Ратаванне беларускай перліны

№ 17 (1404) 27.04.2019 - 04.05.2019 г

У ноч на 16 красавіка ці не ўвесь свет са слязамі на вачах назіраў за тым, як нацыянальны здабытак Францыі — сабор Нотр-Дам-дэ-Пары — паступова паглынае агонь. На шчасце, пажарным удалося яго пагасіць, хаця ліквідацыя наступстваў катастрофы запатрабуе працяглага часу і каласальных сродкаў. А мне ў тую ноч прыгадаліся падобныя драматычныя падзеі, у якіх давялося браць самы непасрэдны ўдзел. 24 снежня 2002 года здарыўся пажар у Нясвіжскім замку — перліне беларускага дойлідства і адным з сімвалаў нашай краіны. На той час я быў намеснікам Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь, і па даручэнні Кіраўніка дзяржавы прыбыў на аб’ект ужо праз дзве гадзіны пасля ўзгарання, узначаліўшы аператыўны штаб па ліквідацыі наступстваў пажару.

/i/content/pi/cult/742/16112/12.jpgНясвіжскі замак мае багатую гісторыю, у якой былі перыяды росквіту і заняпаду. З верасня 1944 года ў котлішчы Радзівілаў знаходзіўся санаторый “Нясвіж”, які належаў Чацвёртаму Галоўнаму ўпраўленню Міністэрства аховы здароўя БССР. Аднак у лістападзе 1990 года статус аб’екта быў паніжаны — яго перадалі рэспубліканскаму аб’яднанню “Белміжкалгасздраўніца”.

Стан раскошнага некалі ансамбля з кожным годам пагаршаўся. Нават няўзброеным вокам было відаць, што яму неабходныя сур’ёзныя рэстаўрацыйныя работы. Але іх пачатак усё адкладаўся: аднаўленне такога маштабнага помніка спадчыны патрабавала вялізных сродкаў.

Так было да візіту ў Нясвіж Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі. Наведаўшы знакаміты ансамбль, Кіраўнік дзяржавы прыняў смелае рашэнне аб пачатку маштабных работ па яго рэстаўрацыі.

Нямала часу запатрабавала распрацоўка яе канцэпцыі, выраб праектна-каштарыснай дакументацыі. І толькі ў жніўні 2002 года на аб’екце пачаліся работы.

І вось, 24 снежня таго самага года ў цэнтральным будынку сядзібнага комплексу працягваўся рамонт сістэмы ацяплення. У парушэнне правілаў тэхнікі бяспекі, рабочыя завяршылі працу, не забяспечыўшы кантроль за станам свайго працоўнага месца, і пакінулі аб’ект а 18.00.

У 19.00 на пульт аддзялення МНС Нясвіжскага раёна паступіла паведамленне аб пажары. Яму амаль адразу была нададзеная найбольшая катэгорыя складанасці. І сапраўды, ужо ў 19.20 полымя распаўсюдзілася на плошчы 500 квадратных метраў у цэнтральнай частцы будынка.

Тут варта нагадаць пра тое, што пад пагрозай апынулася самая каштоўная частка Нясвіжскага ансамблю — былы палац, дзе некалі жылі князь з сям’ёй, дзе праходзілі ўрачыстыя прыёмы і балі. Гэты будынак меў шчодрае аздабленне. Захаваліся арыгінальныя роспісы сцен і столі, карціна з выявай старажытнагрэчаскай багіні ды многае іншае. Усё гэта магло знікнуць.

Служба МНС зрэагавала аператыўна. Першыя пажарныя машыны прыбылі на месца здарэння праз лічаныя хвіліны. Але задача перад барацьбітамі з агнём стаяла не з лёгкіх. Работы ўскладняліся тым, што пад’езды да замка былі абмежаваныя, тэмпература паветра ў той зімовы вечар апусцілася да мінус 25 градусаў, а працаваць пажарным было неабходна на вышыні 25 метраў на абледзянелым даху і сходах.

Да ўсяго, варта ўлічваць, што гэта аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны, які мае складаную планіроўку, галерэі, пустэчы, драўляныя перакрыцці і дэталі інтэр’ераў. Моцна далося ў знакі і тое, што ўнутранае супрацьпажарнае водазабеспячэнне было адключана на час рэстаўрацыі.

Усё гэта — разам з познім выяўленнем узгарання — магло прывесці да таго, што наша краіна страціла б адзін з галоўных аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны, які ў 2005 годзе быў унесены ў спіс сусветнай спадчыны UNESCO.

Разумеючы гэта, пажарныя ўпарта змагаліся з полымем, не даючы яму распаўсюдзіцца на суседнія памяшканні, дзе знаходзіліся старадаўнія роспісы і ляпніна.

Мы разумелі, што на той час вельмі важна было мабілізаваць усе наяўныя рэсурсы. На дапамогу нясвіжскім агняборцам прыйшлі экіпажы са Слуцкага, Капыльскага, Клецкага, Стаўбцоўскага, Дзяржынскага раёнаў, а таксама горада Баранавічы.

Зладжаная праца падраздзяленняў МНС прынесла вынікі — да 22.40 пажар удалося лакалізаваць. Амаль адразу можна было ацаніць яго наступствы — на жаль, несуцяшальныя. Агонь знішчыў каля 600 квадратных метраў даху і перакрыцці цэнтральнай часткі палаца.

На вялікі жаль для нас, прырода ў той вечар была не на нашым баку. Ішоў густы снегапад, які мог знішчыць выратаваныя ад агню арыгінальныя роспісы сцен і столі, аздобу Залатой залы, карціну з выявай багіні…

Гэтая сітуацыя патрабавала тэрміновага ўмяшальніцтва. І выйсце ўдалося знайсці. Нягледячы на “няўрочны час”, з Салігорска тэрмінова прыбыла вялікая група будаўнікоў з трэсту № 3 на чале з яго кіраўніком Мікалаем Ашэйчыкам і адразу прыступіла да справы. З Мінска ў Нясвіж вырушылі праекціроўшчык і рэстаўратары.

Галоўнымі задачамі на той момант былі працы па аднаўленні даху і вокнаў у цэнтральным будынку, ачыстка яго ад знішчаных агнём фрагментаў, аднаўленне сістэмы ацяплення і запуск яе ў эксплуатацыю.

Работы па ліквідацыі наступстваў пажару вяліся пад кантролем Кiраўнiка дзяржавы, які ўвесь час атрымліваў аб’ектыўную інфармацыю з месца здарэння. Ішлі яны круглыя суткі і 31 снежня 2002 года былі завершаныя.

Для будаўнікоў гэты выпадак стаў добрым урокам. Усе наступныя работы на замку вяліся з забеспячэннем самага строгага выканання патрабаванняў пажарнай бяспекі.

Сёння я ў чарговы раз хацеў бы выказаць словы падзякі супрацоўнікам падраздзяленняў МНС, будаўнікам, рэстаўратарам, праекціроўшчыкам,
а таксама простым жыхарам Нясвіжа і раёна, якія адгукнуліся на заклік аб аказанні дапамогі па ліквідацыі наступстваў пажару.

У далейшым працягнулася планавая сістэмная праца па рэстаўрацыі помніка беларускага і еўрапейскага дойлідства і ў 2012 годзе з удзелам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь адбылося адкрыццё Замка для наведвальнікаў. Штогод аб’ект Сусветнай культурнай спадчыны наведвае больш за 500 тысяч турыстаў.

Сёння Нясвіжскі замак і каля паўсотні яго музейных залаў ствараюць асаблівую прастору, якая дазваляе адчуць жыццёвую сілу мінуўшчыны, архітэктуры, даўняй і сучаснай беларускай культуры. Праз больш як чатыры стагоддзі пасля яго паўстання мы можам разглядаць рэзідэнцыю Радзівілаў як жывую энцыклапедыю беларускага і еўрапейскага мастацтва.

І праходзячы па велічных залах палаца ды адчуваючы іх асаблівую гармонію прапорцый, варта падзякаваць усім тым людзям — ад познерэнесансавых дойлідаў і да сучасных пажарных — якія стварылі і захавалі для нас гэты цуд.

Уладзімір ДРАЖЫН,
член Саюза пісьменнікаў Беларусі