Нязгасны агеньчык

№ 17 (1404) 27.04.2019 - 04.05.2019 г

Пайшоў з жыцця Юрый Бліноў — знакаміты піяніст, саліст Беларускай дзяржаўнай філармоніі, аўтар цэлага шэрагу твораў, у тым ліку аркестравых. Памёр раптоўна, у росквіце сіл і музычнай кар’еры. Не дабег літаральна пяць метраў да фінішу ў паўмарафоне ў Гомелі. Творчая дзейнасць гэтага музыканта, разлічаная, здавалася б, на неабсяжны па працягласці марафон, аказалася, на вялікі жаль, спрынтам. Але ж якім яркім!

/i/content/pi/cult/742/16110/9.JPGПра Юрыя Блінова загаварылі яшчэ ў часы яго вучобы: фенаменальны піяніст, сапраўдны вундэркінд. Усе гады свайго станаўлення — у Рэспубліканскім ліцэі, Акадэміі музыкі і магістратуры пры ёй — ён вучыўся ў аднаго і таго ж прафесара Людмілы Шаламенцавай, якая ўзрасціла цэлую плеяду бліскучых віртуозаў. Перамогі Юрыя пачаліся яшчэ са школьнага ўзросту ды ішлі адна за адной: Усесаюзны конкурс у Тбілісі, Міжнародны імя Язэпа Вітала — у Рызе, Міжнародны імя Сяргея Пракоф’ева — у Санкт-Пецярбургу. Пазней — Гран-пры на Усеамерыканскім конкурсе, на Міжнародным імя Фрэдэрыка Шапэна ў Тэхасе.

Гастролі па ўсім свеце, запрашэнні на самыя прэстыжныя фестывалі, гады стажыроўкі і далейшай працы ў Амерыцы — і ўсё гэта без аніякіх сімптомаў “зорнай хваробы”. А ганарыцца яму было чым! У найпрэстыжнейшай Вышэйшай школе музыкі Істмэна ён атрымаў ступень Доктара музычных мастацтваў. Стаў першым беларускім піяністам, які не проста выступаў у Карнэгі-холе, а меў там свой сольны канцэрт. Быў запрошаны іграць у рэзідэнцыі губернатара штата Юта — у алімпійскім Солт-Лэйк-Сіці. Стаў прэзідэнтам Міжнароднай асацыяцыі піяністаў і кампазітараў. І на вяршыні такой славы — вярнуўся ў родную Беларусь, каб дзяліцца назапашаным досведам.

Асаблівасцю выканальніцкай манеры маладога, але заўжды не па гадах сталага піяніста з’яўляўся моцны інтэлектуальны складнік. І справа не толькі ў тым, што ён свабодна валодаў некалькімі мовамі — англійскай, нямецкай, французскай, польскай — меў добрыя веды ў розных сферах культуры.

Юрый ніколі не быў “пазалочанай падманкай”. Пры ўсёй размаітасці ягоных інтарэсаў, яго можна было б параўнаць з буйным залатым зліткам. Ці нават з нейкім фантастычным збудаваннем, складзеным з гэткіх каштоўных маналітаў-цаглінак, паміж якімі няма супярэчнасці.

Пра тое, як спартыўныя заняткі дапамагалі яму ў музыцы, ён гаварыў нямала. А тое, як дапамагалі шырокія мастацкія далягляды, звычайна не казаў. Але гэта было чуваць, ледзь толькі ягоныя пальцы дакраналіся да клавіятуры, бо сцэна, бы тая лакмусавая паперка, імгненна робіць відавочным усё тое, што схавана ў чалавечай душы.

Яго рэпертуар быў папраўдзе бязмежным: 35 канцэртаў розных стыляў для фартэпіяна з аркестрам, прыблізна столькі ж сольных праграм на два аддзяленні. А колькі беларускай музыкі ён перайграў! Вось толькі Грамату ад Беларускага саюза кампазітараў атрымаць не паспеў: падрыхтаваная, надрукаваная, яна будзе перададзена яго жонцы і маленькаму сыну.

Дарэчы, сярод уласных твораў Юрыя былі і на спартыўную тэматыку. Асабліва ён любіў футбол, нават стаў адным з заснавальнікаў футбольнага клуба “Крумкачы”. Клапаціўся пра юных музыкантаў: у родным Драгічыне выступiў арганiзатарам, арт-дырэктарам i членам журы Мiжнароднага конкурсу-фестывалю “Палескi агеньчык”, пераможцы якога, мiж iншым, iгралi з аркестрам.

Сімвалічная назва — “Агеньчык”? Дык хай памяць пра Юрыя Блінова не згасае.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"