Увасобіў паўстагоддзя

№ 31 (849) 02.08.2008 - 08.08.2008 г

П а м ё р Валодзя Крук...

 /i/content/pi/cult/170/1612/Kruk.jpg
Пішу гэтак не толькі таму, што для мяне, як, дарэчы, і для многіх іншых ягоных сяброў і знаёмцаў, ён быў акурат Валодзем — простым, добрым, шчырым, слаўным чалавекам.
А яшчэ і таму, што да канца дзён сваіх ён заставаўся маладым: хударлявым, рухавым, усмешлівым. А гэта — лёс апантаных, няўрымслівых, да рэшты адданых адной-адзінай любові-захапленню. Ва Уладзіміра Андрэевіча — гэта фатаграфія і газета “Літаратура і мастацтва”. Змяніўшы неўзабаве пасля прыходу ў “ЛіМ” руль рэдакцыйнага “Масквіча” на сумку фотакара, ён, лічы, паўвека вёў лімаўскі фоталетапіс літаратурнага, мастацкага, тэатральнага, музычнага, наогул, культурнага жыцця Беларусі. Не прапусціўшы літаральна ніводнага з’езда, пленума, сходу творчых саюзаў, ніводнага спектакля, выстаўкі, літаратурнай вечарыны, тэатральнай сустрэчы, творчага ці культурніцкага юбілею. І за гэтага паўвека вырас з дападнога газетнага фотарэпарцёра да выдатнага майстра мастацкага фота. Хто бачыў, той дасюль памятае ягоныя яркія, надзвычай выразныя, сапраўды “жывапісныя” партрэты Івана Мележа, Кандрата Крапівы, Васіля Быкава, Андрэя Макаёнка, Янкі Брыля, Васіля Віткі, Івана Чыгрынава і многіх-многіх іншых нашых пісьменнікаў, акцёраў, мастакоў, кампазітараў, музыкантаў...
Ягоны фотакарскі архіў, які ашчадна і з любоўю збіраўся ім цягам усёй другой паловы ХХ стагоддзя — гэта сапраўды неацэнны скарб нашай культуры. Скарб, які абяссмерціў імя яго творцы. І вельмі добра, што Уладзімір Андрэевіч уласнаручна паспеў перадаць яго летась, напярэдадні свайго 80-годдзя, на дзяржаўнае захоўванне.
След яго на зямлі не сатрэцца, як і ўвасоблена-персаніфікаванае ім паўстагоддзе нашай культуры.

Мікола ГІЛЬ,
галоўны рэдактар часопіса “Мастацтва”, былы лімавец