Вясна — час на ідэі

№ 17 (1404) 27.04.2019 - 04.05.2019 г

Я сёння адшукаў у шафе пінжак: Мінск напрыканцы красавіка пачаў рэпеціраваць лета. І ў яго, гляджу, атрымліваецца. Горача. Не стае дажджу. Але вялікае абуджэнне не спыніць. Вясновы пачатак лета — час нараджэння новых ідэй. Яны рознакаляровымі птушкамі лунаюць над аблокамі. Галоўнае — разгледзець іх і прымусіць працаваць на сябе. Супрацоўнікі Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы прыдумалі сабе “Бібліязацемкі”. Квэст для падлеткаў “Уперад” прысвячаўся 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

/i/content/pi/cult/742/16117/18.JPGГалоўнымі ўдзельнікамі квэсту сталі дзесяцікласнікі ліцэя № 1. Ім было наканавана паспрабаваць сябе ў ролі падпольшчыкаў горада Ліды, сабраўшы разам нумар газеты “Уперад”, якая выпускалася ў гады Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Лідскага раёна мясцовым падпольным гаркама-райкамам КП(б). На маршруце трэба было заняцца бібліятэчным арыентаваннем, успомніць героя-земляка, расшыфраваць утоеныя звесткі. А на прывале кожны з удзельнікаў згадваў любімыя кнігі і мастацкія стужкі пра Вялікую Айчынную вайну. Пра квэставую прыдумку, зграбную і сапраўды цікавую, напісала загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Лідскай раённай біблітятэкі імя Янкі Купалы Дар’я Марцінкевіч.

Тэму Бібліяночы працягваюць бібліятэкары Гродзенскага раёна. Да прыкладу, у Скідзелі гарадская бібліятэка прапанавала чытачам бібліякавярню. Дзейнічаў у ёй і літаратурны рынг, на якім абіраўся самы дасведчаны аматар чытання. А Парэцкая сельская бібліятэка напярэдадні Вялікдня пастаралася далучыць чытачоў да праваслаўнай літаратуры, да адраджэння і захавання нашых культурна-гістарычных традыцый.

Столінская цэнтральная раённая бібліятэка надала ўвагу Вялікаму посту як сродку ўмацавання маральнага здароўя. У мерапрыемствах бралі ўдзел святары, а таксама — прадстаўнікі аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў Столінскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. У бібліятэчнай зале працуе выстава “Вясна духоўная”. Пра гэта напісала галоўны бібліятэкар аддзела абслугоўвання Столінскай цэнтральнай раённай бібліятэкі Ірына Навумчык.

Адразу некалькі творчых праектаў прысвяцілі бібліятэкары Браслаўшчыны 75-годдзю Вялікай Перамогі. Гэта краязнаўчы конкурс “Радзіма. Перамога. Памяць”, бібліятэчная эстафета “75 добрых спраў”, краязнаўчыя чытанні “Старонкі браслаўскай гісторыі”, агляд-конкурс краязнаўчых дасье “Нашы землякі — наш гонар”. Усе праекты разлічаны на год, рэалізацыя іх ужо распачалася. Гэтую навіну паведаміла дырэктар цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Браслаўскага раёна Вольга Ляснеўская.

Гісторыка-дакументальная хроніка “Памяць: Бярэзінскі раён” адзначае 15-годдзе. У Бярэзінскай раённай бібліятэцы з гэтай нагоды сабраліся вяскоўцы, маладыя і не вельмі. Гаворка ішла не толькі пра стварэнне хронікі, але і пра 95-годдзе раёна. Дэманстраваліся дакументальныя матэрыялы з асабістых архіваў, а таксама — напрацоўкі бібліятэчных краязнаўчых экспедыцый. Агучваліся малавядомыя факты з біяграфій георгіеўскіх кавалераў, ахвяр сталінскіх рэпрэсій, сведак злачынстваў акупантаў, выгнаннікаў у Германію, герояў-партызан, франтавікоў.

Наступная інфармацыя таксама з Ліды. У Палацы культуры горада ў свой час прыдумалі і заўжды рэзанансна рэалізоўваюць Адкрыты харэаграфічны фестываль-конкурс ArtDance Fest. Акцыя сабрала каля 800 удзельнікаў з розных танцавальных калектываў. У намінацыях “народны танец і стылізацыя” першае месца заняла ўзорная студыя танца “Галактыка-В” філіяла Верцялішкаўскі цэнтр культуры Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра, у намінацыі cheerleading — танцавальны калектыў Skyline Лідскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, у намінацыі streetdance — студыя сучаснага танца ArtDance Studio з Ліды.

Мастацтвазнаўца аддзела мастацкай творчасці Палаца мастацтваў Бабруйска Наталля Кулікова распавядае: “Нашым аддзелам і супрацоўнікамі Цэнтральнай дзіцячай бібліятэкі імя Аркадзя Гайдара быў арганізаваны майстар-клас па лозапляценні. Майстрыха Наталля Чайко ў свой час самастойна авалодала гэтым рамяством. Яна з’яўляецца яшчэ і кіраўніком клуба “Народныя рамёствы” ў Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ленінскага раёна Бабруйска”.

Пры Ашмянскай раённай бібліятэцы дзейнічае клуб “Сустрэча”. Яго пасяджэнне гэтым разам ладзілася ў Гальшанах. На сустрэчу быў запрошаны спецыяліст па музеях і ахове гісторыка-культурнай спадчыны аддзела метадычнай работы раённага цэнтра культуры Сяргей Жылік. Загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі бібліятэкі Святлана Галінская піша, што Сяргей Аляксандравіч — вандроўнік, жывапісец, садавод (спецыялізуецца на вырошчванні туй і ружаў), нязменны вядучы раённых мерапрыемстваў. Сяргей Жылік распавёў прысутным пра гісторыка-культурныя каштоўнасці раёна, адказаў на пытанні.

Чарговая — і не абы-якая — ідэя, якую пачынае раскручваць аддзел культуры Гродзенскага райвыканкама. Праект для людзей залатога ўзросту называецца “Акадэмія турызму”. Пра навінку распавядае начальнік аддзела культуры райвыканкама Наталля Рамановіч. Чым займаецца акадэмія? Наладжваннем турыстычных паездак і экскурсій. Асабіста я лічу гэты праект самым сацыяльнаарыентаваным і карысным з пералічаных у гэтым артыкуле. Дык вось, Наталля Рамановіч піша: “Вандровак апошнім часам было шмат. Удзельнікі калектываў народнай творчасці Квасоўскага цэнтра культуры і развіцця народнай творчасці наведалі Свята-Успенскі Жыровіцкі манастыр, царкву Святога Міхаіла ў Сынкавічах, форт № 2 Гродзенскай крэпасці, Аўгустоўскі канал. Для клубаў аматараў тэатра “Драйв” і аматараў паэзіі “Вясёлка” Копцеўскага цэнтра культуры ладзіліся экскурсіі ў Музей ручніка ў сектары музейна-выставачнай дзейнасці вёскі Зарачанка Сапоцкінскага культурна-турыстычнага цэнтра, на форт № 4 Гродзенскай крэпасці, на алею памяці аграгарадка Копцеўка”. Далей аўтар паведамляе, што адной з галоўных задач праекта з’яўляецца навучанне сталых людзей абыходжанню з сучаснымі электроннымі сэрвісамі, якія зэканомяць іх час і грошы для наладжвання самастойных экскурсійных паездак.

Маштабнасць праекта — гарантыя яго доўгажыхарства. Падаецца, задумка Полацкага раённага цэнтра культуры “Гісторыя Полаччыны ў асобах” — менавіта такая. Героямі становяцца людзі, якія дасягнулі пэўных прафесійных вяршынь і не забыліся пры гэтым на малую радзіму. Гэта настаўнікі, урачы, кіраўнікі прадпрыемстваў… Сёлета ў аграгарадку Гомель адбылася сустрэча з начальнікам Полацкага вагоннага дэпо Віцебскага аддзялення Беларускай чыгункі Міхаілам Жахоўскім. Разам з аднавяскоўцамі Міхаіл Аляксандравіч заклаў Алею землякоў з дзесяці туй. Потым адбыўся канцэрт. Пра падзею паведаміла рэдактар Полацкага раённага цэнтра культуры Кацярына Паўловіч.

І апошняе, але надзвычай важнае. Для прыцягнення ўвагі грамадскасці да пытанняў аховы і захавання сусветнай культурнай спадчыны, работнікі культуры Гродзенскага раёна добраўпарадкавалі аб’екты фартыфікацыйных збудаванняў 68-га Гродзенскага ўмацаванага раёна (1940 — 1941 гады) і Гродзенскай крэпасці (1887 — 1915 гады). Акцыя прайшла пад дэвізам “Захаваем культурную спадчыну разам”. Прыбрана лістота, будаўнічы друз, ачышчаны ад зараснікаў прылеглыя да аб’ектаў тэрыторыі. Работнікі Раціцкага цэнтра культуры рэканструявалі падзеі таго часу. У памяць аб загінулых запалены лампадкі на форце № 1 у вёсках Загараны, № 2 — Наумовічы, № 4 — Стрэльчыкі. Ва ўсіх аграгарадках у рамках акцыі “Гонар” работнікі культуры добраўпарадкавалі іншыя гістарычныя аб’екты, помнікі баявой славы і месца вайсковых пахаванняў. А ўсе музеі правялі акцыі адкрытых дзвярэй. Свае мерапрыемствы ладзілі і бібліятэкі раёна.