мой погляд, рытарычнае. Зразумела, айчынная сістэма вышэйшай адукацыі, у тым ліку і ў галіне культуры, імкнецца нейкім чынам апярэдзіць час, вывучаючы наяўныя тэндэнцыі і рыхтуючы спецыялістаў, якія будуць запатрабаваны на рынку працы не толькі сёння, але і праз 5 — 10 — 20 гадоў. Аднак падобны апераджальны падыход, як бачна, не адпавядае састарэламу штатнаму раскладу.

Справа ў тым, што ўсе ўстановы культуры ў дадзеным выпадку кіруюцца Агульнадзяржаўным класіфікатарам Рэспублікі Беларусь “Прафесіі рабочых і пасады служачых”. Аднак многія з пазначаных там прафесій на сёння відавочна састарэлі. Хаця, напрыклад, у аналагічным класіфікатары Міністэрства адукацыі закладзены пасады менеджараў сацыяльнай сферы, міжнародных культурных сувязей, арганізатараў сацыякультурнай дзейнасці турыстычных арганізацый і гэтак далей. А вось пералік пасад, зацверджаны Міністэрствам культуры Беларусі, застаецца нязменным цягам дзясяткаў гадоў.

Праблема адсутнасці ў штатным раскладзе дызайнераў ці маркетолагаў — навідавоку. Але не хапае там і іншых спецыяльнасцяў, запатрабаваных у многіх установах культуры. У першую чаргу — змяшанага ці новага тыпу.

Адна з падобных унікальных устаноў — знакаміты музей “Бездзежскі фартушок”.
Мясцовыя спецыялісты прапануюць наведвальнікам не проста экскурсію па ўнікальнай экспазіцыі, але і шэраг дадатковых паслуг. Напрыклад, начлег у сялянскім доме, дэгустацыю страў палескай кухні, выпечку хлеба (ажно чатыры гатункі) па старадаўніх рэцэптах. Ахвочыя могуць нават змалоць муку на хлеб на сапраўдным драўляным млыне!

— Зразумела, што прапісаць у сваім штаце кухараў, пекараў, пакаёвак мы проста не можам, — тлумачыць дырэктар музея Марыя Астаповіч. — Таму выкручваемся наяўнымі сіламі: маем у сябе толькі некалькі музейных наглядчыкаў і прыбіральшчыц, а таксама яшчэ дадаткова, за кошт пазабюджэтных сродкаў, узялі ў штат наглядчыкаў, якія, фактычна, і займаюцца аказаннем усіх пералічаных дадатковых паслуг. Натуральна, нароўні з асноўным відам сваёй дзейнасці.

Музейшчыкі свайго дачакаюцца

У Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь пра акрэсленую маімі суразмоўцамі праблему даўно ведаюць.

— На жаль, нашы прапановы, якія мы ўнеслі ў класіфікацыйны даведнік “Пасады служачых, занятых у культуры і мастацтве”, пакуль што не прыняты Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны, — патлумачыла “К” начальнік галоўнага ўпраўлення культуры і аналітычнай работы — начальнік упраўлення культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Наталля Задзяркоўская. — Таму ўсім кіраўнікам устаноў культуры варта кіравацца тымі наяўнымі дакументамі, якія яны маюць на сённяшні дзень.

Разам з тым, Наталля Задзяркоўская нагадвае, што ў сённяшняй рэдакцыі штатнага раскладу ёсць пункт, у адпаведнасці з якім мясцовае кіраўніцтва можа пашыраць і дапаўняць штаты. Так, пункт 18 дадзенага дакумента дазваляе ўстановам культуры пры неабходнасці ўводзіць новыя штатныя адзінкі з улікам магчымасцяў муніцыпальных бюджэтаў. Дадзенае пытанне з’яўляецца прэрагатывай мясцовых органаў улады і можа быць вырашана без звароту ў Міністэрства культуры.

— Да прыкладу, дакладна ведаю, што ў Мінскай вобласці гэтую магчымасць выкарыстоўваюць максімальна, — кажа візаві. — Пры бібліятэках дзейнічаюць аддзелы аўтаматызацыі, працуюць праграмісты. Так што дзейныя тыпавыя штаты не з’яўляюцца тормазам як для працы музеяў, бібліятэк, клубаў, так і для развіцця новых тыпаў устаноў культуры.

Да слова, менавіта такі
падыход да штатнага раскладу сёння актыўна выкарыстоўваюць у Слуцкім гарадскім маладзёжным цэнтры. Па словах дырэктара ўстановы Ларысы Тагановіч, у іх працуе некалькі чалавек, уведзеных у штат за кошт пазабюджэту.

— Напрыклад, нам быў вельмі патрэбны гукарэжысёр, які наяўным штатным раскладам не прадугледжаны, — тлумачыць візаві. — У сувязі з тым, што мы даволі няблага зарабляем (летась атрымалі за свае паслугі 47 тысяч рублёў пры плане ў 40 тысяч), дык рашэннем райвыканкама нам была прадастаўлена магчымасць увесці ў штат новую адзінку. Асаблівых клопатаў з гэтым пытаннем у нас не было, бо мы змаглі растлумачыць, навошта нам такі спецыяліст.

Тое самае кажа і дырэктар Гомельскага абласнога музея ваеннай славы Дзмітрый Чумакоў. Ён, дарэчы, у свой час быў і начальнікам упраўлення культуры Гомельскага аблвыканкама, таму пра “барадатую” праблему штатнага раскладу ведае не з чужых словаў.

— Мясцовыя органы заўсёды ідуць нам насустрач, калі трэба ўвесці дадатковую штатную адзінку, — кажа Дзмітрый Чумакоў. — Таму ўпэўнены, што з гэтай сітуацыі можна выходзіць без асаблівых праблем.

Але ж ніхто не спрачаецца з тым, што тыпавыя штаты патрабуюць абнаўлення. У тым ліку — і ў Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь.

— Пытанне вырашаць неабходна, — упэўнена Наталля Задзяркоўская. — Мы ў гэтым кірунку робім усё магчымае. Так, ёсць думка распрацаваць штаты і нарматывы колькасці работнікаў устаноў культуры і надаць ім статус рэкамендаваных.

Менавіта ў падобным ключы, па словах Наталлі Задзяркоўскай, плануецца зрабіць сёлета штатны расклад для музейных устаноў. А ў наступным годзе запланаваная праца па нарміраванні штатнага раскладу для бібліятэк. Што да клубных устаноў, дык узгадненне іхняга штатнага раскладу, як кажа прадстаўнік ведамства, — больш аддаленая перспектыва. Але з цягам часу вырашыцца і гэтае пытанне. І на “барадатай” праблеме новага штатнага раскладу ўстаноў культуры Беларусі можна будзе, нарэшце, паставіць тлустую кропку. Прынамсі, хацелася б на гэта спадзявацца.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"