У гонар Манюшкі

№ 18 (1405) 04.05.2019 - 10.05.2019 г

5 мая спаўняецца 200 гадоў з дня нараджэння кампазітара Станіслава Манюшкі — вялікага класіка беларускай і польскай культуры (а таксама літоўскай, рускай, агульнаеўрапейскай, сусветнай…). Таму і не дзіўна, што святкуецца гэтая ўрачыстасць на ўзроўні UNESCO.

16 мая канцэрт твораў кампазітара чакае нас у Вялікім тэатры, 19 мая — “Манюшка на радзіме” ў Камернай зале тэатра, 23 мая — на сталічнай філарманічнай сцэне.

Днямі ў Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры адкрыліся выставы “Вобразы эпохі ў творах Чэслава і Станіслава Манюшкаў”, “Станіслаў Манюшка.
Падарожжа ў ХІХ стагоддзе”, адбыўся “круглы стол”, прысвечаны пытанням адраджэння, захавання, вывучэння і трансляцыі гісторыка-культурнай спадчыны Станіслава Манюшкі ў Беларусі, Польшчы, Літве і іншых краінах, выкарыстанню спадчыны кампазітара ў мэтах развіцця міжнароднага культурнага супрацоўніцтва, асаблівасцям арганізацыі культурных праграм, накіраваных на папулярызацыю імя знакамітага земляка, і іншым.

Прысвечаная творчасці Манюшкі канферэнцыя ладзіцца ў Нацыянальнай акадэміі навук. Адпаведныя даклады прагучалі і на нядаўніх Міжнародных навуковых чытаннях памяці Лідзіі Мухарынскай.

А Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі адзначыла гэтую
падзею цэлым міжнародным музычным фестывалем.

/i/content/pi/cult/743/16127/Manushko.jpg

 

Падарожжы ў яго сусвет

Прысвечаны Станіславу Манюшку фестываль у Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі ладзіўся сумесна з партнёрам — Кракаўскай музычнай акадэміяй. Таму яго па праву можна было назваць яшчэ і форумам творчай моладзі. Ён прайшоў пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Польскага інстытута ў Мінску, пад патранатам Нацыянальнай камісіі нашай краіны па справах UNESCO. Праграма складалася з опернай прэм’еры і трох канцэртаў, таксама багатых на прэм’еры.

А маляўнічы буклет, выдадзены на беларускай і англійскай мовах, утрымліваў не толькі прывітанні і імёны ўдзельнікаў кожнай музычнай падзеі, але і грунтоўнае ўступнае слова доктара мастацтвазнаўства Вольгі Дадзіёмавай.

Балансаванні на краі сцэны

Вядомы музыколаг нагадвае, што на Міншчыне будучы творца не толькі нарадзіўся, але і правёў 18 гадоў жыцця. Убіраў у сябе нацыянальны фальклор, ствараў свае першыя кампазітарскія опусы. А мінскі дом Манюшкаў (дарэчы, акурат насупраць Акадэміі музыкі), ператварыўся “ў любімы гарадской інтэлігенцыяй асяродак музычнага жыцця”.

Фестывальным адкрыццём (ва ўсіх сэнсах слова) стала прэм’ера “Галькі”, падрыхтаванай Опернай студыяй Акадэміі музыкі. За аснову была ўзятая яе першая рэдакцыя, створаная на нашых землях і прэзентаваная ў канцэртным выкананні ў Вільні. Яна стала для кампазітара своеасаблівым “пропускам” у Вялікі тэатр Варшавы, куды яго запрасілі галоўным дырыжорам і дзе двухактовая “Галька” была пашырана да чатырох дзей, каб адпавядаць агульнапрынятаму ў тыя часы фармату вялікай сцэны.

Для цяперашняй пастаноўкі лібрэта польскага паэта і празаіка Уладзімежа Вольскага было перакладзена на беларускую знакамітай даследчыцай творчасці Манюшкі Святленай Немагай, якая скарыстала асобныя фрагменты непрыстасаванага для спеваў перакладу Янкі Купалы 1920-х гадоў.

Рэжысёр Ганна Маторная, вядомая сваім крэатывам і нечаканымі прачытаннямі класікі, зрабіла даволі стрыманы, амаль акадэмічны касцюмаваны спектакль — зразумела, без пышнай сцэнаграфіі, немагчымай на вучэбнай сцэне. І ўдала спалучыла рэалізм з тэатральнай умоўнасцю. Цудоўна была вырашана фінальная сцэна, калі падманутая, звар’яцелая ад няшчаснага кахання Галька (Дар’я Валковіч) кідаецца ў возера. Салістка балансавала на хісткім краі сцэны, працягвала руку адсутнай у кампазітара балерыне-русалцы (Алена Германовіч) — і дзяўчаты разам, павольна, сыходзілі-плылі праз усю залу. Атрымалася штосьці накшталт булгакаўскай “месяцовай дарожкі” з “Майстра і Маргарыты”. Узнімала-“апраўдвала” гераіню і такая дэталь, як кошык-калыска, напоўненая яблыкамі замест немаўля, якое там раней ляжала: дзіця памерла, жанчыне няма дзеля чаго жыць.

Менш пераканала рэжысёрскае рашэнне аркестравай уверцюры, пачатак якой стаў прамой адсылкай да “Царскай нявесты” Рымскага-Корсакава: спачатку Чашнік (Руслан Маспанаў) доўга сумуе, а потым госці (чамусьці выключна мужчыны) ідуць да яго дружнай чарадой, бы добра згуртаваны калектыў “падначаленых”. Далейшая харэаграфічная мініяцюра, пастаўленая Сяргеем Мікелем, сцісла пераказвае сюжэт (уласна кажучы, у гэтым і ёсць прызначэнне інструментальнага ўступу: настроіць на далейшыя падзеі, у нечым нават прадказаць развязку).

І справа не ў тым, што балетная сцэна была вырашана рамантызаванай мовай
неакласікі. А ў тым, што Чашнік, спраўляючы заручыны дачкі Соф’і (Дар’я Тарасевіч) з Янашам (Уладзіслаў Барткевіч), “забаўляе” гасцей трагічнай меладрамай. Гэтага пытання не ўзнікала б, калі б харэаграфічная кампазіцыя стала сімвалізаванай прэамбулай, а не “тэатрам у тэатры”, і тым самым ураўнаважыла б згаданую метафарычнасць фіналу. Тым больш, што лірнікі ў доўгіх накідках з глыбокімі башлыкамі (каб не кідаліся ў вочы прыкметныя твары кітайскіх студэнтаў) набылі таямніча-інфернальныя рысы, ператварыўшыся, па сутнасці, у старцаў-прадказальнікаў — накшталт шэкспіраўскіх вядзьмарак-вяшчунак.

Аркестр пад кіраўніцтвам Аляксандра Высоцкага гучаў выдатна, узрушвалі выразныя сола. А вось салістам, пры ўсім разуменні іх творчага подзвігу (асабліва ва ўмовах усяго дзвюх аркестравых рэпетыцый і прыкрай адсутнасці антракту), не хапала добра адбудаванага драматургічнага разгорту, яшчэ большых кантрасных змен настрою. Асабліва гэта тычылася дуэтных сцэн Галькі і Ёнтака, якія вырашаліся пераважна ў электрызавана-напружаным тоне, без псіхалагічных тонкасцей, уласцівых операм эпохі рамантызму.

Адрадзіўся, зноў прыпыніўся…

Міжнародны музычны фестываль да 200-годдзя Станіслава Манюшкі (1819 — 1872) працягнуўся тэатралізаваным канцэртам у Вялікай зале Акадэміі музыкі “Маляўнічы гасцінец — паэтычны настрой”. Адным з яго лейтматываў стала
відэавыява гадзінніка з імклівай стрэлкай, што сімвалізавала бег часу (мастак — Ілля Падкапаеў). Адначасова гэты вобраз станавіўся спасылкай і да радавога маёнтка дзядзі кампазітара ў Смілавічах, дзе былі апетыя ў оперы “Страшны двор” куранты.

“Фішкай” канцэрта сталі шматлікія танцавальныя нумары, пастаўленыя студэнтамі-харэографамі ў разліку на высокае майстэрства выканаўцаў. Манюшкаўская Мазурка, выкарыстаная потым у балеце Леа Дэліба “Капелія”, напоўнілася віртуознымі элементамі, ажно да фуэтэ. Камічныя скаргі з оперы “Рэкруцкі яўрэйскі набор” былі пераасэнсаваны ў драматычную сцэну (героя ўводзілі, а сэрца ёкнула: няўжо на расстрэл?). Побач з выдатнымі спевамі Віктара Медзелева ды іншымі “смакоццямі” некаторыя арыі з опер гучалі не заўсёды дасканала, часам па-вучнёўску. Здаралася, вакалістам бракавала дыкцыі.

Наступным вечарам на той жа сцэне адбыўся канцэрт лаўрэатаў і дыпламантаў І Рэспубліканскага адкрытага конкурсу вакалістаў імя Станіслава Манюшкі, што ладзіўся ў Акадэміі музыкі два гады таму. Цікава было параўнаць, наколькі ўзрасло за гэты час майстэрства спевакоў у выкананні манюшкаўскіх арый і рамансаў. А яшчэ задумацца, куды падзеўся гэты конкурс? Тым больш, што ён меў даволі глыбокія карані і крыху ў іншым статусе пад назвай “Убельская ластаўка” праводзіўся з канца 1999-га. Прыпыніўся, потым адрадзіўся, зноў прыпыніўся, адрадзіўся і што далей? Але імкненне прасачыць далейшы лёс пераможцаў — залог далейшага, будзем спадзявацца, працягу.

Вечар кансерваторыі

Закрыццём фестывалю стаў традыцыйны, ужо дзявяты па ліку “Вечар кансерваторыі”, які прайшоў у Белдзяржфілармоніі ў рамках яшчэ аднаго буйнога форуму — “Мінская вясна”. На гэты раз да двух нашых студэнцкіх калектываў (сімфанічнага аркестра і хору) і саліста Аляксандра Міхнюка дадаўся Студэнцкі хор Кракаўскай музычнай акадэміі. А яе рэктар Станіслаў Краўчынскі заняў месца за дырыжорскім пультам.

Упершыню ў нашай краіне прагучалі “Крымскія санеты” Манюшкі на вершы Адама Міцкевіча — 9-часткавы вакальна-сімфанічны цыкл, у магутным фінале якога кампазітар умела з’яднаў інтанацыі з розных нумароў. Цікава было прасачыць, як на Манюшку паўплывалі Вердзі і Глінка (“Плаванне”), а ён сам на Чайкоўскага (“Інтрада”). Як сугучны манюшкаўскія марскія відарысы жывапісу Айвазоўскага (“Бура”). Як па-рознаму бачылі адну і тую ж з’яву Пушкін і Міцкевіч (“Бахчысарай”, “Бахчысарай уначы”). І як па музыцы, што сплятае мусульманскія матывы з еўрапейска-класіцысцкімі, можна вывучаць гісторыю з геаграфіяй (“Чатыр-Даг”).

Падобныя адкрыцці ўзнікалі і пры параўнанні дзвюх розных выканальніцкіх версій Фантастычнай уверцюры “Байка”, прысвечанай вядомаму рускаму кампазітару Аляксандру Даргамыжскаму. Польскі дырыжор падкрэсліў у ёй уласцівую сваёй нацыянальнай культуры танцавальнасць, надаўшы музыцы лёгкасці, вытанчанасці, штрыхавой вастрыні, дасягнуўшы ў кульмінацыі амаль маршавай параднасці, а ў кадэнцыі — увогуле бетховенскай бравурнасці. А наш Вячаслаў Чарнуха-Воліч, які кіраваў вышэй згаданым канцэртам “Маляўнічы гасцінец”, інтэрпрэтаваў той жа твор па-беларуску песенна.

І сапраўды, Манюшка — гэта цэлы сусвет, што перасягае дзяржаўныя межы розных краін, яднаючы ўсіх у чароўным царстве-каралеўстве Музыкі.

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"