Дзве Зоі на адной плошчы

№ 18 (1405) 04.05.2019 - 10.05.2019 г

Восьмы сезон праекта “Мастак і горад” 16 мая традыцыйна адкрыецца на сталічнай плошчы Якуба Коласа. Сёлета ў арт-галерэю пад адкрытым небам сабраны работы двух выдатных беларускіх творцаў — Зоі Літвінавай і Зоі Луцэвіч. Іх аб’ядноўваюць не толькі імя і агульныя мастацкія прынцыпы, але і блізкае сяброўства — Зоя “вялікая” і Зоя “маленькая”, як іх называюць, гэта настаўніца і вучаніца, хросная маці і хросніца. Выстава падзелена на два этапы, каб прадэманстраваць пераемнасць пакаленняў беларускай жывапіснай школы — да 10 ліпеня плошчу будуць упрыгожваць стэнды з рэпрадукацыямі работ Зоі Літвінавай, потым да канца лета яна стане месцам для карцін Зоі Луцэвіч.

/i/content/pi/cult/743/16126/pages-2-3-copy-2-S.jpg

Імя Зоі Літвінавай, заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь, жывапісца і манументаліста, — адно з аўтарытэтных у беларускім свеце культуры. Работы Літвінавай добра вядомыя і за межамі нашай краіны, а сама яна ўзнагароджана ордэнам Францыска Скарыны Рэспублікі Беларусь і ордэнам “За заслугі ў галіне літаратуры і мастацтва” Францыі. Летась адзначыла 80-гадовы юбілей і працягвае актыўна працаваць. Зоя Луцэвіч нашмат маладзейшая, але таксама творца з вялікім вопытам, прызнаная як у Беларусі, так і за мяжой, лаўрэат розных прэмій і конкурсаў, адна са знакавых фігур сучаснага беларускага мастацтва.

Праект “Мастак і горад” адбыўся ўпершыню ў 2012-м, калі адзначалася 125-годдзе Марка Шагала, — мінчане і госці сталіцы змаглі пабачыць 19 карцін нашага славутага земляка.
Падзея выклікала сапраўдную цікавасць у публікі, таму кожнае наступнае лета на плошчы з’яўляліся карціны лепшых беларускіх мастакоў — Казіміра Малевіча, Мікалая Селешчука, Георгія Скрыпнічэнкі, Валянціна Губарава, знаных беларускіх графікаў і жывапісцаў у зборных экспазіцыях. Рэпрадукцыі суправаджаліся біяграфіямі і тэкставым апісаннем работ на трох мовах — беларускай, рускай і англійскай.

Сёлета да арганізацыі выставы далучыўся Мемарыяльны музей-майстэрня імя Заіра Азгура — ідэя праекта “Зоі” належыць менавіта яму. Гэты музей, які прадстаўляе дырэктар Аксана Багданава, адказны яшчэ і за насычаную праграму, што дапоўніць саму экспазіцыю. Многае ў праекце “Мастак і горад” гэтым разам адбудзецца ўпершыню, і плошча Якуба Коласа стане сапраўднай культурнай пляцоўкай.

— Ужо 18 мая прадставім наш першы спецпраект — “Адкрытая майстэрня”, прымеркаваны да Ночы музеяў, — расказвае Аксана Багданава. — Музей Азгура можна будзе наведаць бясплатна — зараз у ім сярод іншага выстаўлены і арыгіналы работ Літвінавай і Луцэвіч, а на плошчы Якуба Коласа аб 11-й гадзіне Зоя Літвінава пачне аўтарскую экскурсію, затым адбудзецца аўтограф-сесія, а 12-й Зоя Луцэвіч праводзіць майстар-клас “Свабодны мальберт” для ўсіх ахвотных. Астатнія сакрэты пакуль раскрываць не буду.

— Для мяне гэта вялікая падзея ў жыцці, нягледзячы на тое, што я зараз многа выстаўляюся — і ў Беларусі, і на Захадзе, — кажа Зоя Літвінава. — Але тут будзе жывы кантакт з гледачамі, для мяне гэта нібы асаблівая і асабістая размова з усёй Беларуссю.

— Мне вельмі падабаецца, калі мастацтва выходзіць за сцены музеяў, — дадае Зоя Луцэвіч. — Бо некаторыя людзі там увогуле ніколі не былі і не маюць такой патрэбы, а тут мастацтва само да іх прыйдзе. Разам з супрацоўнікамі музея Азгура мы адбіралі работы так, каб выстава атрымалася радаснай, уздымала настрой і натхняла. Магчыма, пасля яе нехта захоча і ў музей пайсці, увогуле зацікавіцца мастацтвам.

Адмысловая праграма ў межах праекта “Мастак і горад” запланавана і на 21 чэрвеня, калі пачнуцца ІІ Еўрапейскія гульні і будзе адзначацца Міжнародны дзень музыкі — выступ калектыву новай акадэмічнай музыкі Five-Storey ensemble.

— Хацелася, каб вялікім мастакам адпавядалі і вялікія музыканты, таму абраны менавіта гэты музычны калектыў, — кажа Аксана Багданава. — Мы плануем вельмі далікатна ўвайсці ў гарадское асяроддзе — усе слухачы атрымаюць навушнікі і змогуць атрымліваць асалоду ад музыкі без перашкодаў.

Увечары 10 ліпеня, калі адбудзецца замена экспазіцыі, эксклюзіўную праграму для кінапаказаў на плошчы Якуба Коласа абяцае праект CINEMASCOPE.